14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Чаму цікава вандраваць па Беларусі


Папулярнасць унутранага турызму расце. Пры гэтым назіраецца тэндэнцыя да індывідуальных падарожжаў. Яшчэ нядаўна многія адпраўляліся ў турыстычныя паездкі цэнтралізаваным траспартам. Такая практыка застаецца — набыць тур нескладана. Але ўсё часцей беларусы адпраўляюцца вандраваць па сваёй краіне вузкім сямейным колам. І гэта не толькі магчымасць свабодна распараджацца сваім часам, але і пошук невядомых славутасцяў, якія не заўсёды ўваходзяць у праграму турыстычнай паездкі. Госці Гродна падзяліліся з карэспандэнтам «Звязды» не толькі сваімі эмоцыямі, але і «дарожнай картай» вандровак.


Еўрапейскі горад і старажытнасць

Назіраючы за жыццём гарадскога асяроддзя, можна заўважыць, што вялікіх турыстычных аўтобусаў паменшала. Але ці стала менш турыстаў? Як сведчыць статыстыка, у Гродзенскай вобласці з 2021 года іх колькасць застаецца амаль што на адным узроўні. Напрыклад, летась рэгіён наведалі каля 450 тысяч турыстаў, з іх замежнікаў 81,5 тысячы чалавек. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай, у рамках бязвізавага ўезду тут пабывала 17 тысяч грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. Можна сказаць, што кожны пяты замежны турыст — з Еўрасаюза. Між тым апошнім часам, заўважае спецыяліст, назіраецца рост папулярнасці менавіта ўнутранага турызму і павялічваецца попыт на падарожжы па Беларусі прадстаўнікоў Расіі і краін СНД. Пры гэтым большасць гасцей аддае перавагу асабістаму транспарту.

Вось і Валерыя з малодшай сястрой прыехалі з Санкт-Пецярбурга на ўласным аўтамабілі. Многія іх сябры пасля паездкі ў Беларусь раілі абавязкова тут пабываць. Таму свой адпачынак і канікулы дзяўчаты вырашылі прысвяціць знаёмству з краінай-суседкай. У Беларусі яны першы раз і ўжо паспелі пабываць у Мінску, Гомелі, Брэсце.

А ў Гродне мы сустрэліся каля самай старой драўлянай пабудовы Беларусі — старога лямуса. Аб існаванні ўнікальнага аб’екта яны даведаліся з мясцовага турыстычнага сайта. Па ўсім было відаць, што пабудова вельмі ўразіла расійскіх падарожнікаў, асабліва тое, што ўзвялі яе ў ХVІІІ стагоддзі без адзінага цвіка. Сёстрам пашанцавала: зусім нядаўна тут адкрылі музей гаспадарчых прылад і побыту. Увогуле горад уразіў іх мноствам гістарычных аб’ектаў. Па словах Валерыі, тут адчуваецца спалучэнне сучаснага еўрапейскага горада і старажытнасці.

Раскошныя палацы і рэшткі Фары Вітаўта

Значная катэгорыя ўнутраных турыстаў — сямейнікі. Як правіла, яны выязджаюць індывідуальна з дзецьмі падчас канікул і адпачынку альбо на ўікэнд. Яўген Эрдман з жонкай Аксанай і дачкой Машай жывуць у Лідзе Гродзенскай вобласці. Мы сустрэліся ў Гродне амаль перад іх ад’ездам. Яны расказалі, што пабывалі на Аўгустоўскім канале, наведалі нядаўна адкрыты пасля рэстаўрацыі былы палац Валовічаў у Свяцку, па дарозе агледзелі ваенныя доты, зацікавіліся і драўляным лямусам. Прыцягнуў увагу той факт, што тут знаходзіліся каменныя рэшткі старажытнага гродзенскага храма ХІV стагоддзя так званай Фары Вітаўта. На жаль, храм не захаваўся.

Увогуле вандраваць па Беларусі стала для сям’і чымсьці накшталт традыцыі. Выязджаюць не толькі падчас адпачынку, але і на выхадных. Дыяпазон інтарэсаў шырокі: як агляд славутасцяў, так і тэматычныя экскурсіі. Напрыклад, тыдзень таму ездзілі ў Гомель з абавязковым наведваннем палаца Паскевічаў, а да гэтага былі на ферме па вырошчванні слімакоў у Карэліцкім раёне. Там, дарэчы, для турыстаў наладжана і дэгустацыя.

Вядома, зацікавіў фінансавы складнік такіх вандровак. Наколькі сярэднестатыстычная сям’я можа сабе дазволіць выехаць у іншы рэгіён на адзін-два дні? Безумоўна, расходы будуць, згаджаецца Аксана, але пры правільным падыходзе ёсць магчымасць значнай эканоміі. Так, жыллё на суткі можна знайсці ў межах 70–100 рублёў, а перакус прыгатаваць самастойна. Многія музеі прапануюць зніжкі для сем’яў, ёсць сямейныя экскурсійныя праграмы. Па словах Яўгена, яны шукаюць менавіта незвычайныя аб’екты, якія не вельмі на слыху, малавядомыя, але ўнікальныя.

— У Беларусі нямала такіх таямнічых і цікавых месцаў, будынкаў, помнікаў прыроды. Аб гэтым усё больш расказваюць і блогеры-вандроўнікі. Мы і самі шукаем такія мясціны. Нядаўна пабывалі ў Ліпічанскай пушчы — прыгожым ландшафтным заказніку. Хочацца як мага больш даведацца аб сваёй краіне, убачыць на свае вочы тое багацце, якое захавалася з даўніх часоў, — расказала Аксана.

Яна дадала, што іх прыклад стаў штуршком для іншых сем’яў. Цяпер і сябры пачалі вандраваць, што зрабіла іх зносіны больш змястоўнымі. Пры сустрэчах ёсць чым падзяліцца, расказаць аб уражаннях.

Пазнавальны турызм у трэндзе і ў сям’і Арцюшкевічаў з Мінска. Цікава, што ў падарожжа адпраўляюцца адразу тры пакаленні сямейнікаў, таму набіраецца нават невялікая турыстычная група. Яны неаднойчы бывалі ў Гродне, але кожны раз знаходзяць новыя аб’екты для наведвання. Напрыклад, цікавасць выклікаў стары каралеўскі замак, дзе летась завяршыўся маштабны этап рэканструкцыі музейнага комплексу. Госці з Мінска агледзелі пышныя каралеўскія пакоі, экспанаты ХІІ стагоддзя, вялізную інтэрактыўную карту старажытнага горада ў 3D-праекцыі.

Іх прыемна ўразілі зніжкі, якія прадугледжаны для сем’яў і пенсіянераў. А яшчэ мінчанам спадабаўся пешы праменад па гістарычным цэнтры ў вячэрні час. «Мы былі тут з экскурсіяй некалькі гадоў таму, але цяпер больш звяртаем увагу на дэталі, асаблівасці. Заўважаем новыя кафэ, сувенірныя лаўкі, культурныя аб’екты. Бачым, што ў горадзе з’явілася кола агляду, прыгожая пляцоўка-кафэ на даху ЦУМа. Пры жаданні можна вельмі добра адпачыць», — кажа Святлана Арцюшкевіч. Пры гэтым выдаткі на пражыванне не патрэбны — яны могуць спыніцца ў сваякоў.

Аб папулярнасці культурна-пазнавальнага турызму сведчыць і рэкордная колькасць наведвальнікаў Старога замка. Толькі за ліпень тут пабывалі больш за 25 тысяч чалавек. Экскурсіі выхаднога дня на жнівень і верасень ужо распісаны. Па словах супрацоўнікаў гісторыка-археалагічнага музея, з пачатку года тут з’явілася новая паслуга — фотасесія ў інтэр’еры ХІ—ХІХ стагоддзяў. Для груп таксама ёсць майстар-класы па вырабе старажытных гравюр.

Дарэчы, Стары замак у Гродне з’яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры і археалогіі Беларусі. Ужо ў XІІ стагоддзі горад стаў цэнтрам княства, у XІV-м на Замкавай гары была ўзведзена велікакняжацкая рэзідэнцыя, а пазней — і каралеўскі палац.

Рэканструкцыя комплексу працягваецца: на чарзе работы па аднаўленні былога каралеўскага палаца і дваровай тэрыторыі.

«Успаміны ўздымаюць настрой»

Згодна з апошнім даследаваннем Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, больш за 90 працэнтаў апытаных беларусаў для адпачынку выбіраюць сваю краіну. У тройцы самых папулярных гарадоў — Мінск, Брэст і Гродна. Пераважная большасць рэспандэнтаў альбо выязджала сёлета на адпачынак, альбо збіраецца гэта зрабіць. Пры гэтым трэцяя частка апытаных вандруе па Беларусі некалькі разоў на год, кожны чацвёрты робіць гэта адзін раз на год. Праўда, нямала і тых, хто наогул нікуды не выязджае. Іх колькасць складае амаль 30 працэнтаў удзельнікаў апытання. Між тым многія маюць жаданне асвоіць такі від адпачынку. Тут, як кажуць, справа часу.

Да нядаўняга ў гэтай кагорце была і сям’я Лагуновых з Мінска. Дзмітрый з жонкай Наталляй і дачкой Верай сёлета ўпершыню разам выехалі ў падарожжа па Беларусі. Мы сустрэліся ў гістарычнай частцы Гродна на другі дзень пасля іх прыезду. Спыніліся яны на турыстычнай базе, дзе знялі нумар «люкс» за 100 рублёў у суткі.

Наталля паведаміла, што па дарозе сюды заехалі ў Лідскі замак, пабывалі на мелавых азёрах каля Гродна, якія вельмі ўразілі. У абласным цэнтры наведалі славутую Каложскую царкву ХІІ стагоддзя, старажытны манетны двор, замкавы комплекс. «Чаму ўзнікла жаданне праехаць па Беларусі?» — пытаюся ў Наталлі.

— Хочам зацікавіць дачку, каб яна захапілася роднай гісторыяй, мы бачым, якая багатая ў нас спадчына, якія цікавыя гісторыка-культурныя аб’екты ёсць у краіне. Трэба вывучаць сваю гісторыю. Мы плануем яшчэ пабываць у Гомелі, заедзем у Слонім да сына, дзе ён служыць,— расказала суразмоўніца.

Першы сямейны выезд паказаў, наколькі гэта захапляльна. Таму Наталля ўпэўнена, што і надалей сям’я будзе шукаць магчымасць такіх вандровак.

— Трэба папаўняць уражанні, бо застаюцца вельмі прыемныя ўспаміны, якія станоўча ўплываюць на агульны настрой. Асабліва, калі можна падзяліцца са сваімі блізкімі і згадаць цікавыя моманты. Паездкі з турфірмай, магчыма, больш інфарматыўныя, але сапраўдны смак надае падарожжа з сям’ёй, — упэўнена жанчына.

Яна лічыць, што ў цэлым краіна падрыхтавана да прыёму турыстаў. Дастаткова і атэляў, і турыстычных баз, і аграсядзіб, дзе можна спыніцца. Галоўнае — браніраваць зараней. Усё часцей сем’і заказваюць і паслугі экскурсавода. Попыт настолькі вялікі, што ў Гродне пачалі адчуваць дэфіцыт супрацоўнікаў. Як расказала Таццяна Лідзяева, ва ўпраўленне спорту і турызму пастаянна тэлефануюць з просьбамі выдзеліць экскурсавода. У вобласці цяпер налічваецца больш за 150 такога роду спецыялістаў, на пачатку верасня плануецца правядзенне атэстацыі яшчэ 16.

Дарэчы, Гродна стаіць на першым месцы, куды беларусы раяць адправіцца сваім сябрам і знаёмым. У топе таксама Нясвіж, Брэст, Мір, Браслаўскія азёры, Мінск, Нарач, Белавежская пушча і Віцебск. Такі рэйтынг складзены па выніках сацыялагічнага апытання. І хаця асноўнай крыніцай інфармацыі аб турыстычных аб’ектах з’яўляецца інтэрнэт, каля 30 працэнтаў беларусаў прыслухоўваюцца да рэкамендацый сваіх знаёмых і сваякоў.

Кожны другі падарожнік па Беларусі наведвае гістарычныя і культурныя месцы, многія з ліку апытаных аддаюць перавагу візітам на малую радзіму. Папулярны ў беларусаў адпачынак у прыродным асяроддзі. Кожны пяты беларускі турыст актыўна цікавіцца падзейнымі мерапрыемствамі — святамі, фестывалямі, у тым ліку гістарычнымі рэканструкцыямі, кірмашамі, спартыўнымі спаборніцтвамі.

На Гродзеншчыне месцаў для размяшчэння падарожнікаў хапае, хоць іх і менш, чым у іншых абласцях. На 66 адпаведных аб’ектах могуць размясціцца 2,6 тысячы чалавек. Каб зацікавіць турыстаў і пашырыць турыстычны патэнцыял, летась праведзены работы на 25 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Распрацавана больш за паўсотню новых турыстычных маршрутаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.