Вы тут

Чаму падлеткі збягаюць з дому?


З падлеткамі складаней за ўсё: няшчаснае каханне, спрэчкі з сябрамі, непаразуменне з боку бацькоў, дрэнныя адзнакі і як вынік — уцёкі з дому... А ці ведалі вы, што ўтульныя сцены дома пакідаюць нават дзеці з уладкаваных сямей? Што прымушае непаўналетніх пайсці на такія сур'ёзныя крокі? Як не дапусціць падобных сітуацый? На гэтыя і іншыя пытанні пастараліся знайсці адказы разам з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх УУС адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы маёрам міліцыі Паўлам Гоманам.


— Павел Аляксандравіч, наколькі нам вядома, вы не адразу звязалі сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў. З чаго пачаўся праваахоўны шлях?

— Па спецыяльнасці я педагог, пасля заканчэння ВНУ працаваў два гады ў школе, потым быў прызваны на тэрміновую службу. Міліцэйскі шлях пачаўся ў 2006 годзе, калі я стаў байцом Дэпартамента аховы МУС, міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання. У ходзе размоў з людзьмі, з падлеткамі, а таксама выбыцця на розныя здарэнні часта сутыкаўся з рознымі момантамі, звязанымі з недабрабытам у сем'ях і дзіцячай безнагляднасцю. Падчас начных рэйдаў бачыў на вуліцах дзяцей, якія былі пакінуты на волю лёсу. Часцяком яны станавіліся пацярпелымі, у дачыненні да іх здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні альбо ж самі падлеткі станавіліся ўдзельнікамі правапарушэнняў або злачынстваў.

На­чаль­нік ін­спек­цыі па спра­вах не­паў­на­лет­ніх УУС ад­мі­ніст­ра­цыі Пер­ша­май­ска­га ра­ё­на ста­лі­цы ма­ёр мі­лі­цыі Па­вел ГО­МАН

У той перыяд у мяне склалася выразнае жаданне і разуменне — працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх. Тым больш мая асноўная адукацыя дазваляла лепш разумець дзяцей, іх учынкі і паводзіны, знаходзіць патрэбныя словы ў складаных сітуацыях. Трапіўшы ў праваахоўныя органы, я моцна зацікавіўся гэтым шляхам. У 2012 годзе стаў участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. З таго моманту не збочваю з гэтага кірунку.

— Якія, на вашу думку, асноўныя прычыны ўцёкаў дзяцей з дому?

— Асноўная прычына сыходу непаўналетніх з дому — часцей за ўсё адсутнасць разумення ў сям'і, адсутнасць магчымасці зносін з бацькамі. Кожны дарослы чалавек імкнецца забяспечыць сваіх дзяцей усім магчымым, аддаючы пры гэтым больш увагі працы і іншым грамадскім узаемаадносінам. Часцяком непаўналетні застаецца самнасам. Ён спрабуе сацыялізавацца, знайсці зносіны, рэалізаваць сябе, знайсці ўвагу па-за домам (такім чынам зносіны з сябрамі становяцца для яго больш прыярытэтнымі і блізкімі, чым з роднымі) або прыцягнуць цікавасць бацькоў сваімі ўчынкамі (на жаль, не заўсёды добрымі).

Другі момант — дзіця сутыкаецца з пэўнымі праблемамі і не можа знайсці правільнае рашэнне. Бацькі бачаць, што сын або дачка паводзяць сябе няправільна, і пачынаюць вучыць, як сябе паводзіць. Такім чынам узнікае сцяна непаразумення, з-за чаго дзіця збягае з дому.

І трэцяя прычына — гвалт у сям'і ў любой форме з боку родных і блізкіх. Гэта можа быць як фізічны і псіхалагічны, так і сексуальны гвалт, што спараджае спробу дзяцей выратавацца, у выніку чаго яны пакідаюць сцены дома. На жаль, такіх сітуацый шмат. Прайшоўшы вялікі шлях у інспекцыі па справах непаўналетніх, сутыкаешся з абсалютна рознымі выпадкамі. Часцей за ўсё прасочваюцца агульныя прычыны сыходу. Але, разбіраючыся ў кожнай сітуацыі, разумееш, што ўсе выпадкі індывідуальныя.

— Якія запомніліся найбольш?

— Кожны ўнікальны. Але заўсёды павучальны. Размаўляючы з бацькамі, з дзецьмі, спрабуеш данесці, што самае важнае ў сям'і — паразуменне. Быў выпадак, калі хлопчык гадоў васьмі сам прыйшоў у грамадскі пункт аховы правапарадку (я тады быў яшчэ звычайным інспектарам ІСН) і заявіў: «Я сышоў з дому, забярыце мяне ў дзіцячы дом». Сталі разбірацца ў сітуацыі. Малады чалавек уцёк з-за таго, што бацькі сталі абмяжоўваць яго ў правах, у прыватнасці забаранілі гульні ў тэлефоне. Дарэчы, дзіця з уладкаванай сям'і, вучыцца ў добрай навучальнай установе. Бацькі спрабавалі выхоўваць яго абмежаваннямі, а ён не хацеў гэтага. Сітуацыя здаецца абсурднай, але нават яна можа спарадзіць сыход дзіцяці з дому. Строгія забароны ад бацькоў заўсёды былі важнай падставай для непаўналетняга раззлавацца. На жаль, не заўсёды бацькі спрабуюць зразумець, вырашыць праблему, прапанаваць кампрамісныя варыянты выхаду з сітуацыі.

Ін­спек­тар ін­спек­цыі па спра­вах не­паў­на­лет­ніх Дзміт­рый КЕ­ДА пра­во­дзіць пра­фі­лак­тыч­нае ме­ра­пры­ем­ства для пад­лет­каў

Зыходзячы з аналізу здарэнняў з падлеткамі, можна прыйсці да высновы, што часцей за ўсё яны падвяргаюцца супрацьпраўным дзеянням з боку трэціх асоб у цёмны час сутак. Пасля 23.00 падлетак, які не дасягнуў 16-гадовага ўзросту, павінен знаходзіцца альбо ў суправаджэнні законных прадстаўнікоў, альбо дома. Адказнасць за дзяцей ляжыць на бацьках: за знаходжанне асобы, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, ноччу без суправаджэння дарослых прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па частцы 2 артыкула 10.3 КаАП РБ.

Падлеткавае каханне таксама часта становіцца прычынай уцёкаў. У 2018 годзе зніклі двое падлеткаў: хлопчык 17 гадоў і дзяўчынка 14 гадоў. Апошняя раней ужо сыходзіла з дому, пра знікненне заяўлялі яе бацькі. Знаходзілі яе дома ў гэтага хлопца. Другі раз яна не стала ўжо хавацца ў яго, бо разумела, што яе адразу знойдуць. Мы шукалі гэтых падлеткаў праз сродкі масавай інфармацыі: мінакі заўважылі іх на вакзале ў Оршы, пазналі і патэлефанавалі ў міліцыю. Яны збіраліся з'ехаць у Смаленск, але не паспелі. Іх знайшлі і вярнулі бацькам. У гэтым выпадку дзеці ўцяклі з дому з-за таго, што бацькі былі супраць іх кахання.

Многія такія пары імкнуцца трапіць за мяжу — напрыклад, наведаць начны Санкт-Пецярбург з яго разваднымі мастамі, паглядзець белыя ночы, зладзіць так званае рамантычнае падарожжа. Яны ездзяць па гарадах аўтаспынам і на электрычках, таксама спрабуюць хавацца ў цягніках.

Быў выпадак, калі падлетак пабег за сваёй марай — хацеў стаць спартсменам. Але бацькі не давалі дзіцяці займацца спортам. Пасля прагляду фільма «Легенда нумар 17» непаўналетні збег з дому, каб... займацца ў юнацкай секцыі. Уцекача знялі з цягніка пад Смаленскам і вярнулі бацькам. А хлопчык проста ўсё жыццё марыў стаць хакеістам, уразіўся пасля прагляду фільма і вырашыў такім чынам змяніць сваё жыццё.

Дарэчы, у кожнай такой сітуацыі разбіраюцца спецыялісты. Як правіла, з дзецьмі такой катэгорыі працуюць псіхолагі і выяўляюць рэальныя прычыны ўцёкаў, бо падлеткі не заўсёды кажуць праўду, асабліва, калі ёсць пэўныя праблемы ў сям'і.

Помніцца і такі выпадак: падлетак уцёк з прыстойнай і поўнай сям'і, ніхто не разумеў, у чым прычына, і непаўналетні таксама маўчаў. Псіхолаг у працэсе гутаркі даведаўся, што маці ўжывала ў дачыненні да непаўналетняга фізічны гвалт. Непаўналетні свядома не хацеў нам пра гэта распавядаць, паколькі разумеў, што і для маці, і для яго самога надыдуць пэўныя наступствы.

Шукалі аднойчы двух дзяўчынак. Знайшлі на даху дзявятага паверха. Непаўналетнія заслалі там матрац і спалі ў абдымку «абаранкам» — было ўжо холадна. А ўцяклі проста з-за дрэнных адзнак у школе. Баяліся, што бацькі пакараюць...

Гадоў шэсць таму мы шукалі па Мінску згубленае шасцігадовае дзіця. Хлопчык толькі пайшоў у першы клас і не арыентаваўся у сталіцы. Высветлілася, што ён любіў катацца на грамадскім транспарце. Пры праглядзе камер відэаназірання міліцыянеры заўважылі, што школьнік заходзіць у аўтобус. На канчатковым прыпынку яго сустрэлі супрацоўнікі органаў унутраных спраў і адвезлі дадому. У той дзень хлопец праехаў і на метро, і на аўтобусе, і на тралейбусе, хоць бацькі былі ўпэўнены, што без іх дапамогі непаўналетні не зможа скарыстацца грамадскім транспартам.

— Якія парады можаце даць бацькам, каб пазбегнуць падобных сітуацый?

— Гутарыце са сваімі дзецьмі, праводзьце з імі свой вольны час, станьце для іх сябрам, які падтрымае і зразумее! Заўсёды стаўце сябе на іх месца і не спяшайцеся пакараць, штосьці забараніць. Але часам не перашкодзіць быць дзесьці больш строгім і стрымаць сваё бацькоўскае слова. Трэба так рабіць з самага дзяцінства, каб дзіця разумела гэту тонкую грань, а таксама і тое, што бацькі ў любым выпадку зробяць толькі добрае. Калі такое разуменне будзе, то паняцці «сябар» і «бацька» стануць для яго блізкімі. Тады непаўналетні ў першую чаргу падзеліцца сваімі праблемамі з табой, раскажа пра свае трывогі і жаданні.

Яшчэ адна важная парада для бацькоў — прымайце сваіх дзяцей, слухайце іх, не лайцеся і не крытыкуйце з парога. Заўсёды ў сітуацыі трэба спакойна разбірацца, шукаць шляхі вырашэння.

Дарэчы, падлеткі сёння эмацыянальныя, запальчывыя, хочуць усё і адразу. У непаўналетніх зашкальвае пачуццё ўседазволенасці, максімалізму. Усе мы былі дзецьмі, спрабавалі сабе і іншым нешта даказаць. Таму мы, дарослыя, павінны іх разумець.

Не забывайце і аб інфармацыйнай гігіене. Сацыяльныя сеткі — біч ХХІ стагоддзя. Часцяком прычынай сыходу дзіцяці з хаты можа стаць інтэрнэт-знаёмства. У сацыяльных сетках непаўналетнія знаёмяцца, а затым едуць адзін да аднаго ў госці, нават не падазраючы, кім можа аказацца чалавек па той бок экрана. Мы пастаянна праводзім прафілактычныя гутаркі з дзецьмі і іх бацькамі. Інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх праводзяць сустрэчы ва ўстановах адукацыі, на прававых віктарынах, кіналекторыях і пры дапамозе сучаснай тэхнікі даносяць да дзяцей тое, што ім неабходна ведаць пра бяспеку ў інтэрнэце.

Існуюць розныя разумныя гадзіннікі з GPS-трэкерам, пры дапамозе якіх можна адсачыць перамяшчэнне свайго дзіцяці. Для больш дарослых дзяцей рэкамендуем устанавіць праграму на тэлефон, якая таксама дазволіць даведацца аб іх знаходжанні. Гэта робіцца не для таго, каб прыбегчы ў любы момант і паглядзець, з кім падлетак паўшоў у кіно, а каб ведаць, што дзіця знаходзіцца ў межах свайго раёна, горада.

Калі дзеці збягаюць з дому, яны знаходзяцца ў небяспецы. А менавіта іх бяспека — наша агульная мэта і задача. Да яе падключаюцца абсалютна ўсе службы. Гэта — асноўны прыярытэт.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.