Чарговы працоўны семестр падыходзіць да завяршэння. І хоць некаторыя студатрады яшчэ будуць запатрабаваны на асенні перыяд, асноўная іх частка завяршыла сваю работу. Згодна з данымі абласнога штаба па каардынацыі і кантролі за работай студэнцкіх атрадаў, у Гродзенскай вобласці сёлета працаўладкавана больш за восем тысяч чалавек. Некаторыя ўдзельнікі студатрадаў падзяліліся ўражаннямі і расказалі, колькі яны зарабілі падчас летняй працы.
Да летняга працаўладкавання студэнтаў і школьнікаў на Гродзеншчыне падыходзяць сур’ёзна. У абласным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі расказалі аб значнай падрыхтоўчай рабоце напярэдадні працоўнага маладзёжнага руху. Зацікаўленых у працы маладых людзей знаёмяць з асноўнымі відамі работ на вызначаных аб’ектах, якіх налічваецца некалькі сотняў. Заключаюць працоўныя кантракты.
Значную ўвагу студатрадаўскаму руху ўдзяляюць мясцовыя ўлады, у прыватнасці, на пасяджэнні абласнога штаба па каардынацыі і кантролі за дзейнасцю студатрадаў. Колькасць іх удзельнікаў значна вырасла за мінулы год і дасягнула васьмі тысяч чалавек. Сёлета было вырашана планку не зніжаць, а нават падняць. Такім чынам, стаяла задача забяспечыць работай 8200 чалавек.
У штабе лічаць, што маладым людзям трэба даць магчымасць заняцца справай і зарабляць грошы сумленнай працай. У сувязі з гэтым у вобласці рэалізоўваецца ўвесь неабходны комплекс мерапрыемстваў. У прыватнасці, усе раёны вобласці вызначыліся з прадпрыемствамі і сельгасарганізацыямі, якія прымуць студэнцкія атрады, а іх было створана 420. Дарэчы, значную колькасць працаўладкаваных сёлета склалі вучні школ. Другое месца па масавасці займаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы, затым ідуць каледжы.
Самым шматлікім сярод ВНУ стаў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы. Студатрады таксама створаны ў Гродзенскіх медыцынскім і аграрным універсітэтах. Дарэчы, медыцынскі і сэрвісны атрады з прадстаўнікамі гродзенскага рэгіёна працуюць у расійскіх аздараўленчых лагерах «Марская хваля» і «Арляня».
Тыя, з кім удалося пагутарыць пасля заканчэння працоўнай змены, ахвотна дзеляцца ўражаннямі, што атрымалі ў працэсе работы. Пры гэтым і заробак належны. Напрыклад, студэнт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Мікалай Статкевіч, камандзір студатрада, за месяц зарабіў 1300 рублёў. Пры тым, што праца некваліфікаваная, пераважна — санітарамі.
Медыцынскі атрад «Арытмія» ў складзе 15 чалавек працуе ва ўніверсітэцкай клініцы ў Гродне ў розных аддзяленнях. Сам Мікалай набіраўся вопыту ў хірургіі. Кажа, што праца хоць і нялёгкая, але цікавая.
— Паступова ўцягнуўся ў гэту работу, атрымаў вельмі патрэбны досвед. Заўважыў, што многія нашы студэнты, асабліва першакурснікі, ідуць сюды з вялікім жаданнем, бяруць шмат дзяжурстваў, і пры гэтым ніхто не скардзіцца. Наадварот, ідуць з энтузіязмам, — дзеліцца назіраннямі Мікалай. Іх атрад будзе працаваць да канца жніўня.
Усяго ў медыцынскім ВНУ створана каля двух дзясяткаў атрадаў, большасць з якіх медыцынскія, але ёсць сэрвісныя і будаўнічыя.
А вось самая вялікая колькасць моладзі задзейнічана ў сферы сельскай гаспадаркі. У іх ліку — сэрвісны атрад «Экіпаж» Гродзенскага раёна, які створаны на базе сельгаспрадпрыемства «Гродзенскі». Камісар атрада, вучань СШ № 27 Гродна Ілья Кабушэўскі расказаў, што сёлета іх атрад у складзе 20 чалавек працаваў на добраўпарадкаванні тэрыторыі сельскай школы, у прыватнасці, займаліся афарбоўкай бетоннай агароджы.
— Мы працавалі, згодна з заканадаўствам, чатыры гадзіны ў дзень, змена заняла 11 дзён. Работа нескладаная, мы яе хутка асвоілі. За гэты перыяд атрымалі каля 400 рублёў. Такія атрады таксама працавалі ў лясгасе на праполцы ў гадавальніку, на гародніннай фабрыцы, у гаспадарках. Мы ўдзельнічалі таксама ва ўсіх маладзёжных мерапрыемствах, а на фестывалі студатрадаў наша візітка заняла першае месца. Яшчэ ў нас была традыцыя віншаваць удзельнікаў атрада з днём нараджэння, мне таксама пашчасціла атрымаць падарунак у сувязі з гэтым, — кажа Ілья.
Аб тым, што жыццё было даволі насычаным, успамінаюць і іншыя студатрадаўцы. У іх ліку — студэнткі ГрДУ імя Я. Купалы Вікторыя Арцукевіч і Святлана Статкевіч. Дзяўчаты — будучыя педагогі, і летні семестр прысвяцілі рабоце ў педагагічных атрадах на базе аздараўленчых летнікаў. Напрыклад, Вікторыя тры змены правяла ў якасці выхавацеля ў дзіцячым летніку «Сузор’е» Гродзенскага раёна. Іх атрад носіць імя Канстанціна Заслонава. Члены атрада працавалі спортінструктарамі, педагогамі-арганізатарамі, важатымі. За змену, якая доўжыцца 15 дзён, можна атрымаць 400–500 рублёў.
— Добра, што студэнты педагагічных спецыяльнасцяў маюць магчымасць сюды прыехаць і набрацца вопыту, некаторыя праходзяць тут практыку, бо такая работа вучыць ладзіць з дзецьмі, — расказвае Вікторыя.
— Летнік — гэта месца не столькі для заробку, колькі для эмоцый, успамінаў, для праяўлення сябе, — падтрымлівае сваю калегу Святлана. — У летнік трэба прыязджаць працаваць, і нават калі адчуваеш выгаранне, дзеці самі прыйдуць на дапамогу і адцягнуць ад сумных думак. Дарэчы, я заўважыла, што яны тут амаль не карыстаюцца тэлефонамі, бо цікава і без гаджэтаў. Гэта было вельмі незвычайна.
Святлана правяла працоўны семестр у летніках «Купалінка» і «Зорка». Кажа, напачатку перажывала, што дзеці не будуць слухаць, бо розніца ва ўзросце не такая вялікая. Але аказалася, што гэтыя хваляванні марныя, бо дзеці, асабліва тыя, хто прыязджае не першы раз, вельмі паважліва ставяцца да работнікаў, ва ўсім дапамагаюць. Ад гэтага, кажа яна, хацелася працаваць яшчэ больш.
Студэнтка лічыць, што лета не прайшло дарма, наадварот, гэты час быў вельмі насычаны эмацыянальна. А галоўнае — яна атрымала вельмі важны вопыт як у наладжванні кантактаў, так і ў фарміраванні характару.
ГрДУ імя Янкі Купалы — лідар студатрадаўскага руху сярод ВНУ рэгіёна. А самыя шматлікія тут менавіта педагагічныя атрады, якія налічваюць 470 чалавек. Як правіла, іх удзельнікі працуюць у дзіцячых летніках Гродзенскай вобласці. Звычайна адпрацоўвалі 2-3 змены, але некаторыя нават заставаліся на ўсе пяць.
Як расказала начальнік аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў ГрДУ імя Я. Купалы Іна Астроўская, апошнім часам гродзенцы сталі выязджаць за межы рэгіёна. Вядзецца супрацоўніцтва з лагерам «Зубраня» Мінскай вобласці. Сёлета ўпершыню выязджалі ў маладзёжны летнік пад Пінскам, што на Брэстчыне.
Таксама ў ГрДУ створаны і працуюць будаўнічыя атрады. Большасць з іх задзейнічаны на аб’ектах Гродна і Астраўца. Днямі два атрады прыступілі да работы на абласной маладзёжнай будоўлі. Такі статус сёлета прысвоены будаўніцтву анкалагічнага дыспансера, а таксама рэканструкцыі корпуса Гродзенскага абласнога цэнтра фтызіятрыі. Студэнты таксама вядуць рамонтныя работы і ў інтэрнатах свайго ўніверсітэта.
Увогуле, геаграфія дзейнасці студатрадаў ГрДУ даволі шырокая. Так, вытворчыя атрады працавалі на прадпрыемствах «МАЗ», «Атлант», гродзенскіх прадпрыемствах «Малочны Свет», «Радыёхваля», кансервавым заводзе. Сёлета 15 чалавек у складзе сэрвіснага атрада працавалі праваднікамі на Беларускай чыгунцы. Напярэдадні яны прайшлі адпаведныя курсы. ВНУ цесна супрацоўнічае з прадпрыемствам «Гроднавідэапракат», куды накіроўваюцца студэнты для работы адміністратарамі, барменамі, афіцыянтамі.
Не першы год універсітэт супрацоўнічае з сельгаспрадпрыемствам «Пагранічны». Як правіла, сюды выязджаюць атрады для збору яблыкаў. Вось і сёлета туды адправяцца студэнты-купалаўцы.
— Новай тэндэнцыяй студатрадаўскага руху можна назваць той факт, што атрады працуюць не толькі летам, а круглы год. Студэнты ў гэтым зацікаўлены, бо ёсць магчымасць прайсці практыку і адначасова атрымаць заробак. Да таго ж работа ў студатрадах станоўча ўплывае на асабісты рэйтынг. Гэта таксама добры стымул для таго, каб стаць іх удзельнікамі, — канстатуе Іна Астроўская.
Акрамя працы, байцы студатрадаў вобласці рэалізоўваюць цэлы шэраг праектаў. У іх ліку — стартавы праект «Выбіраем студатрад». Як расказала другі сакратар абкама БРСМ Наталля Станюкевіч, яго мэта — расказаць кожнаму маладому чалавеку аб магчымасцях працаўладкавання. Тэрытарыяльныя штабы фарміруюць базу даных ахвотных, затым — склад атрадаў.
Напрыклад, у Гродзенскім аграрным універсітэце некалькі гадоў таму пачаў дзейнічаць патрыятычны праект «Зімовы маршрут», да якога далучаюцца іншыя навучальныя ўстановы. Развіваецца таксама праект «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады». Летась імёны знакамітых землякоў, герояў вайны і працы прысвоены 540 атрадам вобласці.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота ўдзельнікаў студатрадаў
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.