Вы тут

Віцебшчына падыходзіць да завяршэння ўборачнай кампаніі


Віцебшчына падыходзіць да завяршэння ўборачнай кампаніі: аграрыі вобласці выканалі задачу на 99 працэнтаў. На сёння ўбрана звыш 300 тысяч гектараў, паўночны рэгіён унёс у агульны каравай краіны больш за 700 тысяч тон збожжа з улікам рапсу. Найвышэйшую ўраджайнасць паказаў Аршанскі раён — тут хлебаробы атрымалі па 37,9 цэнтнера з гектара. Не дзіва, што і першыя ў вобласці камбайнеры-трохтысячнікі таксама з Аршаншчыны.


Сёлета, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, Аршанскі раён паказаў своеасаблівы аграрны рэкорд: хлебаробы перасягнулі 100-тысячны рубеж па намалоту зерня. А трактарысты-машыністы ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Уладзімір Палячынскі і Максім Сярноў першымі на Віцебшчыне намалацілі тры тысячы тон хлебнага золата. Павіншаваць перадавікоў з узятай вяршыняй прыехалі ў поле старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, кіраўнік раёна Ігар Мароз, старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзіканава, а таксама прадстаўнікі раённай улады.

Аляксандр Субоцін падзякаваў камбайнерам за высокія вытворчыя вынікі і значны ўклад у харчовую бяспеку краіны. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што Орша заўсёды была адным з цэнтраў развіцця Віцебскага рэгіёна. «Тут, акрамя прамысловых прадпрыемстваў, ёсць і хэдлайнеры ў аграрным сектары. І ўсё ж такі дапамог і 506-ы ўказ кіраўніка дзяржавы. Як бы хто ні казаў, як бы цяжка ён ні ішоў, усё роўна — ён не проста даў імпульс, але і зрабіў зачын на будучыню: і інвестыцыйных праектаў шмат ажыццявілася, і грошы ўкладзены ва ўсе сферы. Гэта дазволіла і людзей крыху больш прыцягнуць сюды, і тэхналогію больш старанна выконваць, і тэхнікай пераўзброіць прадпрыемствы. Таму ўсё ў комплексе дазволіла захаваць Аршанскі раён як адзін з цэнтраў росту Віцебскай вобласці», — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

З нагоды 100-тысячнага намалоту старшыня райвыканкама Ігар Мароз уручыў Аляксандру Субоціну каравай з мукі новага ўраджаю. Паспрабаваць яго змаглі ўсе ахвотныя: і механізатары, якія прыклалі да яго сілы, і прадстаўнікі мясцовай улады, якія падтрымліваюць аграрыяў, і журналісты, якія расказваюць людзям аб героях жніва.

Падзякі і грашовыя сертыфікаты Максіму Сярнову і Уладзіміру Палячынскаму ўручыла прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці Таццяна Дзіканава. «Вашы вытворчыя дасягненні з’яўляюцца яркім прыкладам і маяком для іншых працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Шчыры дзякуй за вашу самаадданасць, упартасць і высокія памкненні, праз якія паўночны рэгіён выходзіць на высокі п’едэстал. Вы сваёй працай фарміруеце трывалыя аграрныя традыцыі, якія стануць моцным падмуркам для новага пакалення хлебаробаў», — адзначыла Таццяна Мікалаеўна і за шматгадовую добрасумленную працу ўручыла Максіму Сярнову юбілейны медаль «120 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

Імя гэтага механізатара агракамбіната «Юбілейны» вядома ў Віцебскай вобласці. Былы супрацоўнік органаў унутраных спраў дзевяць гадоў таму абраў для сябе працу на зямлі. На кардынальную змену прафесійнай дзейнасці паўплывалі не толькі прыклад бацькі, з якім Максім пачынаў работу на камбайне з 12 гадоў, але і асабістыя душэўныя парывы. «Вырашыў, што больш мяне цягне ўсё ж такі да зямлі. Дзявяты год працую ў „Юбілейным“ і кожны дзень іду на працу з радасцю. А гарачая пара жніва для мяне асабліва доўгачаканая і любімая. Заўсёды разрывае азарт: як урадзіла збожжа, якое будзе надвор’е, колькі змагу ўбраць. Трэба быць на сваім месцы, там, дзе ты сапраўды патрэбен», — гаворыць Максім Сярноў.

Летась ён стаў першым чатырохтысячнікам Віцебшчыны і скончыў жніво з вынікам у 4350 тон збожжа і рапсу. У асабістым заліку хлебароба — больш за 3,5 тысячы тон, і ёсць надзеі на паляпшэнне свайго мінулага рэкорда — рапс у гэтым годзе таксама радуе ўраджайнасцю. Немалую ролю ў дасягненнях адыгрывае і тэхніка, на якой аграрый шчыруе ўжо трэці сезон. Айчынны камбайн абсталяваны кандыцыянерам, сучаснай ілюмінацыяй і нават аўтапілотам. Свайго «баявога таварыша» механізатар абслугоўвае сам і ставіцца да яго з рэўнасцю.

«Атрымліваць узнагароды заўсёды прыемна і пачэсна. Сумленная праца павінна быць адзначана. Сын і дачка таксама ганарацца мной, іншым часам бываюць са мной у кабіне, каб на свае вочы паглядзець, дзе днямі прападае тата. Жонка таксама працуе на прадпрыемстве, прадаўцом, падтрымліваем адзін аднаго», — расказвае Максім Сярноў і падкрэслівае, што яго асабісты поспех — гэта вынік плённай працы ўсяго калектыву.

За плячыма старшага камбайнера Уладзіміра Палячынскага больш за тры дзесяцігоддзі стажу ў сельскай гаспадарцы. Ён жартуе, што нарадзіўся ў полі, бо і бацька яго больш за 40 гадоў адпрацаваў трактарыстам. Сакрэт поспеху Палячынскага даволі просты: каб дасягнуць вынікаў, трэба плённа працаваць і сачыць за тэхнікай. Цяпер ён збірае першую тысячу тон амаль з закрытымі вачамі — абы толькі збожжа ўрадзіла, а вось у 2020 годзе Уладзімір Мікалаевіч паказаў рэкордны вынік: яго намалот збожжавых, зернебабовых культур і кукурузы склаў каля дзевяці тысяч тон! Прыемным напамінам аб гэтай падзеі сталі не толькі шматлікія падзякі і дыпломы, але і ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Хаця аб сваіх дасягненнях сціплы хлебароб расказваць не любіць, ён упэўнены, што лепш за словы гавораць лічбы.

Наперадзе ў аграрыяў вобласці ўборка яравога рапсу і кукурузы. Спадзяёмся, што надвор’е паспрыяе працаўнікам закласці ў засекі яшчэ не адну тысячу тон.

Аляксандра Гвоздзева

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.