У Выдавецкім доме «Звязда» прайшла сустрэча з народным пісьменнікам Казахстана, ураджэнкай Беларусі Любоўю ШАШКОВАЙ. Аўтар многіх паэтычных і публіцыстычных кніг (адзін са зборнікаў вершаў у перакладзе Міколы Мятліцкага на беларускую мову пабачыў свет і ў Мінску). Любоў Кансанцінаўна прыехала ў Беларусь, каб папрацаваць над зборам матэрыялаў для даследвання пра беларуска-казахскія літаратурныя, гуманітарныя сувязі, выхад якога ў свет прымеркаваны да 90-годдзя стварэння Саюза пісьменнікаў Казахстана. Пісьменніца пабывала ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, наведала Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
У Выдавецкім доме «Звязда» Любоў Канстанцінаўна правяла перамовы з намеснікам дырэктара — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксеем Чаротам. Размова ішла пра пашырэнне прасторы беларуска-казахстанскіх літаратурных сувязяў на сучасным этапе. Аляксей Іванавіч адзначыў, што і газета «Літаратура і мастацтва», і штодзённая грамадска-палітычная газета «Звязда» прыкладваюць нямала намаганняў для адлюстравання сучаснага літаратурнага працэса ў Казахстане. У апошнія гады на старонках літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў у перакладзе на беларускую мову былі змешчаны творы Алжаса Сулейменава, Любові Шашковай, Нурлана Аразаліна, Бахытжана Канап’янава, Улугбека Есдаўлета, Валерыя Міхайлава, Бахыта Каірбекава і іншых паэтаў вялікай і багатай на культуру краіны. Сярод перакладчыкаў — Мікола Мятліцкі, Валерыя Радунь, Таццяна Сівец, Людміла Хейдарава, Пятро Жаўняровіч, Рагнед Малахоўскі, Адам Шостак і іншыя. Творчасць казахстанскіх мастакоў слова не абмінае і штогадовы літаратурна-мастацкі альманах перакладаў «Далягляды». Шмат сіл і намаганняў для прадстаўлення на яго старонках казахскай літаратуры прыкладвае ўкладальнік Віктар Шніп.
У Беларусі падзеяй у галіне мастацкага перакладу стаў зварот Міхася Пазнякова да пераўвасаблення славутай эпапеі Мухатара Аўэзава, прысвечанай легендарнаму казахскаму паэту, асветніку, мысляру Абаю Кунанбаеву. І Аляксей Чарота, і Любоў Шашкова звярнулі ўвагу на тое, што пра зробленае беларускім перакладчыкам варта шырэй расказваць у друку. Добра было б на здзейсненае звярнуць увагу і беларускім і казахстанскім літаратуразнаўцам.
Любоў Канстанцінаўна з’яўляецца і намеснікам галоўнага рэдактара папулярнага рускамоўнага літаратурна-мастацкага часопіса
«Простор», які выдаецца ў Алматы з 1933 года. Пісьменніца адзначыла тое, што часопіс быў і застаецца творчай пляцоўкай і для аўтараў з Беларусі.
У час размовы ў «Звяздзе» не раз гучала імя казахстанскага літаратуразнаўца кандыдата філалагічных навук Святланы Ананьевай, чые даследванні, артыкулы па тэме беларуска-казахстанскіх літаратурных сувязяў не аднойчы друкаваліся ў беларускай перыёдыцы, у часопісах «Беларуская думка» , «Нёман». У Мінску выйшлі кнігі Святланы Ананьевай і Алеся Карлюкевіча, прысвечаныя беларуска-казахстанскім літаратурным стасункам. Святлана Віктараўна не аднойчы ўдзельнічала ў міжнародных круглых сталах у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, у мінскім міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час».
У час «звяздоўскай» сустрэчы дасягнута дамоўленасць пра новыя публікацыі беларускіх аўтараў у Казахстане, пра развіццё кантактаў сярод творчай моладзі Беларусі і Казахстана.
Мікола БЕРЛЕЖ