Старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава вяртаюць нас у пачатак XX стагоддзя. Тыя старадаўнія вуліцы, тыя дамы, іншы гарадскі ландшафт Гомеля сто і больш гадоў назад — уся гэтая прастора звязана з людзьмі, з яркімі, прыкметнымі і меней вядомымі асобамі. З тымі людзьмі, якія — хто ў Гомелі і ваколіцах, хто ў Беларусі і Расіі, ды і па ўсім свеце — стваралі новае жыццё, выпрацоўвалі ў нечым і наш сённяшні шлях у будучыню…
Згадаем імёны хоць бы некаторых руплівых нашых папярэднікаў, хто бачыў Гомель такім, якім ён прадстаўлены на рэпрадукцыях старых паштовак...
4 лістапада 1888 года ў горадзе на Сожы ў сям’і праваслаўнага святара нарадзіўся Аляксандр Сяргеевіч Уклонскі. У 1901 годзе, калі хлопчыку было ўжо дванаццаць гадоў, Уклонскія пераехалі ў Ташкент. Бацька пачаў выкладаць у Ташкенцкай гімназіі, якую Аляксандр закончыў у 1908 годзе. Затым малады чалавек паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Сваёй спецыяльнасцю наш зямляк абраў геалогію. Універсітэт Уклонскі закончыў па спецыяльнасці «Петраграфія». Дарэчы, першая навуковая праца студэнта называлася «Да петраграфіі ўрочышча Чымган».
Даследаванне малады чалавек напісаў на аснове матэрыялаў, якія сабраў падчас летніх вакацый, што праводзіў у Ташкенце. Пасля ўніверсітэта будучы акадэмік працаваў у Варшаўскім політэхнічным інстытуце, які на той час знаходзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе... У 1920 годзе Аляксандр Уклонскі вяртаецца ў Сярэднюю Азію. У 1920-х гг. ураджэнец Гомеля выступае адным з арганізатараў стварэння ў Ташкенце Сярэднеазіяцкага аддзялення Геалагічнага камітэта, на пляцоўцы якога з часам узнікае цэлы шэраг інстытутаў геалагічнага кірунку. Менавіта навуковыя даследаванні Аляксандра Уклонскага, непасрэдных яго вучняў і паплечнікаў даказалі няправільнасць распаўсюджанага раней меркавання, што руды ў Сярэдняй Азіі адсутнічаюць. У 1924 годзе Уклонскі арганізаваў разведку Аўрахміцкага радовішча флюарыту, яго здабычу і перапрацоўку. У 1927 г. пад кіраўніцтвам вучонага здзяйсняецца абгрунтаванне сыравіннай базы цэментнага завода ў Кувасаі. У 1928–1930 гг. Аляксандр Сяргеевіч арганізоўвае калектыў маладых геолагаў для разведкі радовішча серы. У выніку былі адкрыты і ўведзены ў эксплуатацыю Шарсуйскае і Чантыргашскае радовішчы. У лістападзе 1943 г., калі была заснавана Акадэмія навук Узбекскай ССР, А. Уклонскі выбіраецца яе акадэмікам. У 1943 г. нашаму земляку прысвойваюць званне заслужанага дзеяча навукі Узбекскай ССР... Памёр ураджэнец Гомеля ў Ташкенце ў 1972 г. і пахаваны на Боткінскіх могілках сталіцы Узбекістана. Чаму б у Ташкенце (Узбекістан) альбо ў Гомелі не назваць адну з вуліц у гонар Аляксандра Уклонскага? Акадэмік гэтага заслугоўвае, ды і такі крок быў бы добрым унёскам у беларуска-ўзбекскае сяброўства…
У Гомелі 3(15) 1897 года нарадзілася Эма Іосіфаўна Хейфец-Выгодская. Бацька яе працаваў акушэрам-гінеколагам у Навабеліцкай рабочай амбулаторыі. Эма закончыла ў 1922 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З таго часу пачала друкавацца з творамі прыгодніцкага характару, адрасаванымі ў асноўным дзецям. У 1930 годзе наша зямлячка выдала сваю першую кнігу — «Прыгоды Марка Твэна». А ў 1931-м — аповесць «Алжырскі палонны: незвычайныя прыгоды іспанскага салдата Сервантэса, аўтара «Дона Кіхота». Варта заўважыць, што кніга перавыдавалася яшчэ як мінімум чатыры разы — у 1933, 1936, 1937 і 1962 гг. Значыць, твор выклікаў немалую чытацкую зацікаўленасць. Памерла таленавітая пісьменніца 10 верасня 1949 года. У Гомелі нарадзіўся і муж Эмы — савецкі літаратуразнаўца, іспаніст, перакладчык Давід Выгодскі (1893–1943).
Гомель — радзіма рускага і савецкага літаратурнага крытыка Іаана Новіча (1906–1984). У 1933 г. наш зямляк закончыў Маскоўскі педагагічны інстытут імя У. І. Леніна. У 1920-я гг. быў адным з самых актыўных літаратурных крытыкаў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.
У 1934 годзе І. Новіча прынялі ў Саюз савецкіх пісьменнікаў. Першая кніга гамяльчаніна — «Песняры класавага міру: «Перавал» сёння» — выйшла ў 1930 г. ў серыі «Масавая крытычная бібліятэка». Іншыя кнігі доктара філалагічных навук, прафесара І. Новіча — «У баях за пралетарскую літаратуру», «У пошуках радасці», «Аляксандр Іванавіч Герцэн: крытыка-біяграфічны нарыс», «Духоўная драма Герцэна», «Жыццё Чарнышэўскага», «М. Горкі ў эпоху першай рускай рэвалюцыі», «Мастацкі запавет Горкага: «Жыццё Кліма Самгіна»…
Шмат выступаў наш зямляк і ў грамадска-палітычным і літаратурна-мастацкім перыядычным друку. Але мінулі дзесяцігоддзі — і імя літаратурнага крытыка, літаратуразнаўца аказалася забытым…
У горадзе на Сожы 15 студзеня 1914 года нарадзіўся Якаў Аляксандравіч Пеўзнер (Хацкелевіч). У яго біяграфіі быў такі эпізод, якога хапіла б на некалькі жыццяў. У 1941 годзе гамяльчанін быў накіраваны ў Кітай, на той час акупаваны японцамі. Афіцыйна працаваў дырэктарам арганізацыі «Саўэкспартхлеб». А галоўным яго клопатам была дзейнасць у складзе «шанхайскай пяцёркі» — групы савецкіх разведчыкаў, якая працавала супраць японскіх мілітарыстаў. У канцы 1942 года нашага земляка арыштавала японская жандармерыя.
Давялося прайсці і праз турму, і праз катаванні. Праз некаторы час разведчыка абмянялі... У 1961 годзе Якаў Пеўзнер абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў кіраўніком групы па вывучэнні Японіі. Дасягнуў у сваіх даследаваннях такога ўзроўню, што працу заўважылі і ў самой Японіі, адзначыўшы Я. Пеўзнера ордэнам Свяшчэннага скарбу ІІІ ступені. Атрымаў Якаў Аляксандравіч і Дзяржаўную прэмію СССР. Вучоны — аўтар кніг «Эканоміка Японіі пасля Другой ссуветнай вайны», «Уводзіны ў эканамічную тэорыю сацыял-дэмакратыі», «Крах камунізму і сучасныя грамадскія адносіны»…
У 1909 годзе ў Гомелі нарадзіўся мастак Леў Аронаў. Творца быў асабліва ўважлівы да тэмы яднання чалавека з прыродай. Яго творчай манеры ўласціва цяга да рэалізму і імпрэсіянізму, іншых сучасных мастаку кірункаў, у тым ліку і футурызму. Цяпер работы Аронава захоўваюцца ў калекцыях Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўнага Рускага музея, Гравюрнага кабінета Музея выяўленчага мастацтва імя А. С. Пушкіна, у прыватных зборах калекцыянераў жывапісу ў Расіі, Германіі, Францыі, іншых краін свету. Памёр Леў Ільіч Аронаў у Маскве ў 1972 годзе.
Блукаючы сёння па гомельскіх вуліцах з новымі назвамі, ведайце, што стагоддзе назад тут бавілі час будучыя пісьменнікі і разведчыкі, мастакі і вучоныя, падарожнікі і военачальнікі... Толькі яны хадзілі вуліцамі з іншымі назвамі — па Гімназічнай і Лібаўскай, Каўказскай і Захар’еўскай, Генеральскай і Брылёўскай, Аляксееўскай і Барона Нолькена, Пяскаватай і Адэскай, Палявой і Падгорнай...
Кастусь Лешніца
Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», лаўрэата Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне культуры і мастацтва Уладзіміра Ліхадзедава.
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.