Пачатак навучальнага года для многіх школьнікаў становіцца стрэсам. Вучоба, дадатковыя заняткі, гурткі і спартыўныя секцыі — сучаснае дзіця загружана не менш, а часам нават больш, чым дарослыя. Такі падыход можа прывесці да павышанай стамляльнасці, зніжэння матывацыі і працаздольнасці, а таксама пагаршэння здароўя і самаадчування дзіцяці. Найбольш сур’ёзна гэта адбіваецца на першаклашках, якія аказваюцца ў новым асяроддзі і сутыкаюцца з новымі абавязкамі.
У гэты перыяд асабліва актуальным становіцца правільна пабудаваны распарадак дня. Ён дапамагае дзецям хутчэй адаптавацца і ўцягнуцца ў навучальны працэс, дысцыплінуе, папярэджвае ператамлення. Выконваючы распарадак дня, арганізм жыве ў вызначаным рытме: пад’ём з раніцы і адыход да сну ў адзін і той жа час умацоўваюць нервовую сістэму дзіцяці, а рэгулярнае харчаванне паляпшае страваванне.
— Пры складанні распарадку дня важна не спрабаваць запланаваць як мага больш, а знайсці залатую сярэдзіну паміж разумовай і фізічнай нагрузкай, зносінамі з сябрамі, хобі і аднаўленнем, — падкрэслівае інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.
Правільна арганізаваны рэжым дня школьніка прадугледжвае час для ранішняй гімнастыкі і гігіенічных працэдур, рэгулярны прыём ежы, правільнае чаргаванне працы і адпачынку, фізічную актыўнасць, прычым пажадана на свежым паветры, час для выканання хатніх заданняў, дастатковы па працягласці сон.
Рэгулярная зарадка ўмацоўвае асноўныя мышачныя групы, развівае гнуткасць цела, спрыяе фармаванню правільнай постаці і агульнага фізічнага развіцця, стымулюе кровазварот, паляпшае эмацыянальны стан.
Працягласць зарадкі звычайна складае 10–20 хвілін. Комплекс практыкаванняў варта падабраць для ўсіх груп мышцаў, складанасць і хуткасць выканання практыкаванняў залежаць ад узросту і фізічнай падрыхтоўкі дзіцяці. Перад правядзеннем зарадкі памяшканне неабходна праветрыць, адзенне не павінна абмяжоўваць рухаў, можна ўключыць рытмічную музыку.
Да водных працэдур адносяць душ, умыванне халаднаватай вадой, чыстку зубоў. Замест душа можна выкарыстоўваць абціранне, а тэмпературу вады паступова зніжаць, тады арганізм будзе яшчэ і загартоўвацца.
Харчаванне школьніка прадугледжвае 4-5 прыёмаў ежы. Перапынкі паміж імі не павінны перавышаць 3,5-4 гадзіны.
Урокі ў школе і дадатковыя заняткі з’яўляюцца асновай раскладу дня, бо іх час, як правіла, фіксаваны. Дамашнія заданні — важны элемент самастойнай работы ў працэсе навучання. Яны выконваюцца пасля абеду і дастатковага адпачынку. Працаздольнасць павысіцца, калі дзіця пачне выкананне дамашніх заданняў праз 1,5-2-гадзіннага знаходжання на свежым паветры. Навучэнцам 2-й змены мэтазгодней рыхтаваць урокі пасля ранішняга сняданку.
На выкананне дамашніх заданняў навучэнцам другіх класаў рэкамендуецца расходаваць да 1,2 гадзіны, у трэціх-чацвёртых класах — да паўтары гадзіны, у пятым-шостым класе — да дзвюх гадзін, 7–8 класах — да 2,5 гадзін, 9–11 — да трох гадзін.
У час выканання заданняў праз кожныя 30–40 хвілін работы неабходна рабіць перапынак. У гэты час можна зрабіць гімнастыку для вачэй і праветрыць пакой.
Пасля выканання дамашніх заданняў школьніку карысна пагуляць на свежым паветры, у тым ліку і ў кампаніі сяброў. Пры дрэнным надвор’і замест прагулкі можна заняцца хатнімі справамі або любімым хобі.
— Класціся спаць неабходна ў адзін і той жа час. Для навучэнцаў 1–4 класаў начны сон павінен складаць не менш за 10 гадзін, 5–8 класаў — не менш чым 9 гадзін, для навучэнцаў 9–11 класаў — не менш чым 8,5 гадзін. Бацькі павінны сачыць, каб дзіця не заседжвалася доўгі час з гаджэтамі. За дзве гадзіны да сну лепш увогуле выключыць камп’ютарныя гульні, перапіску ў месенджарах і прагляд відэаролікаў, — раіць Юлія Клімчанка.
Пры складанні рэжыму дня важна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці дзіцяці, яго інтарэсы і не рабіць графік залішне насычаным. Памятайце, што ён павінен дапамагаць школьніку ў вучобе, а не прыгнятаць яго.
Алена КРАВЕЦ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.