Вы тут

У Салігорску адкрылі новую сучасную школу


Павіншаваць дзяцей з пачаткам вучобы і адкрыць новую сучасную школу ў Салігорску прыехаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, чым парадуе сваіх вучняў унікальная школа.


Калі адкрываюцца ўстановы адукацыі, значыць, горад развіваецца. Мяркуючы па колькасці дзяцей, якія ідуць у першы клас, можна сказаць, што ў Салігорска выдатныя перспектывы. Гэтая школа па-свойму ўнікальная, таму што ўпершыню ўзведзена з канструкцый Салігорскага домабудаўнічага камбіната. Таму я думаю, што ўжо ў найбліжэйшы час у Мінскай вобласці будуць узводзіцца такія школы«, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Праект школы сапраўды індывідуальны. Гэта каркасная канструкцыя з энергаэфектыўных сценавых трохслаёвых вонкавых панэляў. Будынак складаецца з двух 4-павярховых блокаў і падвала. «Да гэтага мы ўзвялі ні адну школу, але гэта былі праекты раней распрацаваныя з ужываннем дробнаштучных работ. Ва ўмовах дэфіцыту муляраў гэта ўскладняе працэс. А дадзеная школа пабудавана з жалезабетонных канструкцый, якія дазваляюць паскорыць мантаж. Такая тэхналогія таксама дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць плошчу», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Ён адзначыў багатае насычэнне школы абсталяваннем, у тым ліку спартыўным і для правядзення ўрокаў працоўнага навучання, што важна для прафарыентацыі падрастаючага пакалення. Сёння вельмі важная прафесійная арыентацыя: «Педагог на месцы бачыць, у чым будучы выпускнік моцны. Можна ж узяць мэтавае накіраванне на прадпрыемстве і паступіць у каледж ці ўніверсітэт. Трэба працаваць і з патэнцыяльнымі работадаўцамі».

У сістэму адукацыі Мінскай вобласці ўкладваюцца немалыя сродкі. І гэта не толькі будаўніцтва, але і рамонт дзеючых аб’ектаў. Школа, збудаваная ў Салігорску, абышлася для бюджэту ў 48 мільёнаў рублёў. «Сотні мільёнаў укладваем у рамонт, у набыццё транспартных сродкаў, у будаўніцтва жылля. Напярэдадні свята адкрылі новы арэндны дом для педагогаў. І будзем далей працягваць рухацца ў гэтым кірунку, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Прыемна прымаць такія рашэнні і бачыць вынік.

Школу № 15 у Салігорску пачалі ўзводзіць у сакавіку мінулага года. Праектная магутнасць установы адукацыі — 930 вучняў, якія будуць займацца ў 42 класах. Тут размясціліся два камп’ютарныя класы, два лінгафонныя кабінеты, лабараторыі біялогіі, фізікі і астраноміі, актавая зала амаль на 300 месцаў. Ёсць месца і для заняткаў спортам: гульнявая зала, трэнажоры, басейн. Размешчана школа ў новым мікрараёне жылой забудовы горада. Два гады таму тут увялі ў строй сучасны дзіцячы садок на 330 месцаў.

Сучасна выглядаюць спартыўныя залы і інфармацыйна-тэхнічны цэнтр — бібліятэка. Сталовая больш нагадвае ўтульнае кафэ. Разлічана на 324 пасадачныя месцы. Кухары абяцаюць, што ежа таксама будзе смачнай і разнастайнай.

Па-новаму выглядае і Цэнтр бяспекі МНС. З дапамогай трэнажораў-стымулятараў школьнікі могуць адпрацаваць навыкі ратавання людзей, навучыцца карыстацца сродкамі пажаратушэння, выклікаць экстранныя службы, эвакуіраваць з задымленага памяшкання і гэтак далей.

А яшчэ дзеці змогуць у вольны час займацца харэаграфіяй.

Старшыня Мінаблвыканкама даў наказ моладзі: «Шануеце той час, які вы праводзіце ў школе. Мяркую па сабе. Мне гэтак жа казалі бацькі. І гэта не заўсёды было зразумела. Але праз гады прыходзіць усведамленне, што гэта быў найлепшы перыяд». Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства Аляксандр Турчын уручыў установе адукацыі сертыфікат на 20 тысяч рублёў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

«Будаўнічую амністыю» падоўжылі

Не разбураць, а рэгістраваць

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.