Перад дыялогавай пляцоўкай з дэпутатамі паўночнага рэгіёна Старшыня Савета Рэспублікі наведала будынак былога Дома афіцэраў, у якім цяпер размяшчаецца ваенная кафедра і шэраг творчых спецыяльнасцяў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Сваю работу кафедра пачне з першага кастрычніка, усе аўдыторыі ўжо гатовы прымаць студэнтаў.
Падчас экскурсіі па новым корпусе рэктар універсітэта Юрый Раманоўскі адзначыў, што будынак быў перададзены ПДУ ў 2021 годзе. «Першага чэрвеня 2023 года пачаўся капітальны рамонт. Рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы ажыццяўляліся ў тым ліку і да мерапрыемстваў XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. На гэтай пляцоўцы адбылася секцыя па абмеркаванні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як аднаго з важных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы. Мы разам зрабілі ўсё магчымае, каб гэты будынак стаў гістарычнай адметнасцю горада. Мы ўдзячныя Старшыні Савета Рэспублікі за яе дапамогу, таму што з яе падтрымкай мы змаглі рэалізаваць гэты маштабны праект», — расказаў рэктар.
Дарэчы, помнік архітэктуры ў стылі сталінскага ампіру цяпер перажывае нават не другое, а, з улікам яго адраджэння пасля пажару падчас Вялікай Айчыннай вайны, трэцяе нараджэнне. Сёння тут чакаюць студэнтаў 16 аўдыторый, два камп’ютарныя класы, вялікая актавая зала — умовы для навучання камфортныя.
Адкрываючы сустрэчу з дэпутацкі корпусам, Наталля Качанава адзначыла, што 2024 год для нашай краіны асаблівы. «Гэта і электаральная кампанія, 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, год, калі ў многіх краінах свету праходзяць выбары: прэзідэнтаў і членаў парламентаў будуць выбіраць у больш чым 70 краінах свету. Ад вынікаў галасаванняў будзе залежаць жыццё каля 50% насельніцтва Зямлі», — падкрэсліла спікер.
Спыняючыся на самай маштабнай электаральнай кампаніі ў гісторыі незалежнай Беларусі, Наталля Качанава нагадала, што ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй былі сфарміраваны ўсе структуры: ад сельскіх Саветаў да Палаты прадстаўнікоў. Абрана 12,6 тысячы дэпутатаў, з якіх 110 — дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, 12 514 — мясцовых Саветаў. «Мы захавалі сельскія Саветы, і я лічу, што гэта правільна. Калі ішла гаворка, патрэбныя ці не патрэбныя сельскія Саветы, кіраўнік дзяржавы нас падтрымаў: патрэбныя! Гэта тыя людзі, якія проста там, на месцах, працуюць з нашымі грамадзянамі. Яны бачаць, чым жывуць людзі, і даюць пастаяннае падсілкоўванне інфармацыяй мясцовым органам улады па пытаннях, якія павінны вырашацца на тым ці іншым этапе», — адзначыла Качанава.
Паведаміла яна і аб заканадаўчай дзейнасці Савета Рэспублікі. Так, за перыяд першай сесіі праведзена 4 пасяджэнні, прынята 54 пастановы, разгледжаны 31 законапраект. У тым ліку 21 аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў.
Старшыня верхняй палаты парламента засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што члены Савета Рэспублікі павінны каардынаваць работу з дэпутацкім корпусам. Вельмі важна, каб людзі на месцах гэта ведалі і ўносілі прапановы. «Прэзідэнт заўсёды кажа, што законы павінны быць ад зямлі, а гэта значыць, мы павінны разумець працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, і ў сувязі з гэтым ведаць, якія законапраекты сёння патрабуюць абнаўлення, карэкціроўкі», — сказала яна.
Час выбраў нас, і ад кожнага з нас залежыць будучыня нашай краіны, падкрэсліла спікер, звяртаючыся да дэпутатаў: «Ад кожнага! І калі вы сёння гэта глыбока ўсведамляеце і данесяце да кожнага члена свайго калектыву, гэта будзе правільна. Я вас вельмі прашу: не адмахвайцеся ад людзей, тых, хто жыве ў вёсках, у глыбінцы. Яны не павінны быць кінутыя. Мы павінны зрабіць так, каб у іх былі ўсе магчымасці атрымліваць медыцынскую дапамогу, адукацыю, каб працавалі гандаль і транспарт. Калі ёсць нейкае разумнае рашэнне ў праблемных момантах — прапаноўвайце! Паверце: Прэзідэнт заўсёды пагодзіцца з разумнымі і правільнымі прапановамі. Ён гэта адчувае ўнутрана. І тут такіх пытанняў быць не павінна. Я вас шчыра заклікаю да гэтага. Вы павінны быць сёння не проста назіральнікамі, а дзейнымі і актыўнымі ўдзельнікамі. Запомніце: у нас няма не нашых людзей — усе людзі нашы і з усімі трэба працаваць», — заключыла Качанава.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота БелТА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.