Вы тут

Аляксандр Субоцін правёў асабісты прыём грамадзян


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін правёў асабісты прыём грамадзян. Дапамога бізнесу, землеўладкаванне, капітальны рамонт — з гэтымі і іншымі пытаннямі да кіраўніка вобласці звярталіся людзі з Віцебска і Полацка.


Палачанін звярнуўся на прыём па пытанні няспраўнага дамафона ў сваім доме. Ён распавёў, што шукаў абслуговую арганізацыю і за змену няспраўнага дамафона пасля доўгіх хаджэнняў па інстанцыях вырашыў заплаціць самастойна са сваёй кішэні немаленькую суму. Старшыні аблвыканкама і заяўніку прадстаўнік Полацкага райвыканкама распавёў, што неўзабаве пытанне будзе вырашана і з абслуговай арганізацыяй на месцы, гэтым зоймецца адзін з буйных аператараў у краіне, які аказвае паслугі дамафоннай сувязі.

Звярнулася да Аляксандра Субоціна і віцебская сям’я, якая ўжо тры дзесяцігоддзі мае прадпрыемства па вытворчасці мэблі з масіву. Але невялікі бізнес знаходзіцца пад пагрозай закрыцця, бо тэрыторыя, дзе размешчаны цэхі, па генплану забудовы горада будзе аддадзена пад жыллёвае будаўніцтва. Першапачаткова прадпрымальнікі прасілі, каб паркоўку аднаго з жылых дамоў, якая павінна будзе тут з’явіцца, перанеслі ў іншае месца, але цяпер, калі іх рабочыя амаль усе звольніліся з прадпрыемства ў сувязі з закрыццём, сужэнцы змірыліся са стратай цэха і прыбытковай справы. На прыёме грамадзян яны расказалі кіраўніку рэгіёна, што гатовы аддаць добраўпарадкаваны ўчастак для патрэб горада, але просяць выплату абяцанай кампенсацыі. Аляксандр Субоцін даручыў заняцца гэтым пытаннем і падкрэсліў, што ў такім выпадку ў новым жылым мікрараёне якраз было б пажадана пакінуць перспектыўнае прадпрыемства, каб мясцовым жыхарам было дзе працаваць.

Жыхары садовых таварыстваў нярэдка сутыкаюцца з праблемамі ў камунікацыі з суседзямі і мясцовай уладай, якія прыводзяць да больш значных праблем. Кіраўнік садовага таварыства адмаўляе жанчыне пенсіённага ўзросту ўзгадняць заяўленыя межы ўчастка, якія на некалькі сантыметраў больш за дакументальныя, а без гэтага дазволу ўладальніца не можа зарэгістраваць яго ў адпаведнай службе.

Заяўніцы прапанавалі звярнуцца ў праўленне таварыства, пасля наведаць агульны сход для абскарджання ў выпадку адмовы, а затым звярнуцца ў суд. Таксама заяўніца засяродзіла ўвагу на стане шматкватэрнага дома на вуліцы Смаленскай. Паводле яе слоў, толькі пасля зваротаў у розныя інстанцыі кватэру і балкон прывялі ў адпаведнасць з тэхнічнымі патрабаваннямі. Старшыня аблвыканкама ўзяў абодва пытанні на кантроль і даў даручэнне спецыялістам разабрацца ў кожнай сітуацыі.

Пытанне па афармленні сажалкі ў іншым садовым таварыстве патрабуе змен у заканадаўстве. На зямельным участку заяўніцы знаходзіцца самаробны вадаём. На неадпаведнасць яго памераў нарматывам скардзяцца суседзі, а жанчына цяпер не можа прадаць дачу. Спецыялісты абласных камітэтаў па архітэктуры і будаўніцтве і прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначылі, што ў рэгіёне падобныя выпадкі нярэдкія, і таму яны выйшлі з прапановай унесці ў заканадаўства змены, па якіх вадаёмы пэўнай плошчы не будуць падлягаць абавязковай рэгістрацыі. Гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе, а да ўнясення дапаўненняў і змяненняў у існуючы заканадаўчы акт уладальнікі дачы не змогуць яе прадаць. Аляксандр Субоцін даручыў спецыялістам БТІ вывучыць пытанне і прапанаваць рашэнне, калі яно маецца, абапіраючыся на існуючы закон, каб не чакаць прыняцця абноўленага.

Падводзячы вынікі работы, кіраўнік вобласці падкрэсліў, што прыёмы грамадзян — гэта досыць эфектыўны механізм узаемадзеяння з насельніцтвам. «З дапамогай прыёмаў выяўляюцца пэўныя праблемы, прабелы ў заканадаўстве, і мы бачым, дзе сістэма дае збой. Часам ініцыятывы, з якімі прыходзяць грамадзяне, дапамагаюць палепшыць заканадаўчую базу і павысіць эфектыўнасць работы ўсёй сістэмы. Але існуе і адваротны бок медаля: некаторыя грамадзяне прыходзяць на прыём дзясяткі разоў з адным і тым жа пытаннем. Мы тлумачым ім алгарытм дзеяння, але яны не заўсёды гатовы слухаць і выкарыстоўваюць прыём як спосаб выказацца. Знайсці баланс паміж карысцю і ўтрыманствам — задача няпростая. Аднак, калі хоць бы аднаму чалавеку ўдаецца дапамагчы ў выніку такіх прыёмаў, то гэта ўжо недарэмна», — заключыў Аляксандр Субоцін.

Аляксандра Гвоздзева

Фота «Витебские вести»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.