Вы тут

Беларускія кніжнікі прадстаўляюць свае навінкі ў Маскве


З 4 па 8 верасня 2024 года ў Маскве на Цэнтральным выставачным павільёне «Экспацэнтр» (5 павільён) пройдзе 37-ы Маскоўскі кніжны кірмаш — буйнейшы і старэйшы кніжны форум у Расіі і Усходняй Еўропе, які існуе з 1977 года. Удзел у кірмаш прымае і дэлегацыя кніжнікаў Рэспублікі Беларусь. На стэндзе «Кнігі Беларусі», арганізаваным Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прадстаўлена прадукцыя вядучых дзяржаўных выдавецтваў нашай краіны. 


Па традыцыі на 37-м кніжным кірмашы наведвальнікаў, усіх, хто любіць кнігу, чакае даволі шырокая і шматабсяжная праграма. Мноства сустрэч з пісьменнікамі і выдаўцамі, аўтограф-сесіі, розныя круглыя сталы і канферэнцыі, падвядзенне вынікаў розных літаратурных прэмій і конкурсаў, сярод якіх — «Кніга года-2023», «Мастацтва кнігі», «Рэвізор-2023», «Клас!»... Пройдуць самыя неспадзяваныя мерапрыемствы ў зоне лекторыя — сустрэчы з аўтарамі, дыскусіі і лекцыі пра літаратуру і рускую мову, пра Маскву, мастацтва, космас і моду. 

— Даволі назваць некаторыя кніжныя навінкі, з-за прэзентацый якіх варта наведацца на выстаўку, — гаворыць дырэктар Маскоўскага міжнароднага кніжнага кірмашу Сяргей Кайкін. — Напрыклад, мяркую, што шмат каго з аматараў добрай класічнай прозы, асабліва з чытачоў старэйшага пакалення, не пакіне раўнадушным адкрыццё кнігі Яўгена Папова і Міхаіла Гундарына «Васіль Макаравіч», выданне якой прымеркавана да 95-годдзя легенды рускай прозы Васіля Шукшына. Рынат Валіулін прадставіць свой раман «Час гладзіць котак».

Моладзі параіў бы пазнаёміцца з чарговым выпускам зборніка прозы і паэзіі прэміі «Ліцэй», які так і завецца «Ліцэй-2024. Восьмы выпуск». Аляксандра Марыніна прадстаўляе новую кнігу «Шпаргалкі для гультаяватых аматараў гісторыі. Каралі і каралеўны Францыі. 987 — 1498». Дар’я Данцова пазнаёміць са сваёй аўтабіяграфічнай кнігай і з кнігай для дзяцей. Наведвальнікаў чакаюць сустрэчы з Захарам Прылепіным, сцэнарыстам Мршаўка Штапічам, Вадзімам Пановым, які пазнаёміць з трылерам «Дзяўчынка з лялькамі». Аматараў нон-фікшна запрашаю на прэзентацыю ілюстраванага альбома «Масква. Вандроўкі ў будучыню...» Вадзім Вернік прыйдзе на выстаўку з кнігай «Майя Плісецкая. Пяць дзён з легендай». Кніга — удалая спроба аўтара паказаць, якой ён бачыў балерыну сваімі вачыма, імкненне намаляваць сапраўдны партрэт Плісецкай, без усялякіх міфаў вакол яе імя. 

Асобны праект — выстаўка на выстаўцы — Маскоўскі міжнародны дзіцячы кніжны кірмаш. Сярод яго ўдзельнікаў — пецярбургскі казачнік Ігар Алейнікаў, дзіцячы нейрапсіхолаг і эксперт па развіццю мозга дзіцяці Алена Лаштабега, унук Мікалая Носава пісьменнік Ігар Носаў. Акцёр тэатра і кіно Антон Шагін прэзентуе сваю кнігу вершаў для маленькіх чытачоў «Небыляндия». 

На стэндзе, які прадставіць кнігі Рэспублікі Беларусь (сярод арганізатараў стэнда — ААТ «Белкніга»), — навінкі, што пабачылі свет у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» , «Беларусь», Выдавецкім доме «Звязда», шэрагу іншых выдавецтваў. Па традыцыі да ўвагі наведвальнікаў — кнігі краіназнаўчага характару, выданні пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, зборнікі ўнікальных матэрыялаў па тэме генацыду народа Беларусі ў часіны барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тым гасцям, наведвальнікам выстаўкі, якія завітаюць на беларускі стэнд, будуць прапанаваны і новыя выданні твораў беларускіх класікаў — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова... Асобна прадстаўлены праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв» — серыя кніг «Сучасная беларуская літаратура», у якой змешчаны творы Алеся Бадака, Віктара Шніпа, Алены Стэльмах, Валянціны Драбышэўскай, Сяргея Трахімёнка, Алены Брава, Андрэя Федарэнкі, Алеся Бычкоўскага, Уладзіміра Мажылоўскага, Ніны Рыбік... Даволі шмат на беларускім стэндзе — і кніг беларускіх дзіцячых пісьменнікаў. Як класікаў, так і сучаснікаў. Выдавецкі дом «Звязда» пазнаёміць з новай кнігай беларускага нейрахірурга Гарбаніджада Гумена Гушанга «Ілюзія ведання.

Як не стаць закладнікам хваробы», а таксама з раманамі лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Алесі Кузняцовай «Рускі пасадобль» і «Калі трашчыць лёд»...

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.