Вы тут

Як захаваць ураджай бульбы да вясны?


Лета амаль праляцела, і неяк неўзаметку падкралася восень. Агароднікі «дамаўляюцца з канём», бяруцца за рыдлёўкі: у Беларусі стартуе штогадовы сезон уборкі бульбы.


Добры ўраджай бульбы са свайго прысядзібнага або дачнага ўчастка — узнагарода за працу. І хочацца без страт захаваць яе вынік, каб парадаваць сям’ю смачнымі стравамі са сваёй бульбачкі і на Новы год, і ў лютым, і нават у сакавіку. Пра тое, як правільна захоўваць бульбу, расказвае навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій вытворчасці, абароны і захоўвання бульбы РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Віталь Сердзюкоў.

— Гэтымі днямі ў Беларусі стартуе сезон уборкі бульбы новага ўраджаю: не толькі на палях сельгаспрадпрыемстваў, але і ў асабістых прысядзібных гаспадарках, на дачных «сотках». Давайце пагаворым аб тым, як захаваць ураджай бульбы. Аснову правільнага захоўвання клубняў мы закладваем яшчэ на этапе іх уборкі?

— Лёжкасць клубняў залежыць непасрэдна ад якасці матэрыялу, які закладваецца, і ўмоў захоўвання. На захоўванне трэба закладваць толькі якасную бульбу з мінімальнай колькасцю механічных пашкоджанняў. А каб ваша бульба была менавіта такой, неабходна выканаць шэраг тэхналагічных аперацый, адна з якіх — перадуборачнае выдаленне бацвіння зялёных раслін. Гэтым этапам агароднікі-аматары часам грэбуюць, і дарма. Выдаленне бацвіння дазваляе зменшыць ступень траўмавання клубняў пры ўборцы.

Бацвінне — далоў!

— Асноўны спосаб выдалення бацвіння пры аматарскім вырошчванні бульбы — механічны, іншымі словамі, уручную. На невялікіх пляцоўках можна выкарыстоўваць трымер, а калі пасадкі займаюць значную плошчу, некаторыя агароднікі карыстаюцца бацвіннезбівалкай, што агрэгуецца з трактарамі. З моманту выдалення бацвіння да пачатку ўборкі павінна прайсці 2-3 тыдні, каб лупіна клубняў дасягнула дастатковай трываласці. Але трэба ўлічваць, што больш працяглае знаходжанне клубняў у глебе павялічвае небяспеку іх паражэння ўзбуджальнікамі хвароб, — падкрэслівае навуковец.

— Ці трэба прыбіраць зрэзанае бацвінне з бульбяных насаджэнняў перад тым, як пачаць капаць бульбу?

— Перад уборкай, пасля таго як раслінныя рэшткі (бацвінне, пустазелле) падсохнуць, іх можна выдаліць за межы поля, каб выключыць цяжкасці пры ўборцы. Заўважу, што ў ранніх, сярэдняранніх, а часам і ў сярэдняспелых сартоў бульбы ў залежнасці ад тэрмінаў пасадкі і пагодных умоў бацвінне засыхае натуральным спосабам (вегетацыйны перыяд скончаны, лісце і сцёблы высахлі). Таму бацвінне можна не выдаляць, а пачаць уборку ўраджаю ва ўстаноўленыя тэрміны.

— Калі надыходзяць аптымальныя тэрміны ўборкі бульбы?

— Для зімовага захоўвання бульбу трэба ўбіраць з канца жніўня і ў верасні, у залежнасці ад зоны вырошчвання і, скажам так, наяўных у вашым распараджэнні працоўных рэсурсаў на канкрэтным дачным участку. 

Прыступаем да ўборкі, калі клубні паспеюць, лупіна іх агрубее, пераважна ў сухое надвор’е. Уборку неабходна весці ў сціслыя тэрміны нават пры спрыяльных умовах, бо надвор’е восенню вельмі непрадказальнае. Тэмпература глебы і паветра падчас уборкі павінна быць не ніжэйшай за 10 °C. Крытычны тэмпературны парог адчувальнасці клубняў да пашкоджанняў складае каля 12 °C. Пры ніжэйшых тэмпературах узрастае колькасць пашкоджанняў. Напрыклад, у выпадку ўборкі пры 25 °C колькасць пашкоджанняў у два разы меншая, чым пры 5 °C пры механізаванай уборцы. У кастрычніку ж у Беларусі тэмпература паветра і глебы ўжо ніжэйшая, часта ідуць дажджы, і гэта можа адбіцца на захаванасці клубняў у зімовы перыяд. Калі ўбраць бульбу правільна, гэта забяспечыць атрыманне якасных клубняў для працяглага захоўвання, знізіць колькасць механічных пашкоджанняў і ступень праяўлення клубневых гніляў.

Рыхтуем клубні

— На захоўванне бульбу мы закладваем не адразу?

— Вядома, так. Пасля таго як сабралі клубні, іх трэба пакінуць на 5-7 дзён у цёмным месцы для праяўлення клубневых хвароб. Заражаныя клубні за гэты час выявяцца, што дазволіць пры сартаванні выдаліць іх з агульнай масы. Аднаго дня для гэтага будзе недастаткова: мокрыя гнілі не паспеюць выявіцца. Важна, каб кожны сорт захоўваўся на гэтым этапе асобна. Значыць, нам спатрэбіцца дастаткова вялікае памяшканне. Гэта павінна быць цёмнае месца, без доступу святла, што асабліва важна для буйных клубняў і бульбы на корм жывёлам (птушцы): пры траплянні святла клубні зелянеюць, утвараецца саланін. Для насеннай бульбы гэта не страшна, наадварот, павысіцца імунітэт клубняў падчас захоўвання.

— Пасля таго як клубні вылежалі, перабіраем іх?

— Так, прыступаем да сартавання і каліброўкі. Клубні дзеляцца на тры фракцыі (памеры): буйныя (выкарыстоўваем у ежу), насенныя (для пасадкі на наступны год) і дробныя (на корм жывёле). У працэсе каліброўкі з масы бульбы выдаляем усе хворыя і пашкоджанныя клубні. Для насеннага матэрыялу выкарыстоўваем клубні, уласцівыя сорту, неўласцівыя выбракоўваем. Пасля таго як клубні бульбы перабралі, неабходна, каб прайшоў лячэбны перыяд. У гэты час адбываецца гаенне ран, якія былі атрыманы падчас уборкі, а яго працягласць — каля 14–20 дзён у залежнасці ад тэмпературы. Калі тэмпература паветра нізкая, то працягласць лячэбнага перыяду павялічваецца. Пасля яго завяршэння клубні можна апусціць у склеп. Надыходзіць наступны перыяд — астуджэнне. Пры гэтым насенную бульбу неабходна дадаткова пакінуць для азелянення, а дробныя ці дэфектныя клубні з новага ўраджаю можна выкарыстоўваць для кармлення жывёл або птушкі.

Выбіраем месца

— Пытанне, што хвалюе многіх агароднікаў, а таксама гараджан, якія набылі бульбу на зіму на сезонных кірмашах: як правільна выбраць месца для захоўвання клубняў?

— Месца залежыць ад вашых аб’ёмаў і магчымасцяў (звязаных з умовамі пражывання). У ідэале гэта склеп. Можна захоўваць клубні і на балконе ў цёмнай скрыні без зазораў, але часова: пры тэмпературы паветра ніжэй за 2 градусы ёсць верагоднасць падмярзання клубняў у начны час. Пры захоўванні ў склепе за 15–20 дзён да закладкі клубняў на зіму варта правесці пабелку памяшкання вапнавым растворам (1,5-2 кг свежай гашанай вапны + 150-200 г меднага купарвасу на 10 л вады). Для хуткага прасыхання сцен і столяў у сумесь дадаюць кухонную соль. Абавязкова трэба выканаць прафілактычны рамонт электратэхнічнага абсталявання, стэлажоў, паліц і скрынь, дзе будуць знаходзіцца клубні.

— Пры якой тэмпературы лепш за ўсё захоўваць ураджай бульбы?

— Тэмпература захоўвання ў асноўны перыяд (лістапад—сакавік) залежыць ад біялагічных асаблівасцяў сорту. Ёсць сарты з непрацяглым перыядам спакою («Маніфест», «Вектар», «Рагнеда» і г. д.), іх захоўваюць пры тэмпературы +3-4 градусы. Сарты з сярэднім перыядам спакою («Лель», «Першацвет», «Нара», «Палац») патрабуюць тэмпературы захоўвання +4-5 градусаў. Існуюць сарты, якія адрозніваюцца працягласцю перыяду спакою клубняў падчас захоўвання («Скарб», «Брыз», «Дзясятка», «Журавінка»). Іх захоўваць можна пры +5-6 градусаў. Гэта аптымальныя тэмпературныя паказчыкі. Часта такой тэмпературы не ў прамысловых умовах дасягнуць немагчыма ў перыяд працяглага захоўвання, аднак трэба імкнуцца рэгуляваць тэмпературны рэжым шляхам выкарыстання вентыляцыйнай выцяжкі, якая нярэдка знаходзіцца ў столі. Пры паніжэнні тэмпературы ў склепе зачыняем выцяжку падручным матэрыялам, пры павышэнні — адчыняем, каб пусціць халоднае паветра і кісларод клубням.

Словам, у гэты перыяд важна пастаянна кантраляваць тэмпературу ў склепе, а таксама стан бульбы, якая захоўваецца. Калі з’яўляюцца ачагі гнілі, неабходна правесці дадатковую пераборку для ўхілення крыніц інфекцыі.

— А якія спосабы захоўвання бульбы найбольш эфектыўныя?

— Выбар спосабу захоўвання бульбы залежыць ад памяшкання і аб’ёму, які вы захоўваеце. Існуе некалькі асноўных спосабаў:

• насыпам (выкарыстоўваецца пры вялікіх аб’ёмах, у прасторным склепе, які падзяляюць на секцыі);

• у скрынях (для захоўвання можна выкарыстоўваць драўляныя і пластмасавыя скрыні рознага памеру);

• у сетках рознага аб’ёму (5–8 кг, 8–10, 18–20, 30–33 і каля 40 кг). Першы спосаб аптымальны пры захоўванні вялікіх аб’ёмаў аднаго сорту. Другі і трэці — больш працаёмкія, патрабуюць дадатковых матэрыяльных і працоўных выдаткаў, але пры іх выкарыстанні ў адным памяшканні можна захоўваць вялікую колькасць сартоў. Пры вырошчванні некалькіх сартоў бульбы і іх закладцы на захоўванне кожную скрыню або сетку неабходна падпісаць, каб «не страціць» сорт.

Аляксандра Анцэлевіч

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.