Да галоўнага свята аграрыяў — абласных «Дажынак-2024» — застаецца менш за месяц. Сёлета яны адбудуцца ў Валожыне. Менавіта сюды 21 верасня з’едуцца найлепшыя працаўнікі сяла Міншчыны. А ці ўсё гатова да правядзення такога важнага мерапрыемства? На мінулым тыдні тут адбылося пасяджэнне з удзелам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. Карэспандэнту «Звязды» ўдалося папрысутнічаць на нарадзе і высветліць, што было зроблена, а над чым яшчэ трэба папрацаваць.
Старшыня Мінаблвыканкама звярнуўся да кіраўнікоў раёна: «У рамках правядзення мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да абласных „Дажынак“ у Валожынскі раён укладзены велізарныя сродкі. Ваша праца павінна весціся ў кругласутачным рэжыме для таго, каб выканаць тое, пра што мы дамаўляліся. Я выразна падзяляю зоны адказнасці кожнага кіраўніка. Ніякіх пустых абяцанняў».
Па яго словах, каля 100 мільёнаў рублёў выдзелена з абласнога бюджэту на развіццё інфраструктуры, рамонт будынкаў, добраўпарадкаванне цэнтра горада. Цяпер Валожын пачынае набываць завершаныя абрысы. З’явілася шмат кветнікаў, зеляніны, высаджаны маладыя дрэўцы. Аднак не ўсё так гладка. Улады раёна так і не паспелі ўвесці ў эксплуатацыю кацельню, рынак.
«Падрыхтоўка да „Дажынак“ — гэта свайго роду мабілізацыйнае мерапрыемства, калі ў адносна кароткія тэрміны вылучаецца вялікая колькасць сродкаў. Мы можам вырашыць мноства праблем. І тут важная арганізацыя працы. Такіх аб’ёмаў у вас у найбліжэйшыя дзесяць гадоў не будзе», — дадаў Аляксандр Турчын.
Ён падкрэсліў: сёння ідзе фіналізацыя работ. «На прыкладзе Валожына можна разумець маштаб сродкаў і сум, якія неабходны для прывядзення асобна ўзятага раённага цэнтра ў стан камфортнага для жыцця горада. Больш за 40 мільёнаў рублёў было ўкладзена ў жыллёва-камунальную гаспадарку.
З іх 20 мільёнаў — на добраўпарадкаванне Валожына. Вельмі важна, каб жыхары раёна, горада шанавалі тое, у якіх аб’ёмах усё было зроблена. Тое, што было зроблена на цэнтральнай плошчы горада, дазваляе з пэўнай доляй упэўненасці адчуваць, што Валожын будзе станавіцца цэнтрам турыстычнага прыцягнення».
У першую чаргу грошы пайшлі на асфальтаванне вуліц, навядзенне парадку ў дварах і гэтак далей. Дарэчы, на гарадской цэнтральнай плошчы — галоўным месцы правядзення свята — работы хутка завершацца. Абноўленыя фасады будынкаў, новыя малыя архітэктурныя формы, стаянка на месцы знесенага старога дома — многае ўжо зроблена, але трэба працаваць хутчэй.
«Я не раз казаў пра тое, што „Дажынкі“ даўно ўжо ператварыліся з простага свята хлебаробаў у маштабную падзею. Гэта падзея, перш за ўсё, для таго рэгіёна, дзе будзе праводзіцца гэтае свята. У Валожын і Валожынскі раён укладзены проста каласальныя сродкі. І, вядома, гэта дае свой штуршок, — расказаў журналістам Аляксандр Турчын. — Ёсць добрая фатаграфія гэтага месца ў Валожыне ХІХ або пачатку ХХ стагоддзя, дзе па калена ў гразі стаяць людзі, прыблізна на гэтым месцы (гаворка ідзе пра цэнтральную плошчу горада. — Рэд.). Мне здаецца, што ў нас атрымалася стварыць тыя ўмовы, у якіх павінны жыць сучасныя гараджане».
Непадалёк ад плошчы размясцілася іешыва — вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова, частка багатай гісторыі яўрэйскага народа. Яна абсалютна заканамерна ўваходзіць у большасць экскурсійных маршрутаў і служыць месцам паломніцтва яўрэяў. Тут ідуць рэстаўрацыйныя работы. Пасля гэтага прывязуць экспанаты і мэблю.
«Вельмі сур’ёзна падцягнулі сацыяльную сферу. Усе ўстановы адукацыі раёна — на высокім узроўні, уключаючы школы сельскай мясцовасці. Па капітальным рамонце атрыманы заключэнні па 11 дамах з 12. Па праектнай дакументацыі ўсе работы былі выкананы, але апошні дом аказаўся праблематычным. Жыхары неаднаразова звярталіся з просьбай уцяпліць фасад з адпаведнай тынкоўкай і афарбоўкай. Таму мы пайшлі на тое, каб задаволіць патрэбы людзей. Работы выкананы прыкладна на 70 працэнтаў. У найбліжэйшыя пару дзён плануем завяршыць», — распавёў старшыня Валожынскага райвыканкама Яўген Круковіч.
Старшыня Мінаблвыканкама адзначыў, што пасля завяршэння ўсіх работ неабходна захаваць і падтрымліваць парадак: «Вельмі важна, каб потым, калі мы ўсе работы правядзём, на працягу некалькіх гадоў не прывесці ў той стан, які быў да капітальнага рамонту».
Зменіць сваё аблічча і гарадскі вадаём. Цяпер там працягваецца ўстаноўка пліткі, а не так даўно прайшоў суботнік. Да 10 верасня мясцовыя ўлады абяцаюць завяршыць азеляненне. «Выразалі ўсю лішнюю расліннасць — каля 25 дрэў, якія перакрывалі ўвесь выгляд і неэстэтычна глядзеліся», — дадаў Яўген Круковіч.
Да «Дажынак» абяцаюць увесці ў строй паліклініку. Работы па ёй працягваюцца. Да канца года пачне працаваць кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. Акрамя будаўнікоў, у горадзе працуюць і работнікі культуры. Пакуль яны ўдасканальваюць канцэпцыю свята і зоны, якія будуць задзейнічаны для адпачынку гасцей і жыхароў. Абяцаюць, што будзе вельмі цікава.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота аўтара
г. Валожын
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.