Вы тут

Мара старшыні Поразаўскага сельвыканкама — стварыць ваенны музей


Усе, хто ведае Віктара Акудовіча, лічаць яго чалавекам апантаным. Ён і сам кажа, што яму вельмі блізкая ваенная тэма. Мабыць, таму ён знаходзіць час, каб разам са сваёй службовай дзейнасцю займацца пошукам тых, чые лёсы застаюцца невядомымі. За вялікую работу па ўвекавечванні памяці загінулых Віктар Акудовіч узнагароджаны юбілейным медалём «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».


Роўна 10 гадоў таму пачалася грамадская работа прафесійнага афіцэра на пасадзе старшыні Поразаўскага сельвыканкама. Работа з людзьмі стала галоўным кірункам яго дзейнасці. Разам з тым новы старшыня пачаў цікавіцца пошукавай работай, якая вялася на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Гутарыў з мясцовымі жыхарамі. Яны расказвалі аб магчымых месцах пахавання загінулых абаронцаў.

Аднойчы Віктар Вацлававіч спыніўся пагаварыць са старажылкай пасёлка Альфрэдай Андрэеўнай. Яна і расказала старшыні гісторыю аб снайперы-чырвонаармейцы, які ў першыя дні вайны расстрэльваў ворага з-пад густой прыдарожнай ліпы. Кажуць, што ім было знішчана больш як дваццаць немцаў. Магчыма, прыкрываў адыход асноўных войскаў, выказаў меркаванні Віктар Вацлававіч. Але выстаяць перад лавінай варожага агню маладому салдату не ўдалося. Калі ён упаў, з яго галавы зляцела пілотка. Людзі бачылі, як нямецкі афіцэр падняў яе і накрыў ёю твар салдата, тым самым выказаў яму павагу за мужнасць. Гэты эпізод Віктар Вацлававіч лічыць вельмі знакавым, бо ён сведчыць аб самаадданым гераізме савецкіх байцоў.

А гісторыю гэту жанчыне расказаў муж, які малым дзіцем разам з іншымі жыхарамі хаваўся ў ганчарным горне. Усе тыя падзеі праходзілі на вачах дзіцяці. Дарослыя потым казалі, што немцы забаранялі падыходзіць да забітага снайпера, але жыхары ўсё ж ноччу яго на тым падворку і пахавалі.

Жанчына паказала нават канкрэтнае месца. Яе словы спраўдзіліся, і снайпера на тым самым месцы знайшлі. Яго астанкі перапахавалі ў цэнтры пасёлка ў брацкай магіле. А вось медальён адшукаць не ўдалося. Герой так і застаўся невядомым. Адно толькі казалі пра яго ў Поразава: «Наш маленькі салдат».

Гэта гісторыя ўзрушыла тады старшыню сельсавета. Ён ездзіў па вёсках, распытваў старажылаў, хто мог памятаць аб месцах масавых пахаванняў. Дзякуючы гэтай рабоце ўдалося знайсці дакладныя месцы пяці хутароў і адной вёскі, якія былі спалены немцамі і не аднавіліся. Устаноўлены новыя факты расстрэлаў у вёсках Навасады, Грыневічы, Хрустава, Нарковічы, Крапіўніца.

Новым штуршком у пошукавай справе стала знаёмства з валанцёрам групы «Бацькаўшчына» Дзмітрыем Казловічам. А з 2022 года па запрашэнні Поразаўскага сельсавета, сельвыканкама актыўны ўдзел у раскопках прымаюць валанцёры пошукавага руху Расіі.

Месцічы ўжо ведалі аб тым, што старшыня актыўна займаецца пошукавай працай, і стараліся яму дапамагчы. Аднойчы да яго ў кабінет мясцовы жыхар прынёс запячатаны воскам патрон. Сказаў, што знайшоў у полі. У патроне знаходзілася амаль спарахнелая запіска з імем і каардынатамі байца, а на яе адваротным баку — яго развітальныя словы да родных. Было ўстаноўлена, што гэта без весткі прапаўшы беларус Фёдар Врадзінскі з вёскі Нічыпараўка Нараўлянскага раёна, чырвонаармеец 49-й стралковай дывізіі. Але дзе быў пахаваны ўладальнік патрона, невядома.

— Мне запаў у душу вось гэты забыты подзвіг 49-й стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў чацвёртую армію. Раней лічылася, што тут не было моцнай абароны, але на самай справе немцам аказвалася супраціўленне, — расказвае Віктар Акудовіч. — Байцы дывізіі адступалі з боку Брэста з баямі па лясным масіве, іх пастаянна абстрэльвалі самалёты. Амаль уся дывізія загінула на тэрыторыі Свіслацкага раёна. І мы вяртаем з нябыту гераічны подзвіг нашых салдат.

Старшыня сельсавета падзяліўся набытай інфармацыяй з расійскім пісьменнікам і публіцыстам Мікалаем Чаркашыным, які ўвасобіў гераічны шлях 49-й стралковай дывізіі ў сваім новым рамане. У кнігу ўвайшлі і гэтыя канкрэтныя эпізоды. Пісьменнік абяцае прывезці новы твор у верасні. Чаркашын — аўтар раманаў «Брэсцкая брама», «Лес прастрэленых касак» і многіх іншых.

У жніўні на тэрыторыі сельскага Савета вяліся чарговыя раскопкі ў рамках сумеснага беларуска-расійскага праекта «Вахта памяці». Былі знойдзены астанкі 12 вайскоўцаў. Удалося ўстанавіць імёны дваіх. Гэта Аляксандр Сяргееў, 1921 года нараджэння, ураджэнец Ленінграда, і Пётр Тапалеўскі, 1919 года нараджэння, ураджэнец сяла Грыгор’еўка, цяпер Херсонская вобласць. Загінулі ў чэрвені 1941 года. Яны будуць урачыста перапахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Поразава. Летась туды перанесены астанкі яшчэ аднаго загінулага вайскоўца, які быў знойдзены падчас мінулагодняй пошукавай кампаніі. «Нам пашанцавала даведацца поўнае імя вайскоўца», — заўважыў старшыня і расказаў, якая дэталь адыграла тут асноўную ролю.

А ўся справа ў медалі, прычым, у працоўным. Аказалася, салдат насіў у кішэні імянны срэбраны медаль, які быў яму ўручаны на ВДНГ у Маскве ў 1940 годзе як перадавіку сацыялістычнай сельскай гаспадаркі. На ўзнагародзе — яго поўнае імя — Дзмітрый Тарасавіч Пянцюгаў з Віцебскай вобласці. Да гэтага ён лічыўся прапаўшым без вестак. А знайшлі яго падчас раскопак каля вёскі Берднікі ў лясным масіве.

У жніўні гэтага года на месцы яго гібелі ўстаноўлены памятны знак у выглядзе зоркі з надпісам. Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам пошукавікаў і старшыні сельсавета. Падобныя знакі мяркуецца ўстанавіць і ў іншых месцах, дзе праведзены раскопкі і знойдзены астанкі байцоў. Такіх месцаў на тэрыторыі сельскага Савета некалькі. Магчыма, акцыя па іх устноўцы адбудзецца ў наступным годзе, падчас святкавання 80-годдзя Перамогі.

Дарэчы, прамых нашчадкаў у байца не аказалася, а далёкія сваякі не сталі прэтэндаваць на той медаль. Ён і цяпер захоўваецца ў старшыні сельсавета і чакае свайго месца ў будучай экспазіцыі.

— Экспанатаў хапае, — кажа Віктар Акудовіч. — Ёсць патрон, нямецкія карты, у школьны музей перададзены каскі, медальёны, якія знаходзілі, штыкі, асабістыя рэчы.

Музейную экспазіцыю старшыня плануе размясціць на другім паверсе будынка сельвыканкама. Гэта шматфункцыянальны аб’ект, дзе размешчаны офісы ўстаноў і прадпрыемстваў, пакоі аддзялення дзённага знаходжання, трэнажорная зала. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца і з экспазіцыяй музейнага пакоя. Для ажыццяўлення свайго плана Віктар Акудовіч мяркуе прыняць удзел у абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Кажа, што праект не вельмі затратны, на рамонт і абсталяванне патрабуецца 10–12 тысяч рублёў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена старшынёй сельсавета

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.