Вы тут

У вёсцы Дварэц Любанскага раёна прайшло свята «Шануйце свае карані»


«Я жыву ў Дварцы самым светлым і самым прыгожым,
Яго столі — нябёсы, блакітная, вечная плынь.
На падлозе не мармур, трава ў светаянавых росах,
І стаяць каля ганка ў дазоры пунсовых вяргінь».

Гэтыя радкі гімна вёскі Дварэц належаць пяру таленавітага журналіста, фотакарэспандэнта, які доўга і рупліва працаваў у газеце «Звязда» Яўгену Пясецкаму. І яны чырвонаю стужкаю праходзілі праз увесь сцэнарый свята, якое ладзілася суботнім жнівеньскім вечарам Малагарадзячыцкім сельскім домам культуры, з нагоды 115-гадавіны ўзгадак вёскі ў архіўных дакументах. 


Да Дома сацыяльных паслуг (дарэчы, у ім мясцовымі жыхарамі сабраны прадметы ўжытку вяскоўцаў) прыйшлі на свята мясцовыя жыхары са сваімі дарослымі дзецьмі, унукамі, праўнукам і госці з суседніх вёсак. На палянцы змайстравалі макет будана і вогнішча, якія пераносяць прысутных у часы ліхалецця ва ўрочышча Мінкава, каля вёскі Дварэц, дзе ў гады акупацыі жылі вяскоўцы ў сямейным лагеры Давыдаўка (партызанскі атрад насіў імя Давыдава, легендарнага героя Айчыннай вайны 1812 г.). Падчас аперацыі «Марабу» вясной 1944 года карнікі ўварваліся ў лагер і знішчылі семярых вяскоўцаў, у тым ліку гадавалую дзяўчынку партызанскай сям’і Ганны Ахрамейка.

Шмат прыемных і добрых слоў прагучала ў адрас сціплых і працавітых аднавяскоўцаў. А старшыня Малагарадзячыцкага сельскага выканаўчага камітэта вітала цёпла і з удзячнасцю старэйшых жыхароў вёскі, актывістаў мясцовага самакіравання і ўручыла ім падарункі. Бібліятэкарам мясцовага СДК была арганізавана на свяце фотавыстава, якая распавядала аб тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Дварэц са студзеня 1943 года друкаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная Змена» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара — камуніста Барашкава Міхаіла Парфёнавіча. Прадстаўленыя фотадакументы сведчылі аб тым, што ў вёсцы базіраваўся штаб партызанскай брыгады № 121 імя Аляксея Брагіна (камандзір Пушчана К.Ф.). Асновай брыгады быў партызанскі атрад імя Гастэлы, арганізаваны маскоўскімі камсамольцамі, якія ў складзе добраахвотнікаў дабраліся з Падмаскоўя па лясных масівах і балотах, пераадольваючы рэкі, шасэйныя і чыгуначныя дарогі да вызначанага Цэнтральным штабам партызанскага руху вострава Добры, што ў 10 кіламетрах ад вёскі Дварэц. Дарэчы, партызаны-брагінцы ўдзельнічалі ў знакамітым партызанскім парадзе 16 ліпеня на іпадроме каля Мінска. Штогод аб гэтым распавядаюць экскурсаводы вучням з радзімы А. Брагіна (Расія), якія адпачываюць у нашым раёне ў аздараўленчым лагеры «Арэса».

Закончылася вайна... Былыя партызаны, воіны Чырвонай Арміі вярталіся ў родную вёску, дзе іх чакала папялішча — Дварэц быў спалены фашыстамі падчас аперацыі «Русалка» у 1943 годзе. Талакою будавалі новае жытло на родных сядзібах, уздымалі эканоміку калгаса «Дружба».

Сёлета ў вёсцы пражывае сорак чалавек, сярод іх — дзесяць сямейных пар, каля паўтара дзесятка пастаянна наведваюць бацькоўскія сядзібы і падтрымліваюць у іх жыццё. Два разы на тыдні з райцэнтра заходзіць аўтобус, двойчы жыхары могуць набываць прадукты харчавання праз аўталаўку раённага спажывецкага таварыства, гандляры нават прымаюць папярэднія заказы. Раз у месяц раённая бібліятэка пасылае ў вёску бібліобус, дзе ёсць магчымасць вяскоўцам узяць кнігу для чытання. Пяць дзён на тыдзень дастаўляюцца на аўто «Белпошты» карэспандэнцыя і пасылкі.

Раённыя ўлады разгледзелі запыт вяскоўцаў і вырашылі правесці рэканструкцыю электрычных сетак у Дварцы. Работы ідуць якасна і хуткімі тэмпамі. Ёсць першыя падключэнні. У верасні адновяць аўтобусны прыпынак. Рэгулярна дарожныя службы грэйдзіруюць дарогі да вёскі.

А свята, якое ладзілася «Шануйце бацькоў карані» працягвалася і вядучыя ўзгадвалі розныя падзеі з жыцця вёскі, знаходзілі цёплыя і добразычлівыя словы, каб распавесці аб лёсах тых, хто звязаў сваё жыццё з малой радзімай, не забывае карані свайго роду. Ветэрану працы, Анатолю Бабкову, які доўгі час працаваў на кіруючых пасадах у жывёлагадоўлі мясцовай гаспадаркі саўгаса «Гарадзячыцы», за актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у патрыятычных акцыях па ініцыятыве Любанскага райкама партыі ад імя ЦК КПБ уручана юбілейная медаль «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Годна жывем і працуем, годна адпачываем, шануем бацькоў карані — такія высновы чуліся ад удзельнікаў свята. 

Мы жывем у Дварцы,
І ніколі аб гэтым не шкадуем.
Гэта спадчына наша,
Гэта наша святая зямля, — нагадвае нам Яўген Пясецкі.

Анатоль Вялічка, краязнаўца, член КПБ з 1970 г., шматгадовы пастаянны падпісчык газеты «Звязда».

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.