Вы тут

Юрыдычныя асобы змогуць атрымліваць бюджэтныя субсідыі пры будаўніцтве і набыцці арэнднага жылля


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня падпісаў указ нумар 344 «Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.


Фота: БелТА

Дакумент прыняты ў мэтах стымулявання юрыдычных асоб да забеспячэння сваіх работнікаў арэндным жыллём.

У адпаведнасці з указам юрыдычным асобам і гаспадарчым таварыствам з 1 студзеня 2025 года прадастаўляецца права на атрыманне бюджэтных субсідый у памеры 50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка для выплаты часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, прыцягнутымі на будаўніцтва і набыццё арэнднага жылля.

Прадпрыемствы будуць самастойна вызначаць парадак і ўмовы выдзялення арэндных жылых памяшканняў сваім работнікам, памер платы за такое жыллё.

Пры гэтым устаноўлена, што не менш як 20 працэнтаў ад агульнай колькасці жылых памяшканняў, узведзеных або набытых з выкарыстаннем субсідый, падлягае прадастаўленню ў першачарговым парадку маладым спецыялістам і грамадзянам ва ўзросце да 31 года.

Пытанні жыллёвай палітыкі ў дзяржаве пастаянна знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта. Размова аб гэтым ішла і на нядаўняй нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў. «Як мы заўсёды гаворым, Беларусь — дзяржава для народа. Таму ўсе рашэнні павінны прымацца ў інтарэсах людзей. І адной з нашых прыярытэтных задач было і застаецца забеспячэнне грамадзян жыллём. Уласны дах над галавой важны для любога чалавека. Асабліва для маладой сям’і. Гэта яе ўпэўненасць у заўтрашнім дні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы 19 жніўня.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне пастаянна ўдасканальваюцца падыходы да прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі пры паляпшэнні жыллёвых умоў, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці. «Варта надаць новы імпульс жыллёваму будаўніцтву ў вёсцы, у тым ліку індывідуальных дамоў, будаўніцтву прадпрыемствамі арэнднага жылля для сваіх работнікаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што ўзвядзенне арэнднага жылля будзе адбывацца толькі ў тых рэгіёнах, дзе ў гэтым ёсць рэальная, даказаная неабходнасць. Як тлумачыў Прэзідэнт 9 жніўня ў час нарады ў Шклове, не хочацца паўтараць вопыт, калі ў кожнай гаспадарцы па праграме будавалі па пяць так званых прэзідэнцкіх домікаў, але частка з іх у выніку аказалася незаселенай. «Цяпер будзе па-іншаму. Мы будзем будаваць пад прадпрыемствы. Дапусцім, мы ў Мінску робім завод на МАЗе — аўтобусы вырабляем, попыт вялікі. Вось пад гэту вытворчасць, як у савецкі час, мы вам дадзім жыллё. Арэнднае», — растлумачыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што такое арэнднае жыллё павінна быць з пэўнымі абавязацельствамі ў тым ліку з боку кіраўнікоў гаспадарак і прадпрыемстваў. Гэта значыць, для арганізацый такія дамы будуць будаваць не бясплатна. «Кіраўнік купіць яго павінен (ва ўласнасць арганізацыі. — Заўвага БелТА). Калі не можаш, ну, паглядзім — адтэрміноўкі, растэрміноўкі і за якія грошы. Трэба знайсці (прымальны варыянт. — Заўвага БелТА), каб і кіраўнік прадпрыемства разумеў, што гэта не проста з неба падарунак», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.