Вы тут

У палоне непатрэбных рэчаў


Мно­гія з тых, хто вы­рас у са­вец­кі час, па­мя­та­юць фра­зы баць­коў: «Гэ­та та­бе на­вы­раст», «Гэ­та да свя­та», «Гэ­та пра ­за­пас». Ця­пер ня­ма дэ­фі­цы­ту та­ва­раў, але ў ша­фах і на ант­рэ­со­лях у не­ма­лой коль­кас­ці лю­дзей па-ра­ней­ша­му «на по­тым» ві­сіць адзен­не, ля­жыць по­суд. Ча­му мы ства­ра­ем та­кія за­па­сы і ў наш без­дэ­фі­цыт­ны час? Ці трэ­ба па­збаўляц­ца ад іх?


Пра пакупкі... забылася

Пачну з сябе. У гэтым годзе ўпершыню пасля вялікага перапынку праінспектавала шафу. Дзесьці далёка на паліцы знайшла два дробныя камячкі: у адным фірменным пакеце была майка за 2 еўра, у другім — блузка за 9.99 еўра. Усё гэта прыехала з апошняй паездкі ў Вільнюс перад «каронай»... Спачатку рукі не даходзілі, а потым пра пакупкі з-за іх сціплага кошту проста забылася. Цяпер з майкі трошкі вырасла, дык буду насіць на лецішчы ў межах свайго ўчастка, а блузка добра падышла. З новых рэчаў знайшла камплект пасцельнай бялізны з «Ікеі» за 5 еўра і прасціну на гумцы, набытую на акцыі за смешныя грошы. Адна такая прасціна выкарыстоўваецца, а другая так і ляжыць упакаваная.

Прызнаюся, неяк утварыўся ў мяне пункцік: з кожнага заробку купляць калготкі. Зноў жа, той, хто вырас у СССР, памятае: грошы ў цябе ёсць, а калготкі так проста ў ГУМе не купіш, толькі калі «выкінуць» і яшчэ памарнаваўшы час у чарзе. І, мусіць, шматлікія жанчыны сярэдняга веку памятаюць той стрэс, калі калготкі парваліся ў самы непадыходзячы момант, а запасных у сумачцы няма. Цяпер вось радуюся, калі калготкі рвуцца: вельмі хочацца, каб шуфляда камоду з запасам, створаным за некалькі гадоў, хутчэй спустошвалася.

Дарэчы, не так ужо шмат знайшлося адзення, у якім мне некамфортна. Праўда, пакуль не ведаю, што рабіць з футрам, якое гадоў восем не апранала: зімы ўжо не тыя. Але, можа, хто на «Куфары» зацікавіцца.

Вынікі рэвізіі: пасцельная бялізна спатрэбіцца ў якасці падарунка сяброўцы, у якой пасля рэканструкцыі лецішча з'явіліся свае пакоі ў дзяцей-падлеткаў. Ношанае адзенне ў прыстойным стане аддам з рук у рукі тым, каму яно цяпер патрэбна. Асабліва пасля таго, як у адным манастыры мне сказалі, што сёння маламаёмасныя грамадзяне не жадаюць браць рэчы, якія былі ва ўжыванні, а толькі практычна новыя. Калі што, то сярод маіх рэчаў не было заношаных і з рознымі дэфектамі. Усё, што страціла форму, ідзе ва ўтылізацыю.
У прынцыпе, лёгка расстаюся з рэчамі, таму што на месцы дзвюх надакучлівых сукенак з'яўляецца адна новая, што неяк адразу паляпшае настрой. Даўно зразумела, што трымацца за старыя ці непатрэбныя рэчы — значыць абмяжоўваць сябе ў руху наперад.

«Хоць у старасці пафарсіла»

Мая прыяцелька Марына вельмі добра памятае, як яе бабуля запаўняла кухонныя шафікі бакалеяй. «Вось да гэтага часу стаіць перад вачыма паліца, на якой бутэлек дваццаць алею. У шафе — запасы адрэзаў тканін, пасцельнай бялізны, — успамінае Марына. — Атрымаўшы першы заробак, па дарозе дадому ўбачыла чаргу з вуліцы ў гаспадарчы магазін. Прадавалі вельмі прыгожыя талеркі вытворчасці Рыжскага фарфоравага завода. Я набыла дванаццаць штук. Мама схавала іх у кладоўку, маўляў, выйдзеш замуж, будзеш карыстацца ў сваёй сям'і. А я не разумела, чаму нельга цяпер, бо ў нас на кухні амаль увесь посуд то ў сколах, то ў расколінах. Вось калі прыходзілі госці, то выстаўляўся «парадны» сервіз. Амаль усе мае пакупкі мама складвала на потым. Часам даходзіла да сварак, бо хацелася модна апранацца цяпер, карыстацца прыгожай па мерках таго часу пасцельнай бялізнай».

Марына смяецца, што, калі надышоў час ёй выходзіць замуж, добрым пасагам лічыліся ўжо не сервізы і дываны, а нерухомасць і рахунак у банку.

«Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, прачытаных кніг, я разумею бабулю: юнацтва ў акупаваным горадзе, пасляваенныя зусім не сытыя гады. Вядома, быў страх зноў застацца галоднай, босай, таму рабіліся запасы «на чорны дзень». Мама ўзяла прыклад з бабулі, і толькі маё пакаленне змагло пазбавіцца ад гэтага страху. Мама кажа, што мы больш эгаістычныя, жывём адным днём. А колькі мне каштавала ўгаварыць яе насіць новыя рэчы, якія я ёй і дарыла: «Мама, апранай цяпер, іншага жыцця не будзе». Яна ўспрымала мае парады так, быццам я яе ўжо хаваю. Гэта было гадоў дзесяць таму, а ў 70 яна мне сказала: «Дзякуй табе, хоць у старасці пафарсіла».

Для каго апранацца?..

Людміла лічыць, што цяпер — цудоўны час: столькі ўсяго можна купіць на распродажах, па скідках. У яе поўна ўсякага хатняга начыння, якое чакае сваёй гадзіны. У планах — рамонт кватэры, і вось тады... А яшчэ — чарговае замужжа. І вось тады яна будзе насіць пеньюары, прыгожую бялізну. Пакуль усё гэта проста з цэннікамі ляжыць у шафе. У ім жа вісіць з дзясятак святочных сукенак, набытых на карпаратыў або чыйсьці дзень нараджэння. На паліцах шафы звалена паўсядзённае, па «градацыі» Люды, адзенне, якое выйшла з моды. Прадаць ці, крый божа, аддаць жанчына не хоча. 

Маўляў, што я, жабрачка, каб за капейкі прадаваць свае рэчы? Аддаць — таксама не варыянт: з рэчамі сыходзіць энергетыка гаспадыні, а яна ні з кім не мае намеру дзяліцца.

А вось Галіна, сястра Людмілы, лічыць інакш: «Купіла шторы на лецішча, павешу зараз, не буду чакаць рамонту». Тым не менш рамонт зрабілі, хоць і не так хутка, як хацелася. І ў новы інтэр'ер жанчына купіла іншыя, больш прыдатныя да яго занавескі. Галіна вельмі крытыкуе Людмілу за сіндром адкладзенага жыцця. Кажа: «Жанчына можа хадзіць у старой сукенцы, але калі пад ім надзета прыгожая бялізна, то яна адчувае сябе каралевай». Але Людміла стаіць на сваім: «Вось калі мне будзе для каго адзяваць...» Для сябе яна не гатова прыгожа апранацца. Значыць, у яе выпадку яшчэ адна прычына «беражлівасці» — нелюбоў да сябе, жанчына нібыта не заслугоўвае прыгожых рэчаў.

Гатовы пазбаўляцца ад лішняга? Вы ў парадку!

«Усе мы родам з дзяцінства. Сфарміраваныя бацькамі псіхалагічныя ўстаноўкі напрамую адбіваюцца на нашым стылі мыслення, мадэлі паводзін і рэагавання. Мы прывыкаем думаць, дзейнічаць, прымаць рашэнні па звыклай схеме, бо стэрэатыпныя дзеянні не перагружаюць псіхіку і чалавеку прасцей жыць, слепа прытрымліваючыся гатовых узораў паводзін, — кажа сямейны псіхолаг Таццяна ШАРАНДА. — Само па сабе шаблоннае мысленне не добрае, не дрэннае і прысутнічае ў кожнага — пытанне толькі ў тым, які працэнт займае ў свядомых дзеяннях чалавека. Жыццё па навязаных узорах можа прывесці да фарміравання дэструктыўнага сцэнарыя, вынікам якога могуць быць сур'ёзныя асобасныя змены і псіхічныя засмучэнні».

Спецыяліст сцвярджае, што пакуль чалавек усведамляе, што захламленне прыносіць яму фізічны і эмацыянальны дыскамфорт і ён сам імкнецца пазбавіцца ад празмернага загрувашчвання, трывожыцца не варта. Бо не сакрэт, што страх голаду як праграма закладзены ў чалавека на генетычным узроўні. У такім выпадку выкінуць лішнія рэчы — значыць, магчыма, пагоршыць якасць жыцця. Калі чалавек імкнецца пераадолець гэты ірацыянальны страх, то такое захворванне, як паталагічнае назапашванне, яму не пагражае.

«Сіндром Плюшкіна (хоардынг) — псіхічнае захворванне, якое пачынае праяўляцца з таго, што чалавек без разбору купляе, назапашвае, прымае ў дар велізарную колькасць рэчаў, якія, на яго думку, з'яўляюцца неабходнымі ў дадзены момант або будуць такімі пазней, — тлумачыць псіхолаг. — Паступова чалавек абрастае хламам не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Змяняецца характар, адносіны з навакольнымі пагаршаюцца настолькі, што ён становіцца ва ўсіх сэнсах адзінокім, яго каштоўнасную шкалу ніхто не прымае і, больш за тое, яго асуджаюць.

Паводле статыстыкі, каля 2,5 % людзей ва ўсім свеце пакутуюць на паталагічнае назапашванне. Стартаваць сіндром Плюшкіна можа яшчэ з падлеткавага ўзросту, але найбольш актыўным становіцца па меры старэння чалавека. Таксама да групы рызыкі адносяцца адзінокія людзі ці тыя, хто нядаўна перажыў смерць блізкага».

Да асноўных прычын узнікнення хоардынгу можна аднесці псіхалагічныя фактары: асаблівасці выхавання («У нас няма грошай, трэба эканоміць»), няздольнасць да годнага самазабеспячэння (слабы кар'ерны рост), цяжкі асабісты жыццёвы вопыт (бацькоўская сям'я з нізкім узроўнем даходу), наяўнасць псіхічных расстройстваў, напрыклад, такога як сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць, пеніяфобія (страх беднасці).

«Своечасова зразумець і ўсвядоміць, што залішняе назапашванне можа прывесці да пагаршэння якасці жыцця, да змены на асобасным узроўні, да развіцця псіхічных расстройстваў, значыць, узяць сябе пад кантроль: перасягнуць бар'ер надуманага страху галечы, раздаць рэчы, не апелюючы да страты энергіі; не будаваць паветраных замкаў у будучыні, а пачынаць жыць тут і цяпер, тым самым даючы сабе шанц на новае, цікавае, насычанае жыццё», — рэзюмуе Таццяна Шаранда.

Аддаць ці прадаць?

На запыт у інтэрнэце: «Куды аддаць непатрэбныя рэчы» адказаў вельмі шмат. Кожны можа выбраць прыдатны варыянт. Хтосьці давярае рэлігійным арганізацыям, Чырвонаму Крыжу, іншы хоча дапамагчы Асацыяцыі шматдзетных бацькоў ці Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Можна скарыстацца спецыяльнымі кантэйнерамі, якія стаяць на запраўках А-100, і прынесці туды адзенне, абутак, пасцельную бялізну, коўдры, сумкі, рукзакі і цацкі.

Калі ёсць жаданне і патрэба, то можна скарыстацца магчымасцю прадаць дыхтоўныя, але непатрэбныя рэчы. У Мінску самы знакаміты ўніверсальны камісійны магазін знаходзіцца на Партызанскім праспекце. Тут можна знайсці ўсё: ад мэблі да відэльца. І трэба сказаць, што пакупнікоў хапае. Перш, чым адправіцца ў камісійную краму, стэлефануйцеся, удакладніце не толькі графік работы, але і ці прымуць вашы рэчы. Маюць значэнне сезон і наяўнасць месца ў гандлёвай зале для буйнагабарытных тавараў.

Яшчэ нядаўна ў продажы меліся спецыялізаваныя газеты бясплатных аб'яў. Цяпер і яны сышлі ў інтэрнэт. Але рэгіянальныя газеты даволі часта публікуюць аб'явы з рубрыкі «Куплю-прадам». Самая папулярная інтэрнэт-пляцоўка для гандлю з рук — kufar.by.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.