Хоць Івацэвічы — гарадок невялікі па памерах, але ж адметны цікавай гісторыяй, а таксама слаўны сваімі выхадцамі, сярод якіх нямала літаратараў, навукоўцаў, людзей мастацтва. Іх спадчына і стварыла пэўны духоўны падмурак сёлетняга святкавання. Важна адзначыць, як памаладзелі, папрыгажэлі Івацэвічы. Цэнтральная частка горада прываблівае нейкім асаблівым глянцам, многа змянілася да лепшага падчас падрыхтоўкі ў розных кутках горада.
Адной з адметнасцяў сёлетняга Дня пісьменства, якое прайшло пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларусі, 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, 30-годдзя інстытута Прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Года якасці, я б назвала актыўны ўдзел дзяцей у розных пляцоўках імпрэзы.
Ім, юным, прысвячалася шмат мерапрыемстваў. Яны, напрыклад, прымалі ўдзел у конкурсе чытальнікаў і адкрыцці арт-аб’ектаў, яны разам са сваімі настаўнікамі прадстаўлялі школьныя музеі, удзельнічалі ў фестывалі кнігі і прэсы. Менавіта на гэтым фестывалі ўвагу аўтара гэтых радкоў прыцягнула пляцоўка музея імя Валянціна Таўлая сярэдняй школы № 4 Баранавічаў. Аказалася, што названы літаратурна-краязнаўчы музей, адзіны сярод школьных музеяў Баранавічаў, носіць званне «народнага». А паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая шануюць у горадзе, яго імя носяць вуліца і некалькі завулкаў. Вучні са сваёй настаўніцай, шматгадовай захавальніцай музея Нінай Шавель, хораша расказвалі пра земляка, школьнікі з задавальненнем дэкламавалі радкі паэта: " Адчыняйце, хаты, людзі! // Адчыняйце сэрцы, людзі! // Вясна будзе! Вясна будзе!"
Побач іншыя школьнікі — з вёскі Парэчча Пінскага раёна — паказвалі невялікую экспазіцыю свайго школьнага музея, прысвечанага Яўгеніі Янішчыц. Вучні 9 класа пранікнёна, можна сказаць, з любоўю апавядалі пра свой музей, паказвалі ўнікальныя экспанаты, асабістыя рэчы паэтэсы, дэкламавалі радкі і нават паабяцалі карэспандэнту «Звязды» праз год правесці такую ж экскурсію на роднай мове.
Былі і іншыя прадстаўнікі школ Брэстчыны, некаторыя з іх зазіралі ў павільён Выдавецкага дома «Звязда», удзельнічалі ў віктарынах і латарэях, атрымлівалі сувеніры на памяць. Усё гэта, несумненна, радуе, бо звышзадача грамадства сёння — прыцягнуць маладое пакаленне да кнігі, абудзіць яго цікавасць да літаратурных герояў.
Любая лакацыя свята выклікала цікавасць, прываблівала інфармацыяй, новымі ведамі. Можна было зайсці ў імправізаваны павільён-палатку і застацца надоўга. Так, напрыклад, здарылася з аўтарам гэтых радкоў пры наведванні тэматычнай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Галоўны бібліятэкар сектара арганізацыі кніжных выстаў Святлана Зайко паказала ўнікальныя выданні нашых беларускіх выдавецтваў апошніх дзесяцігоддзяў. Інтэрактыўная пляцоўка «Слова пісьменніка» давала магчымасць пазнаёміцца з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, пачуць вершы або ўрыўкі з прозы ў аўтарскім выкананні. А ў павільёне БелТА гіравік Вячаслаў Харанека дэманстраваў сваё майстэрства і праводзіў майстар-клас для ахвотных. Увечары пад яго кіраўніцтвам паспрабавалі свае сілы нават і высокія госці свята. А вось пляцоўка Беларускага саюза жанчын была прысвечана ідэі шматдзетнасці. Там актыўнічалі столінскія прыгажуні, дарэчы, шматдзетныя матулі. Адным словам, цікавосткі былі на кожным кроку.
А гараджане адзначалі вялікую работу па добраўпарадкаванні Івацэвічаў. Жыхарка райцэнтра, шматдзетная мама Аксана Краўчэня падкрэсліла як станоўчы той факт, што пры распрацоўцы праграмы падрыхтоўкі горада да святкавання адказныя асобы памяталі пра дзяцей, пра камфорт вучэбнага і выхаваўчага працэсу. Сведчаннем таму стала адно з мерапрыемстваў у шэрагу ўрачыстых адкрыццяў аб’ектаў: у суботу прэзентавалі абноўленую спартыўную пляцоўку ў школе № 1 райцэнтра.
А для таго, каб гэтая імпрэза адбылася напярэдадні Дня ведаў, будаўнікі шчыравалі некалькі месяцаў. На школьным стадыёне рэканструявалі трыбуны, замянілі лаўкі, на адной з пляцовак зрабілі мяккае пакрыццё. Папярэднюю баскетбольную пляцоўку пераабсталявалі ў шматфункцыянальную. Бяспечнае пакрыццё паклалі на стометровай бегавой дарожцы. І апошняй разыначкай спартыўнага комплексу, яго сапраўдным упрыгажэннем стаў мурал з выявамі спартсменаў. На тэрыторыі абноўленага стадыёна цяпер могуць займацца спортам не толькі вучні названай школы, але і іншых устаноў адукацыі горада. Тут нават магчыма праводзіць розныя спаборніцтвы.
Вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў з гэтай падзеяй павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК. Губернатар адзначыў, што тут створаны ўмовы для ўмацавання здароўя дзяцей: «Разам мы павінны рабіць усё, каб у нас расло здаровае пакаленне, каб дзеці змалку любілі спорт, развіваліся ў спорце, а затым дасягалі высокіх вынікаў нават на міжнароднай арэне».
Кіраўнік вобласці падарыў сертыфікат на набыццё тэлевізара, а таксама інвентару для камандных відаў спорту.
Падчас адкрыцця спартыўнай пляцоўкі таксама згадвалася, што першая школа да навучальнага года абнавілася цалкам, рамонт праведзены ў актавай зале, харчовым блоку, вучэбных кабінетах.
Падарункам жыхарам Івацэвіцкага раёна ўсіх пакаленняў стаў кабінет камп’ютарнай тамаграфіі ў раённай бальніцы. Яго таксама ўрачыста адкрылі падчас святкавання. Варта сказаць, што ўстанова аховы здароўя перажыла сур’ёзны рамонт. Усе работы былі выкананы ў сціслыя тэрміны.
А нядаўна быў завезены сучасны апарат КТ. Як паведаміў галоўны ўрач ЦРБ Васіль Юзэфовіч, апарат вельмі патрэбны бальніцы. Бо, напрыклад, летась 580 разоў давялося вазіць пацыентаў на тэрміновыя абследаванні ў іншыя гарады. А Пётр Пархомчык адзначыў пры гэтым, што на развіццё аховы здароўя Брэсцкага рэгіёна чарговы раз выдзелены вялікія сродкі.
Значныя сродкі былі асвоены ў ходзе падрыхтоўкі і на іншых аб’ектах. Апошняе падкрэслівалі ў гутарцы з карэспандэнтам газеты і жыхары раёна. Напрыклад, рамесніца Анжаліка Шыманчык вельмі ўдзячная за адрамантаваную бібліятэку, сказала, што цяпер сюды заходзіш, нібы ў храм кнігі. Сама Анжаліка Мікалаеўна прадстаўляла ў горадзе майстроў свае ўнікальныя габелены, вырабленыя з траў. Яе духмяныя творы прыцягвалі не толькі выглядам, але і пахам.
Раённая бібліятэка імя Піліпа Пестрака сапраўды перажыла істотнае абнаўленне. На свяце бібліятэку акрамя яе супрацоўнікаў прадстаўлялі і юныя чытальнікі з вершамі нашых класікаў. Прыгожым, надзвычай сімвалічным момантам святкаванняў стала адкрыццё арт-аб’екта «Кнігі, якія лунаюць». Кампазіцыя ўяўляе сабой дзесяць разгорнутых кніг, якія нібы ляцяць у паветры, на кожнай змешчана цытата вядомага пісьменніка.
Побач — утульная лаўка і ліхтары ў выглядзе газетных скруткаў. Аўтар гэтага арт-аб’екта — каваль з Віцебшчыны Юрый Татарыновіч. «Кнігі, якія лунаюць, сімвалізуюць вечны рух думак, што аўтары ўвасобілі на старонках сваіх твораў», — так сказаў вядучы цырымоніі адкрыцця.
Адным з найважнейшых момантаў свята стала ўскладанне кветак да помніка воіна на брацкай магіле ў скверы Перамогі, а таксама да памятнага знака спаленым вёскам. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар ПЕТРЫШЭНКА, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі ВЕНІЯМІН, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК, прадстаўнікі органаў кіравання і грамадскіх арганізацый, дэпутаты, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Усе разам хвілінай маўчання ўшанавалі памяць абаронцаў і ахвяр вайны.
Затым ваенна-гістарычныя рэканструктары паказалі некалькі эпізодаў вызвалення Івацэвічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. Паказалі яны і партызанскую барацьбу. Далёка за межамі раёна вядомая партызанская база ва ўрочышчы «Хаваншчына», дзе выходзіла падпольная газета «Заря». Тут яшчэ быў сямейны лагер і працавала партызанская школа.
Таму выглядае сімвалічным, што менавіта тут, у Івацэвічах, да Дня беларускага пісьменства ўстанавілі кампазіцыю «Дзеці лясной школы».
Яна ўяўляе сабой хлопчыка і дзяўчынку з партызанскага атрада, якія трымаюць кнігу. Скульптура заклікана нагадваць цяперашнім вучням аб тым, што іх равеснікі нават у ліхія ваенныя гады цягнуліся да ведаў. Сімвалічным выглядае і той факт, што адкрыць скульптуру, зняць з яе традыцыйную заслону даручылі найлепшым вучням — стабальнікам гэтага года.
Цырымонія адкрыцця «Дзяцей лясной школы» атрымалася прыгожай, запамінальнай. Малодшыя школьнікі чыталі вершы, хорам заклікалі: «Таварыш! Сягоння ў нас думы адны: // Мір нам патрэбен, // Не трэба вайны!» І пасля гэтага выпусцілі ў неба галубоў — птушак міру. А потым... Усеагульнае замілаванне, аж да дрыжыкаў, выклікала з’ява, падобная на цуд, калі адзін галубок зрабіў круг у паветры, вярнуўся і сеў на кнігу паміж гэтымі скульптурнымі хлопчыкам і дзяўчынкай. І нездарма ж потым многія выступоўцы згадвалі гэтую мілую карцінку як глыбокі сімвал свята.
Афіцыйная цырымонія адкрыцця ХХХІ Дня беларускага пісьменства адбылася ўвечары на галоўнай плошчы горада. Віншаванне Прэзідэнта краіны гасцям і ўдзельнікам свята зачытаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.
«Гэтае свята нагадвае нам аб важнасці захавання і развіцця праз кнігу нацыянальнай культурнай спадчыны, духоўных традыцый народа — гаворыцца ў віншаванні. — Такія каштоўнасці яднаюць людзей і спрыяюць росквіту краіны. Літаратура і матчына мова былі і застаюцца падмуркам у выхаванні высокіх маральных якасцей, фарміравання грамадзянскасці».
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што беларусы заўсёды будуць з павагай ставіцца да нашага гістарычнага здабытку, берагчы невычэрпныя культурныя скарбы продкаў, штодзённай працай умацоўваць суверэнітэт дзяржавы, шанаваць нашу мову і славутых майстроў слова, песняроў роднай зямлі.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык прывітаў гасцей і ўдзельнікаў на гасціннай брэсцкай зямлі: «Пяты раз Брэстчына становіцца гаспадыняй Дня беларускага пісьменства, — сказаў губернатар. — Нам прыемна сустракаць літаратараў, навукоўцаў, дзеячаў культуры, усіх гасцей, якія сабраліся ў прыгожым беларускім куточку, каб ушаванаць роднае слова і нашу духоўную спадчыну. У нас ёсць што паказаць, ёсць чым ганарыцца. У нас кожны раён, пасёлак, вёска маюць асаблівы каларыт, свае абрады, маюць таленавітых землякоў, якія праслаўляюць родныя мясціны».
Кіраўнік вобласці адзначыў, што мы шануем усе нашы духоўныя здабыткі і бачым сваёй задачай зберагчы іх і перадаць падрастаючаму пакаленню нашы нацыянальныя каштоўнасці, сярод якіх — інтарэс да кнігі і літаратурнага слова.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, павіншаваў прысутных з Днём беларускага пісьменства і пажадаў, каб яно стала святам высокай культуры і духоўнасці, а таксама нагадаў, што глыбінная сутнасць свята мае дачыненне да Слова: «Слова, мова, пісьменства ад самага пачатку з’яўляюцца выключным дарам Божым чалавеку. І ўсе мы павінны арыентавацца на той самы вышэйшы змест слова». Мітрапаліт заклікаў звяртаць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова — і напісанага, і таго, якое зыходзіць з нашых вуснаў: «Словам можна натхніць на подзвіг, але можна і абразіць. Добрае слова нават у самых безнадзейных абставінах здольнае вярнуць да жыцця. Слова валодае вялізнай творчай сілай, раскрыць якую важна таму, хто жыве словам і працуе са словам. Чым чысцейшыя будуць словы, якія мы прамаўляем, тым чысцейшым і багацейшым будуць наша сэрца і наш розум і прыгажэйшай наша краіна», — сказаў уладыка Веніямін.
Па традыцыі падчас адкрыцця свята прайшла цырымонія ўшанавання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Віншуючы пісьменнікаў, міністр інфармацыі Марат МАРКАЎ пажадаў лаўрэатам, якія ўдастоены ўзнагарод, каб іх імёны з часам увайшлі ў гісторыю: «Беларусі заўсёды былі патрэбны людзі, якія ўмеюць гаварыць прыгожыя, разумныя, сумленныя словы. Словы, якія застануцца ў гісторыі назаўсёды».
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч выказаў спадзяванне, што творчы патэнцыял, які відаць у творах сёлетніх лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, акажа ўплыў на светлую будучыню краіны.
Вечар закончыўся святочным канцэртам і феерверкам. А ў нядзелю святкаванне працягвалася. На галоўнай сцэне прайшло мерапрыемства, арганізаванае Саюзам пісьменннікаў Беларусі, у якім прынялі ўдзел літаратары з усёй краіны. Затым узнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі-2024 «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
А падчас афіцыйнага закрыцця Дня беларускага пісьменства гаспадары перадалі эстафету наступнікам. У 2025 годзе свята пройдзе ў Лідзе. Старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір БЯЛОЎ перадаў вымпел свята старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачкіну.
— Гэтыя два дні для Івацэвічаў сталі яркімі, насычанамі, незабыўнымі, — сказаў Уладзімір Бялоў. — Свята аб’яднала нас такімі духоўнымі сімваламі, як кніга і слова. У жыхароў райцэнтра застануцца не толькі прыемныя ўспаміны і ўражанні, але і добраўпарадкаваны горад.
Мы рады, што ў змястоўнай і насычанай праграме свята здолелі прадэманстраваць самабытную культуру Івацэвіцкага раёна і першага рэгіёна ў цэлым.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.