Вы тут

Як дэпутаты Магілёўшчыны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы школьнікаў да вучэбнага года?


Карэспандэнт «МС» пацікавілася, як дэпутаты Магілёўшчыны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы школьнікаў да вучэбнага года.


Фота з сайта krіchevlіve.by

Маніторыць гандлёвыя аб’екты на прадмет цаны, якасці і асартыменту школьнай формы і іншых тавараў да новага навучальнага года народныя выбраннікі Магілёўшчыны пачалі яшчэ ў канцы ліпеня. Сёння яны інспектуюць школьныя базары, вывучаюць пажаданні насельніцтва, аказваюць дапамогу маламаёмным сем’ям, дзе з падрыхтоўкай дзіцяці да школы ёсць складанасці.

Старшыня Крычаўскага райсавета дэпутатаў, кіраўнік раённага аддзялення беларускай партыі «Белая Русь» Ірына Пруднікава наведала «Школьны базар» на мясцовым рынку на пачатку жніўня. Паглядзела асартымент, пагутарыла з прадпрымальнікамі, адзначыла слабыя моманты.

— Недастаткова была прадстаўлена прамысловая група тавараў, асабліва што датычыцца формы для старшакласнікаў, — паведаміла яна. — Форма беларускіх вытворцаў адсутнічала наогул, у некаторых прадаўцоў цэны на адзенне былі відавочна завышаныя. Зразумела, што кожны зацікаўлены ў прыбытку, але ж трэба ўлічваць і сацыяльны момант. Неабходна задаволіць попыт пакупнікоў на месцы, а не прымушаць іх ехаць у абласны цэнтр.

Суразмоўніца адзначыла таксама, што хоць рынак у Крычаве і працуе штодзённа, акрамя панядзелка, не ўсе паспяваюць яго наведаць, бо ён рана закрываецца. Таму дэпутат прапанавала адміністрацыі рынка на перыяд да пачатку вучэбнага года падоўжыць час работы «Школьнага базару».

Ёсць прапанова і наконт асартыменту. У Крычаве, напрыклад, навучэнцы розных школ практыкуюць дзелавы стыль, у якім павінны прысутнічаць элементы аднолькавага колеру. У адной школе носяць бардовыя камізэлькі, у другой — джэмперы або пінжакі сіняга колеру. Гэты прабел маглі б вырашыць беларускія вытворцы, якія маюць калекцыі школьнага адзення з улікам пажаданняў Міністэрства адукацыі.

— Мы гэту праблему абмеркавалі з калегамі, — кажа старшыня райсавета. — Цяпер прапрацоўваем магчымасць запрасіць буйных вытворцаў ад «Беллегпрама» правесці ў Крычаве дзень выязнога гандлю. Пытанне разглядаецца на ўзроўні аддзела эканомікі райвыканкама, які, дарэчы, узначальвае наш дэпутат.

Старшыня Горацкага райсавета і раённага аддзялення рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь» Максім Патапенка адзначае, што ў раёне дзяцей у школу збіраюць, як той казаў, усім светам.

— Падключаем усіх і ўся, — удакладняе ён. — У працэс уцягнуты прадпрыемствы і арганізацыі, грамадскія аб’яднанні, сельскагаспадарчыя арганізацыі. Установы адукацыі падказваюць, каму трэба дапамагчы. Ад імя дэпутатаў і грамадскай арганізацыі «Белая Русь» дзесяці сем’ям з ліку шматдзетных дапаможам набыць усё неабходнае да школы. Па такім жа прынцыпе дзейнічаюць сельсаветы сумесна з сельгасарганізацыямі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, і ўсе астатнія. Паўсюдна праводзяцца дабрачынныя акцыі.

Горацкае праўленне раённага спажывецкага таварыства, якім кіруе дэпутат Горацкага райсавета Ірына Кусцікава, нават зрабіла плакат для аўтакрам з надпісам «Хутка ў школу». Гэтыя аўтакрамы абслугоўваюць больш чым 100 населеных пунктаў. Разам з прадуктамі дастаўляюць прамысловыя тавары, у тым ліку школьнага прызначэння.

— Сёння назіраецца попыт на канцылярскія твары, яны ў нас у вялікім асартыменце, — кажа Ірына Кусцікава. — Што датычыцца школьнай формы, то пакуль заказаў на яе не паступала. Хоць усе ведаюць, што мы прывозім тавар па заяўках. У нас з усімі пастаўшчыкамі «Беллегпрама» заключаны дагаворы, і пакупнікі могуць заказваць форму любога беларускага вытворцы цалкам або паасобку, той жа пінжак, штаны ці спадніцу.

У самім райцэнтры праблему дапамагаюць вырашаць сеткавікі. Ёсць фірменныя крамы ад вядучых беларускіх вытворцаў.

— Насельніцтва з вёсак прыязджае на выхадныя ў горад і закупляецца па поўнай праграме, — кажа дэпутат. — Тут свае перавагі — і выбар ёсць, і прымераць можна. Напэўна, таму і заказаў у нас няма. Але мы гатовыя задаволіць пажаданні нашага пакупніка. Звычайна попыт на гэтую групу тавараў узрастае пасля 15 жніўня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам не варта сядзець у выхадныя дома.