Прайшло без малога паўгода, як старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў выбраны Ігар Брылевіч. Сённяшняя наша гутарка з членам Савета Рэспублікі, кіраўніком абласнога прадстаўнічага органа ўлады — аб рабоце дэпутатаў усіх узроўняў, аб ініцыятывах, якія становяцца рэальнымі справамі на месцах, аб практыцы выязных сесій і прэзідыумаў, аб асаблівасцях работы з насельніцтвам і не толькі.
— Ведаю, што вы, Ігар Максімавіч, пачыналі сваю работу ў якасці старшыні аблсавета з наведвання раёнаў, знаёмства з раённымі і сельскімі Саветамі. Якія ўражанні ад паездак, сустрэч з дэпутацкім корпусам на месцах?
— Сапраўды, стараюся болей бываць на месцах, сустракацца з людзьмі. На гэты раз у нас даволі значна памянялася кіруючае звяно і раённага, і пярвічнага ўзроўню прадстаўнічай улады. І хоць па ранейшай рабоце я няблага ведаю многія раёны вобласці, цяперашняе знаёмства адбываецца на новым узроўні. У камандзіроўках пачынаю з сустрэч з дэпутатамі райсаветаў, па магчымасці разам са старшынёй раённага Савета наведваем сельсаветы, дзе звяртаем увагу як на станоўчы вопыт, так і на праблемы развіцця тэрыторый.
Стараюся прысутнічаць на пасяджэннях райвыканкамаў, каб ведаць і ацэньваць сітуацыю ў кожным раёне.
— Якія высновы зроблены з першых паездак? Што ўсяляе аптымізм, на што можна і трэба абапірацца ў далейшай рабоце?
— Аптымізм усяляюць тыя справы і пачынанні, якія сведчаць пра нераўнадушнасць людзей, пра іх жаданне палепшыць свой горад альбо сваю вёску. Маю на ўвазе найперш рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. Насамрэч гэтых ініцыятыў вельмі многа, не заўсёды мы і ведаем пра іх, бо людзі іх нейкім чынам не афармляюць альбо не заяўляюць пра іх. Скажам, выйшлі пяць чалавек з суседніх дамоў і засыпалі праблемны ўчастак дарогі альбо сабраліся на невялікі суботнік і пасадзілі дрэвы насупраць сваіх двароў. Гэта і ёсць рэалізаваная ініцыятыва. Але часцей грамадзяне арганізоўваюцца з дапамогай мясцовай улады і вырашаюць канкрэтнае пытанне. Трэба імкнуцца, каб такіх пачынанняў было больш, каб як мага больш людзей уцягвалася ў добрыя справы. Для гэтага і праводзяцца конкурсы.
Нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу, арганізаванага абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Дарэчы, Законам «Аб мясцовым самакіраванні», які нядаўна быў дапоўнены адпаведным артыкулам, прадугледжаны ў тым ліку парадак суфінансавання грамадзянскіх ініцыятыў з бюджэту і сродкаў грамадзян. Трэба сказаць, што раёны праявілі сябе даволі актыўна.
— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра вынікі конкурсу і цікавыя ініцыятывы, якія ўжо рэалізаваны ў вобласці.
— Сёлета на конкурс было прадстаўлена дзесяць ініцыятыў. Жыхары рэгіёна прапаноўваюць устанавіць новыя манументы для захавання гістарычнай памяці, ініцыіруюць павелічэнне колькасці спартыўных гульнявых пляцовак. Яшчэ адзін кірунак датычыць добраўпарадкавання тэрыторый. Пяць пераможцаў сёлета атрымаюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю праектаў.
Напрыклад, у Ляхавіцкім раёне плануецца ўстанавіць помнік спаленым вёскам. Аўтары ініцыятывы ўжо падабралі ўчастак у вёсцы Марынава. Менавіта тут адбыўся першы бой на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паводле задумкі, манумент будзе ўяўляць сабой тры абгарэлыя коміны. Над імі ўздымаецца бусел як сімвал страчанага гнязда і загінулых у час вайны.
У Пінскім раёне маюць намер устанавіць скульптурную кампазіцыю ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта ініцыятыва належыць маладзёжнаму парламенту. На ўскраіне Пінска моладзь прапанавала паставіць помнік, які стане сімвалам укладу кожнага беларуса ў вызваленне роднай зямлі ад акупантаў.
Брастаўчане сваю ініцыятыву назвалі «Здаровы горад». У скверы па вуліцы Маскоўскай плануецца ўстанавіць комплекс вулічных трэнажораў. Прыхільнікі паляпшэння ваенна-патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі вучняў цэнтра «Шчыт» з Іванава аформілі ініцыятыву па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра. Вёску з 600-гадовай гісторыяй Моўчадзь Баранавіцкага раёна ўпрыгожыць арт-аб’ект «Зубр». Ён з’явіцца ў гонар 85-годдзя Брэсцкай вобласці і юбілейнай даты населенага пункта.
Дарэчы, Моўчадзь стане адным з адрасоў наведвання ўдзельнікаў рэспубліканскай нарады па пытаннях самакіравання, якая адбудзецца ў канцы верасня. Нарада пройдзе на базе горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Удзельнікі наведаюць школу № 1 Баранавічаў, дзе рэалізавана шэраг цудоўных ініцыятыў. Адна з іх увасоблена ў Музей народнага адзінства, дарэчы, першы падобны музей у нашай краіне. У школе вельмі шмат робіцца для выхавання ў дзяцей усведамлення неабходнасці падтрымання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, пра генацыд беларускага народа. У кантэксце гаворкі пра Баранавічы нельга абысці ўвагай яшчэ адну грамадзянскую ініцыятыву, не так даўно рэалізаваную. Гэта помнік нашым лётчыкам-героям — Мікіту Куканенку і Андрэю Нічыпорчыку.
Цяпер ёсць не толькі помнік, але і мемарыяльныя дошкі на вуліцах, названых у гонар афіцэраў-пілотаў, якія здзейснілі подзвіг у небе над горадам.
Сёння можна гаварыць і пра Пінскі раён, дзе гэта работа праводзіцца на належным узроўні. Адным са знакавых праектаў апошніх гадоў стала ўзвядзенне помнікаў героям вайны, якія праславіліся на Піншчыне. Тры помнікі ўжо ўстаноўлены. У вёсцы Лапаціна цяпер ёсць бюст Дзмітрыю Трэмасаву. Зусім малады хлопец, кулямётчык Дзмітрый Трэмасаў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях за вызваленне Піншчыны.
Таксама ўвекавечана памяць легендарнага партызанскага камандзіра Васіля Каржа, які ўзначаліў першы на тэрыторыі краіны партызанскі бой з ворагам. Дарэчы, амаль чатыры дзясяткі прадпрыемстваў розных формаў уласнасці прынялі ўдзел у фінансаванні помніка, які цяпер стаіць у вёсцы Ставок. Можна сказаць, што помнік Каржу зрабілі талакой. А крыху больш за месяц таму, 13 ліпеня, у вёсцы Пачапава адкрылі бюст Герою Савецкага Саюза гвардыі маёру Ціхану Калініну, які ў гэты дзень 1944 года загінуў падчас аперацыі па вызваленні Пінска ад нямецка-фашысціх захопнікаў. Як ужо гаварылася, адна з грамадзянскіх ініцыятыў, што перамагла ў конкурсе, датычыць узвядзення яшчэ аднаго памятнага знака да 80-годдзя Перамогі.
Ну, а падтрыманне ў належным парадку памятных месцаў заўсёды было на парадку дня мясцовай улады. Гэтая работа праводзіцца пастаянна. На гэтай рабоце мы засяроджваем увагу на нарадах, на пасяджэннях прэзідыума, на сесіях усіх узроўняў, у тым ліку выязных.
— Прапаную пагаварыць аб практыцы работы выязных сесій. Іх нярэдка называюць школай дзейнасці, асабліва для дэпутата-пачаткоўца. Ужо ў гэтым скліканні адна з сесій праходзіла з выездам на месца. Ці маеце намер далей практыкаваць такую форму работы дэпутатаў абласнога Савета?
— Вядома, будзем, бо выязная сесія — адна з найбольш эфектыўных форм работы дэпутатаў. На месцы ёсць магчымасць убачыць аб’ект альбо вытворчасць на свае вочы, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, каб адказна прымаць рашэнне, выпрацоўваць рэкамендацыі, засяроджваць увагу на праблемах. У новым скліканні мы правялі ўжо тры вялікія выязныя мерапрыемствы. На пасяджэнні прэзідыума аблсавета з удзелам старшынь раённых і сельскіх Саветаў разглядалі работу органаў самакіравання па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Для зручнасці работы ўдзельнікі нарады падзяліліся на тры групы, гэта дало магчымасць наведаць больш аб’ектаў. Такім чынам, паглядзелі прыклады добраўпарадкавання у Парахонску, Лагішыне, а таксама ў Пінску. У Пінску мы пазнаёміліся як з падыходамі да новай забудовы, так і з добраўпарадкаваннем старых кварталаў, дамоў, узведзеных у 60-я гады. На пленарным пасяджэнні ў асноўным засяродзіліся на праблемных пытаннях і шляхах іх вырашэння. Прагучаў шэраг прапаноў, якія стануць нагодай для разгляду як у абласным Савеце, так і, магчыма, у камісіях парламента.
Медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне сельскага насельніцтва сесія абласнога Савета разглядала на прыкладзе Брэсцкага раёна.
Была магчымасць не толькі наведаць амбулаторыі, ФАПы, магазіны, іншыя гандлёвыя аб’екты, але і паразмаўляць з людзьмі, пацікавіцца меркаваннем спецыялістаў і сельскіх жыхароў. Сесія атрымалася інфармацыйна насычанай, было што абмяркоўваць на пленарным пасяджэнні.
Дэпутаты наведалі амбулаторыю, у мадэрнізацыю якой укладзены вялікія сродкі, і ФАП, які перажыў бюджэтны рамонт, але цалкам адпавядае патрабаванням і выконвае сваю функцыю. Бо галоўным уяўляецца, каб людзі атрымлівалі своечасовую і якасную медыцынскую дапамогу.
Кіраўнікі гандлёвых арганізацый падчас сесіі ўздымалі праблемы, звязаныя з недахопам кадраў, адзначалі сацыяльную функцыю аўтакрамы. І гэтыя праблемы патрабуюць пастаяннай увагі ў тым ліку прадстаўнікоў мясцовай улады, важная актыўнасць кожнага дэпутата.
— Прысутнічала на двух выязных мерапрыемствах, пра якія вы сказалі, і звярнула ўвагу, што на падобных форумах заўсёды робіцца акцэнт на ролю дэпутатаў, іх прыклад...
— Вядома, у вобласці цяпер каля дзвюх тысяч дэпутатаў усіх узроўняў. Народныя выбраннікі павінны быць прыкладам ва ўсіх добрых справах. Часам, каб вырашыць канкрэтную праблему на якой-небудзь тэрыторыі, дастаткова той жа суботнік арганізаваць. Напрыклад, навесці парадак на могілках. Па сваёй ранейшай рабоце ведаю, што гэта не дробязнае пытанне. Напрыклад, у адной з вёсак Пінскага раёна вясной людзі выйшлі і прыбралі могілкі, папярэдне сабралі значную суму грошай на іх добраўпарадкаванне. А ў суседняй вёсцы аб’явілі суботнік, але ніхто не прыйшоў. Гэта гаворыць аб тым, што мы недастаткова праводзім тлумачальную, выхаваўчую работу. І яшчэ, як паказвае практыка, больш актыўнымі ў агульных справах выступаюць людзі старэйшага пакалення, людзі з савецкай загартоўкай. У той час паехаць на сельгасработы, выйсці на суботнік было за правіла, бо панавала псіхалогія ўсеагульнага калектывізму. А потым не паспелі азірнуцца, як ёй на змену прыйшла заходняя псіхалогія індывідуалізму. І вось мы маем, што маем: прадстаўнікі маладзейшага пакалення нярэдка чакаюць ад улады, каб пасадзілі клумбу, прыбралі лішнюю расліннасць, умоўна кажучы, насупраць іх дома. І з гэтым трэба змагацца. Ідэалагічнае імпартазамяшчэнне сёння не менш важнае, чым эканамічнае. Трэба вяртаць традыцыі спрадвечнай беларускай талакі. Бо вядома, што тую спартыўную пляцоўку, якую ўладкавалі разам, альбо клумбу, якую разбілі агульнымі намаганнямі, жыхары дома, вуліцы, мікрараёна будуць і берагчы разам. Усё сказанае і ёсць клопат мясцовых Саветаў.
— Нярэдка чуем: «А што можа мясцовая ўлада? У яе няма сродкаў, асобнага бюджэту»...
— Насамрэч можа шмат. Тыя дакументы, якія рыхтуюцца і прымаюцца ў рамках нашых паўнамоцтваў, маюць сілу закона на сваіх тэрыторыях. Пры іх распрацоўцы варта ўлічваць асаблівасці тэрыторыі, кола людзей, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне дакументаў. Гэта датычыць усіх узроўняў, пачынаючы з сельскага Савета, які можа прыняць рашэнне, напрыклад, па безгаспадарчай пабудове, канкрэтным участку зямлі. Раённы Савет у рамках паўнамоцтваў прымае рашэнне ў межах раёна, і так па прыступках — да парламента, рашэнне якога становіцца абавязковым для ўсіх. Трэба толькі праяўляць актыўнасць, не шкадаваць часу і намаганняў пры выпрацоўцы і афармленні прапаноў, як і ў выпадках з грамадзянскімі ініцыятывамі. У рэшце рэшт усе нашы намаганні накіраваны на паляпшэнне дабрабыту людзей і захаванне міру на нашай зямлі, а перадумовай для гэтага з’яўляецца стваральная праца ўсіх і кожнага члена грамадства.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.