У нашай краіне існуе шмат механізмаў падтрымкі інстытута сям’і. Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі на падрыхтоўку дзяцей да школы — адзін з іх. Сёлета такую дзяржаўную дапамогу атрымліваюць больш за 115 тысяч шматдзетных сем’яў, выплаты пачаліся з першага жніўня. І ўсё ж пытанне фінансавай падтрымкі хоць і празрыстае, але досыць тонкае, мае мноства нюансаў, пра якія павінны ведаць бацькі або іншыя законныя прадстаўнікі дзяцей. Па тлумачэнні мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святланы Белаш.
— Святлана Мікалаеўна, хто сёння можа разлічваць на дапамогу з боку дзяржавы?
— Падтрымка аказваецца шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям. Але важна, што ўдзел у падтрымцы бацькоў дзяцей-школьнікаў прымаюць і прафсаюзныя арганізацыі, і грамадскія аб’яднанні, а таксама звычайныя грамадзяне нашай краіны.
Шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, дзяржаўная падтрымка ў выглядзе аднаразовай матэрыяльнай дапамогі аказваецца ў рамках падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». Памер на кожнае дзіця складае 30 працэнтаў БПМ, які дзейнічае на 1 жніўня 2023 года. Ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы атрымалі ўжо больш за 110 тысяч шматдзетных сем’яў на 223,5 тысячы дзяцей. Агульная сума выплат склала 29 млн рублёў. Малазабяспечаным сем’ям, у тым ліку і шматдзетным, даецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога.
Памер выплат вызначае раённая камісія. Падыход пры гэтым для кожнага выпадку індывідуальны, а вынік залежыць ад даходу сям’і і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Звяртацца па дапамогу трэба ў службу «адно акно» мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства (месцы знаходжання) аднаго з бацькоў.
— Калі можна, падрабязней аб памеры выплат і ўмовах іх атрымання.
— Аднаразовая матэрыяльная дапамога шматдзетным сем’ям даецца незалежна ад даходу сям’і. Памер дапамогі складае 129,9 рубля на кожнага школьніка ў сям’і. Звяртацца трэба ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) аднаго з бацькоў дзіцяці, у Мінску і ў асобных раёнах Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей — па месцы вучобы дзіцяці. Адрасная сацыяльная дапамога малазабяспечаным сем’ям рэалізоўваецца ў выглядзе аднаразовай або штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Іх ужо атрымалі амаль дзве тысячы сем’яў на 5,5 тысячы дзяцей (на суму 4,5 млн рублёў).
— Які ўдзел у аказанні дапамогі прымаюць прафсаюзы?
— Прафсаюзныя арганізацыі штогод прымаюць актыўны ўдзел у кампаніі па падтрымцы сем’яў з дзецьмі-школьнікамі. Дарэчы, па месцы працы за кошт прафсаюзных арганізацый і наймальнікаў дапамогу атрымалі 31,6 тысячы сем’яў на 56,6 тысячы дзяцей на агульную суму каля шасці мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, традыцыйна па ўсёй краіне праходзяць дабрачынныя акцыі, кірмашы, арганізаваныя тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дабрачыннымі фондамі і грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі, мэтай якіх таксама з’яўляецца аказанне падтрымкі сем’ям з дзецьмі. Такую дапамогу атрымалі 6,3 тысячы сем’яў на 14 тысяч дзяцей на суму 377,7 тысячы рублёў.
Як расказалі ў Міністэрстве адукацыі, жнівень — час, калі вядомыя словы аб тым, што чужых дзяцей не бывае, набываюць асаблівы сэнс: дарослых аб’ядноўвае адно жаданне — у першы школьны дзень, і не толькі, убачыць радасць у вачах кожнага без выключэння дзіцяці. Незалежна ад таго, дзе, як і кім яно выхоўваецца. Напоўніць яго заплечнік карыснымі прыладамі і прыбраць у новенькую, з іголачкі, форму. І менавіта з гэтай нагоды ў краіне стартавала адразу некалькі дабрачынных акцый. Адну з іх — «У школу з Добрым Сэрцам» на працягу дзевяці гадоў арганізоўвае і праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сутнасць яе ў тым, што ў буйных універмагах устаноўлены спецыяльныя скарбонкі, якія напаўняюць неабыякавыя грамадзяне. Валанцёры аказваюць дапамогу шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Арганізаваны збор школьнага адзення і абутку, канцылярскіх прылад, навучальных дапаможнікаў, спартыўных тавараў і іншых рэчаў, неабходных дзецям для падрыхтоўкі да навучальнага года.
Вельмі кранальная акцыя «Букет дабра», якая праводзіцца для хворых дзетак. А заключаецца яна ў тым, што клас набывае настаўніку адзін агульны букет. А грошы, якія ўдасца сэканоміць ад пакупкі, скажам, яшчэ дваццаці букетаў, хлопчыкі і дзяўчынкі збіраюць і пераводзяць у дабрачынныя арганізацыі. Такім чынам яны дапамагаюць сваім аднагодкам з анкалагічнымі, імуналагічнымі, гематалагічнымі захворваннямі.
Алена ВІНАГРАДАВА
На адну шчаслівую і падрыхтаваную да новага навучальнага года сям’ю ў паўночным рэгіёне стала больш. Сёлета марафон добрых спраў Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК прыйшоў да Дзмітрыя Антропава з Бешанковіцкага раёна, які адзін выхоўвае чатырох дзяцей.
Часта лёс падкідвае нам складаныя выпрабаванні, праз якія трэба прайсці, каб засвоіць жыццёвы ўрок. Так склалася, што былая жонка Дзмітрыя пакінула сваіх чатырох дзяцей і з’ехала наладжваць асабістае жыццё ў Расію. Дзеці, якія дагэтуль жылі з маці, аказаліся ў прытулку. Кіраўніцтва Ульскага дзяржаўнага каледжа імя Л. Даватара, дзе мужчына працуе рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў, працягнула руку дапамогі свайму работніку і выдзеліла два пакоі ў інтэрнаце. Сям’я аб’ядналася: цяпер тры прыгажуні пад аховай дваіх прадстаўнікоў моцнага полу — таты Дзімы і старэйшага сына Максіма.
Нягледзячы на тое, што мужчыну выхоўваць чатырох дзяцей аднаму складана, сям’я Антропавых называе сябе самай шчаслівай, бо яны разам. Дзяўчынак, пакуль Дзмітрый на працы, даглядае старэйшы сын: прыгатуе паесці, навядзе дома парадак. Трынаццацігадовы Максім сёлета пойдзе ў восьмы клас, Насці — дванаццаць гадоў, а Злаце і Карыне — па дзевяць і восем адпаведна. Усе — школьнікі, таму сабраць малых аднаму было б цяжка, прызнаецца галава сям’і. Здорава, што на дапамогу Антропавым прыйшоў галіновы прафсаюз у рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям».
На шопінг сям’ю з Бешанковіцкага раёна ў Віцебск запрасіла старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. Узброіўшыся добрым настроем, вялікая дэлегацыя накіравалася ва ўнівермаг. Дзяўчаты адразу згубіліся ў доўгіх радах накрухмаленых блузак і прыгожых спаднічак. А вось адзіны хлопец Максім падышоў да выбару школьнай формы цярпліва, з практычным мужчынскім поглядам. Бацька расказвае, што ў сына вялікая калекцыя розных кашуль, а да выбару паўсядзённага адзення ён ставіцца больш рацыянальна: адчувае на сабе адказнасць. У школу хлопец абраў класічныя чорныя штаны, прымераў — камфортна. Доўга круціцца перад люстэркам Максім не любіць.
Дзяўчаты выбіралі сабе новы гардэроб самі, час ад часу паварочваючыся да таты для адабрэння. І калі малодшыя Карына і Злата адразу звярнулі ўвагу на модныя сінія сарафаны, то старэйшую Насцю на спадніцу-плісэ ўгаворваў сам Максім. «Насця, ты дзяўчынка, у цябе прыгожыя доўгія ногі. Гэта ж я магу штодзень у штанах хадзіць. Ну, паглядзі, якая ты зорка!» — працягваў брат, пакуль Насця сама ў гэтым не ўпэўнілася.
Калі сям’я ўжо выходзіла з крамы з вялікімі пакетамі, Таццяна Дзіканава пацікавілася ў Насці, аб чым яна марыць. «Я чакала пачуць пра айфон або нейкія залатыя ўпрыгожванні, але сціплая дзявочая мара аказалася прасцейшай: дзяўчынка марыць прыйсці на лінейку ў Дзень ведаў у лоферах (туфлі без шнуркоў з акруглым носам. — Заўв. „Аўт“.). Мы, канешне, не маглі не выканаць яе мару. Для кагосьці гэта звычайная справа, а хтосьці марыць аб простым абутку. Кожнае дзіця павінна быць шчаслівым», — расказвае прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці, дапамагаючы дзяўчынцы абраць патрэбную мадэль.
Такі яркі на эмоцыі шопінг пакінуў чатырох Антропавых у захапленні, але на гэтым падарункі не скончыліся. На вуліцы сям’ю чакалі прадстаўнікі абласнога прафсаюза работнікаў АПК з канцылярыяй і іншымі прадметамі гардэроба, якія былі сабраны ў рамках унутранай акцыі. «Канешне, акцэнт зроблены на тым, каб аказаць дапамогу шматдзетным, малазабяспечаным, няпоўным сем’ям, дзе адзін з бацькоў выхоўвае дзяцей-школьнікаў. І галоўная задача — не пакінуць без увагі ні адно дзіця, каб ні адно з іх не адчула сябе абдзеленым. Каб яны, шчаслівыя, прыйшлі ў Дзень ведаў на лінейку ў прыгожай школьнай форме, з бантамі і цэлым партфелем канцылярыі. Напэўна, задача дарослых — сабраць гэты партфель мары і ўсе мары ў адзін партфель», — падзялілася Таццяна Дзіканава.
Дзмітрый Антропаў не хаваў слёз радасці і слоў падзякі. «Гэта вельмі добрая і патрэбная акцыя, вы аказалі нам значную падтрымку. Шчыры дзякуй, няхай ваша карысная справа працягваецца і прыходзіць у іншыя сем’і. Ведаеце, быць шматдзетным бацькам — гэта выдатна. Бываюць, канешне, цяжкасці, але ўсё вырашаецца. Па жыцці ўсё добра: дзеці малайцы, дапамагаюць мне і адно аднаму, я шчаслівы. Яны вельмі рады, што жывуць са мной, ганарацца мной, любяць. І я іх таксама моцна люблю», — заключыў глава сям’і.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Набліжаецца навучальны год. Бацькі прыкладаюць нямала намаганняў, у тым ліку фінансавых, каб падрыхтаваць дзяцей да школы. Затраты даволі значныя, асабліва калі ў сям’і не адзін вучань, а некалькі. У гэтых выпадках шматдзетным сем’ям, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей школьнага ўзросту, дзяржава ў рамках праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады аказвае матэрыяльную дапамогу.
Кожная сям’я разумее, колькі часу і сродкаў неабходна для таго, каб падрыхтаваць школьнікаў да пачатку новага навучальнага года. Часткова гэтыя клопаты бярэ на сябе дзяржава. У першую чаргу гэта аднаразовая матэрыяльная дапамога шматдзетным сем’ям ў памеры 30% ад пражытачнага мінімуму. Такім чынам, выплата на кожнага вучня складае каля 130 рублёў.
У сям’і Веранікі Станеўскай шасцёра дзяцей, з якіх чацвёра школьнікаў. Самы старэйшы, Дзіма, пойдзе ў шосты клас. Як ён сам заяўляе, усё неабходнае да школы ў яго ёсць: і адзенне, і заплечнік, і ўсялякія сшыткі-алоўкі. Вядома, такая экіпіроўка дазволіць яму адчуваць сябе ўпэўнена як на ўрачыстай лінейцы, так і на занятках.
У якасці аднаразовай дапамогі сям’я атрымала каля 500 рублёў. Пры правільным размеркаванні гэта сума — значны дадатак да планавых пакупак. Закупляецца сям’я, як правіла, альбо на рынку, альбо ў павільёнах гандлёвых цэнтраў. Свой унёсак у новы школьны гардэроб робяць і бабуля з дзедам.
— Закупляемся да школы паступова. Год таму паспрабавалі закупіцца оптам, але такая практыка не вельмі ўдалая, бо шукаць адначасова рэчы на ўсіх даволі марудна. Ды і дзецям цяжка вытрымаць такі доўгі працэс. Таму сталі выязджаць па двое, — расказвае жанчына аб асаблівасцях школьнага шопінгу. — У мяне чацвёра дзяцей-школьнікаў, усе хлопчыкі. Я прызвычаілася купляць не касцюмы, а асобна штаны і кашулі. Як правіла, іх трэба некалькі. У якасці абавязковага элемента школьнага адзення купляем камізэлькі, якія таксама шырока прапаноўваюцца. Цяпер усяго хапае, выбар вялікі, прычым на любы кашалёк.
Некалькі гадоў таму сям’я атрымала кватэру ў новым мікрараёне Грандзічы. Вераніка задаволена сучасным мікрараёнам — ёсць уся неабходная інфраструктура: школа, садок, тэрыторыя прыгожа добраўпарадкавана, у кожным двары ўстаноўлены комплексныя дзіцячыя пляцоўкі.
— Жыллё — вельмі істотная дапамога дзяржавы, мы атрымалі яго практычна бясплатна. І хаця крэдытная лінія адкрыта на 20 гадоў, выдаткі плаціць дзяржава. Атрымліваецца прыкладна 100 рублёў за месяц. Дзецям — бясплатнае харчаванне ў школе. Таксама напалову менш аплачваем дзіцячы садок, гурткі для малодшых дзяцей. Для вялікай сям’і гэта значна, — пералічвае Вераніка льготы сваёй сям’і.
Што датычыць харчавання, дзецям яно падабаецца. З мінулага года ў школе пачаўся эксперымент, які адчувальна паўплываў на якасць ежы. Па словах Веранікі, дзеці сталі лепш есці. У меню — пельмені, піражкі, кактэйлі, раз на тыдзень — гарачы суп, дзецям такое падабаецца. І бацькі задаволены.
У хуткім часе ў сям’і пачнецца звыклы рытм жыцця. Двое дзяцей адправяцца ў садок, чацвёра — у школу, бацькі, як заўсёды, — на работу. Сама Вераніка працуе на хлебакамбінаце, яе муж — токар на заводзе. Кажа, што свядома ўладкаваліся на дзяржаўныя прадпрыемствы, бо так сям’я адчувае сябе больш упэўнена і стабільна. Ёсць свой аўтатранспарт — умяшчальны «бусік», які дапамаглі купіць бацькі Веранікі. Дарэчы, дзеці вельмі любяць бываць у вёсцы, дзе жывуць бабуля з дзедам, амаль усё лета праводзяць там. У сям’і імкнуцца, каб дзеці былі дружныя паміж сабой і не адчувалі ні ў чым патрэбы. Заўважаю, што абодва хлопчыкі трымаюць у руках далёка не танныя смартфоны. Аказалася, што такія ж ёсць ва ўсіх дзяцей.
— Вядома, расходы ў нас значныя, — кажа Вераніка. — Але вялікая сям’я прыносіць радасць, тым больш што і дзяржава дапамагае дастаткова. Калі хтосьці скардзіцца, я заўсёды кажу: глядзіце, што робіцца ў свеце: вакол столькі жахаў, у нас — спакойная краіна, людзям даюць магчымасць працаваць, патрэбы ў асноўным задавальняюцца. Вядома, можна гаварыць аб заробках, хацелася б, каб яны былі вышэйшыя, асабліва ў выхавацеляў, педагогаў. Бо праца ў іх адказная.
Так атрымалася, што яшчэ адно знаёмства са шматдзетнай сям’ёй у многім супадае з папярэднім. У гродзенкі Вольгі Чывіль таксама чацвёра дзяцей-школьнікаў. А ўсяго сям’я выхоўвае пяцёра дзяцей. Самы малодшы ідзе ў трэці клас, старэйшая дачка — у дзявяты. Двое другіх — у восьмы і шосты. Старэйшы сын — навучэнец каледжа. Як і сям’я Веранікі, Вольга атрымала на дзяцей адрасную дапамогу ў памеры 500 рублёў. Калі ўлічваць, што на адзенне было выдаткавана 1200, то дапамога даволі адчувальная. «Усе дзеці пойдуць у школу ў абноўках. Адзенне, абутак — усё новае. У дзяўчынак — белы верх, сіні ніз.
У хлопчыкаў — такі ж расклад. Абавязковыя камізэлькі школа набывае цэнтралізавана», — расказвае шматдзетная маці.
У Вольгі няпросты лёс. Яна сама сірата, муж рана памёр, у цяжарнай жанчыны на руках засталося трое дзяцей. Пасля таго, як выйшла зноў замуж, сям’я папоўнілася пятым дзіцем. У сям’і дзве кватэры — трох- і двухпакаёўкі. Жыллёвае пытанне вырашаецца такім жа чынам, як і ў папярэдняй суразмоўніцы. Увесь крэдыт «пагашае» дзяржава. У школе харчаванне бясплатнае, за падручнікі плаціцца 50%. Такая ж зніжка шматдзетным сем’ям і ў кніжных крамах, дзе можна набыць сшыткі і розныя канцылярскія прылады.
— Стараюся закупляцца зараней, тады ёсць магчымасць большага выбару, карыстаюся акцыямі. У мяне зарплата невялікая, атрымліваю пенсію на дзяцей, муж нядрэнна зарабляе ў будаўнічай галіне. Сямейны бюджэт стараемся размеркаваць такім чынам, каб забяспечыць дзяцей і даць ім магчымасць развіваць таленты. Калі заняткі на фартэпіяна ў дзяржаўнай установе бясплатныя, то за бальныя танцы, баскетбольную секцыю, рэпетытарства трэба плаціць па поўным тарыфе. «Я не шкадую, што ў мяне вялікая сям’я. А дзецям расказваю, як гэта добра, калі ёсць браты і сёстры, ёсць да каго звярнуцца. Я ім расказваю, што такога вопыту не мела, таму хачу, каб у дзяцей былі побач родныя душы. Здаецца, яны мяне разумеюць», — сказала Вольга на развітанне. І ў гэтым ёй можна толькі пазайздросціць.
Наведваючы школьны базар, звяртаю ўвагу на шматдзетную сям’ю з малымі дзецьмі. Аказваецца, што ў школу сёлета пойдзе старэйшы сын. На яго падрыхтоўку шматдзетнай сям’і выдзелена аднаразовая адрасная дапамога ў памеры 130 рублёў. Выдаткі бацькі выкарысталі на набыццё касцюма і кашулі.
Па словах загадчыцы аддзялення Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Гродна Вольгі Назаравай, работа па інфармаванні сем’яў пачалася на пачатку лета, і да жніўня сем’і чатырох тысяч школьнікаў атрымалі адрасную дапамогу. Варта адзначыць, што раён — адзін з трох самых вялікіх па колькасці выплат, а адрасную дапамогу сёлета тут атрымалі на 900 чалавек больш, чым летась.
Як паведаміла галоўны спецыяліст Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Людміла Гацко, у вобласці аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымаюць бацькі амаль 30 тысяч школьнікаў з 14 тысяч шматдзетных сем’яў. Агульны памер дапамог дасягае без малога чатыры мільёны рублёў. Можна сказаць, што ўсе сродкі дайшлі да сваіх адрасатаў.
Але гэта не адзіныя выплаты. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на суму 150 тысяч рублёў паступіла 140 сем’ям, дзе выхоўваюцца больш за 370 дзяцей. Арганізацыі і прадпрыемствы, грамадскія аб’яднанні ў рамках дабрачынных акцый аказалі падтрымку 13 тысячам дзяцей Гродзенскай вобласці на суму 1,5 мільёна рублёў.
Для падрыхтоўкі да школы ва ўсіх раёнах прыняты дадатковыя меры па аказанні дапамогі шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям. Прыцягваюцца сродкі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых крыніц.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.