Вы тут

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага


Цікавая акалічнасць: сямейны і працоўны стаж Сяргея Савіцкага супадаюць — і той, і той складае 21 год. Ён бацька трох цудоўных дачок, узорны сем'янін, руплівы гаспадар. Пра такіх жанчыны кажуць «як за каменнай сцяной». Калегі па рабоце цэняць яго за моцны ўнутраны стрыжань і адказнасць. Усе гады сваёй працоўнай дзейнасці ён на кіруючых пасадах. Упартасць і непахіснасць перад цяжкасцямі дапамагаюць яму пераадольваць самыя складаныя перашкоды. А адкрыты характар і прыроднае абаянне даюць магчымасць хутка знаходзіць агульную мову з людзьмі. Як гэта — быць адначасова ўзорным бацькам, клапатлівым мужам, сумленным работнікам і прыстойным грамадзянінам — у нашай размове з Сяргеем Савіцкім. Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.


Вялікая сям'я — гэта цудоўна!

— Вас можна лічыць шчаслівым татам: тры дачкі — сапраўдны скарб. Раскажыце пра іх, якія ў іх характары, захапленні?

— Канешне, я шчаслівы. Старэйшай Вераніцы ў верасні споўніцца 20 гадоў, Аліне ў жніўні было 16, а вось Лізавета Сяргееўна (усміхаецца) у нас самы юны член сям'і: у студзені адзначым яе 5-гадовы юбілей. Чаму Лізавета Сяргееўна? Калі збіраемся ў госці да бабуль, папярэджваем, што з намі едзе Лізавета Сяргееўна. Бабулі яе так і называюць. Малой падабаецца. І нават калі нехта пытаецца ў яе імя, яна адказвае: Лізавета Сяргееўна. Усіх дачок люблю, яны для мяне сапраўднае шчасце. Хоць спачатку з жонкай чакалі сына. Нават імя падабралі — Мікіта. А нарадзілася Вераніка. Хутка зразумеў, што гэта добра. Усе тры дачкі розныя па характары. Агульнае — яны сціплыя, паважаюць старэйшых. У Веранікі мой, інжынерны, склад розуму. Яна вучыцца ва ўніверсітэце на хіміка-тэхнолага. Сярэдняя дачка Аліна яшчэ школьніца. Яна больш творчая натура, скончыла мастацкую школу. Вельмі прыгожа малюе, удзельнічае ў пленэрах. Ну, а малодшая дачка — мая памочніца. Калі ёй было 1,5 года, убачыла, як я ламінат кладу і малаточкам па ім пастукваю. Знайшла гумавы дзіцячы малаточак і давай паўтараць.

Сяргей САВІЦКІ — з мамай, сёстрамі і братам

— Вы строгі бацька? Можаце пакараць за што-небудзь?

— Я не злы — мне дастаткова строгага позірку. У дачок прысутнічае пачуццё павагі да мяне.

— А ёсць адчуванне, што вы жывяце ў кветніку? Вы і чатыры прыгажуні вакол.

— У некаторай ступені так. Мне не трэба гатаваць сабе есці, заўсёды нехта ёсць дома, хто накорміць. Ды і прас у рукі не трэба браць, каб прывесці ў парадак кашулю.

— Дзяўчаты заўсёды модніцы, любяць мяняць уборы. Песціце дачок? Або ў чымсьці прыходзіцца стрымліваць?

— У мяне не хапае часу доўга быць побач з дзецьмі, але не шкадую грошы ім на абноўкі. Яны мне потым іх заўсёды дэманструюць. Ім важна пачуць маё меркаванне. Часам удзельнічаю ў іх шопінгу, раю нешта. І яны прыслухваюцца.

— Колькі грошай у месяц трэба для такой сям'і, як ваша?

— Умоўна 4-5 тысяч рублёў. Гэта з улікам камунальных і іншых неабходных штомесячных плацяжоў. А вось для таго, каб адкласці, патрэбна большая сума. На грошы жонкі ніколі не прэтэндаваў. І сваёй зарплатнай картачкай не забараняю ёй карыстацца. Старэйшай дачцэ, якая вучыцца ў Мінску, выдзяляю пэўную суму на тыдзень і на дарогу дадаму і назад. Стыпендыяй яна распараджаецца сама. Сярэдняя дачка пакуль з намі, ёй таксама даю на цукеркі і марожанае. І нават малодшай нешта перападае. Жонка спрабуе заахвочваць дзяцей грашамі за дапамогу па гаспадарцы, я — не. Даю проста за тое, што яны ёсць.

— Наколькі моцная ваша сям'я? Ці ўзнікае часам жаданне адпачыць адно ад аднаго?

— Сям'я заўсёды побач са мной. Пераезд у Магілёў быў для нас дзявяты за даволі кароткі перыяд. Кожны раз, калі я пераязджаў, праз некалькі дзён, тыдзень, максімум месяц жонка і дочкі зноў былі са мной. І гэта пры тым, што жонцы трэба было мяняць работу, а дзецям — садок або школу. Аліна ў 9 класе паўгода вучылася ў Мінскай вобласці, паўгода — у Магілёве. Нават даросламу чалавеку цяжка бывае адаптавацца на новым месцы, а тут дзіця, ды яшчэ ў такім узросце. Але яны ўсе ў мяне загартаваныя.

Радзіма там, дзе твае бацькі

— Падзяліцеся рэцэптам, як выхаваць добрых дзяцей?

— Асаблівых рэцэптаў няма. Я іх заўсёды вучыў самастойнасці. Казаў, што трэба дабівацца чагосьці самім, а я заўсёды змагу дапамагчы. Тры гады таму старшая дачка перад тым, як паступіць у ВНУ, паспела папрацаваць. І вельмі ганарылася, што купіла новы тэлефон за свае грошы. Сярэдняя, як толькі ёй 14 гадоў споўнілася, таксама пайшла працаваць. Я ім тлумачу, што грошы проста так не даюцца. І яны вучацца планаваць. Праўда, малодшай дазваляецца больш. Старэйшыя нават крыўдзяцца, я з імі быў больш строгі.

Раніцай, калі я іду на работу, дочкі яшчэ спяць, але вечарам чакаюць мяне да апошняга, каб разам павячэраць. Я прыходжу, а вячэра ўжо на стале. Застаецца толькі рукі памыць. Гэта той самы час, калі мы можам усе разам пасядзець за сталом, пагутарыць. І я вельмі цаню такія хвіліны.

Вельмі важна, каб дзеці паважалі дарослых. Прывучаю дачок, каб словы «бабуля» і «дзядуля» асацыяваліся ў іх з паняццем «Радзіма». Я сам гэта востра адчуў, калі бацька пайшоў з жыцця. Пакуль ён быў жывы, я часам адкладваў сустрэчы на потым, спасылаўся на тое, што заняты... Калі таты не стала, востра адчуў, што ён і мама — гэта нешта святое, да іх павінны быць асаблівыя адносіны. Бацькоў трэба чуць, нягледзячы на сваю катастрафічную занятасць. Бо час, калі яны сыходзяць, прыходзіць непрыкметна. Захочацца прыехаць, а ўжо няма, куды. Аднойчы, калі я з сям'ёй ехаў да бацькоў у Пінск, мне патэлефанаваў калега, спытаўся, што я раблю. І я адказаў, што еду на радзіму. Пасля сярэдняя дачка Аліна спытала, а дзе яе радзіма. Ёй тады было ўсяго 7-8 гадоў. Пытанне заспела мяне знянацку. Было цяжка нешта патлумачыць. Цяпер ведаю адназначна: дзе твае бацькі, там і твая радзіма.

Любімыя дачушкі

— Як размяркоўваеце абавязкі па доме? Дапамагаеце, напрыклад, жонцы гатаваць або дываны пыласосіць?

— На мне ўся мужчынская работа, а ўмею я усё: прыкляпаць, машыну адрамантаваць, электрычнасць наладзіць. Будаваць, капаць, майстраваць — гэта маё. Я практычна сваімі рукамі пабудаваў дом. Прычым з нуля. Выбіраў, дзе і як размясціць яго на ўчастку, рабіў падмурак, аздабленне і шмат чаго іншага. За два тыдні з цесцем накрылі дах. Тынкаваў, плітку клаў — ніякіх праблем. Калі малодшая нарадзілася, я ёй драўляныя перасовачныя арэлі зрабіў. А яшчэ — маленькае крэселка ў выглядзе зайчыка. Зрабіў нам з жонкай драўляны ложак, толькі матрац на яго купілі. Люблю жыць у прыватным доме, там шмат месца для творчасці. Можна па ўчастку прайсціся, траву пакасіць, градку ўскапаць. Жонка побач кветкі саджае. А вось жыць у кватэры мне не падабаецца.

Усё пачынаецца з дзяцінства

— Раскажыце, калі ласка, пра сваё дзяцінства. Дзе нарадзіліся, кім былі вашы бацькі, чаму навучылі?

— Нарадзіўся ў вёсцы Хварасно Пінскага раёна ў шматдзетнай сям'і. У мяне старэйшыя брат і тры сястры. З братам розніца ва ўзросце 15 гадоў. А з самай малодшай сястрой — 10. Калі пайшоў у першы клас, усе астатнія ўжо скончылі школу. Уся ўвага з дзяцінства была прыкавана да мяне. Сёстры і брат, калі прыязджалі з горада, везлі мне невялічкія гасцінцы. Я іх вельмі чакаў. Час тады быў іншы, і такіх празмернасцяў, як цяпер, не існавала, тым больш у вёсцы, тым больш у шматдзетнай сям'і. Бацька працаваў на трактары, я імкнуўся ў яго вучыцца. Дапамагаў разбіраць трактар. У класе 4-5 я ўжо сам на трактары ездзіў, бацька давяраў не толькі з боку пасядзець. Калі працаваў на камбайне, даваў і мне паруліць. І гэта жаданне засталося з тых часоў. Штогод, працуючы на розных пасадах, імкнуся сесці за штурвал камбайна і намалаціць бункер збожжа. Сёлета, калі віншаваў першага тысячніка на Магілёўшчыне, таксама сеў за штурвал. Цёплыя ўспаміны з дзяцінства так і нахлынулі...

— Вы са школы марылі працаваць у сельскай гаспадарцы?

— Я не марыў, я рос у гэтым. Маці часта хварэла, і я заставаўся з татам. А ён браў мяне на работу. Я нават часам спаў у яго ў кабіне. У школе на занятках вучэбна-вытворчага камбіната атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і марыў працаваць у калгасе трактарыстам. Але кіраўнік сельгаспрадпрыемства Іосіф Гузіч сказаў: скончыш школу — дадзім табе накіраванне ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Я толькі адмахнуўся. Але пасля школы маці сабрала мае рэчы і сказала: «Едзем паступаць у Горкі». Я не пярэчыў. Пяць гадоў адвучыўся і прыехаў дадому з дыпломам з адзнакай, на сваім аўто і з жонкай. 1 ліпеня атрымаў дыплом, 19 — мы распісаліся, а 25 — пайшоў працаваць.

— Першая дачка нарадзілася, калі вам было ўсяго 22 гады. Гэта па цяперашніх мерках зусім юны ўзрост. Не хацелася пажыць для сябе?

— Я сам з вялікай сям'і, і гэта цудоўна! Уяўляеце, калі мы ўсе збіраемся ў маці, як шматлюдна становіцца ў доме?! Пяцёра дзяцей, у кожнага свая пара, унукі, праўнукі — вялікая атрымліваецца кампанія. Я самы далёкі госць. Тры сястры ў вёсцы паблізу ад маці жывуць, брат — у Драгічыне. Яны чакаюць, калі я дату абвяшчу, і падцягваюцца. Заўсёды стараюся прыехаць на матулін дзень нараджэння — 3 верасня. Сёлета гэта будні дзень, прыеду 7 верасня, і мы разам адзначым свята.

Мы з жонкай не адкладвалі дзяцей на потым. Дзеці нам не перашкаджалі пажыць для сябе. Старэйшыя па начах не турбавалі, спалі да раніцы. Толькі малодшая крыху неспакойная была. Падмяняў жонку ноччу, уставаў, каб пакарміць малую з бутэлечкі або пакалыхаць.

Пра «гарачую патэльню»

— У вас вельмі адказная пасада. Ці атрымліваецца пабыць з сям'ёй на выхадныя, з'ездзіць куды-небудзь адпачыць?

— У выхадныя — калі як, а вось у адпачынак хаджу стабільна двойчы на год — у другой палове чэрвеня і лістапада. Я так адпачываў, калі быў старшынёй райвыканкама. Калі на гэтым месцы першы раз агучыў свае планы наконт адпачынку, некаторыя сумняваліся, маўляў, хто ж мяне адпусціць. Але памыліліся. Галоўнае — да адпачынку паспець зрабіць усе неабходныя справы.

— З самага пачатку вы працуеце на адказных пасадах. Вы прынцыповы кіраўнік?...

— Так. Заўсёды ёсць свой пункт гледжання, і калі ведаю, што маю рацыю, буду настойваць на сваім.

— Прэзідэнт, калі прызначаў вас на гэту пасаду, «падбадзёрыў»: уся адказнасць ляжа на вашы плечы...

— Так. І пра «гарачую патэльню» сказаў (усміхаецца). Я на той момант быў адным з самых «старых» старшынь райвыканкамаў, адпрацаваў пяць гадоў і некалькі месяцаў. І Прэзідэнт не разумеў, чаму я з-пад Мінска захацеў паехаць у Магілёў. Я быў знаёмы з Анатолем Ісачанкам, і ён якраз паклікаў мяне ў сваю каманду. І я пагадзіўся. Лічу, што павінен быць рух — або па гарызанталі, або па вертыкалі. Калі кіраўнік працуе на адным месцы больш за пяць гадоў, жыццё становіцца манатонным. А тут была магчымасць сябе праявіць. Прынцып — як у спартсмена: нейкая планка ёсць, і ты яе бярэш. Працую на Магілёўшчыне другі год, але сказаць, што планку ўзяў, яшчэ не магу. Даводзіцца вырашаць шмат бягучых пытанняў, а хацелася б больш глядзець на перспектыву. Але я ўжо дастаткова камфортна сябе тут адчуваю...

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Сяргея САВІЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.