Традыцыйны міжнародны пісьменніцкі круглы стол, які праходзіць у межах свята беларускага пісьменства, сёлета сабраў у Палацы Рэспублікі прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, Кітая. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
У гэтым годзе дэвіз круглага стала — «Час выбраў нас» — вызначаў тэмы, што абмяркоўвалі эксперты. Іх на пачатку сустрэчы агучыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. Удзельнікі гаварылі пра ролю пісьменніка, яго грамадзянскую адказнасць, праўду жыцця і літаратуры, самацэнзуру, пошук праўдзівых і актуальных вобразаў і сімвалаў, сацыяльныя сеткі, якія, безумоўна, сёння ўплываюць на грамадства і ставяць перад літаратарамі новыя пытанні.
«Сёння запатрабаваны пісьменнікі, творчасць якіх адпавядае часу і тым ідэям, якія складваюцца ў грамадстве і фарміруюць розныя сацыяльныя асяроддзі; тыя пісьменнікі, якія паказваюць сваю пазіцыю і вызначаюць сваё месца побач з дзяржавай і народам. Час выбраў такіх людзей», — упэўнены Алесь Карлюкевіч.
Штогадовы ўдзельнік круглых сталоў «Пісьменнік і час», доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай акадэміі
навук Іван Чарота звярнуў увагу, што вельмі важна ў дыскусіі не сысці на развагі пра абранасць пісьменніка як аб’екта для пакланення:
«Час выбраў нас не для забаў, а для таго, каб указаць нам, пісьменнікам, на нашу адказнасць перад народам, грамадствам, дзяржавай. Менавіта ў гэтым наша адказнасць. Прычым адказнасць за ўсё, што адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца... Народы і грамадства зусім не тое, што яны думаюць пра сябе ў часе, а тое, што Творца думае пра іх у вечнасці. Нам, інжынерам чалавечых душ, пра гэта трэба памятаць пастаянна».
Тут важна бачыць перспектыву. Іван Чарота згадаў словы Маршака пра тое, як за будкай, што знаходзіцца побач, можна не заўважыць удалечыні вежу ці замак. Такая перспектыва бачання — таксама складнік абранасці пісьменнікаў. Вельмі важным застаецца пошук ідэалаў, пра што раней гаварылі такія пісьменнікі, як Тургенеў і Майкоў. На жаль, у часы перабудовы, у чаканні новых выгод, мы страцілі многія каштоўнасці, якія мелі, напрыклад, такія як братэрства: «Нам была навязана адмова ад ідэальнага. Нам унушылі, што мы жывём у час постсавецкі, посттаталітарны, а, па вялікім рахунку, гэта была постгісторыя, постграмадства — усё „пост“, і мы палічылі, што гэта для нас прымальна».
Удзельнікі круглага стала гаварылі і пра тое, што дзякуючы пісьменнікам многія чытачы пазнаюць гісторыю. У прыватнасці, кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка заўважыла, што знікалі імперыі, але заставалася літаратура, якая расказвала пра розныя гістарычныя эпохі. Наогул, яна ўпэўнена, што сёння пісьменнік не толькі выхоўвае ў чалавеку густ, высокія маральныя якасці, але і ўплывае на развіццё іншых галін, у тым ліку эканомікі, садзейнічае развіццю грамадства, бо высокаадукаваныя асобы не здольны на подласць і здраду, служаць умацаванню міру.
«Час сёння такі, што складана не спыніцца і не падумаць аб тым, што праўда жыцця, праўда літаратуры — гэта, у першую чаргу, гісторыя дзяржавы, а значыць, і гісторыя развіцця чалавека. Хто скажае гісторыю, той разбурае дзяржаву», — упэўнены народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. На яго думку, пісьменнік павінен вельмі адказна ставіцца да таго, якую тэму выбіраць для сваіх твораў: «Нярэдка можна чуць выраз, што сёння не чорт спакушае чалавека, а чалавек спакушае чорта. За гэтым стаіць вялікая адказнасць пісьменніка за сваю творчасць, за тое, што ён паказвае і прад’яўляе народу. Трэба думаць пра тое, якую карысць ты прынясеш грамадству, народу і нават міжнароднай супольнасці... Мы служым і для таго, каб вырасціць падрастаючае пакаленне. Мала пакінуць дзецям імя па бацьку — трэба пакінуць і Айчыну. Кнігі іграюць у гэтым вялікую ролю».
Першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч заўважыў, што круглы стол пісьменнікаў — гэта цудоўная магчымасць для абмену вопытам, пошуку шляхоў вырашэння праблем, агульных для літаратараў розных краін, пашырэння магчымасцяў для зносін і ўмацавання творчых сувязяў пісьменнікаў. Таксама ён звярнуў увагу, што ў нашай краіне створаны ўмовы для шырокай папулярызацыі літаратуры, напісання твораў высокага мастацкага ўзроўню, развіцця і ўмацавання міжнародных літаратурных кантактаў.
Так, беларускія кнігі перакладаюцца на 25 моў свету.
Штогод у Беларусі выходзіць каля 8 тысяч найменняў кніг і брашур тыражом звыш 20 мільёнаў экзэмпляраў. Гэта больш за дзве кнігі на аднаго жыхара краіны. Асаблівая ж увага — дзіцячаму кнігавыданню, колькасць выданняў для дзяцей і юнацтва пастаянна павялічваецца.
Напрыклад, у мінулым годзе прырост быў на 8 працэнтаў па колькасці назваў і на 28 працэнтаў па тыражы. Сярэдні тыраж аднаго выдання складае 3200 экзэмпляраў. Дзяржава аказвае значную дапамогу для развіцця галіны. З рэспубліканскага бюджэту на выпуск сацыяльна значных выданняў і іх дастаўку ў бібліятэкі штогод выдзяляецца больш чым два мільёны рублёў субсідый. Па даручэнні кіраўніка краіны здзяйсняецца выпуск літаратурна-мастацкіх твораў сучасных аўтараў на бязвыплатнай аснове ў публічныя бібліятэкі. Так, з 2012 года ўжо перададзена больш чым 160 найменняў кніг з творамі сучасных беларускіх аўтараў. Таксама на бязвыплатнай аснове пастаўляюцца кнігі серыі «Школьная бібліятэка» ва ўстановы адукацыі. За чатырнаццаць гадоў у гэтай серыі выпушчана больш як 170 найменняў кніг агульным тыражом каля чатырох мільёнаў экзэмпляраў.
«Праблема грамадзянскай адказнасці пісьменніка цяпер, як ніколі, актуальная. Асабліва гэта датычыцца дзіцячай літаратуры, бо слова можа нанесці вялікую траўму, можа выхаваць чалавека героем альбо мярзотнікам, які будзе паўсюль ганіць сваю краіну. Таму, калі гаворым пра дзіцячую літаратуру, то самаацэнка пісьменніка і самарэдактура — вельмі важныя складнікі яго дзейнасці... Пісьменнікі павінны ўсведамляць сваю адказнасць. Дзеці — наша будучыня: якімі іх выхаваюць нашы кнігі, такім будзе заўтра, такую краіну мы атрымаем», — заўважыла вядомая расійская пісьменніца, вучоны, педагог Лілія Кандыбовіч. У Расіі тры гады таму быў створаны Саюз дзіцячых і юнацкіх пісьменнікаў. Ён аб’ядноўвае аўтараў, якія пішуць «правільныя кнігі» , гавораць пра каштоўнасці, прычым работа ў гэтым кірунку вядзецца разам з Інстытутам выхавання. «Не трэба забываць, што дзеці растуць у грамадстве, дзе існуюць розныя праблемы», — заўважыла пісьменніца, і яна ўпэўнена, што складаныя пытанні таксама важна ўздымаць, але пры гэтым адчуваць тую грань, якая дазволіць раскрыць іх і пры гэтым не нанесці шкоду дзіцячай псіхіцы. З такой задачай аўтар сутыкнулася пры рабоце над кнігай «Тата вернецца, Лёва», у якой расказваецца пра Вялікую Айчынную вайну, эвакуацыю беларускіх дзяцей. Тут яна пастаралася паказаць, што перажылі прабабулі і прадзядулі сучасных дзяцей, і зрабіць акцэнт не на жахі вайны, а на тое, якую дапамогу аказвалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Гэта кніга і пра любоў да сваіх продкаў, і падстава для дзяцей задумацца, як бы яны маглі паступіць у складаных сітуацыях.
Падчас круглага стала пісьменнікі закранулі пытанне, якой павінна быць сучасная дзіцячая літаратура. Тое, што падабалася ранейшаму пакаленню, можа быць нецікавым юнаму чытачу сёння. Усё ж раней малыя жылі ў іншых рэаліях і рытмах, мелі больш часу, не былі настолькі загружанымі. Таму ім больш падыходзіць літаратура, якая стваралася менавіта пад іх.
Пра тое, наколькі важна знаёміць юную аўдыторыю з сучаснымі літаратурнымі здабыткамі, гаварыла ўзбекская пісьменніца і перакладчыца Рысалат Хайдарава. Ва Узбекістане запушчаны праект па стварэнні статомніка сусветнай дзіцячай літаратуры, куды ўвойдуць творы, напісаныя за апошнія 30 гадоў. Мяркуецца, што там будзе і беларускі том, і, хутчэй за ўсё, не адзін. У мінулым годзе ў часопісе, які выходзіць у Ташкенце і знаёміць з сусветнай літаратурай, быў надрукаваны пераклад аповесці «Сівая легенда» Уладзіміра Караткевіча на ўзбекскую мову. Твор вельмі спадабаўся чытачам Узбекістана. «Трэба пашыраць літаратурныя сувязі. Незалежна ад таго, на якой мове пішуць аўтары, яны гавораць пра агульныя чалавечыя каштоўнасці», — упэўнена Рысалат Хайдарава.
У круглым стале бралі ўдзел аўтары, якія спрычыніліся таксама да стварэння фільмаў. Сярод іх і Вячаслаў Бандарэнка, дзякуючы якому з’явіўся фільм пра сувязі беларускага і кітайскага народаў. «Нам удалося адкрыць невядомыя старонкі супрацоўніцтва нашых народаў. Мы расказалі гісторыю віцебскіх падпольшчыкаў кітайскай нацыянальнасці, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама гісторыю першага і адзінага лётчыка-штурмавіка на нашым фронце, кітайца па нацыянальнасці», — падзяліўся пісьменнік.
Але на круглым стале ён вырашыў узняць тыя пытанні, якія чуў падчас сустрэч з чытачамі ў розных гарадах і краінах. Так, часта ўзнімалася праблема, што людзі сёння аддаюць перавагу сацыяльным сеткам, а не кнігам. Відаць, сёння трэба ствараць вобраз чытача як чалавека шчаслівага, гатовага дзяліцца сваімі адкрыццямі. «Чытанне — працэс адзінокі, не публічны. А цяпер гэта не модна. Добра, што апошнім часам з’яўляюцца месцы, дзе можна за кавай сядзець з кнігай у атачэнні іншых такіх жа чытачоў», — заўважыў Вячаслаў Бандарэнка. Яшчэ адна праблема, якая ўсплывае на сустрэчах з чытачамі, датычыцца канфліктаў у літаратуры. Людзі прызнаюцца, што ім хочацца чытаць пра тое, што ўсё добра. «Гэта сведчанне стомленасці сучаснага чалавека і яго запытаў на забавы, — упэўнены пісьменнік. — Але трэба быць сумленнымі і прызнаць, што сапраўдная літаратура адносін да забаў не мае. Гэта заўсёды драма, канфлікт, траўма. Забаўляць пісьменнікі не павінны, яны павінны задаваць людзям пытанні, у тым ліку і дастаткова няёмкія».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Канстанціна ДРОБАВА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.