Вы тут

У сталіцы завяршаюць падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона


Усе аб’екты энергетыкі, ЖКГ і сацыяльнай сферы сталіцы гатовы да асенне-зімовага перыяду, усе яны атрымалі пашпарты гатоўнасці. Летам праведзены рамонт ацяпляльных сістэм і электраабсталявання, воданагравальнікаў, цыркуляцыйных помпаў і цеплаізаляцыі. Завяршаюцца работы па рамонце дахаў, стыкаў, балконаў ў жылых дамах, а таксама сістэм водаадвядзення, уцяпленне канструкцый агароджвання.


Не толькі ацяпленне, але і дахі, стыкі, балконы

Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДП «Мінсккамунцепласетка» Генадзь Лукашэвіч, праведзена падрыхтоўка да работы ў новым ацяпляльным сезоне, у тым ліку адпаведныя прафілактычныя рамонты абсталявання кацельных і цеплавых пунктаў, а таксама неабходныя прафілактычныя работы па цеплавых сетках, гідраўлічных выпрабаваннях, іншыя работы. У выніку да 20 жніўня атрыманы пашпарты гатоўнасці. Дарэчы, выпадкаў зрыву тэрмінаў падрыхтоўкі да зімы ў Мінску не было.

— Работы праведзены якасна і ў тэрмін. Аб’екты, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства «Мінсккамунцепласетка», гатовы да ацяпляльнага сезона. Дыспетчарскія і аварыйна-рамонтныя брыгады ўкамплектаваны персаналам, неабходнымі матэрыяламі, праведзена адпаведная работа па падрыхтоўцы спецыялістаў: інструктажы, супрацьаварыйныя трэніроўкі. Створаны неабходны запас рэзервовага паліва. Прадпрыемства гатова да ацяпляльнага сезона, — падкрэсліў Генадзь Лукашэвіч.

Прадпрыемствы дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (а іх 66, у тым ліку дзевяць КУП ЖКГ раёнаў Мінска, восем ЖРЭА, 38 ЖЭУ) таксама правялі неабходную падрыхтоўку. А на тэхнічным абслугоўванні аб’яднання, між іншым, знаходзіцца 6438 дамоў агульнай плошчай 34,7 мільёна кв. м.

— Мінулы ацяпляльны перыяд паказаў, што праведзеныя ў міжацяпляльны перыяд мерапрыемствы дазволілі не дапусціць збояў у рабоце цеплазабеспячэння і энергазабеспячэння жыллёвага фонду. Падача цяпла ў жылыя дамы адбываецца своечасова і ў адпаведнасці з патрабаваннямі сацыяльнага стандарту, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жылфонду і вытворчых пытаннях ДА «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарка» Рыгор Казунко.

Аб’ёмы работ па падрыхтоўцы жыллёвага фонду да работы ў асенне-зімовы перыяд былі зацверджаны вясной. А летам выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы, у прыватнасці прафілактычны рамонт сістэм ацяплення, электраабсталявання, унутраных сістэм водазабеспячэння, прамыўка сістэм ацяплення ў жылых дамах. Акрамя таго, у міжацяпляльны перыяд адрамантаваны воданагравальнікі, цыркуляцыйныя помпы і цеплаізаляцыя. У стадыі завяршэння работы па рамонце канструктыўных элементаў жылых дамоў: дахаў, стыкаў, балконаў, сістэм водаадвядзення, уцяпленне канструкцый агароджвання.

— Да 20 жніўня жыллёва-камунальныя гаспадаркі атрымалі 100% пашпартоў гатоўнасці. На сёння ўсе жылыя дамы гатовы да падачы цяпла. Эксплуатацыйнымі арганізацыямі Мінска згодна з графікамі вядзецца работа па запаўненні хімічна ачышчанай вадой унутрыдамавых сістэм цеплазабеспячэння. Завершацца гэтыя работы 13 верасня, — паведаміў Рыгор Казунко.
Летам у сталіцы сапраўды былі праведзены маштабныя работы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага сезона. Сістэмы цэнтральнага ацяплення адрамантаваны і апрэсаваны ў 6324 жылых дамах, выканана гідрапнеўмапрамыўка 1723 сістэм ацяплення, што складае 100%. Адрамантавана 234 воданагравальнікі, 285 цыркуляцыйных і павышальных помпаў, электараабсталяванне ў 6438 жылых дамах, 568 кубічных метраў цеплаізаляцыі.

Адноўлена 372,8 тыс. кв. м дахаў, аднак паколькі сёлетні план складае 415,8 тыс. кв. м, работы працягваюцца. Выпраўлена 221,5 тыс. пагонных метраў стыкаў паміж плітамі перакрыцця, уцеплена 31,9 тыс. кв. м. канструкцый агароджвання, выкананы рамонт 4363 балконаў пры плане 4766 (92%) і шкленне 10,6 тыс. кв. м месцаў агульнага карыстання.

На тэхнічным абслугоўванні Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі знаходзіцца 527 жылых дамоў (9520 кватэр) з газавым абсталяваннем, газавымі воданагравальнікамі, катламі. У такіх дамах у летні перыяд ачышчана 9860 дымавых, 19 528 вентыляцыйных каналаў, адрамантавана 12 дымавых і 25 вентыляцыйных каналаў.

— Пры падрыхтоўцы да зімовага перыяду Дзяржэнергагазнагляд правёў неабходныя праверкі, мы цалкам падрыхтаваны да запуску ацяплення, — падкрэсліў Рыгор Казунко.

Дарэчы, падчас сёлетняга ацяпляльнага сезона прыярытэтным відам паліва будзе газ, каля 11% зоймуць мясцовыя віды паліва, 2% — электраэнергія.

На што скардзяцца мінчане?

Што датычыцца ацяпляльнага сезона, то летась асноўная частка заявак па лініі 115 паступала наконт нізкай тэмпературы ў кватэры. Па сацыяльных стандартах яна павінна падтрымлівацца ў дыяпазоне ад 18 да 24 градусаў. Паводле слоў Рыгора Казунко, ні адзін факт, што тэмпература ў кватэры была ніжэйшай за азначаныя лічбы, не знайшоў пацвярджэння.

Спецыяліст звярнуў увагу, што цяпер у Мінску выкарыстоўваюцца сістэмы аўтаматычнага рэгулявання, калі ацяпленне працуе ў залежнасці ад паказчыкаў датчыка тэмпературы на вуліцы.

— Калі яна больш за 8 градусаў, аўтаматычна сістэма ацяплення пераходзіць у рэжым прагравання. Людзі заўважаюць, што батарэя летняя, думаюць, што ацяпленне выключылася, і звяртаюцца. Эксплуатацыйныя арганізацыі праводзяць замеры тэмпературы — у кватэрах, як правіла, не менш за 20-22 градусы, — прывёў прыклад Рыгор Казунко.

Паступаюць скаргі і на тое, што ў суседнім доме значна цяплей. Жыллёва-камунальная служба рэагуе на кожны зварот: спецыялісты выходзяць да заяўніка і замяраюць тэмпературу. Як правіла, такія факты не пацвярджаюцца. Хоць часам здараецца і выветрыванне швоў паміж плітамі перакрыцця, пры ўстойлівых адмоўных тэмпературах ніжэй за 5 градусаў можа назірацца прамярзанне сцен. У такім выпадку дамы трапляюць у план на рамонт стыкаў, уцяпленне канструкцый абгароджвання.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.