Якасці харчавання і асартыменту страў у школьных сталовых заўсёды надавалася вялікае значэнне. Работа па ўдасканаленні вялася пастаянна, і вянцом тых намаганняў стаў пілотны праект, які рэалізавалі ў некалькіх дзясятках школ. Яго вынікі былі настолькі ўражальнымі, што ўжо да летніх канікул па-новаму арганізавалі харчаванне больш за дзве тысячы школ краіны. А да пачатку гэтага навучальнага года да іх далучацца і астатнія 506.
Любы эксперымент — перыяд спроб і памылак. А ён ужо пройдзены, прынцыпы школьнага харчавання прыведзены да адной роўніцы: дзеці павінны есці смачную і здаровую ежу. Сапраўды, сёння асноўныя пытанні ўжо вырашаны, ідзе дашліфоўка стройнай, празрыстай сістэмы. Гэта значыць, што бацькі, як і раней, будуць у курсе якасці і складу школьнага меню і пры неабходнасці змогуць яго карэкціраваць.
Зразумела, што напярэдадні навучальнага года многіх бацькоў хвалюе пытанне кошту школьнага харчавання, асабліва з улікам змяненняў. Як расказала начальнік аддзела па арганізацыі харчавання ДУА «Акадэмія адукацыі» Люцыя Міхальчук, каля 70 % навучэнцаў у краіне будуць атрымліваць харчаванне бясплатна. Яго сёлета, як і летась, атрымаюць 17 катэгорый школьнікаў. Трынаццаць з іх — школьнікі са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў і дзеці-інваліды, якія будуць бясплатна харчавацца ад аднаго да трох разоў на дзень.
У абавязковым парадку харчуюцца адзін раз бясплатна вучні 1—4 класаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама навучэнцы спартыўных класаў. Усе яны будуць абедаць за кошт мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў.
Але і для тых, хто за школьныя абеды будзе плаціць, начальнік аддзела агучыла добрыя навіны: — Нормы харчавання і грашовыя нормы выдаткаў на харчаванне ў гэтым годзе мяняцца не будуць. Напрыклад, норма расходаў на абед для дзяцей 6—10 гадоў складзе 2,29 рубля, пры прыцягненні іншых арганізацый — 2,98 рубля, а для ўзросту 11—18 гадоў — 2,7 рубля і 3,51 рубля адпаведна.
Адзначыла яна і тэхнічнае аснашчэнне школьных аб'ектаў грамадскага харчавання: іх адрамантавалі, набылі сучаснае абсталяванне. Так, практычна кожны харчаблок мае не толькі канвектаматы, але і пасудамыечныя машыны. Больш за тое, ідзе гаворка аб набыцці ўстановак для падагрэву талерак, каб ежа не астывала.
— На ўсе работы і абсталяванне выдаткавана каля 19 млн рублёў, — сказала Люцыя Міхальчук. — І гэта таго варта. Сёння мы ўпэўнены, што аб'екты школьнага харчавання будуць працаваць у штатным рэжыме.
Аб якасці і карысці школьнага харчавання распавяла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Ала Малахава.
— Падчас пілотнага праекта гучала крытыка наконт таго, што дзяцей будуць карміць фастфудам. Запэўніваю: такія стравы, як гамбургер, чызбургер і іншыя, будуць выключаны з меню. Школа павінна выхоўваць у дзяцей і бацькоў прынцыпы здаровага харчавання. А калі мы будзем вучыць дзяцей на ўроках і факультатывах аднаму, а ў буфеце прадаваць фастфуд, то, зразумела, нічога з такога выхавання не атрымаецца, — сказала Ала Малахава.
Ацаніўшы ў цэлым вынікі пілотнага праекта як добрыя, загадчыца аддзялення адзначыла, што падчас эксперыменту ўсплывалі некаторыя недахопы, але яны ўжо ўрэгуляваны. У прыватнасці, было прынята аптымальнае рашэнне аб тым, што вучні 1—4 класаў будуць атрымліваць гарачы сняданак, 5—11 класы — абед, прычым ва ўсіх рэгіёнах: і ў сельскіх, і ў гарадскіх школах. Такім чынам, ежа будзе гатавацца паслядоўна, і ў сталовых не будзе ніякай цеснаты.
— Напярэдадні навучальнага года распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання з улікам вынікаў пілотнага праекта, — працягнула Ала Малахава. — Яны выпускаюцца штогод, але сёлета да пытання падышлі асабліва скрупулёзна. У дакуменце прапісаны ўсе прапановы па графіках харчавання (калі лепш атрымліваць сняданак, калі — абед), харчаванні ў прадоўжанках, складанні рацыёнаў і шэраг іншых.
Яшчэ адзін важны момант, на які звярнула ўвагу спецыяліст: сёлета дапоўнены пералік прадуктаў, забароненых да выкарыстання пры харчаванні дзяцей у школах.
— Напрыклад, не павінна быць прадуктаў, якія змяшчаюць ГМА, ядра абрыкосавай костачкі, этылавы спірт больш за 0,2 %,
бензойную і аскарбінавую кіслоты. Таксама пад забаронай — падсалоджвальнікі, штучныя харчовыя араматызатары, узмацняльнікі смаку, за выключэннем ваніліну. Абмежавана ўтрыманне ў хлебабулачных вырабах колькасці солі і цукру на 20—25 %, — удакладніла некаторыя пазіцыі пераліку загадчыца аддзялення.
Пра кулінарныя прыхільнасці школьнікаў расказала дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Камбінат школьнага харчавання г. Мінска» Людміла Крупская. Паводле яе слоў, у школьнае меню з мінулага года ў год сёлетні перайшлі «Шашлычок школьны», «Курачка пікантная», катлета «Папараць», бульбяное пюрэ. А вось рыбу і стравы з яе, на жаль, шануюць не ўсе. Пазнаёміла Людміла Крупская і з восеньскім меню школьных сталовых. У яго ўвойдуць пяць новых фірменных страў: грудка птушкі ў смятанным соусе, фітанапітак, напой «Баланс», блінцы з тварагом ды з яблыкам і карыцай. Стравы, якія сталі папулярныя падчас пілотнага праекта, вядома, захаваюцца: гэта сырнікі са смятанай і сумесь агароднінная прыпушчаная. Што да адварных пельменяў, то іх уключаць у меню ў іншыя поры года.
Суразмоўніца зазначыла, што ў гэтым годзе яны ўшчыльную зоймуцца і рацыёнам для дыетычнага харчавання для дзяцей з цукровым дыябетам, фенілкетанурыяй, з непераноснасцю глютэну, а таксама асобных груп харчовых прадуктаў: малака, яек, рыбы, цытрусавых.
Намеснік генеральнага дырэктара «НПЦ па харчаванні НАН Беларусі» Дзмітрый Зайчанка ацэньвае айчынную харчовую прадукцыю для дзяцей як высакаякасную і адпаведную патрэбам дзіцячага арганізма: — 80—85 % прадукцыі для дзіцячага харчавання, якая рэалізоўваецца ў Беларусі, вырабляецца непасрэдна ў нашай краіне. Яна падзяляецца на тры групы: для ранняга, дашкольнага і школьнага ўзростаў. Распрацаваны і ўкаранёны цэлы асартымент такой прадукцыі: сасіскі, пельмені, малочныя прадукты, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы для дзяцей.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца дзіцячыя кансервы на аснове гародніны і садавіны. Дзецям прыйшліся даспадобы соусы і кетчупы, створаныя спецыяльна для іх.
У гэтых прадуктах максімальна захаваны карысныя ўласцівасці сыравіны.
Па словах намесніка генеральнага дырэктара, у кансервах для дзіцячага харчавання адсутнічаюць пякучыя вострыя прыправы, араматызатары, кансерванты і падсалоджвальнікі. Для паляпшэння іх смаку выкарыстоўваюцца гваздзіка, карыца, куркума, імбір, ванілін.
Алена Вінаградава
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.