З 1 студзеня 2025 года зменіцца заканадаўства па пытаннях дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Пра навацыі расказала намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана КОВАЛЬ.
Асноўны блок змяненняў датычыцца дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. З наступнага года права на назначэнне дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады, набудуць тыя сем’і (з асобных катэгорый), дзе дзіця-інвалід дасягнула ўзросту 18 гадоў і ў сям’і яшчэ выхоўваюцца непаўналетнія дзеці.
— Калі дзіця-інвалід дасягае ўзросту 18 гадоў, яму ўстанаўліваецца І група інваліднасці і адзін з бацькоў ажыццяўляе яго догляд, і на гэты перыяд будуць выплачвацца дапамогі на іншых непаўналетніх дзяцей, старэйшых за тры гады, — адзначыла Святлана Коваль.
Сёння дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, старэйшых за тры гады, выплачваюцца чатыром катэгорыям сем'яў: тым, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў; дзе ёсць ВІЧ-інфікаванае дзіця; калі бацька з'яўляецца ваеннаслужачым тэрміновай ці альтэрнатыўнай службы; калі бацькі з'яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы (ці поўныя сем'і, дзе адзін з бацькоў — інвалід І групы, а другі ажыццяўляе яго догляд). Такім чынам, з першага студзеня наступнага года да гэтых катэгорый далучацца і сем'і, у якіх дзіцяці-інваліду споўнілася 18 гадоў. Але пры выкананні пэўных умоў.
— Для атрымання гэтага віду дапамогі патрабуецца занятасць бацькі (у поўнай сям'і) або аднаго з бацькоў (у няпоўнай сям'і) не менш за шэсць месяцаў у папярэднім годзе і на момант падачы заявы. Адзначу, што з 1 студзеня 2025 года ў занятасць будзе ўключацца таксама перыяд, у які бацькі не працавалі па ўважлівых прычынах. Напрыклад, у сувязі з хваробай, калі гэты перыяд будзе пацверджаны даведкай арганізацыі аховы здароўя. Прызначаецца такая дапамога тэрмінам на адзін каляндарны год, — растлумачыла спецыяліст.
Акрамя таго, новаўвядзеннем стане і прадастаўленне бацькам права на атрыманне ўсіх відаў дзяржаўных дапамог у перыяд кароткатэрміновага знаходжання дзіцяці-інваліда ў Доме дзіцяці падчас аказання яму платнай паслугі медыка-сацыяльнай дапамогі (да 56 каляндарных дзён у год). Цяпер у гэты час дапамога не выплачваецца.
Яшчэ адна навела па прызначэнні дапамог на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем'яў — выплаты на дзяцей, якія не з'яўляюцца інвалідамі і якія пасля заканчэння школы навучаюцца ў навучальнай установе на платнай аснове не толькі за кошт уласных сродкаў сям'і, але і ў іншых выпадках. Напрыклад, калі навучанне аплачвае арганізацыя па месцы работы бацькоў.
Згодна са змяненнямі, бацькам, якія не працуюць і даглядаюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, дадзена магчымасць перанавучання. Яны праз службу занятасці змогуць бясплатна перавучыцца і атрымаць новую прафесію, прычым без страты выплаты дапамогі і стажу.
Навацыяй стане і тое, што ў бацькоў будзе права на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, калі ў сям'і некалькі дзяцей-інвалідаў. У такіх выпадках прапануецца прадастаўляць яе іншай асобе (не другому з бацькоў), калі адзін з бацькоў заняты доглядам іншага свайго дзіцяці-інваліда, або дзве дапамогі, калі абодва дзіцяці-інваліды ў адзін перыяд маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, рэабілітацыі і іх суправаджаюць розныя асобы. Сёння калі маці і бацька працуюць, то на перыяд санаторна-курортнага лячэння дзіцяці-інваліда ці дваіх дзяцей-інвалідаў на бальнічны могуць прэтэндаваць толькі бацькі. З пачаткам дзеяння норм закона такое права даецца іншым сваякам ці членам сям'і.
Святлана Коваль нагадала таксама, што з ліпеня гэтага года ўступае ў дзеянне яшчэ адно істотнае змяненне ў заканадаўства аб падтрымцы сем'яў з дзецьмі. Датычыцца яно паслуг нянькі. Да 1 ліпеня такія паслугі аказваліся бясплатна ў межах 20 гадзін у тыдзень (4 гадзіны ў дзень). З 1 ліпеня сем'ям, у якіх выхоўваюцца два дзіцяці-інваліды, такая паслуга будзе прадастаўляцца на 40 гадзін у тыдзень — паўнацэнны працоўны дзень. Аднак яе атрыманне магчыма пры ўмове, што дзеці не наведваюць установы адукацыі ці навучаюцца дома.
Алена КРАВЕЦ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.