У вёсцы Шапчыцы Званецкага сельсавета Рагачоўскага раёна адрадзілі старадаўні абрад «Закліканне дажджу». Ініцыятыву ўдалося ажыццявіць дзякуючы перамозе праекта Рагачоўскага цэнтра культуры і народнай творчасці ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Старажытную народную традыцыю — абрад «Закліканне дажджу» — калісьці менавіта ў Шапчыцах на Рагачоўшчыне не толькі не забывалі, але і праводзілі са сваімі характэрнымі асаблівасцямі. Як распавяла загадчыца Шапчыцкага сельскага Дома культуры Алена Хворастава, у даўнія часы вяскоўцы верылі, што абрад «Закліканне дажджу» дапаможа ўратаваць ураджай, калі здаралася зацяжная спякота, засуха. Традыцыйна абрад суправаджаўся пераворваннем дна ракі.
— Жанчыны з нашай вёскі адзіныя на Гомельшчыне замест ракі пераворвалі калодзеж. Пра гэтыя асаблівасці абраду нам некалі расказала мясцовая жыхарка Лідзія Максімаўна Гаўрылькова. На жаль, яе ўжо няма на свеце. Але тыя звесткі, якімі яна падзялілася, вельмі дапамаглі па драбніцах узнавіць старадаўні абрад. Жанчына расказвала, што апошні раз мясцовыя жыхары заклікалі дождж недзе ў 1986 годзе. З тых часоў народная традыцыя была ў заняпадзе, — патлумачыла Алена Васільеўна.
Як праходзіла «Закліканне дажджу» ў Шапчыцах, удалося ацаніць дзякуючы адноўленаму абраду. Удзельніцам неабходны былі не толькі побытавыя рэчы — саматканы ручнік, збаны, свечкі, плуг, але і жывы певень. Яму ў абрадзе адводзіцца роля заклікальніка дажджу (поўная назва абраду «Закліканне дажджу на пеўні»). Згодна з абрадам, жанчынам неабходна моўчкі пайсці да старога калодзежа, тройчы абысці яго з плугам ці «пераараць», пасля прачытаць малітву «Ойча наш», перахрысціцца, зачарпнуць вады ў збаны і з абрадавымі замовамі выліць яе на ручнік.
Як распавялі ўдзельніцы абраду, нашы продкі верылі, што калі «Закліканне дажджу» правялі правільна, то праз некалькі гадзін альбо на наступны дзень засуха скончыцца.
— Захаванне і папулярызацыя традыцыйных народных абрадаў з’яўляюцца вельмі важнымі для кожнага. Усе мы павінны ведаць свае карані і традыцыі не па падручніках, а бачыць гэта ў жывым асяроддзі, зберагаць і перадаваць нашчадкам, — перакананы ўдзельніцы абраду.
У яго аднаўленні паўдзельнічалі захавальніцы традыцый з розных вёсак Рагачоўскага раёна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.