Восень пачынаецца ўрачыста для ўсіх навучэнцаў. Але для студэнтаў Віцебскай вобласці сёлетні Дзень ведаў асаблівы. Новы навучальны год для іх пачынаецца Адкрытым мікрафонам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Святочная сустрэча, на якой падымаліся сур’ёзныя і актуальныя тэмы, прайшла на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава быў заснаваны ў 1910 годзе. Сёння ВНУ ўключае 10 факультэтаў, 28 кафедраў, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, ваенную кафедру, два каледжы, ліцэй, аспірантуру, навуковую бібліятэку. Ва ўніверсітэце навучаецца 9,5 тысячы студэнтаў, якія набываюць прафесіі па 17 профілях і больш чым 100 спецыяльнасцях. Рэктар Валянціна Багатырова далажыла Прэзідэнту пра тое, чым жыве ўніверсітэт. Але Аляксандра Лукашэнку, як заўсёды, найперш цікавілі праблемы і недахопы. Не абышлося і без заўваг. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на назву факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, які раней быў філалагічным. «Мы часам разумнічаць пачынаем на роўным месцы», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што трэба называць рэчы сваімі імёнамі. «Трэба быць больш простымі, каб людзі нас разумелі», — заўважыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся рознымі аспектамі жыцця ўніверсітэта: выкананне плана набору, забеспячэнне студэнтаў месцамі ў інтэрнатах, новыя спецыяльнасці. Валянціна Багатырова расказала, што на базе ВНУ распрацоўваюцца новыя навуковыя кірункі. Напрыклад, цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт сумесна з Віцебскім медыцынскім універсітэтам развіваюць такі запатрабаваны сучасны кірунак, як ІT-медыцына. Ёсць сур’ёзныя напрацоўкі ў галіне біяхіміі, біятэхналогій, экалогіі. «Ёсць усе магчымасці і для актыўнага грамадскага жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам. «Стадыён — мара», — сказала рэктар Валянціна Багатырова, падзякаваўшы Прэзідэнту за падтрымку. А затым дзякаваў Прэзідэнт — яму падарылі новы падручнік «Сучасная палітэканомія».
«Якое месца ў гэтай сучаснай палітэканоміі займае марксісцка-ленінская?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. «Першае і галоўнае», — заявіла рэктар. Яна растлумачыла, што сама эканаміст па адукацыі, але падыходы, па якіх на працягу больш за два дзясяткі гадоў вучаць у ВНУ студэнтаў, часта не працуюць. Бо беларуская эканоміка — рэгуляваная ў адрозненне ад тэорыі самарэгулявальных рынкаў. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што і ў іншых краінах эканоміка таксама рэгулюецца. Напрыклад, цяпер Камалу Харыс у ЗША якраз крытыкуюць за прапанову рэгуляваць цэны.
У фае ўніверсітэта Прэзідэнт азнаёміўся з найлепшымі дасягненнямі ВНУ Віцебскай вобласці. Тут былі прадстаўлены такія галіны, як медыцына, нафтахімічная і тэкстыльная галіны, ветэрынарыя. І галоўнае, што тут цікавіла кіраўніка дзяржавы, — наколькі навуковыя распрацоўкі ўніверсітэтаў актуальныя для рэальнага сектара эканомікі і як яны прымяняюцца ў практычнай дзейнасці. Аляксандра Лукашэнку прывіталі студэнты з Кітая, якія падарылі яму спецыяльную грамату з каліграфічным надпісам на кітайскай мове. У ёй — пажаданні здароўя, дабрабыту і працвітання.
Настрой сустрэчы Аляксандр Лукашэнка задаў адразу — адкрыты і душэўны. Таму Прэзідэнт адышоў ад плана і першай даў слова рэктару Валянціне Багатыровай. Яна адзначыла, што гэтую сустрэчу доўга чакаў увесь універсітэт. Паводле яе слоў, гэты дзень увойдзе ў гісторыю Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І, скарыстаўшыся магчымасцю, задала кіраўніку дзяржавы пытанне, якое, відавочна, хвалюе многіх беларусаў: «Як вы ўсё паспяваеце?».
«Добра працуе прэс-сакратар. Мы яшчэ нічога не зрабілі, а „Пул першага“ ўжо забіты навінамі», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Выкарыстоўваючы свой выкладчыцкі вопыт, кіраўнік дзяржавы арыентаваў аўдыторыю на сумленную размову, без фармалізму. Разам з тым тэмы ўзнімаліся сур’ёзныя.
Звяртаючыся да прысутных, беларускі лідар падкрэсліў, што сёння ў Віцебскага ўніверсітэта асаблівы дзень. І не толькі таму, што сюды прыехаў Прэзідэнт. «Я, мабыць, упершыню ў вашым ВНУ. Хаця, улічваючы, што ў нас паўсотні ВНУ і іншых навучальных устаноў, нават за маё доўгае прэзідэнцкае жыццё не так проста аб’ехаць і наведаць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што падчас нарады з саветам рэктараў у лютым папрасіў спланаваць наведванне ВНУ як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.
Акрамя таго, па словах Прэзідэнта, наспела тэма для сур’ёзнай размовы з пакаленнем, якому трэба будзе прадоўжыць гістарычны шлях Беларусі ў свеце, што змяняецца з шалёнай хуткасцю. «Свет змяніўся, падзеі адбываюцца хутка — тэмп касмічны. Вы, мабыць, адчуваеце такі тэмп? Калі не, то, стаўшы студэнтамі, ужо адчулі. Тое, што на ўчарашнія інавацыі сёння мы глядзім як на музейны экспанат, вы таксама адчулі.
Размова не толькі аб навуцы, тэхналогіях і рэальным сектары эканомікі.
Гэта датычыцца і сацыяльнай сферы, адносін паміж людзьмі ў грамадстве», — адзначыў ён. Аднак, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, праблема не ў хуткасці, а ў тым, што краіны і народы ўцягнуты ў гонку за валоданне тэхналогіямі. «Нічога новага. Усе нібыта па-ранейшаму.
Але з нюансамі, — заўважыў ён. — Цяперашняя барацьба за сусветнае тэхналагічнае лідарства, як і гонка ўзбраенняў у другой палове мінулага стагоддзя, зноў падвяла свет да краю прорвы. У той ці іншай частцы свету ўжо іскрыць, дзесьці супрацьстаянне ідзе са зброяй у руках. Вельмі шкада, што гэта зусім побач з намі. І нават не побач, а ў нас. Мы разумеем: тэхналагічныя манапалісты ў асобе заходніх дзяржаў зробяць усё, каб не дапусціць трансферу ведаў і тэхналогій у дзяржавы, якія развіваюцца». Па словах беларускага лідара, для калектыўнага Захаду гэтыя краіны — пастаўшчыкі працоўнай сілы і рынкі збыту. Нешта падобнае на неакаланіялізм у чыстым выглядзе.
«Трэба разумець, што ўвядзенне незаконных санкцый, розныя рэстрыкцыі, росквіт шавіністычных, нацыяналістычных і іншых разбуральных ідэалогій на Захадзе — гэта звёны аднаго ланцуга. Падпарадкаваныя адзінай мэце — усімі сіламі захаваць светапарадак, заснаваны на іх правілах.
Правілах, якія забяспечваюць ім сытае жыццё за наш з вамі кошт і кошт іншых краін, якія развіваюцца. І нас уцягваюць у дадзенае супрацьстаянне. Пакуль у сферах эканомікі, навукі і тэхналогій. Але мэта — ператварыць Беларусь у яшчэ адну гарачую кропку на карце свету», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што многія часта захапляюцца Злучанымі Штатамі Амерыкі, бо многія тэхналогіі зараджаліся менавіта там. Аднак, па яго словах, ёсць невялікі нюанс. «Друкуюць грошы — яны могуць укінуць у развіццё любыя грошы. Яны дасягнулі за кошт гэтага пэўных рэсурсаў. Яны, як пыласос, з усяго свету выцягвалі найлепшыя розумы, плацілі ім добрыя грошы, і яны развівалі гэтыя тэхналогіі», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. У той жа час, па словах беларускага лідара, ЗША вядуць войны і ўцягваюць у канфлікты іншыя краіны. У прыклад ён прывёў Германію: «Ужо прадпрыемствы, якія працавалі ў Германіі, пайшлі натоўпам у Злучаныя Штаты Амерыкі. Чаму? Таму што яны стварылі там добрыя ўмовы. І таму што яны пасля Другой сусветнай вайны сталі шмат у чым манапалістамі і магутнай дзяржавай — за наш кошт. За наш кошт яны вырабляюць амаль трэць сусветнага багацця. І пакуль долар яны манапалізавалі і друкуюць, да таго часу яны будуць перадавымі».
Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што з’яўляюцца іншыя буйныя гульцы, накшталт Кітая і Індыі, якія не згодны з цяперашнім светаўладкаваннем.
Часам ЗША папракаюць іх у тым, што яны крадуць тэхналогіі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не навіна. Ён нагадаў, як стваралася ядзерная зброя. Навукоўцы з ЗША, якія працавалі над гэтым, узялі распрацоўкі з Германіі. А Савецкі Саюз прыклаў намаганні, каб ЗША не сталі манапалістамі ў гэтай сферы. «А калі б гэтага не было? Калі б сёння не было савецкага ядзернага шчыта, які сканцэнтраваны ў Расіі, — нас бы не было. Сёння яны не ведаюць, што з намі рабіць: паспрабуюць больш жорстка абысціся — будзе адказ ядзерным ударам. Ад гэтага загіне ўся планета. А гінуць яны больш не жадаюць, таму што ў іх сытае і добрае жыццё — у тых, хто прымае гэтыя рашэнні», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння стаіць задача ў паскораным фармаце правесці новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю, пакуль нас не ўцягнулі ва ўзброенае супрацьстаянне. «Толькі ў такіх умовах з’явіцца шанц захавацца як дзяржава і не дапусціць вялікай вайны на нашай зямлі.
Гэта суровая праўда жыцця. І я хачу, каб вы разумелі ўсю сур’ёзнасць гістарычнага моманту. Паколькі заўтра вам працаваць на вытворчасці ці ў лабараторыі, рухаць наперад навуковую думку. Мы разлічваем на вас.
Разлічваем, што вы будзеце гатовы прыкласці каласальныя намаганні для дасягнення пастаўленай перад дзяржавай мэты», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму для першай падобнай сустрэчы са студэнтамі абраны менавіта Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Аказваецца, кіраўнік дзяржавы яшчэ ні разу не наведваў гэтую ВНУ. «З іншага боку, я рады, што наша сустрэча праходзіць менавіта цяпер — у 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Віцебскі ўніверсітэт займае асаблівае месца ў нашай гістарычнай памяці. Сярод выпускнікоў тры Героі Савецкага Саюза — Канстанцін Антонавіч Абазоўскі, Міхаіл Амасавіч Высагорац і Пётр Міронавіч Машэраў, імя якога носіць універсітэт. «І мяне радуе, што вы шануеце памяць сваіх папярэднікаў, захоўваеце пераемнасць пакаленняў, традыцыі. Вельмі хацелася б, каб вы трымалі ўзровень найлепшых ВНУ краіны і блізкага замежжа. Патэнцыял у вас сур’ёзны, і, думаю, вы можаце значна дадаць як у навукова-адукацыйнай дзейнасці, так і ў выхаваўчай рабоце», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Дарагія сябры! Пачынаецца новы навучальны год. Вы заўважылі, як літаральна за дзень уся краіна ды і ваш горад прыйшлі ў рух. Пачаліся ўрачыстыя лінейкі, хутка празвініць традыцыйны першы званок і больш за мільён школьнікаў і каля пяцісот тысяч навучэнцаў каледжаў і студэнтаў ВНУ пачнуць заняткі. Фактычна з сённяшняга дня мы ўсе пачынаем жыць па новым навучальным календары. Можа, у студэнтаў ужо не так яскрава адчуваецца пачатак новага навучальнага года ці, як вы кажаце, навучальнага семестра. Вы — людзі дарослыя. Але, упэўнены, гледзячы на ??малых з букетамі кветак, кожны з вас з цеплынёй успамінае школьныя дні, адкуль мы ўсе з вамі выйшлі», — сказаў беларускі лідар. Ён павіншаваў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў з Днём ведаў. «Няхай гэты навучальны год будзе займальным, напоўненым новымі адкрыццямі, станоўчымі эмоцыямі, радасцю сустрэч з цікавымі людзьмі. Насычайцеся, як губка, ведамі і кампетэнцыямі, каб літаральна праз некалькі гадоў стаць прафесіяналамі сваёй справы, заняць годнае месца ў жыцці», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што студэнцтва — самы складаны перыяд жыцця. «Калі вы скончыце ВНУ, будзе значна лягчэй. Вы будзеце займацца сваёй любімай справай, спадзяюся, што любімай. Вы будзеце поўнасцю сканцэнтраваны на ёй. Вы будзеце здаваць экзамены, якія вам патрэбны. У ВНУ ж так бывае: прыходзіш на экзамен толькі дзеля залікоўкі», — заўважыў Прэзідэнт. Ён успомніў, што часам здаецца, што не ўсе прадметы падчас вучобы патрэбны. «Імкніцеся ў гэты час узяць максімум», — параіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, часта не хапае ведаў менавіта па тых прадметах, якія здаваліся «дзеля залікоўкі».
У сувязі з гэтым беларускі лідар нагадаў сваё патрабаванне пра якасны і зразумелы падручнік. Гэтае пытанне, як вядома, пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта. Па яго словах, падручнік — гэта ікона. «Падручнік — гэта галоўнае. Там павінна быць канцэнтрацыя ўсіх ведаў па прадмеце», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, заўважыў беларускі лідар, калі матэрыял у падручніку выкладзены складана і кожны абзац трэба перачытваць некалькі разоў, каб зразумець сутнасць, то і цікавасць да прадмета губляецца. Менавіта па гэтых прычынах кіраўнік дзяржавы пільна сочыць за якасцю падручнікаў і патрабуе іх перарабляць, калі гэта трэба.
«Рэвалюцыі ў адукацыі скончыліся. Мы вельмі шмат навацый за гэтыя гады ўкаранялі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што пасля развалу Савецкага Саюза трэба было давесці да ладу ўсе сферы, уключаючы эканоміку, адукацыю і іншае. У такой сітуацыі найперш трэба было стварыць падручнікі, якія найбольш падыходзяць для беларускіх рэалій. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў падручнік па эканоміцы, які выкладаў не тую эканамічную мадэль, якая развівалася ў краіне. «Трэба вучыць людзей таму, што ім трэба», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускую адукацыю часта крытыкуюць. Але разам з тым многія краіны просяць і хочуць атрымаць сабе «беларуса з беларускай адукацыяй». І гэта датычыцца розных сфер. Па словах Прэзідэнта, паказальна і тое, што ў Беларусі цяпер вучацца больш за 30 тысяч замежных студэнтаў. У тым ліку з Кітая, дзе найвышэйшы ўзровень адукацыі. Паспяхова рэалізощваюцца і сумесныя адукацыйныя праграмы беларускіх і кітайскіх універсітэтаў. Гэта дазваляе краінам абменьвацца досведам і кампетэнцыямі. «Яны не грэбуюць вучыцца па тых кірунках, дзе ўмеюць нешта рабіць. І добра ўмеюць. Яны разумеюць, што ў Беларусі крыху нешта асаблівае ёсць — давайце возьмем і сабе прыцягнем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ідзе сур’ёзная барацьба за лідарства. Гэтая барацьба ідзе не толькі ў медыйнай прасторы ці эканоміцы, але і на полі бою. «Вайна ва Украіне — гэта таксама наша праблема. І ніякая там ужо не вайна паміж Расіяй і Украінай. Там вайна паміж Расіяй і тымі дзяржавамі, якія Расіі дапамагаюць (хоць няшмат, але дапамагаюць), і натаўскімі дзяржавамі, як мінімум. Таму нам трэба нямала зрабіць, каб гэтыя страшныя працэсы спыніць», — заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што свет развіваецца па сваіх законах і будзе шматпалярным. Гэта вельмі складаны і напружаны час. І гэты цяжар кладзецца на плечы маладых людзей, у тым ліку і тых, хто знаходзіцца ў зале ВДУ імя П. М. Машэрава.
«Хочаце вы гэтага ці не, вам прыйдзецца жыць у гэтым свеце. Вам яго будаваць. Таму я заўсёды кажу з вышыні свайго досведу: лепей жыць бядней, чым ваяваць, як гэта адбываецца за межамі нашай краіны. Я казаў, што вайна ідзе не там, яна ідзе ў нас. І яшчэ, як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі, хачу вас засцерагчы ад гэтага, каб вы не адчулі ваеннага напружання», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што ў найбліжэйшы час: пяць—дзесяць гадоў — трэба дапамагчы моладзі ўзяць краіну ў свае рукі, каб і ў наступных пакаленняў былі добрыя ўмовы для жыцця.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь сёння жыве ва ўмовах незаконных варварскіх санкцый. Нягледзячы на ??гэта, дзяржава развіваецца і людзі могуць жыць камфортна. «Трэба не забывацца, што гэта ўсё ствараецца нашымі з вамі рукамі. Гэта вы ствараеце, вашы бацькі. Будзе большая аддача ў эканоміцы — ніхто не раскрадзе, гэта будзе ваша. Але для гэтага трэба проста працаваць», — параіў моладзі беларускі лідар. Ён таксама параіў акуратна абыходзіцца з сусветным павуціннем. «Інтэрнэт — гэта найвялікшы здабытак чалавецтва. Хочам мы гэтага ці не. Але гэта вельмі сур’ёзная зброя ў руках тых, хто яе ствараў, і тых, хто ёй карыстаецца», — канстатаваў беларускі лідар. Паводле яго слоў, замацаваць у маладых людзей правільныя паняцці і каштоўнасці — задача выкладчыкаў. І даў ім параду: трэба тлумачыць студэнтам перавагі і недахопы, даваць глебу для разважанняў.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў пытанні і праблемы адукацыі з выкладчыкамі падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета. У Дзень ведаў ён разважаў на гэтыя тэмы з тымі, для чыёй карысці і вырашаюцца гэтыя праблемы — з навучэнцамі. Маладыя людзі магчымасці не ўпусцілі і спыталі ў Прэзідэнта ўсё, што іх цікавіць. «Давайце шчыра пагаворым, калі сустрэліся», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.
11-класнік ліцэя ВДУ Вадзім Пахалок, які марыць стаць інжынерам, спытаў у Прэзідэнта парады — куды лепей паступаць: у сталічны ўніверсітэт або рэгіянальны і ці адрозніваецца там узровень падрыхтоўкі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён сам вучыўся ў рэгіянальных ВНУ — Магілёўскім універсітэце імя Куляшова, а затым у сельскагаспадарчай Акадэміі ў Горках. Паводле яго слоў, галоўным матывам было не месцазнаходжанне ўніверсітэта, а шчырае жаданне зрабіць нешта добрае для людзей, якія жывуць у сельскай мясцовасці. «Я разумеў, што толькі ў вёску павінен паехаць і ім нешта зрабіць. І я папрасіў сам: «Накіруйце мяне ў самы бедны калгас». Я кажу: «Я туды паеду, я вам абяцаю, што гэта будзе найлепшая гаспадарка», — успомніў Аляксандр Лукашэнка. Для таго каб выканаць сваё жаданне працаваць у сельскай гаспадарцы, прыйшлося паступаць у сельскагаспадарчую акадэмію. «Я заканчваў рэгіянальныя ВНУ і служыў сваёй краіне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, няважна, дзе вучыцца. Праграмы, метадычкі, іншае практычна аднолькавыя па той ці іншай спецыяльнасці. «Выкладчыкі розныя, вядома, але я ўпэўнены, што ў рэгіянальных ВНУ выкладчыкі не горшыя, чым у мінскіх ВНУ», — адзначыў ён. Магчыма, нават лепш, таму што, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у сталіцы з-за канкурэнцыі складаней замацавацца і многія едуць у рэгіёны, каб спакойна тут займацца навукай. Паводле слоў Прэзідэнта, у Віцебску створана выдатная вытворчая база. Рэгіён прамысловы, таму малады спецыяліст зможа без праблем знайсці сабе работу на любым прадпрыемстве.
Галоўнае — жаданне. «Калі ў цябе ёсць гэтае жаданне — боскае жаданне, не проста „я зараз скончу ВНУ, для сябе чагосьці зраблю і буду багатым“ (гэта таксама нядрэнна, калі для сябе, для сям’і нешта зробіш). Галоўнае, каб ты хацеў людзям прынесці карысць», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка параіў маладым людзям не парыцца і не рвацца ў Мінск. «У Мінску цесна, ты чужы», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падзяліўся сваім вопытам — як чалавек, які нарадзіўся ў вёсцы і сёння аддае перавагу жыццю за горадам. «Мая вам парада: не рвіцеся ў Мінск. Будзе ў вас жаданне, атрымаеце вы пэўныя веды — вас заўсёды заўважаць. Таму што ў нас жудасны дэфіцыт на такіх талковых людзей, якія хочуць нешта зрабіць... Не кажу для Радзімы, для краіны — для людзей, — заўважыў беларускі лідар. — Веды можна атрымаць і ў Беларускім дзяржуніверсітэце, і ва ўніверсітэце імя Машэрава».
Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што не трэба спяшацца адарвацца ад сям’і, ад бацькоў, якія шмат зрабілі і ўклалі для таго, каб маладыя людзі маглі атрымліваць вышэйшую адукацыю. «Мая табе парада. Калі б ты быў маім дзіцем, я б табе сказаў: заканчвай, вось ёсць рэгіянальная ВНУ, вось на тым прадпрыемстве... Добра, што ў цябе фізіка і матэматыка аснова, нам такіх маладых людзей заўсёды не хапае. І ты ў сваім жыцці знойдзеш дарогу», — параіў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, паводле яго слоў, разумных, талковых навучэнцаў у нашай краіне не губляюць. Дзейнічаюць фонды Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў, лаўрэатаў стыпендый якіх ведаюць і бачаць. «Мы не губляем разумных маладых людзей, — падкрэсліў беларускі лідар. — Галоўнае цяпер — атрымаць гэтую базу. Гэта цяжка, часам нудна. Часам адчуваеш, што, можа, і не трэба. Усё гэта патрэбна. Таму вучыцеся».
Аляксандр Лукашэнка таксама пералічыў, апоры для чалавека, на якія арыентаваў і сваіх дзяцей не як Прэзідэнт, а як бацька: займацца спортам, ведаць англійскую мову, займацца музыкай (ці іншыя творчыя навыкі) і вучыцца. І абавязкова праца. «Не зазнавайцеся. Нідзе і ніколі», — параіў ён. Кіраўнік дзяржавы пажадаў сучасным і будучым студэнтам выбраць правільную любімую справу: «Галоўнае, каб ты ішоў туды, дзе ты можаш больш карысці прынесці і што табе будзе падабацца. Бяда, калі ідзеш на працу, а ісці не хочацца, ногі не ідуць. Праца павінна быць у задавальненне».
У Прэзідэнта спыталі, ці былі ў яго жыцці настаўнікі, якія дапамагаюць і накіроўваюць. «Калі шчыра, не. Я першы прэзідэнт Беларусі — на каго я буду раўняцца, калі прэзідэнтаў да мяне не было», — наўпрост адказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што нават не можа адказаць на пытанне, хто з гістарычных асоб больш падабаецца. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што раней называў Шарля дэ Голя, палітычнага дзеяча, які шмат зрабіў для Францыі. Але, стаўшы Прэзідэнтам, шмат чаго даведаўся з рэальнага жыцця прэзідэнтаў. «Людзі ствараюць нейкі міф вакол першых асоб. Бывае, перабольшваюць. Не такія героі прэзідэнты, як звычайным людзям часам гэта здаецца, і нават не звычайным», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. І як гісторык па адукацыі ён звярнуў увагу, што часта гістарычных асоб, асабліва першых асоб дзяржавы, схільныя ідэалізаваць. У прыклад ён прывёў асобу Уладзіміра Леніна. «Я лічыў, што Ленін ідэальны чалавек, стваральнік дзяржавы. А калі я стаў прэзідэнтам і шмат чаго прачытаў, з архіва прачытаў, зразумеў, што там стварылі выяву.
Хоць ён, вядома, велічыня, ён разумнік. Ён быў настолькі разумным і адукаваным чалавекам, што тэорыю лёгка на практыку пераносіў. Я яго вельмі паважаў. А калі больш даведаўся — перастаў ідэалізаваць», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. Тое ж самае датычыцца і Іосіфа Сталіна, і Лаўрэнція Берыі, якіх прызвычаіліся абвінавачваць у жорсткіх рэпрэсіях, забываючыся пра карысць, якую яны прынеслі краіне. Ён заклікаў акуратна ставіцца да гісторыі, таму што яе часта «робяць» пад той момант, калі жылі тыя ці іншыя лідары і кіраўнікі дзяржаў. «Тое, ад чаго я спрабую зберагчы наша пакаленне. Асабліва інтэлігенцыю. Таму я інтэлігенцыю ніколі не захвальваю, не гладжу, грашыма не спакушаю. Ні ў якім разе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, інтэлігенцыя схільная хваліць, узнімаць, а потым новы прэзідэнт будзе «на калена ламаць інтэлігенцыю», каб яны ўзнімалі ўжо яго перыяд працы.
«Трэба спакойна ўспрымаць гэту рэчаіснасць. Няхай лепш пра мяне добра скажуць, калі я не буду Прэзідэнтам. Гэта будзе добра. А калі ты ва ўладзе, пачынаюць цябе захвальваць твае падначаленыя — я няёмка сябе адчуваю, нават калі разумею, што гэтага заслугоўваю», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.
Сярод пытанняў былі і філасофскія. Напрыклад, хто такія ў разуменні Прэзідэнта настаўнікі. Па словах кіраўніка дзяржавы, настаўнік павінен не толькі даць веды, але і паказаць, як прымяняць іх на практыцы, паказаць, як трэба жыць. Па просьбе ўдзельнікаў мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваім бачаннем ідэальнага студэнта: «Студэнт — гэта перш за ўсё веды. Па-другое — выхаванне. Вы павінны быць адукаванымі, наколькі гэта толькі магчыма. І вы павінны быць патрыятычным чалавекам», — заявіў беларускі лідар. Ён даў яшчэ адну параду маладым — усё рабіць своечасова: «Таму што час пройдзе — у цябе з’явяцца новыя клопаты, новыя праблемы. З’явіцца сям’я, дзеткі, і табе вучыцца трэба будзе, бо ўсё жыццё трэба вучыцца, але часу ўжо менш. І ты павінен ведаць, што твая зямля тут. Ты яе ведаеш, ты яе разумееш». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сёння многія, хто з’ехалі за мяжу, просяцца назад, бо тут дом, а там яны чужыя, нікому не патрэбныя.
Працягваючы тэму студэнцтва, у Прэзідэнта пацікавіліся, якія стравы былі яго любімымі падчас вучобы ва ўніверсітэце. «Нічога дзіўнага. Малочны суп. Я вельмі шмат гаварыў аб гэтым раней. Цяпер я малочны суп практычна не ўжываю. Гавораць, суп з агародніны трэба есці», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што гэта павялося яшчэ з вясковага жыцця, калі ў беднай сям’і самай даступнай ежай якраз быў малочны суп з рысам. Яшчэ Прэзідэнт любіць чорны хлеб.
Маладыя людзі згадалі і знакамітую салату «Маладосць», рэцэптам якой кіраўнік дзяржавы дзяліўся з усёй краінай. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што навукоўцы адзначылі карысць гэтай салаты, якая складаецца са свежай зялёнай цыбулі, агуркоў і смятаны. Ён прызнаўся, што любіць тое, да чаго прывык з дзяцінства. А да розных замежных прысмакаў ставіцца спакойна. «У нас дома ікру ніхто не есць», — прывёў ён прыклад.
Асабістых пытанняў было нямала. Студэнты спыталі, ці ёсць у Аляксандра Лукашэнкі мабільны тэлефон. «Няма і ніколі не было. Па многіх прычынах. Па-першае, мне гэта не трэба. Для таго каб перагаварыць (я вельмі рэдка па мабільным тэлефоне размаўляю), у мяне ёсць Служба бяспекі. У яе і ўрадавая сувязь, і тэлефоны ўсе — яны мне даложаць, я перагавару», — адказаў ён. Па яго словах, пра тое, што пішуць у інтэрнэце, таксама ёсць каму расказаць. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы не карыстаецца мабільным тэлефонам з-за пытанняў бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка шчодра дзяліўся сваімі ўспамінамі і адчуваннямі са студэнтамі. Так, ён расказаў свае адчуанні, калі губернатар Магілёўскай вобласці Анатоль Ісачанка падарыў яму сшытак, які будучы Прэзідэнт вёў падчас працы ў калгасе. «Я адчуў, што гэта самы лепшы падарунак, які мне дастаўся. Гэта рабочы сшытак. Я ўспомніў нават пра яго», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што сёння, аналізуючы тыя запісы, бачыць, што яго хвалявалі многія дзяржаўныя пытанні: колькі мяса павінен прадаць, колькі малака, а дзе чаго не выконваем. У тым жа сшытку змешчаны і тэзісы для выступленняў на розных мерапрыемствах. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што шмат у чым гэта былі «апазіцыйныя тэзісы», у якіх ён жорстка адстойваў сваю пазіцыю і выказваў меркаванне па тых ці іншых пытаннях. Прэзідэнт расказаў, што прамы і шчыры падыход да абмеркаванняў найважнейшых дзяржаўных пытанняў, прынцыповае адстойванне сваёй пазіцыі дапамаглі яму зрабіць такую палітычную кар’еру.
Палітычныя парады ад Прэзідэнта таксама цікавілі маладых людзей. Адно з пытанняў — як адрозніць праўду ад хлусні. «І не спрабуйце гэта рабіць. Вы ніколі не адрозніце. Таму што палітыка — гэта калі не хлусня, то пэўнае замоўчванне, недаказанасці. Палітыка — гэта тое, што робяць палітыкі (прабачце за таўталогію) для таго, каб яму самому, пэўнай групе ці народу было лепей», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што сам не хлусіць, але часам не дагаворвае ці ўвогуле не выказвае свайго меркавання. «Я прыхільнік шчырай палітыкі. Прабачце за нясціпласць, але палітыкаў практычна няма такіх», — падкрэсліў беларускі лідар. Па яго словах, гэта правільна, але ў той жа час шчырыя выказванні могуць быць не на карысць. «У палітыцы часам лепш хлусню і праўду не шукаць. Гэта часам так пераплецена», — заўважыў ён.
Яшчэ адно палітычнае пытанне — як не падавацца на правакацыю. «Трэба, па-першае, разумець сітуацыю і прадмет. А па-другое, не спяшацца. Вось цярпенне — гэта самае галоўнае. Я не ўзор у гэтым плане. Я больш эмацыйянальны: наперад, на барыкады, трэба ўвязацца ў бойку, а потым разбяромся. Часам так было. Але з узростам я ўжо так думаю: не, трэба перачакаць, трэба паглядзець, потым будзе відаць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў гэтым заключаецца беларуская памяркоўнасць. «Памяркоўнасць не нашкодзіць — гэта не заўсёды дрэнна. Але часам тармозіць прагрэс. Таму я часам так сяку з-за пляча. Галоўнае — цярпенне», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прызнаўся, што сам, калі нешта не поўнасцю разумее ў пэўнай сітуацыі, то, перш чым прыняць рашэнне, дасканала разбіраецца. А для гэтага патрэбна цярпенне. Нават калі вельмі складана. Ён прывёў у прыклад сітуацыю з пратэстамі 2020 года ў Мінску. Тады Прэзідэнту прапаноўвалі розныя варыянты дзеянняў, у тым ліку заклікалі «паказаць ім, хто там ходзіць, каля Палаца Незалежнасці». «Я кажу: спакойна. Я разумею, што, калі яны галоўны цэнтр улады захопліваюць, — гэта ўжо сігнал усім, народу, што ўлада памянялася. Я гэта разумеў. Але я адчуваў: спакойна, не трэба спяшацца. Вось яны хадзілі-хадзілі... Але калі мы іх пужнулі каля Палаца Незалежнасці, яны зразумелі, што тут жарты скончыліся — аўтаматы ў руках. Але ж мы ні ў кога не стралялі. Вытрымка, вытрымка — да апошняга», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падобная сітуацыя разгарнулася і падчас пандэміі, калі некаторыя кіраўнікі на ўсе галасы прапаноўвалі закрываць прадпрыемствы, арганізацыі, установы, закрывацца на лакдаўн. Але Беларусь на гэта не пайшла, абрала свой шлях. «Тое, што такіх, як мы, Беларусь, дзе залежныя і ад рэсурсаў, сыравіны, ад рынкаў, хацелі проста разваліць, разбурыць і некуды далучыць — гэта факт», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што сваім рашэннем забараніў Міністэрству аховы здароўя закрываць арганізацыі і прадпрыемствы, запатрабаваўшы ў першую чаргу займацца сваім галоўным абавязкам — лячыць людзей. І тут таксама нічога б не атрымалася без цярпення. «Адзіная ў свеце краіна — мы пайшлі сваім шляхам. Мы лячылі людзей, ратавалі. Я сам хадзіў па гэтых рэанімацыях. Дзе толькі я не быў», — нагадаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што сапраўдны корань хваробы часта хаваецца менавіта ў галаве. «Вось чым традыцыйная кітайская медыцына моцная: не сякера і скальпель, а менавіта псіхалогія, яшчэ нешта, харчаванне, паветра, вада і гэтак далей, пра што я вам казаў. А астатнія маніпуляцыі, без якіх, вядома, не абысціся, вось там урачы. Яны цуды цяпер навучыліся тварыць — нашы беларускія ўрачы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да пытання аб тым, як пазбегнуць правакацый, кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: «Трэба ведаць прадмет і не трэба спяшацца. Не трэба спяшацца. Мая вам парада. Ніколі не спяшайцеся. Сцісніце зубы і цярпіце, глядзіце, пакуль не пераканаецеся, у сілу свайго вопыту і ведаў, правільна вы вырашылі паступіць ці не».
Паколькі размова была шчырая і адкрытая, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што самае складанае ў жыцці Прэзідэнта: «Самае складанае— гэта давер. Людзі табе вераць, давяраюць, яны за табой ідуць. Гэта самае складанае, гэта самае цяжкае. Няма нічога складанейшага за абавязак перад людзьмі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму, па яго словах, Прэзідэнт вымушаны пастаянна думаць аб працоўных пытаннях, паколькі ў полі зроку кіраўніка дзяржавы знаходзяцца ўсе аспекты жыцця краіны — таму ўсё навокал датычыцца яго працы.
Асабліва пытанні бяспекі, якія сёння стаяць найбольш востра. Аляксандр Лукашэнка назваў захаванне бяспекі дзяржавы адной з найважнейшых задач Прэзідэнта. Ён папярэдзіў, што парушаць граніцу Беларусі нікому не дазволена. «Вось там маленькая Беларусь... Якая яна маленькая? Гэта вялікая Беларусь, у якой жывём мы, беларускі народ. Для мяне ён вялікі, я павінен яго абараняць. Вы вялікія людзі для мяне, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, не дай бог на чырвоную кнопку націскаць, але мы краіна — мы больш не жадаем пад бізуном хадзіць, мы больш не жадаем у лапцях хадзіць. Мы дастаткова разумныя, наш народ таленавіты. І самае галоўнае — мы ж ні ў кога нічога не просім. Адчапіцеся ад нас. Вось наша зямля, мы хочам тут жыць».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння ва ўсіх беларусаў роўныя магчымасці. Паступленне ў ВНУ больш не ўспрымаецца як прывілея — цяпер атрымаць вышэйшую адукацыю можа кожны. Дапамагае ў гэтым і мэтавае накіраванне. Але, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, мэтавікі павінны выконваць умовы дагавора і пасля вучобы прыходзіць на працу ў арганізацыю, якая выдала мэтавае накіраванне. Ён таксама падкрэсліў, што бясплатнае навучанне — зусім не бясплатнае, за гэта плаціць дзяржаўны бюджэт. «Дзяржава рыхтуе сабе спецыялістаў. І накіроўвае туды, куды дзяржаве патрэбна. Якія могуць быць скаргі на тое, што дзяржава размяркоўвае? Радавацца трэба, што ёсць першае месца працы», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што не трэба імкнуцца ў сталіцу. Камфортна жыць можна і ў рэгіёнах, тым больш што ўмовы створаны. Галоўнае — працаваць і не марнаваць час дарма.
Тэму падрыхтоўкі маладых спецыялістаў працягнулі і самі студэнты. Яны спыталі меркаванне Прэзідэнта наконт таго, як павысіць цікавасць моладзі да інжынернай справы і зрабіць яе такой жа прэстыжнай, як ІT-спецыяльнасці. Па словах кіраўніка дзяржавы, для гэтага патрэбна дастойная заработная плата і павышэнне аўтарытэту інжынераў у грамадстве. Тым больш што значнасць ІТ завышана — па словах беларускага лідара, «айцішнікамі» ў той ці іншай ступені сёння могуць сябе назваць многія, таму што ўся моладзь умее карыстацца гаджэтамі, камп’ютарамі. «Айцішнікі ўсе, а інжынераў мала, дэфіцыт. Адсюль і прэстыжнасць», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для сям’і, для штодзённага жыцця інжынерная спецыяльнасць больш важная. Бо людзі гэтай прафесіі валодаюць важнымі практычнымі ведамі і ўменнямі.
«Мы крыху адхіліліся ў гэтым плане, дысбаланс у нас. Мы будзем інжынерныя, рабочыя спецыяльнасці ўзнімаць на самы высокі ўзровень. Таму што гэта дзяржаве трэба, гэта стратэгія, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі мы гэтым не будзем займацца цяпер, то заўтра будзе не да гаджэтаў».
Удзельнікі мерапрыемства не пакінулі без увагі і іншыя тэмы, актуальныя для ўсёй краіны. Напрыклад, захаванне гістарычнай памяці. У Прэзідэнта спыталі, якія меры трэба прыняць, каб зрабіць гэтую працу больш эфектыўнай, не дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей і аб’яднаць народы дзеля захавання міру.
«Без лішняй сціпласці скажу: з тым, што робіць Беларусь і беларусы, ніводны народ параўняцца не можа. Па-мойму, мы ўжо зрабілі столькі, што, здаецца, і рабіць больш не трэба. На нашым прыкладзе трэба вучыцца, як быць прыхільным гэтаму, як гэта ўсё шанаваць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў сярэдзіне 1990-х у Беларусі збіраліся зносіць помнікі і пераназываць вуліцы. Аднак да гэтага не дайшлі. «У нас вучыцца трэба, як шанаваць сваё мінулае. Мы павінны гэтым шляхам ісці. У нас заўсёды так бывае: а ўсё добра, ды ўсё выдатна, рукі апусцілі, ды не трэба нічога рабіць — само прыйдзе. І мы зноў або адкоцімся куды, або абрынемся. Таму не трэба гэта забываць. І я, бываючы ў Хатыні, на плошчы Перамогі, заўсёды кажу людзям: прыходзьце да помнікаў і прыводзьце сюды сваіх дзяцей», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
У заключэнне Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што гэтае мерапрыемства для яго вельмі важнае. «Я вырашыў сёлета сустрэцца з прадстаўнікамі, студэнтамі нашых ВНУ, каб ім расказаць, каб у адкрытай размове яны адчулі, чым жыве краіна», — сказаў ён. Прэзідэнт расказаў, што як чалавеку, які прымае ключавыя рашэнні па развіцці Беларусі, важна атрымаць зваротную сувязь ад прадстаўнікоў студэнцтва, даведацца, якія настроі, памкненні ў маладых людзей. «Я адчуў, чым вы жывяце. А вы — будучыня. Значыць, я адчуў будучыню нашай краіны», — падзяліўся ўражаннямі беларускі лідар.
На памяць аб гэтай важнай сустрэчы Аляксандру Лукашэнку ад усёй студэнцкай моладзі Віцебскай вобласці падарылі шахматы з масіву дубу ручной работы, якія сімвалізуюць гісторыю Прыдзвіння. Як было абяцана, яны зоймуць сваё месца ў Палацы Незалежнасці. Магчыма, пасля гэтай паездкі Прэзідэнта ў Віцебск, у Палацы Незалежнасці з’явіцца яшчэ адно ноу-хау — кіраўніку дзяржавы вельмі спадабалася прадстаўленне батлейкі, якім яго сустракалі ў фае ўніверсітэта. Ён даручыў падумаць над тым, каб такім жа чынам сустракаць гасцей Палаца Незалежнасці.
Валерыя СЦЯЦКО
Віцебск
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.