Алесь Хітрун — вядомы на Гродзеншчыне збіральнік гістарычнай, літаратурнай памяці. Больш за дзесяць гадоў працуе навуковым супрацоўнікам Лідскага гістарычна-мастацкага музея, з’яўляецца куратарам Дома Валянціна Таўлая — адмысловага філіяла Лідскага музея. Некаторы час узначальваў літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» пры рэдакцыі раённай газеты «Лідская газета». Мы вырашылі пагутарыць з дасведчаным даследчыкам і вопытным арганізатарам музейнай справы пра літаратурнае краязнаўства.
— Алесь, што ёсць у вашым уяўленні літаратурнае краязнаўства?
— Гэта вельмі шырокае паняцце. У яго ўваходзіць не толькі збіранне літаратурных скарбаў, але і грунтоўнае вывучэнне іх. З літаратурай ідзе побач фальклор, за ім — этнаграфія, а таксама дыялекталогія, затым — тапаніміка і г. д. Гэта значны трывалы ланцужок і добры кавалак працы для даследчыка.
Мастацкі твор можа ўзнікнуць і на глебе народнай творчасці, зыходзячы з ведання народнага жыцця, усіх яго адметнасцяў. Некаторыя з такіх мастацкіх твораў у мінулыя гады лічыліся народнымі, ананімнымі. Важнай асаблівасцю ў перадачы рэальнага жыцця павінна служыць і жывая мова. Так, гэта тая найкаштоўнасць, якая перадаецца нам з мінулага, той фундамент, на якім трымаецца той ці іншы населены пункт.
А яшчэ, паверце, на любой тэрыторыі ёсць свае адметнасці ў гаворках. Яны, гэтыя адметнасці, заўважны і сёння. Іх неабходна захаваць — гэта ж моўныя залацінкі! З падобным узорам мастацкай літаратуры мы ўжо знаёмы. Яго пакінуў нам Іван Мележ у рамане «Людзі на балоце», пакінулі іншыя пісьменнікі.
А няўжо не павінна чытача цікавіць, адкуль паходзіць аўтар, адпаведна, адкуль паходзіць і сам твор, а можа, нават і герой? Чым значная, чым прыкметная тая мясціна, у якой нарадзіўся літаратар? Якая адметнасць гэтай тэрыторыі праявілася ў напісанні твора? У гэтую зацікаўленасць прывядзе ўжо другая навука — тапаніміка.
Сувязі з іншымі навукамі можна прыводзіць і далей. А абагуліць увесь гэты стос гісторыя. Так з розных кірункаў даследаванняў і складваецца літаратурнае краязнаўства.
— Вы доўгі час працуеце над захаваннем, музеефікацыяй памяці пра Валянціна Таўлая. Як лічыце, маштаб якога пісьменніка варты захавання праз стварэнне музея? Дзяржаўнага ці грамадскага музея…
— Каб падысці да разгляду гэтага пытання, неабходна вызначыць, у чым жа заключаецца дзейнасць таго творцы. Які след пракладзены ім? Якую ролю адыграла напісанае ім у развіцці грамадства?..
Не так даўно, калі даводзілася мне даследаваць жыццё і творчасць Валянціна Таўлая, фонд якога захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, выпала магчымасць пагутарыць з архівісткай, даследчыцай беларускай літаратуры Ганнай Вячаславаўнай Запартыка, якая на той час узначальвала гэтую ўстанову. Дык яна зрабіла слушную для мяне папраўку, прамовіла, што Таўлай — гэта не толькі паэт, ён вышэй паэта. І гэтая тэарэма мяне прыўзняла таксама. Разгадаць яе выпала мне за гонар. Адказ ляжыць на паверхні. Жыццё Валянціна Таўлая — гэта хадзьба па лязе нажа. У маладыя гады ён заклікаў народ звацца беларусамі, і было гэта ў той час, калі насельніцтва Заходняй Беларусі знаходзілася пад пятою паланізацыі. За свае ўчынкі ў маладыя гады паэт быў пазбаўлены волі. Аднойчы, згадваў былы міністр асветы Міхаіл Мінкевіч, калі падчас зняволення ў Гродне ў верасні 1939 года ўсіх палітычных вязняў хацелі расстраляць, дык Таўлай першы сярод іх ганарова ўздымаў галаву і моцна, так, каб усе пачулі, даносіў праз краты словы з верша Уладзіслава Бранеўскага «На смерць рэвалюцыянера». А калі казаць пра час Вялікай Айчыннай вайны, Таўлай не меней рызыкаваў сваім жыццём. Прымаючы ўдзел як сувязны ў дзейнасці партызанскага атрада імя Катоўскага (брыгады імя Дзяржынскага), а затым уваходзячы ў дыверсійную групу «Буравеснік», па заданні камандавання ён дае згоду «працаваць» на немцаў, разумеючы, што гэта канспірацыя можа дарагога каштаваць. Фашысты, паліцаі маглі б яго закатаваць, расстраляць, калі б толькі ведалі, хто ён ёсць на самай справе, якіх поглядаў прытрымліваецца. І пры гэтым ён прадаўжае прыдумваць розныя псеўданімы, накшталт Мсцівец, якімі падпісваецца пад творамі ў агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пабачыў краты Валянцін Таўлай і ў Лідзе падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым зняволенні ён напісаў шэраг пранізлівых вершаў. Адзін з іх — «Сон Гітлера», які потым знойдзе месца на старонцы агітплаката, што высмейваў фашыстаў і іх прыслугачоў.
Барацьба з польскай уладай, з нямецка-фашысцкім рэжымам — чым не подзвіг у імя свайго беларускага народа?! У творах паэт і разгортвае сваю місію на зямлі. У гэтым жа і заключаецца гераізм, які варты таго, каб аб ім помнілі нашчадкі.
Дзеля ўшанавання такіх асоб павінны патурбавацца дзяржава, усё грамадства. У Лідзе дом, дзе жыў В. Таўлай, — гэта адзіны аб’ект, што звязаны з памяццю пра легендарнага заходнебеларускага паэта і які ўцалеў да нашага часу. І ўжо хутка як 15 гадоў ён з’яўляецца музеем — аб’ектам менавіта дзяржаўнай установы Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Няхай ён і невялікі, з камернымі выставачнымі заламі, але ж працуе з падтрымкай дзяржавы. Да 110-годдзя з дня нараджэння ВалянцінаТаўлая ў дом паэта былі перададзены матэрыялы з 15 самых розных арганізацый (з музеяў, архіваў, бібліятэк), дзе захоўваецца яго эпісталярная спадчына. Супрацоўніцтва, звязанае з перадачай архіўных матэрыялаў, было наладжана ці не ўпершыню. Падзея прайшла маштабна, урачыста, па-дзяржаўнаму.
— На ваш суб’ектыўны погляд, ці дастаткова ў нас літаратурных музеяў? У знак памяці каго варта адкрыць, заснаваць пісьменніцкія музеі на Гродзеншчыне?
— Так склалася з часам, што наведвальнасць такіх профільных музеяў скарачаецца. Патрэбен пошук навацый, таму музейшчыкі стараюцца ісці ў нагу з часам, ствараюць анімацыйныя пераўтварэнні, ладзяць тэатралізацыі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Такая праца пракладзена з той мэтай, каб прадметы, экспанаты цяпер самі гаварылі за сябе, каб дух таго ці іншага гаспадара лунаў у музейнай прасторы.
У народзе кажуць: «Быў час, была эпоха». Так, менавіта тыя асобы і сталі неўміручымі. Ім ставяць помнікі, у іх гонар называюць вуліцы, адкрываюць музеі. Раней пісьменнік з’яўляўся нібыта боскай асобай, перад ім здымалі капелюшы. А што цяпер? Не хачу крыўдзіць сучаснае пакаленне, але народнае выказванне пра тое, што «і жук і жаба цяпер пішуць», з кожным годам набывае сугучны часу сэнс. Угнацца за найлепшым друкаваным прадуктам не паспяваеш. Паліцы ў бібліятэках, крамах перапоўнены кнігамі, а чытачоў усё менш і менш. Папяровую кнігу цяпер замяніў электронны адпаведнік, які стаў зручнейшы чытачу-прыхільніку. Тое ж і з літаратурнымі музеямі — ствараюцца віртуальныя выстаўкі, адбываюцца знаёмствы з экспазіцыямі праз QR-коды, працуюць аўдыягіды, інтэрнэт-сайты і г. д. Безумоўна, сярод гэтага бурлівага жыцця яшчэ застаюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення, якім даспадобы пазнаёміцца з музеем сам-насам, ужывую. Але ва ўсялякім разе месца літаратурным музеям у асветніцтве, культурным жыцці павінна быць: ці то яны будуць размяшчацца ў дзяржаўных установах, прыватных арганізацыях ці пры грамадскіх аб’яднаннях. Часам грамадскія музеі, створаныя пры адукацыйных установах, насычаны не горш за тыя, што месцяцца ў асобных будынках.
На Гродзеншчыне ёсць літаратурна-краязнаўчы музей у Астрынскай сярэдняй школе, што ў Шчучынскім раёне. Гэта адзіны музей у Беларусі, які прысвечаны класіку беларускай літаратуры Цётцы — Алаізе Пашкевіч. Там вучні самі праводзяць экскурсіі. Кіруе работай настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ала Балобан. Музей мае статус «народны». У вучэбна-педагагічным комплексе Крупаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, што на Лідчыне, працуе таксама не меней цікавы музей — «Час. Падзеі. Людзі», у якім сабраны матэрыялы пра знакамітага чылійскага вучонага і нашага суайчынніка Ігната Дамейку. Таксама з удзелам вучняў праходзяць экскурсіі, прыязджаюць знакамітыя людзі, цікавяцца гісторыяй земляка. Доўгі час адказваў за гэты музей настаўнік гісторыі Іван Гівойна. Ведаю, што і ў Скідзельскім дзяржаўным каледжы ёсць літаратурна-краязнаўчы музей імя Міхася Васілька, кіраўнік якога — Святлана Сарокіна.
Гродзеншчына — гэта тэрыторыя, калыскай якой сталі знакамітыя людзі, што праславілі Беларусь далёка за межамі: Янка Брыль, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Аляксей Карпюк... Пэўна, варта згадаць імёны такіх майстроў прыгожага пісьменства, як Валянцін Блакіт, Вячаслаў Адамчык, Аўгіння Кавалюк, Уладзімір Калеснік, Адам Мальдзіс, Артур Цяжкі... Яны таксама заслугоўваюць увагі і пашаны. Безумоўна, адводзяцца месцы і для іх кніг з дароўнымі надпісамі, рукапісамі ды іншым матэрыялам дзеля захавання. І ўжо няважна, у якім музеі: ці то пры адукацыйнай установе, грамадскім або дзяржаўным. Час потым раскладзе ўсё на свае месцы. Народ выбірае свайго дзеяча-куміра, толькі народ павінен палічыць яго заслугі, ацаніць вартасць асобы дзеля ўшанавання памяці. Валянцін Таўлай, Міхась Васілёк, Васіль Быкаў — хіба яны імкнуліся ствараць сабе музеі? Бясспрэчна, не. Жылі як усе людзі, тварылі, а не вытваралі. І таму мы бачым сёння станоўчы вынік іх дзейнасці, станоўчую грамадскую адзнаку зробленага імі.
— Якія формы работы па стварэнні сістэмы мясцовага літаратурнага краязнаўства падаюцца вам найболей вартымі: канферэнцыі, краязнаўчыя чытанні, мясцовы друк, турыстычныя экскурсіі ці нешта іншае?
— У кожнага праяўляецца свой густ, вызначаюцца ўласныя прыярытэты. І тое і іншае заслугоўвае месца быць. Калі казаць ад сябе, даволі суб’ектыўна, то прызнаюся, што апошнімі гадамі мне спрыяе быць, прысутнічаць ва ўсіх гэтых формах і форумах. У большасці ў публічнай сферы, на канферэнцыях, чытаннях, з падрыхтаванымі загадзя дакладамі. Мінулы год быў насычаны для Ліды. Мы адзначылі 700 гадоў з дня заснавання горада. Галоўнай пярлінай у нас з’яўляецца Лідскі замак. У ім жа (дзве секцыі), а таксама ў Доме Валянціна Таўлая (трэцяя секцыя) і была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя «Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі» сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Ужо не першы год у раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзяцца «Лідскія чытанні», у якіх прымаюць удзел не толькі навукоўцы, але і моладзь, школьнікі. Усе матэрыялы потым знаходзяць сваё месца пад адной вокладкай: бібліятэчнымі намаганнямі выходзяць адпаведныя зборнікі.
Што датычыцца мяне асабіста, то ў свой час я распрацаваў маршрут па вуліцах і аб’ектах горада «сТАЎЛенне», па адрасах, якія звязаны з жыццём і творчай дзейнасцю беларускага паэта Валянціна Таўлая. Нельга абысці і адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага «Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі...», які праходзіць у Мажэйкаве і які арганізоўвае аддзел культуры Лідскага райвыканкама.
— Грамадства, наступныя пакаленні чытачоў могуць шмат што страціць з літаратурнай памяці народа, калі не рупіцца над мемарыялізацыяй пісьменніцтва. Якія ў гэтым ключы ініцыятывы, на ваш погляд, падаюцца лагічнымі? І ў плане помнікаў, назваў вуліц, мемарыяльных дошак…
— Вось гэта, сапраўды, балючае пытанне. Падрастаючае пакаленне ўсё менш цікавіцца мінулым. Ад кагосьці я чуў, што калі Янка Купала быў запрошаны на нейкае пасяджэнне, то пабачыў сярод прысутных і маладых людзей. Калі яму далі слова, то ён прамовіў нешта накшталт такога: «Бачу я вас, маладыя. Але ж чамусьці ў вас слаба гараць вочы. Вось хоць бы адзін чалавек з гэтай сотні выйшаў у людзі і заняў нішу ў пісьменніцкім асяродку...»
Хтосьці ці то жартам, ці то ўсур’ёз казаў, што калі распытвалі моладзь, хто такі Якуб Колас і Янка Купала, то адказвалі, што гэта адзін і той самы чалавек, а яшчэ і такое адказвалі нават, што яны прыдуманыя людзьмі. Але ж пакуль не ўсё згублена. Ёсць жа той, хто захавае гэтую памяць і перадасць наступным. Толькі якім чынам ён гэта зробіць? Так, тут павінна парупіцца і дзяржава, і грамадскія аб’яднанні, і прыватныя арганізацыі. Бясспрэчна, тая асоба, якая адказна ставілася да пастаўленых задач і займалася творчымі справамі, — гэта яе жыццёвыя будні, якія прыносілі асалоду, а чалавек гэты ў сваю чаргу ствараў настрой, працаваў на карысць людзям. І ён жа, на маю думку, не імкнуўся сябе ўвекавечыць у шыльдах і помніках. У гэтым рэчышчы у адказ за неабыякавасць, за талент і працаздольнасць аддзячыць павінны людзі, народ, соцыум. І гэтая падзяка павінна парадаваць шмат каго яшчэ пры жыцці. Сваіх людзей трэба ведаць у твар, ужывую. Якім чынам? У правядзенні конкурсаў і фестываляў, названых у гонар такіх асоб. Дадзены падыход добра адпрацаваны ў спартыўным асяроддзі.
А чаму не арганізоўваць нешта падобнае і з літаратарамі? Глядзі, і ўжо іншыя захочуць быць падобным на гэтага героя. Гэта датычыцца сучасных творцаў. А вось ужо сама мемарыялізацыя звязана з памяццю пра чалавека, калі яго не стане. Пры жыцці — конкурсы, фестывалі, а ўжо пасля смерці — шыльды на будынках, назвы вуліц, помнікі — даніна памяці, стварэнне музеяў і экспазіцый.
У 2014 годзе ў свой 85-гадовы юбілей ганаровы грамадзянін Лідскага раёна Аляксандр Каранюк прэзентаваў аўтабіяграфічную кнігу «Сэнс жыцця». Гэтае выданне — споведзь руплівага старшыні калгаса «Бердаўка», які сваім жыццём і справамі пакінуў для нашчадкаў адну з яркіх старонак у стваральную гісторыю Лідчыны савецкага часу. Кніга — летапіс роду Каранюкоў ад канца XІX стагоддзя да нашых дзён. Аўтар раскрыў лёсы родных, блізкіх, аднавяскоўцаў, а праз іх — лёс заходнебеларускай вёскі на працягу больш чым стагадовага адрэзка часу. Аўтар імкнуўся згадаць усіх, з кім перасякаліся жыццёвыя дарогі, з кім разам ствараў «новую» Бердаўку. Дарэчы, пры жыцці ў аграгарадку Бердаўка адна з вуліц ужо была названа яго імем. На 92-м годзе жыцця, у 2021-м, Аляксандра Аляксандравіча не стала. У тым жа, 2021-м, на 98 годзе жыцця пакінуў гэты свет яшчэ адзін яркі прадстаўнік краязнаўчага руху Лідчыны — Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч, які да апошняй хвіліны неабыякава ставіўся да свайго краю, выдаў дзве кнігі — «Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі» (пра сваю радзіму — вёску Дзітрыкі) і «Сялец. Прынёманская рэчаіснасць» (пра вёску Сялец, у якой ён пражыў большую частку жыцця). Абедзве кнігі — узор даследаванняў і напісання гісторыі вёскі. Пра ветэранаў-краязнаўцаў я згадаў тут не дзеля прыгожага слоўца. Яны — яскравы прыклад для тых, хто хоча пакінуць важкі след у гісторыі і не пайсці ў бяспамяцтва.
Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.