Гэтай восенню дызайнеры і стылісты раяць адмовіцца ад «культу рэчаў» і празмернага спажывання, а ствараць лагічныя і зразумелыя вобразы пад дэвізам «пазбаўляемся ад непатрэбнага». Жыццё стала занадта складаным, каб ускладняць яшчэ і вобразы, пераконваюць нас прафесіяналы свету моды, і мы ад душы з імі пагодзімся. Ну а як дадаць у свой просты восеньскі вобраз модную разыначку, зараз раскажам.
Сумаваць з нагоды адыходзячага лета і надыходу восені — частка нашай ментальнасці: тое, што з дзяцінства выхоўваецца (у тым ліку праз творы беларускай і рускай літаратуры са школьнай праграмы) і ў грамадстве вітаецца. Але аб чым тут сумаваць? Па-першае, ранняя восень (пакуль свеціць сонейка і не пайшлі зацяжныя дажджы), мабыць, — самая прыгожая пара года ў нашай сярэдняй паласе. І, па-другое, гэта выдатная нагода, каб у ідэале хаця б злёгку абнавіць гардэроб. А калі на гэта няма сродкаў, натхнення або і таго, і другога, можна, уступіўшы ў шэрагі адэптаў разумнага спажывання, паспрабаваць скамбінаваць ужо наяўныя «луівітоны» (нават калі яны родам з найбліжэйшага рэчавага рынку) у новых вобразах і прачытаннях.
Галоўныя колеры надыходзячага сезона відавочныя для тых, хто сочыць за трэндамі. І гэта — чырвоная гама: у першую чаргу бардо, вінны, вішнёвы. У гэтыя тоны стылісты «фарбуюць» усё, да чаго могуць дацягнуцца: блэйзеры і пінжакі, спадніцы мідзі, міні і максі, верхняе адзенне і сумкі, штаны і ўпрыгожванні, брутальную скуру (MSGM, Khaіte) і бязважкі шыфон (Saіnt Laurent). Зрэшты, неабавязкова «аблівацца вішнёвым сіропам» з галавы да ног, можна выкарыстоўваць трэндавы колер толькі ў акцэнтах і дэталях. Напрыклад, дадаць у вобраз актуальныя, падкрэслена простага дызайну красоўкі ў вішнёвым ці чырвоным колеры. А самы бюджэтны спосаб надаць вобразу вастрыні — бардовыя (чырвоныя) калготкі. Каляровыя калготкі — у цэлым трэнд гэтай восені. І асабліва актуальныя, як вы, мусіць, ужо здагадаліся, чырвоныя, вінныя, бардовыя, вішнёвыя. Прыйшлі на подыумы, а з іх — на вуліцы, чырвоныя калготкі яшчэ мінулай зімой, беларускія модніцы пачалі насіць іх вясной. І будучай восенню трэнд, здаецца, стане мэйнстрымам. Хоць калі дызайнеры яго толькі прапаноўвалі, то не прадракалі яркім калготкам вялікую будучыню. І памыліліся — народу спадабалася. Зрэшты, актуальныя будуць не толькі калготкі ў чырвонай і бардовай каляровай гаме, але і зялёныя (у прыватнасці, хакі), жоўтыя, белыя, фіялетавыя, карычневыя і насычана-шэрыя.
Ну а калготкі ў вінных тонах камбінаваць варта з актуальным шэрым, як мы гэта рабілі мінулай вясной: спакойны шэры ўраўнаважвае выбуховы характар чырвонай гамы і вобраз атрымліваецца арыстакратычным і вытанчаным.
Сумкі ў восеньскім сезоне актуальныя вялікія. Ёмістыя тоўты, якія прыйшлі на змену мікрасумкам яшчэ некалькі сезонаў таму, але пакуль заставаліся незаслужана недаацэненымі, здаецца, нарэшце заваююць свет. Бо гэта адзін з самых практычных трэндаў. Актуальныя шоперы са скуры або замшы.
Дарэчы, аб замшы. І ўвогуле пра 1970-я. Менавіта імі — культурай музыкаў і мастакоў тых часоў, а таксама субкультурай хіпі — натхняліся дызайнеры, ствараючы калекцыі для гэтай восені і зімы. Так што калі на гарышчах і антрэсолях завалялася нешта з мамінай ці нават бабулінай маладосці (а раптам?) — смела дастаём: рэч можа аказацца дарэчы. Кароткія сукенкі А-сілуэта (як у жонкі вынаходніка Шурыка ў «Іван Васільевіч змяняе прафесію» ці спадарожніцы рэжысёра Якіна, якая марыла паляцець з ім у Гагры), а таксама А-сілуэта спадніцы рознай даўжыні, шыфон і стракатыя кашулі, туфлі на масіўным абцасе з квадратнымі насамі і раменьчыкамі, штаны клёш (іх дызайнеры спрабавалі ўкараніць у масы яшчэ некалькі сезонаў назад, але тады яны чамусьці модніцам не палюбіліся)... І, вядома, замша: дублёнкі, сумкі, спадніцы і наогул любыя вырабы з гэтага матэрыялу будуць на грэбні моднай хвалі.
Зрэшты, ваш замшавы вобраз можа быць вырашаны і элементамі каўбойскага стылю. Нараўне з падкрэслена мінімалістычнага дызайну красоўкамі самым трэндавым абуткам восеньскага сезона стылісты называюць высокія «казакі», яны ж «каўбойскія боты». Стылізаваць іх рэкамендуецца з прыталенымі жаноцкімі сукенкамі або джынсамі (асабліва актуальна — з джынсавым total look). Бахрама, замшавыя кашулі ў бэжавых тонах, замшавыя ж пінжакі ў колеравай гаме «шакалад» і курткі ў не менш актуальным хакі — усё гэта можна ўбачыць, паглядзеўшы фота і відэа з восеньскіх паказаў.
Сюды ж, у 1970-я, адсылае нас і стыль боха, які будзе актуальны восенню і зімой. Дадаць у вобраз багемнай рамантыкі дапамогуць блузы з аб’ёмнымі рукавамі. Насіць іх рэкамендуецца з джынсамі і бацільёнамі, а таксама ў якасці ніжняга пласта пад аверсайз-світар — каўнер, манжэты і падол блузы павінны выглядваць. Але і класічнага крою штаны і лодачкі блузе ў стылі боха — годныя партнёры. А калі хочацца эклектыкі, спалучаем рамантычны верх з актуальным нізам са скуры (якая ўвосень таксама на модным Алімпе) — спадніцай ці штанамі. Можна аддаць даніну стылю боха і ўсяго толькі з дапамогай аксэсуараў — буйных завушніц-калец або доўгіх падвесак.
Экаскура цалкам чакана перавандравала з вясновага сезона — 2024 у восеньскі. Прычым дызайнеры неверагодна актыўна выкарыстоўвалі гэты матэрыял у сваіх калекцыях для будучага халоднага сезона: са скуры (штучнай і нават натуральнай, хоць гэта цяпер многія лічаць маветонам) ствараліся курткі і пінжакі, штаны і спадніцы, паліто і плашчы, камізэлькі і нават гальштукі. Сярод фаварытаў — класічны варыянт (чорная скура), а таксама варыянт трэндавы (чырвоныя і вінныя адценні) і насычаныя карычневыя тоны. Фактуры вітаюцца розныя: матавыя, глянцавыя, з цісненнем.
Восень — час утульных світараў. І ў гэтым сезоне абіральныя аб’ёмныя мадэлі: яны былі, як кажуць модныя блогеры, «на хайпе» пару сезонаў назад і цяпер вяртаюцца. Паколькі гаворка ідзе пра восень, то непазбежна будзе станавіцца ўсё халадней і халадней. Прастату, утульнасць і функцыянальнасць дызайнеры ўвасобілі ў світары з высокім горлам. Прычым на піку папулярнасці — рэчы, якія імітуюць ручную вязку, а ў ідэале — уласна, ручной работы. Калі вяжаце — бярыцеся за спіцы. Калі не — папрасіце маму або бабулю звязаць вам, і гэты прадмет гардэроба стане модным акцэнтам восені.
Застаецца з намі шматслойнасць — трэнд, які трымаецца ўжо не адзін сезон і выдатна падыходзіць для сырой беларускай позняй восені і зімы. На правілах стварэння шматслаёвага вобраза мы неяк спыняліся. Цяпер толькі нагадаем, што самы просты спосаб — вытрымліваць прынцып «Чым бліжэй да цела, тым танчэйшы пласт». Можна і па-іншаму, але гэта больш складана і патрабуе некаторай нагледжанасці.
Актуальны дзелавыя касцюмы са штанамі або спадніцай рознай даўжыні, пінжакі і асабліва клетка. У будучым сезоне ў клетачку (прычым клетка можа быць розных памераў і колераў) не толькі кашулі, але і паліто, штаны, спадніцы, касцюмы, пінжакі і аксэсуары.
А паліто і плашчы гэтай восенню ў модзе кароткія, і што, як мне падаецца, сумна (хоць многім, вядома, трэнд спадабаецца). Мы ўжо паспелі прывыкнуць да доўгіх, да пят, досыць аб’ёмных мадэляў, якія выцягваюць сілуэт і здольныя схаваць пад сабой і лішнія аб’ёмы, і непрадуманы вобраз. На жаль, іх час сыходзіць. На змену прыходзяць мадэлі кароткія — да сярэдзіны сцягна (як павінны выглядаць такія сілуэты, можна падгледзець у калекцыях Prada або Ferragamo) і нават да таліі (натхняемся паказамі Mіu Mіu). Дарэчы, такія кароткія мадэлі ўжо актыўна прапаноўвае масмаркет. Калі падабаецца — прымяраем.
Пасля некалькіх сезонаў аверсайза, свабодных джынсаў і доўгіх кашуль навыпуск, футурызму і стылістыкі 1990-х, пасля некалькіх гадоў у стылі «каралева бензакалонкі» модны маятнік хіснуўся ў іншы бок. Мода ўзяла курс на жаноцкасць. Папулярныя спадніцы lady lіke, прыталены крой (хоць аверсайз пакуль што таксама не здае пазіцый). Вяртаючыся да вечных ісцін, сусветныя брэнды прадставілі шырокай грамадскасці жаноцкія сілуэты сукенак, пінжакоў, паліто. Гэтай восенню нам раяць часцей апранаць спадніцы: штаны няхай носяць мужчыны — у прамым і пераносным сэнсе. А мы будзем дзяўчатамі! Вітаецца «офісная» даўжыня мідзі, не губляюць актуальнасці вузкія спадніцы максі. А яшчэ гэты сезон адзначаны трыумфальным вяртаннем даўжыні міні (хоць, уласна кажучы, міні-спадніцы вярнуліся на подыумы ўжо некалькі сезонаў таму). Ну, а калі хочаце моднай разыначкі, сшыйце сабе спадніцу... з дзіцячага пакрывала або накідкі на канапу. Жартую, вядома. Але найболей актуальныя ў гэтым сезоне, па меркаванні шэрагу вядомых дызайнераў (Сarven, Sandy Lіang), міні і мідзі з тканін незвычайных фактур. Наўрад ці такую сустрэнеш у масмаркеце, але можна ўспомніць школьныя ўрокі працоўнага навучання, купіць фактурную тканіну, узброіцца нажніцамі, дастаць з далёкага кута забытую швейную машынку... Зразумела, для адважных, але калі правільна стылізаваць такую рэч, ваш вобраз атрымаецца яркім і цікавым.
Застаецца актуальнай гэтай восенню празрыстасць (цяпер празрыстымі могуць быць не толькі ўжо лангслівы і спадніцы, але і кашулі строгага класічнага крою). Карысны элемент гэтай восені з падкрэслена жаноцкага арсенала моды — карункі. Спалучаць карункавыя рэчы, каб «прыгасіць» іх гуллівы характар, стылісты рэкамендуюць з рэчамі строгімі, дзелавога стылю (як гэта рабіць, паказалі дызайнеры Valentіno). І яшчэ адна дэталь, якую вітае мода гэтай восені, — банты. Пачалі насіць іх на сукенках, блузах і нават у валасах мы гэтым летам, і з надыходам восені яны застануцца з намі. Прычым упрыгожваць бантамі дызайнеры раяць нават паліто і світары.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.