Парламентарый Юрый Наркевіч бывае там, дзе працуюць, вучацца, лечацца, адпачываюць выбаршчыкі.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч выбраны па Пружанскай акрузе № 9. У склад акругі ўваходзяць Пружанскі і Бярозаўскі раёны. Старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве плённа працуе ў сваёй акрузе. Юрый Наркевіч бывае ў гаспадарках, на прамысловых прадпрыемствах, навучальных установах, наведвае гандлёвыя аб’екты і медыцынскія ўстановы, прымае ўдзел у пасяджэннях райвыканкамаў і сельсаветаў. У калектывах, на прыёмах грамадзян размова ідзе аб надзённых праблемах.
Самымі прыемнымі момантамі работы ў акрузе дэпутат называе свае візіты да ветэранаў, шаноўных людзей акругі. Напрыклад, у маі, калі мы адзначалі Дзень Перамогі, Юрый Іосіфавіч пабываў у гасцях у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Аляксандраўны Бабрук у Шаняўскім сельсавеце Пружанскага раёна. Летась жанчына адзначыла 100-гадовы юбілей, але свайго дэпутата сустрэла, як той казаў, пры поўным парадзе. Шчыра дзякавала за ўвагу, падарункі і нават разам з усімі спявала сваю любімую «Кацюшу».
У Бярозаўскім раёне адным з адрасоў наведвання парламентарыя стаў завод «Бярозабудматэрыялы». Там ужо амаль паўгода працуе новая комплексная тэхналагічная лінія па вытворчасці буйнафарматнай керамічнай пліткі і керамаграніту. Бярозаўская плітка вядомая ў краіне і карыстаецца попытам у пакупнікоў. Дэпутату прадэманстравалі ўсе этапы вытворчасці, ён пазнаёміўся з умовамі працы людзей, абмеркаваў з кіраўніцтвам асаблівасці работы ў сучасных умовах, пацікавіўся далейшымі планамі развіцця вытворчасці. Яшчэ праз месяц дэпутат пабываў у фірменным магазіне прадпрыемства, пазнаёміўся з асартыментам прадукцыі, пагаварыў з пакупнікамі.
А на пасяджэнні Бярозаўскага райвыканкама найбольш засяродзіліся на праблемах. На пасяджэнні прысутнічаў таксама старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Слуцкі. Юрый Наркевіч падкрэсліў, што Бярозе жыццёва неабходная чацвёртая школа:
— Гэтай ідэі ўжо нямага гадоў. Але прыйшоў час яе рэалізаваць. Райцэнтр забудоўваецца вельмі актыўна. Што датычыць кварталаў індывідуальнай забудовы, яны літаральна наступаюць на пяты праектам.
Людзі будуюць дамы, паляпшаюць жыллёвыя ўмовы, у сем’ях нараджаюцца дзеці. Нельга дапускаць вялікія чэргі ва ўстановы адукацыі. Усе у Бярозе чакаюць новую сучасную школу, — заключыў дэпутат.
На мінулым тыдні ў ходзе рабочай паездкі па Пружанскім раёне дэпутат наведаў бальніцу сястрынскага догляду ў Сухопалі, дзе пазнаёміўся са спецыфікай работы ўстановы, умовамі пражывання хворых. Парламентарый падкрэсліў, што падтрымка адзінокіх састарэлых грамадзян з’яўляецца адным з асноўных кірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У сацыяльную палітыку таксама арганічна ўпісваецца клопат пра падрыхтоўку школьнікаў да новага навучальнага года. Дэпутат вывучыў пытанне на прыкладзе суседняга з Сухопалем аграгарадка Муравы. Тут якраз праходзіў вясковы школьны базар.
У ходзе экалагічнага фестывалю «Спораўскія сенакосы» Юрый Наркевіч падтрымліваў каманды касцоў, праяўляў актыўнасць на многіх лакацыях фэсту.
— Фестываль «Спораўскія сенакосы», як і галоўны яго сімвал — вяртлявая чаротаўка, — даўно сталі брэндамі Бырозаўскага раёна, — сказаў дэпутат. — Мы любім гэту птушку, любім прыроду і шмат робім для таго, каб перадаць гэтае багацце нашым будучым пакаленням. Бярозаўскі раён мае добры прамысловы патэнцыял, развітую аграрную галіну. Акрамя таго, раён мае ўсе падставы ганарыцца ўнікальнай прыродай, перш за ўсё, сваімі балотамі. Адзін гектар балота, як вядома, паглынае тону вуглякіслага газу, балоты — лёгкія нашай планеты. Фестываль некалі быў задуманы як нагода прыцягнуць увагу да праблемы захаванасці балот і са сваёй задачай спраўляецца. Год ад году паляпшаецца праграма фестывалю, ён збірае ўсё больш людзей.
Такі пасыл дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў лічыць адным з галоўных у сваёй рабоце парламентарыя.
У дэпутатаў цяпер гарачая пара. Гэта той перыяд, калі ідзе адказная і насычаная падзеямі работа ў акругах. Вось і ў рабочым графіку Алега Раманава пазначаны прыёмы, сустрэчы ў працоўных калектывах, выезды да працаўнікоў жніва, дыялогі з моладдзю і многае іншае. Літаральна напрыканцы мінулага тыдня дэпутат сустрэўся са старшакласнікамі Гродзенскага раёна ў аздараўленчым летніку «Сузор’е».
— Сёння моладзі трэба паведаміць дакладна, чым жыве наша Беларусь, што адбываецца ў свеце. Маладыя людзі з-за свайго максімалізму, недахопу ведаў схільныя да імпульсіўных рашэнняў, не заўсёды прадуманых і адказных. Таму важна, каб моладзь сустракалася з людзьмі, якія па сваёй прафесійнай дзейнасці маюць досвед у грамадска-палітычных справах, дапамагаць ім сацыялізавацца. Трэба больш грунтоўна пазнаваць грамадства, у якім жывеш, і больш правільна і адэкватна ў ім дзейнічаць, — патлумачыў сваю пазіцыю дэпутат.
Адной з дзейсных форм узаемадзеяння з выбаршчыкамі Алег Раманаў лічыць асабістыя прыёмы. Часам прыходзіцца разбірацца ў складаных пытаннях, звязаных з нерухомасцю альбо зямельнымі ўчасткамі. Разам з тым ёсць і звароты з просьбай пасадзейнічаць у паляпшэнні той ці іншай інфраструктуры. Напрыклад, нядаўна такі зварот датычыў рамонту баскетбольнай пляцоўкі ў Гродне. Алегу Раманаву, як намесніку старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, даводзіцца выслухоўваць просьбы і пажаданні, звязаныя з яго непасрэднй работай у дадзенай камісіі.
— Бывае так: чалавек лічыць, што яго правы ў нечым ушчэмлены, і просіць аказаць падтрымку. Такім чынам можа суадносіцца работа ў камісіі і ў акрузе. Бо чалавек мае права на здаровае, бяспечнае і шчаслівае жыццё, — канстатуе дэпутат. — І тыя сустрэчы, якія мы праводзім у працоўных калектывах, накіраваны на тое, каб даводзіць да людзей палітыку нашай дзяржавы — канструктыўную, міралюбівую, стваральную, якая накіравана на тое, каб забяспечыць нармальнае жыццё, даць магчымасць развівацца, абараняць усе яго неад’емныя правы.
Дэпутат звяртае ўвагу на тэму інфармацыйнай бяспекі. Аб гэтым, дарэчы, ішла гаворка падчас нядаўняй сустрэчы з калектывам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Галынка» Гродзенскай вобласці. Суразмоўнік прызнаецца, што і сам у якісьці момант захапіўся тэлеграм-каналамі і мог гадзінамі чытаць навіны. Але раптам зразумеў, што гэта не ўзбагачае, а толькі шкодзіць. Тады і было прынята рашэнне засцерагчы сябе ад празмернага патоку навін, а пакінуць некалькі афіцыйных каналаў, якія даюць правераную інфармацыю ў сціслым выглядзе. «Кожны павінен клапаціцца аб інфармацыйнай гігіене», — робіць выснову дэпутат і акцэнтуе ўвагу на тым, што сёння няма больш надзейнай крыніцы інфармацыі, чым дзяржаўныя СМІ. Яны не імкнуцца за кошт фэйкаў і лжы набраць аўдыторыю, а абапіраюцца толькі на праўду і абараняюць нацыянальныя інтарэсы.
Важным пунктам у сваёй рабоце Алег Раманаў лічыць узаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі. Іх ролю нельга недаацэньваць. Бо, па сутнасці, справы гэта тыя сілы, якія выбудоўваюць гарызантальныя сувязі ў грамадстве, згуртоўваюць яго, дазваляюць людзям сумесна рэалізоўваць нейкія праекты, актыўнасці. Увогуле, дэпутат стараецца данесці свой галоўны пасыл: поспех краіны залежыць ад кансалідацыі грамадства. Прычым не толькі поспех, але і само захаванне дзяржавы без гэтага проста немагчыма.
— Цяпер любая раз’яднанасць, канфлікты, унутраныя звады — не проста шлях да аслаблення, гэта шлях да разбурэння. Таму асноўная залача — гэта адзінства народа, агульнае прыняцце чалавечых каштоўнасцяў і на гэтай аснове паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё, — лічыць Алег Раманаў.
Хутка новы навучальны год, і вучні ды іх бацькі актыўна рыхтуюцца да гэтай падзеі. Традыцыйна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка наведала сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, і зрабіла ім падарункі да школы.
— Наша грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын» штогод праводзіць акцыю «Збяром партфель разам», і я як член гэтай арганізацыі трэці год удзельнічаю ў дабрачынным марафоне, — расказвае дэпутат. — Адрасы сямей, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, якія пойдуць у першы клас, мне падказваюць у Магілёўскім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які падтрымлівае акцыю. Яны жывуць у вёсках Магілёўскага раёна: гэта і Вейна, і Васход, і Мяжысеткі, і Палавінны Лог, і Бутрымаўка. Наведваю прыкладна 10 сямей. Заўсёды наведваю маці з сур’ёзнай інваліднасцю, якая выхоўвае дзвюх дачок. Жанчына фактычна не можа выйсці з кватэры, патрэбна дапамога. Таму прыязджаю туды і раблю дзецям падарункі, хаця яны ўжо і не першакласнікі. Хочацца, каб сустрэчы былі не фармальныя, каб дзеці ім радаваліся. Падарункі купляю сама, падбіраю рэчы на працягу года, дзесьці спадабаліся размалёўкі для дзяўчынак або нешта цікавае ўбачыла для хлопчыкаў. І заўсёды кранае, калі малыя зазіраюць у пакет і ў захапленні ўсклікаюць: «Клас!» На жаль, ёсць дзеці з такімі паталогіямі, якія нават не ў стане сказаць гэтыя словы. Яны вельмі хвалююцца ў чаканні вялікай у іх жыцці падзеі.
Дэпутат заўважае, што ў сем’ях, дзе растуць дзеці, якія маюць нейкія праблемы са здароўем, заўсёды асаблівая атмасфера. Бацькі там больш шчырыя і радуюцца, здаецца, дробязям. Іх дзецям бывае не проста сацыялізавацца ў калектыве, і трэба шмат цярпення і намаганняў, каб пераадолець цяжкасці. Асабліва важна падтрымаць дзяцей, якія ідуць у першы клас, каб яны селі за парту з настроем, не адчулі расчаравання.
— На што мы не арыентуемся, дык гэта на дабрабыт сям’і, — кажа Наталля Тарасенка. — Нашы візіты — гэта знак увагі, напамін пра тое, што дзяржава думае пра ўсіх. Тым, у каго цяжкая сямейная сітуацыя, асабліва важны нават маленькі клопат. У іх не заўсёды атрымліваецца кудысьці выехаць і нешта купіць. Мы робім невялікі падарунак, а далей яны ўжо самі дакупляюць усё, што неабходна. На першых парах хопіць,
а потым бацькі будуць арыентавацца на тое, што ім скажуць дакупіць у школе. Заўсёды ўражваюць сем’і, якія робяць усё магчымае для развіцця свайго дзіцяці. Паталогіі бываюць вельмі сур’ёзныя, разумею, наколькі гэтым дзецям будзе складана вучыцца нават у спецыяльным класе. Заўсёды з асаблівым пачуццём стаўлюся да бацькоў такіх дзяцей. Стараюся дапамагчы усім парадай, справай. Пытаюся, ці ёсць неабходнасць аказання нейкай экстраннай дапамогі. Шмат хто звяртаецца менавіта па школьных пытаннях, памятаючы, што я калісьці ўзначальвала райаддзел па адукацыі. Некаторыя просяць парады як у педагога.
Падчас работы ў акрузе дэпутат наведала не толькі сем’і, але і школы, глядзела, як яны падрыхтаваліся да новага навучальнага года. Сёлета ў Магілёўскім раёне праводзілася асабліва шмат капрамонтаў устаноў адукацыі. У Кадзінскай школе капрамонт быў летась, сёлета праведзены яшчэ і касметычны. Дэпутат пабывала там і засталася задаволеная. Да гэтай школы ў яе асаблівыя адносіны: ёй яна прысвяціла больш за 20 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці, пачынала тут у якасці настаўніцы пачатковых класаў, а потым узначаліла яе. Тут жа ў рамках праекта «ШАГ да поспеху» ў яе адбылася сустрэча з дзецьмі з Белгародскай вобласці, якія адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Каласок» у Магілёўскім раёне.
— Хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі мне шмат пытанняў, — кажа суразмоўніца. — Яны з увагай слухалі пра тыя праекты, над якімі мы працуем. Я расказала пра Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», пра тое, што дагэтуль адкрываюцца новыя факты злачынстваў, якія адбываліся на нашай зямлі. А напрыканцы нашай сустрэчы падарыла ім на памяць кнігі пра Беларусь.
— Нам трэба цаніць тое, што мы маем, бо гэта вельмі проста страціць, — рэзюмуе парламентарый. — Вакол нас адбываюцца вельмі трагічныя падзеі, і трэба быць мужнымі і адзінымі ў сваіх памкненнях. У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб дзеці мелі роўныя правы і магчымасці. Каб кожны з іх мог рэалізавацца і знайсці занятак па душы і прыносіць сваёй вучобай, дзейнасцю, работай карысць грамадству.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Маргарыта УШКЕВІЧ
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з тг-каналаў і сайтаў дэпутатаў
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.