Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 20 Юрый ПАНФІЛАЎ працуе толькі першы дэпутацкі тэрмін, аднак з тым, чым жыве паўночная сталіца, знаёмы не па чутках — за плячыма Юрыя Анатольевіча 13 гадоў на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебска.
«У маёй акрузе размяшчаюцца ўсе галоўныя адміністрацыйныя будынкі, праходзяць ключавыя культурныя мерапрыемствы горада на Дзвіне. Вялікая прамысловая зона — СЭЗ, два флагманы — фабрыкі абутку і іншыя прадпрыемствы фарміруюць больш за 60% ва ўдзельнай вазе эканомікі горада. Кастрычніцкі раён заўсёды быў добраўпарадкаваным і дагледжаным, такім застаецца і сёння. Вядома, што камунальныя пытанні ўзнікаюць усюды, але яны хутка вырашаюцца», — расказвае дэпутат.
Гаворачы аб сваіх выбаршчыках, Юрый Анатольевіч адзначае, што гэта людзі, з якімі яму даводзілася мець зносіны і раней, таму аўтарытэт, напрацаваны за доўгія гады ў адміністрацыі, не згасае, а толькі ўзмацняецца. Фармальна выбаршчыкі ў акрузе № 20 падзяляюцца на студэнцкую моладзь, прадстаўнікоў моладзі, якая працуе, і людзей пенсіённага ўзросту. Для кожнай катэгорыі Панфілаў знаходзіць свой падыход і заўсёды адкрыты да новых ідэй. «Тры гады таму да мяне звярнуліся студэнты (а вышэйшых навучальных устаноў у Віцебску — пяць) з просьбай арганізаваць для іх прастору, дзе можна будзе сустракацца, праводзіць мерапрыемствы і проста адпачываць. Ідэя мне спадабалася, правялі невялікі конкурс праектаў, з пяці сабралі адзін і ўвасобілі ў студэнцкі сквер, які размяшчаецца насупраць Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Там ёсць унікальны для горада аб’ект — крыты вулічны кінатэатр на 40 месцаў, лаўкі, дзе можна схавацца ад непагадзі, і сталы для настольных гульняў, вялікі дзіцячы гульнявы комплекс, сучасная ілюмінацыя. Урачыстае адкрыццё праекта адбылося 2 верасня, мы ўжо атрымалі ад моладзі мноства пазітыўных водгукаў і падзяк», — гаворыць Юрый Панфілаў.
Гэты аб’ект — не адзіная добрая справа, да якой парламентарый не толькі непасрэдна прыклаў рукі, але і вёў ад пачатку да канца. Так, у пойме ракі Віцьба добраўпарадкавалі зону адпачынку для дарослых і дзяцей, якая цяпер сярод гараджан лічыцца востравам здароўя. Для малых стварылі асобны паўвостраў «Вясёлкавы свет», дзе размяшчаецца цэлы гульнявы комплекс, а дзеці не перасякаюцца з веласіпедыстамі і спартсменамі. Аматары водных прагулак могуць скарыстацца катамаранамі. Важна і тое, што ў палатках стрыт-фуду катэгарычна не прадаюць спіртныя напоі. Шмат чаго дэпутат разам з выбаршчыкамі зрабілі для добраўпарадкавання зоны: на суботніках высаджвалі вербы і хвойныя дрэвы, устанаўлівалі столікі і лаўкі, дамаўляліся наконт атракцыёнаў. Раней у пойме Віцьбы нават праходзілі танцавальныя вечары, дзе ўсе ахвотныя разам з прафесіяналамі маглі далучыцца да танга і сальсы, у будучыні, магчыма, гэты праект зноў вернецца на востраў здароўя.
Раз на месяц дэпутат праводзіць асабісты прыём грамадзян, на якім ніколі не бывае пуста. «Людзі звяртаюцца з надзённымі праблемамі: кагосьці турбуе шум кандыцыянераў з крамы на першым паверсе жылога дома, кагосьці цікавяць пытанні аховы здароўя. Нядаўна з калектыўным зваротам прыйшлі людзі наконт капітальнага рамонту дома.
Мы разабраліся ў сітуацыі, паставілі дом у план на бягучы год, а пакуль камунальным службам было дадзена даручэнне падтрымліваць праблемныя камунікацыі у прыдатным для жыцця стане. З кожным пытаннем, з якім звяртаюцца выбаршчыкі, працуем скрупулёзна, калі ёсць магчымасць — вырашаем адразу на месцы пры падтрымцы мясцовай улады. Часта на прыём прыходзяць з падзякамі за вырашаныя праблемы, а тэндэнцыя зніжэння зваротаў грамадзян гаворыць аб тым, што дэпутацкі корпус і органы мясцовага самакіравання працуюць эфектыўна, што не можа не радаваць», — расказвае Юрый Панфілаў.
На сустрэчах у працоўных калектывах парламентарый лічыць галоўным расказваць людзям аб новаўвядзеннях у заканадаўстве, аб тым, што робіцца ў нашай краіне. «Заўсёды цікаўлюся ў выбаршчыкаў, ці згодныя яны з тым ці іншым законам, што трэба змяніць, на што звярнуць увагу. Гэта і з’яўляецца адным з інструментаў кансалідацыі нашага грамадства», — заключыў Юрый Анатольевіч.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з архіва дэпутата
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.