Вы тут

Гаспадаркі Брэстчыны працягваюць нарыхтоўку травасумесяў і выбарачна ўбіраюць кукурузу


Аграрыі краіны завяршаюць уборку збожжавых і зернебабовых культур. Брэстчына з гэтай работай справілася першай. Некаторыя раёны вобласці адсвяткавалі дажынкі, шэраг раёнаў справяць свята ўраджаю ў найбліжэйшыя выхадныя. Але ж работы ў палях не збаўляюць абароту. І адной з найважнейшых задач, якую вырашаюць земляробы, з’яўляецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага пагалоўя. Гэта работа пачынаецца ў канцы вясны і працягваецца да позняй восені. Многія гаспадаркі вядуць трэці ўкос траў, а дзе-нідзе — нават і чацвёрты.


Камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Беражное» Столінскага раёна мае мяса-малочны кірунак і ў апошнія гады істотна нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. За дзень фермы гаспадаркі адгружаюць 24 тоны малака. Папаўненне запасаў якасных кармоў — заўсёды на парадку дня кіраўніцтва гаспадаркі.

— Нормай для нас з’яўляецца паўтарагадовы запас кармоў, — сказаў карэспандэнту газеты дырэктар «Беражнога» Віталь Яхнавец. — Пакуль што кормім пагалоўе тым, што нарыхтоўвалі ў мінулым годзе. Восенню адкрыем першыя сіласныя ямы гэтага года. Працэс нарыхтоўкі кармоў выходзіць на фінальную стадыю. Фактычна работы па трэцім укосе ў нас — на дзень-два. Застануцца яшчэ невялікія ўчасткі люцэрны, дзе можна будзе зняць і чацвёрты ўкос. А потым, восенню, калі надвор’е паспрыяе і на нейкіх палях падымуцца травы, магчымым будзе і чацвёрты ўкос. Але гаворка ідзе пра невялікія ўчасткі, мы ўзялі за звычку не пакідаць ніводнага лапіка з травой непрыбраным, зімой як знойдзеш тую тону корму.

Працягваецца ўборачная кампанія на травяных палетках ААТ «Ставокскае» Пінскага раёна. У гаспадарцы робяць упор на жывёлагадоўлю. Атрымліваць жа прывагі і надоі можна толькі пры дастатковай колькасці кармоў. Варта сказаць, што «Ставокскае» — сельгаспрадпрыемства, якое інтэнсіўна развіваецца. За апошнія 12 гадоў валавая вытворчасць малака ўзрасла больш чым у тры разы. Удой ад каровы павялічылі амаль удвая. Ды і пагалоўе вырасла больш чым у два разы. Адсюль і патрэба ў кармах. Напрыклад, летась у гаспадарцы нарыхтавалі 42,7 цэнтнера кармавых адзінак кармоў (з улікам кукурузы) на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта быў другі вынік па вобласці.

— Цяпер таксама працягваецца работа па нарыхтоўцы кармоў, — гаворыць намеснік дырэктара ААТ «Ставокскае» Аляксандр Караваевіч. — Травы выраслі добрыя. На розных участках бяром ад 50 да 100 цэнтнераў з гектара. 23 тысячы тон збожжасенажу нарыхтавалі з першых двух укосаў траў. Набірае абароты трэці ўкос бабова-злакавых і збожжавых культур. А пасля ўборкі кукурузы недзе ў канцы верасня — пачатку кастрычніка пачнём чацвёрты ўкос. У планах — перакрыць леташні паказчык і нарыхтаваць каля 45 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву.

На нарыхтоўцы кармоў працуюць вопытныя трактарысты. Напрыклад, Віталь Лазюк травы ўбірае восьмы сезон. Працаўнік добры, ды і тэхніка не падводзіць. Не адстае ад яго і таварыш Андрэй Ціханчук.

За такімі працаўнікамі правяраць не трэба, зробяць акуратна, якасна, нават пракос за імі застаецца прыгожы, — каментуе Аляксандр Фёдаравіч.

Як паведаміла карэспандэнту газеты начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінагадоўлі і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканканкама Аксана Лашкевіч, гаспадаркі рэгіёна паўсюль вядуць трэці і чацвёрты ўкос траў. Чацвёрты ўкос бярэцца з палеткаў травасумесяў, люцэрны. А некаторыя сельгаспрадпрыемствы, дарэчы, пачалі выбарачна ўбіраць кукурузу.

Што датычыць травяных кармоў, іх па вобласці нарыхтавана 12,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 1,1 цэнтнера пераўзыходзіць паказчык мінулага года. Закладзена на захоўванне 789,2 тысячы тон кармоў, што складае 107 працэнтаў ад мінулагодняга.

Ёсць усе падставы спадзявацца, што сельгаспрадпрыемствы паспяхова справяцца з пастаўленай задачай па нарыхтоўцы кармоў, — заключыла Аксана Лашкевіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Чацвёртым укосам

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.