Вы тут

У Маладзечне выбралі найлепшыя абласныя брыгады хуткай дапамогі


У Маладзечне прайшлі ІІІ адкрытыя Гульні-спаборніцтвы сярод брыгад службы хуткай медыцынскай дапамогі Мінскай вобласці. Мерапрыемства такога фармату ў цэнтральным рэгіёне праводзіцца ўжо трэці раз. Раней гульні-спаборніцтвы прымалі Узда і Заслаўе. Брыгады медыкаў пазмагаліся за званне найлепшай у вобласці, прайшоўшы праз самыя розныя выпрабаванні і выклікі, з якімі яны нярэдка сутыкаюцца ў паўсядзённай дзейнасці.


Увесь час на перадавой

«На гэтых спаборніцтвах удзельнічае 28 каманд. З іх пяць урачэбных і 23 фельчарскія, — распавяла галоўны ўрач дзяржаўнай установы аховы здароўя Мінскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандра Варыводская. — Таксама запрошана адна медыцынская каманда з Мінска. Пераможца спаборніцтваў з 25 да 27 верасня гэтага года паўдзельнічае ў рэспубліканскім этапе. Там за званне найлепшай з найлепшых паспаборнічаюць брыгады з усіх абласцей і горада Мінска, а таксама запрошаныя госці з Расійскай Федэрацыі. Рэспубліканскія спаборніцтвы будуць праходзіць у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці».

Было прадстаўлена пяць лакацый. Плюс — дадатковая лакацыя масавай траўмы, у якой удзельнічаюць адразу некалькі брыгад. Удзельнікі не ведалі аб выпрабаваннях, аб тым, што чакае іх наперадзе. Для іх гэта — звычайны выклік, дзе яны павінны своечасова і правільна аказаць медыцынскую дапамогу выпадковым пацярпелым. Толькі ўсё гэта — пад пільным наглядам суддзяў, якія ацэньваюць работу брыгад паводле медыцынскіх пратаколаў.

Аляксандра Варыводская патлумачыла, чым адрозніваюцца ўрачэбныя брыгады ад фельчарскіх: «Ва ўрачэбнай брыгадзе маецца ўрач — медыцынскі работнік з вышэйшай адукацыяй плюс два фельчары і кіроўца. Фельчарская брыгада складаецца з двух фельчараў і кіроўцы. Розніца, у першую чаргу, у кваліфікацыі, узроўні абслугоўвання, а таксама ў прычыне выкліку хуткай дапамогі. Пры прыёме выкліку дыспетчар вызначае, якую брыгаду накіраваць. Існуе катэгорыя падстаў для выклікаў, пры якіх адразу адпраўляецца менавіта ўрачэбная брыгада. Напрыклад, страта прытомнасці, адсутнасць дыхання і іншыя больш цяжкія выпадкі. Адрозніваюцца брыгады ў тым ліку і абсталяваннем. Ва ўрачэбнай, напрыклад, ёсць апарат ШВЛ, у той час як у фельчарскай брыгады — інгалятар кіслародны».

«Наша служба адрозніваецца ад паліклінічнага, стацыянарнага звяна. Мы — свайго роду спецназ медыцыны, які ўвесь час знаходзіцца на перадавой. У нас больш цікавая і складаная праца. Яна цяжкая і ў эмацыянальна-псіхалагічным плане, але нашы медыкі малайцы, яны трымаюцца і заўсёды ў экстраннай сітуацыі ўмеюць сабрацца і адкінуць эмоцыі на другі план», — падсумавала Аляксандра Варыводская.

«Брыгады хуткай медыцынскай дапамогі прадэманструюць прафесійныя навыкі, якія ўжываюць у сваёй штодзённай дзейнасці. Вельмі важна ўдзяляць увагу людзям у белых халатах — сапраўдным патрыётам нашай краіны. Кожнаму вядома, што медыцына не даруе памылак. Людзі, якія працуюць на станцыях хуткай медыцынскай дапамогі, нават у самых экстранных і экстрэмальных сітуацыях прымаюць правільнае рашэнне. Яны пастаянна бяруць адказнасць за захаванне жыцця чалавека. Такая праца сапраўды складаная і вельмі адказная. Яна заслугоўвае асаблівай увагі», — сказала старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вольга Катава.

У чым прычына галаўнога болю і як выратаваць тапельца

Фармат правядзення мерапрыемства прадугледжваў мадэляванне перад камандамі экстранных сітуацый і здарэнняў, з якімі работнікам службы хуткай медыцынскай дапамогі даводзіцца сутыкацца штодня. З дапамогай спецыяльна падрыхтаванай каманды статыстаў для спецыялістаў службы былі разыграны выпадкі, максімальна набліжаныя да рэальных.

Першая нагода для выкліку хуткай дапамогі, якую мы засведчылі, аказалася нявызначанай: пагаршэнне стану пры немагчымасці ўдакладніць прычыну. Паводле легенды, у 40-гадовага мужчыны забалела галава. Брыгада хуткай знайшла яго без прытомнасці на лавачцы ў грамадскім месцы. Спецыялісты абследавалі пацярпелага, аказалі медыцынскую дапамогу, выставілі правільны дыягназ і паспяхова шпіталізавалі яго ва ўстанову аховы здароўя.

«Гэта стандартная сітуацыя — мужчыну стала дрэнна. Скардзіўся на галаўны боль і высокі ціск. Пры абследаванні высветлілася, што ў мужчыны адбылося кровазліццё ў галаўны мозг. Пацыенту была аказана медыцынская дапамога паводле пратаколаў. Брыгада хуткай вымерала ціск, цукар, зрабіла кардыяграму. Пасля аказання дапамогі мужчыну даставілі ва ўстанову аховы здароўя ў КТ-кабінет», — сказаў фельчар выязной брыгады Старадарожскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Дзмітрый.

На наступнай лакацыі ў цяжарнай жанчыны 30 гадоў здарыліся сутаргі. Брыгады павінны ўкласціся ў дзесяць хвілін, правільна паставіць дыягназ, аказаць медыцынскую дапамогу, якасна правесці першасны агляд. Найлепшае, што можа зрабіць звычайны чалавек, убачыўшы сутаргі на вуліцы — павярнуць пацярпелага на бок і чакаць прыбыцця хуткай медыцынскай дапамогі. У такім выпадку ў пацыента не заваліцца язык і ён банальна не задыхнецца. Як растлумачылі суддзі, ні ў якім разе нельга нічога сунуць чалавеку ў рот, бо ёсць верагоднасць выламаць зубы, пацярпелы нават можа адкусіць вам пальцы — пры сутаргах людзі не кантралююць сілу сціскання сківіц.
«Нагода да выкліку хуткай дапамогі — сутаргавы сіндром неўдакладнены. Як аказалася, гэта цяжарная жанчына ў эпістатусе. Дыягназ — эклампсія, сутаргавы сіндром. Пацярпелай аказалі медыцынскую дапамогу і даставілі ў найбліжэйшую ўстанову аховы здароўя ў рэанімацыйнае аддзяленне. У рэальнай практыцы такія сітуацыі здараюцца нячаста. Як правіла, усе цяжарныя жанчыны назіраюцца ва ўрачоў. Аднак і такія выпадкі ўсё ж бываюць», — расказаў фельчар выязной брыгады Дзяржынскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Дзмітрый Шахлевіч.

На наступнай лакацыі адпрацавалі адразу некалькі брыгад хуткай дапамогі разам з байцамі АМАП. У політэхнічным каледжы быў змадэляваны захоп злачынца праваахоўнікамі, а ўдзельнікам спаборніцтваў неабходна было аказаць медыцынскую дапамогу і параненаму злачынцу, і некалькім пацярпелым. Злачынец нанёс студэнтам каледжа колата-рэзаныя траўмы розных частак цела, у тым ліку цяжкія, якія пагражаюць жыццю. Першую дапамогу медработнікі аказвалі на месцы.

«Падстава да выкліку хуткай дапамогі — масавае здарэнне, тэрарызм. У гэтым пункце працавала адразу некалькі брыгад. Канкрэтна ў нашага пацыента быў артэрыяльны крывацёк. Пацярпеламу аказвалі медыцынскую дапамогу па спецыяльным алгарытме. Для пачатку неабходна спыніць крывацёк. Затым падтрымліваеш гемастаз, ціск, кісларод, пульс, шокавы індэкс, вылічваеш колькасць уліванняў абязбольвальнага, паколькі можа здарыцца пабочны траўматычны шок, што можа пацягнуць за сабой раптоўную смерць. Усё правільна зрабіўшы, неабходна карэктна транспартаваць пацярпелага ва ўстанову аховы здароўя», — растлумачыў фельчар выязной брыгады Барысаўскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Артур Валкавец.

На наступным пункце — адразу два пацярпелыя. Па легендзе, гэта тапельцы, якім неабходна тэрмінова аказаць медыцынскую дапамогу. Пасля вымання пацярпелых з вады іх ні ў якім разе нельга чапаць! У брыгад хуткай дапамогі ёсць усё неабходнае абсталяванне для аказання рэанімацыйных дзеянняў. Спецыялісты робяць штучнае дыханне, правяраюць сатурацыю, забяспечваюць падачу кіслароду, наладжваюць інфузійную тэрапію, а таксама непрамы масаж сэрца. Гэта даволі аб’ёмны комплекс мерапрыемстваў. Як адзначылі суддзі, ніякіх газетных старонак не хопіць на тое, каб цалкам яго апісаць. Для простага чалавека тут галоўнае — не нашкодзіць. Адзінае, што ўсё ж такі можна зрабіць, — выняць з ротавай поласці смецце, ціну, пясок.

Быць гатовымі і эмацыянальна, і фізічна

«Падобныя спаборніцтвы павышаюць агульны ўзровень брыгад, паказваюць, наколькі яны гатовыя да аказання медыцынскай дапамогі. Брыгады прыбываюць на месца выкліку і аказваюць медыцынскую дапамогу. Кожны выпадак ацэньваецца па пэўных крытэрыях з выстаўленнем агульнай адзнакі», — распавёў фельчар выязной брыгады Маладзечанскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Дзяніс Аўдашкевіч. На пасадзе малады чалавек працуе ўжо сем гадоў.

«Разам з калегам Дзянісам выступаем у якасці пацярпелых. Кожная брыгада хуткай медыцынскай дапамогі спрацоўвае па-рознаму. Хтосьці хутчэй арыентуецца, хтосьці — крыху павольней. Вельмі ўплывае эмацыянальны фактар. Хтосьці па натуры больш узбуджаны, а хтосьці — больш спакойны, думае разумна. Апошняя катэгорыя людзей лягчэй спраўляецца з задачамі пры стрэсавых сітуацыях», — дапоўніла калегу фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Маладзечанскай станцыі Аляксандра Іванова.

Яны падкрэслілі, што на работу ў хуткую людзі прыходзяць падрыхтаваныя як эмацыянальна, так і фізічна. «Абсалютна ўсе брыгады паказваюць добры ўзровень падрыхтоўкі. Ды і медыцынскія каледжы выпускаюць выдатных спецыялістаў», — заключылі фельчары.

Дарэчы, на спаборніцтвах праверылі і вадзіцельскія навыкі. Уменне хутка і правільна пераадольваць створаныя перашкоды паказалі вадзіцелі брыгад хуткай дапамогі. Начальнік аддзела ДАІ Маладзечанскага РАУС Ілья Кулеш нагадаў правілы бяспечнага руху спецтранспарту і што павінны рабіць іншыя ўдзельнікі дарожнага руху, пачуўшы гук сірэны хуткай дапамогі.

Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі сертыфікаты, а таксама памятныя прызы ад Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Каманды, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны дыпломамі і медалямі. Па выніках спаборніцтваў Бараўлянскае аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі станцыі Мінскага раёна стала найлепшым сярод фельчарскіх брыгад. З урачэбных брыгад найлепшай аказалася Барысаўская. Гэтыя дзве брыгады зусім хутка прадставяць Міншчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Маладзечна.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.