Ні адна закаханая нявеста, прамаўляючы запаветнае «Так!», не думае аб разводзе і падзеле маёмасці праз суд. Ніводны закаханы мужчына, купляючы для мілай заручальны пярсцёнак, не можа сабе ўявіць, што калі-небудзь звернецца да яе з прапановай: «Нам лепш растацца». Шлюбы заключаюцца на нябёсах — гэта выказванне ведаюць усе. І, тым не менш, у нашай краіне разводам заканчваецца каля паловы love storіes, што пачаліся словамі «Аб'яўляю вас мужам і жонкай».
У 2023 годзе прадстаўнікі ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамілі, што за апошнія 10 гадоў колькасць разводаў у Беларусі скарацілася на 11 %. Так, у 2021 годзе было зарэгістравана 34,4 тыс. разводаў, што на 11 % менш, чым у 2011 годзе, і на 2 % менш, чым у 2020-м. Але, зрэшты, і саміх зарэгістраваных шлюбаў стала менш, адзначылі прадстаўнікі Мінпрацы: за 10 гадоў іх колькасць зменшылася на 31 %. Спецыялісты звязваюць гэта найперш са скарачэннем колькасці насельніцтва ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў. Пры гэтым, калі параўноўваць 2021 год з 2020-м, колькасць шлюбаў павялічылася на 18 %, і гэта самы значны прырост за апошняе дзесяцігоддзе, адзначылі ва ўпраўленні народанасельніцтва. Прычынай таму, верагодна, стала рэалізацыя адкладзеных з-за пандэміі вяселляў.
А ў цэлым, расказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацабароны, сёння моладзь падыходзіць да пытанняў шлюбу, сям'і і нараджэння дзяцей больш узважана і свядома. Уступаюць у шлюб сучасныя беларускі ў сярэднім у 26,5 года, мужчыны вырашаюць стварыць сям'ю ў 28,8 года. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці — амаль 27 гадоў, у той час як у 1990 годзе ён не дасягаў 23 гадоў.
Ужо сёлета Нацыянальны статыстычны камітэт прыводзіць наступныя лічбы. Па выніках 2023 года ў краіне было зарэгістравана крыху больш за 56 000 шлюбаў (у 2022 годзе, для параўнання, было створана прыкладна столькі ж сем'яў — амаль 58 тысяч). Скасавалі ж шлюб летась 33 962 пары (у 2022-м — 33 980).
У апошнія гады найбольшая колькасць разводаў прыпадае на перыяд 5—9 год шлюбу (больш за 26 % сем'яў, якія вырашылі «самаліквідавацца»). Другі найбольш крызісны перыяд, па статыстыцы, з першага па чацвёрты год сямейнага жыцця (25 % разводаў). А ў першы год шлюбу растаецца менш за 5 % пар.
Больш за 40 % разводаў прыпадае на бяздзетныя сем'і або сем'і, дзе ў мужа і жонкі няма агульных дзяцей. Больш за 35 % — на сем'і, дзе ёсць адно дзіця, і крыху менш за 22 % — на сем'і з двума, трыма і больш дзецьмі.
Псіхолагі, у сваю чаргу, гатовы назваць найбольш тыповыя прычыны, па якіх распадаюцца сучасныя сем'і. Аб гэтым напісана нямала: ад сур'ёзных навуковых даследаванняў да артыкулаў на жаночых парталах. Але калі абагульніць, карціна атрымліваецца такой.
Першая і найбольш частая прычына банальная — здрада. Сюды трапляюць і выпадковыя разавыя сувязі, пра якія даведаліся жонка або муж, і сістэматычнае парушэнне вернасці.
Праблемы з нараджэннем дзяцей — няздольнасць або нежаданне аднаго з сужэнцаў нарадзіць на свет спадчынніка пры наяўнасці такога жадання ў другога сужэнца ў пары. Асабліва часта гэта прыводзіць да скасавання шлюбу, калі па нейкіх прычынах муж або жонка не хоча ўсынаўлення або адмаўляецца звяртацца да дасягненняў сучаснай рэпрадукталогіі.
Негатоўнасць стаць бацькамі. Як ні сумна, нараджэнне дзіцяці могуць перажыць далёка не ўсе пары. Часам муж і жонка не гатовы ўзаемна адаптавацца да новых рэалій і ўласных новых роляў, і гэта можа прывесці да распаду сям'і. Сюды ж можна аднесці і рознагалоссі ў пытаннях выхавання дзяцей, адзначаюць псіхолагі: калі бацька і маці не могуць дамовіцца, «што такое добра і што такое дрэнна» для іх дзіцяці.
Блізкія сваякі (часцей за ўсё цешча і свякроў) — вельмі частая прычына разводаў. Яны імкнуцца ўвесь час парушаць межы сям'і іх дзяцей і прымаць у іх жыцці занадта актыўны ўдзел. Вынікам іх намаганняў часта становіцца скасаванне шлюбу.
Сямейныя абавязкі. Калі клопат па забеспячэнні побыту і выхаванні дзяцей падае на плечы некага аднаго ў пары — часцей за ўсё жанчыны, якая да таго ж яшчэ і працуе, і робіць унёсак у агульную сямейную «скарбонку», рана ці позна яна вырашыць: «Хопіць!».
Недахоп грошай у сямейным бюджэце. Бясконцыя матэрыяльныя цяжкасці, пастаянны рэжым эканоміі, адсутнасць уласнага жылля або жыллё, якое не адпавядае ўяўленням сучаснага чалавека аб утульнасці і камфорце, нізкія заробкі аднаго або абодвух у пары — усё гэта вядзе да нервовых зрываў, высвятлення адносін, сварак «на матэрыяльнай глебе» і — разводу.
У мужа і жонкі няма сумесных мэт і агульных інтарэсаў. Калі, акрамя агульных клопатаў аб дзецях і забеспячэння побыту, мужа і жонку нішто не звязвае, калі закаханасць праходзіць і высвятляецца, што ім і пагаварыць няма пра што, рана ці позна такія людзі стануць чужымі адно аднаму.
Наступная прычына — залежнасць. Часцей за ўсё гэта алкагалізм кагосці аднаго ў пары. Але, зрэшты, гэта можа быць і залежнасць ад псіхатропных рэчываў і іншыя залежнасці. Такі стан спраў рана ці позна прыводзіць да разводу, але часам фарміруюцца так званыя сузалежныя адносіны, калі адзін (як правіла, жанчына) «выратоўвае» другога гадамі, а той «ратавацца» не жадае.
Дамашні гвалт — яшчэ адна прычына разводаў, прычым агрэсарам можа быць не толькі муж, але і жонка. Хоць у другім выпадку гэта часцей эмацыянальны гвалт — шантаж, абразы, маніпуляцыі.
Не сышліся тэмпераментамі — таксама тыповая прычына скасавання шлюбу. Дысгармонія ў сексуальным жыцці камусьці можа здацца не занадта важкай падставай для разводу, і, тым не менш, яна ў ліку прычын, па якіх нярэдка людзі вырашаюць скасаваць шлюб.
Ёсць і іншыя тыповыя прычыны разводаў, адзначаюць сямейныя псіхолагі, і іх досыць шмат. Большасць з іх можна скарэкціраваць — з дапамогай спецыялістаў па сямейнай псіхалогіі або нават уласнымі намаганнямі. Але прычын, калі сужэнцам аб'ектыўна варта развітацца, псіхолагі называюць усяго тры. Гэта дамашні гвалт, сур'ёзная залежнасць мужа або жонкі (алкагалізм, наркаманія, гульняманія) і... сапраўднае каханне, што сустрэла «ваша палоўка» па-за межамі сям'і. Калі ў мужа або жонкі ўзнікла сур'ёзнае, глыбокае пачуццё, то, як бы ні было цяжка, чалавека варта адпусціць.
Дзіяна РОНІНА
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.