У Маскве працягвае сваю працу Міжнародная кнігарня. Сотні выдавецтваў з Масквы і Санкт-Пецярбурга, розных рэгіёнаў Расіі і з самых розных краін прэзентуюць кніжныя навінкі, знаёмяць з адметнымі выданнямі апошняй гадзіны. Па традыцыі шматлюдна каля стэнда, на якім Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь прадставіла зборнікі прозы і паэзіі класікаў і сучасных пісьменнікаў, найлепшыя з выданняў краіназнаўчага характару.
Сярод гасцей беларускага стэнда — і расійскія пісьменнікі. Дырэктар Выдавецкага дома — галоўны рэдактар «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч правёў перамовы з галоўным рэдактарам часопіса «Раман-газета» Юрыем Казловым. Размова ішла пра новы беларускі выпуск аўтарытэтнага часопіса. У нядаўнія часіны «Раман-газета» не аднойчы звярталася да публікацый беларускай прозы. У прыватнасці, у 2024 годзе выйшаў нумар з творамі Алены Паповай, Алега Ждана, Веры Зялянкі, іншых вядомых у Беларусі аўтараў.
— Беларуская проза сёння на пад’ёме, — заўважыў у час перамоў Юры Казлоў. — Мяркую, што мэтазгодна падрыхтаваць чарговы беларускі выпуск. І асаблівую ўвагу мы збіраемся аддаць перакладу і публікацыі апавяданняў маладых аўтараў. За творчай моладдзю, іх пошукамі — будучыня. І не ўлічваць гэтага нельга.
Дасягнута дамоўленасць і ў прапрацоўцы пытання аб паступленні «Раман-газеты» ў беларускі кнігагандаль.
Раман СЭРВАЧ
г. Масква
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.