Вы тут

Шэсцьдзясят гадоў служэння навуцы


Напярэдадні юбілею часопіса працягваем праект «Алесі — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі». 

У свой першы працоўны дзень яна заблудзіла ў Батанічным садзе — пра гэта ўспамінае з цёплай усмешкай. Вось ужо 60 гадоў доктар біялагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Нэлі Уладзіміраўна Гетко штодня прыходзіць сюды, дзе прыгажосць спалучаецца з сур’ёзнымі даследаваннямі на карысць грамадству. 


Дзіця вайны

— Я нарадзілася ў Мінску ў 1938 годзе. Бацька працаваў машыністам, вадзіў саставы ў Польшчу, Германію. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён якраз быў у паездцы. Маці са мной і братам пад бамбёжкамі сыходзілі па Маскоўскай шашы на ўсход. Ішлі лясамі і праз месяц пешшу дабраліся да Смаленска. Там мама звярнулася ў мясцовае дэпо і даведалася, што Мінскае дэпо эвакуіравана ў Бугульму. А бацьку паведамілі, што мы жывыя і шукаем яго. Са Смаленска вайскоўцы дапамаглі нам дабрацца да Вязьмы, потым наш шлях ляжаў у Маскву, адкуль эвакуіраваліся ў Бугульму. Праз год бацька быў мабілізаваны, загінуў у бітве пад Сталінградам. Мы вярнуліся ў Мінск у 1944 годзе пасля яго вызвалення. Маці расказвала, што калі яна сышла з цягніка, з платформы быў бачны Оперны тэатр — настолькі вялікія былі разбурэнні, дамы ляжалі ў руінах, — успамінае сваё нялёгкае дзяцінства мая гераіня. 

Пра кар’еру вучонага Нэлі Уладзіміраўна не марыла. Спачатку хацела стаць доктарам, затым — настаўніцай. Апошнюю мару здзейсніць атрымалася. 

— Сябар нашай сям’і працаваў прарэктарам універсітэта, быў па спецыяльнасці геолагам. Ён і параіў паступаць на біяфак. Гэта было няпроста, конкурс — 6 чалавек на месца, але мне ўдалося. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ тры гады была настаўніцай хіміі і біялогіі ў вясковай школе. Педагагічная праца, дзеці навучылі мяне важным навыкам камунікацыі. 

«Стаю сярод лесу і ледзь не плачу»

Хімія заўсёды давалася Нэлі Уладзіміраўне лёгка. Пэўны час яна працавала малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізіка-арганічнай хіміі АН БССР. Менавіта калегі з Інстытута ўгаварылі яе пагадзіцца на аспірантуру ў Батанічным садзе.

— «Я ж батаніку цярпець не магу!» — адказала я. Аднак пасля знаёмства з дырэктарам Батанічнага сада акадэмікам Мікалаем Уладзіслававічам Смольскім памяняла сваё меркаванне. Ён аказаўся вельмі прыемным, добрым чалавекам. Стаў для мяне як родны бацька. 

У Батанічны сад Нелі Уладзіміраўна прыйшла шэсцьдзясят гадоў таму: у 1964-м. І сёння, калі яна расказвае пра сваю працу, у жанчыны гараць вочы. Свой першы працоўны дзень успамінае з цёплай усмешкай. 

— Вырашыла пазнаёміцца з Батанічным садам, бо там жа расліны са ўсяго свету! Хаджу, вывучаю этыкеткі: тут хвойныя, тут ліпы, дубы... Праз некаторы час разумею, што заблудзіла. Стаю сярод лесу ў белым халаце і ледзь не плачу. Адзін з супрацоўнікаў, як потым аказалася, дэндролаг, кандыдат навук, ішоў з лінейкай аглядаць глог і вывеў мяне да людзей. 

Навуковае жыццё

Праца ў Батанічным садзе адразу захапіла маладую аспірантку. Яна адчула, што на сваім месцы. І гэтае пачуцце ніколі ўжо не пакідала Нэлі Уладзіміраўну, хоць лёгкіх шляхоў у навуцы не бывае. 

— У той час у Беларусі пачалі актыўна стварацца галіны хімічнай прамысловасці. Будаваўся нафтаперапрацоўчы завод у Наваполацку. Нам была пастаўлена канкрэтная задача: ахова навакольнага асяроддзя. Як расліны дапамагаюць справіцца з забруджваннем паветра? Якім чынам самі прыстасоўваюцца да такіх умоў? І што мы можам прапанаваць нашым гарадам для азелянення? Гэтыя тэмы і сталі маёй працай. 

Пачаўся самы складаны этап у навуковым даследаванні — эксперыментальны. У спецыяльных камерах, якія наўмысна задымляліся, вырошчвалі розныя расліны для наступнага вывучэння. Раней у Беларусі нават не існавала такога напрамку ў навуцы, таму Нэлі Уладзіміраўна ездзіла ў камандзіроўкі па розных гарадах СССР: Уфа, Перм, Данецк. 

— Усе даследаванні прымяняліся на практыцы на заводах. Дзе б мы ні ўкаранялі свае распрацоўкі, нас заўсёды сустракалі зацікаўлена. У Наваполацку на нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан», на ААТ «СветлагорскХімвалакно» і па сёння захаваліся нашы пасадкі. Хвойныя расліны аказаліся вельмі ўстойлівымі да забруджвання. Цяпер там растуць піхты, туі, ядлоўцы, блакітныя елі. І клёны. Ёсць невялікія пасадкі рададэндранаў, руж, глогу. 

Аранжарэі адагравалі вуголлем

Самымі цяжкім часамі для Батанічнага сада сталі 90-я гады. Нэлі Уладзіміраўна ўспамінае іх з горыччу. Не хапала сродкаў, каб нават аплаціць ацяпленне. 

— Мы жылі ў бядоце. Супрацоўнікі атрымлівалі па 0,5 стаўкі, а можа, і яшчэ менш. Трубы былі старымі, пастаянна здараліся аварыі. Сядзелі ў ватніках і ботах, каб не змерзнуць. Але самае страшнае — нашы калекцыі! Мы разносілі вёдры з распаленым вуголлем і расстаўлялі ў аранжарэях. Здаралася, трэскалася шкло і снег падаў прама на расліны. 

З прыходам на пасаду дырэктара Уладзіміра Рашэтнікава Батанічнаму саду дапамаглі спецыялісты з Інстытута ядзернай энергетыкі: усталявалі інфрачырвоныя выпраменьвальнікі. Так удалося выратаваць калекцыі. 

— Расліны ў Батанічным садзе ў Данецку тады пазамярзалі, і яго загадчыца амаль кожную вясну прыязджала да нас. Мы дзяліліся з ёю насеннем, давалі тое, што нам удалося выратаваць, — успамінае навукоўца. 

Любімыя кветкі — ружы

Нэлі Уладзіміраўна — аўтар 182 навуковых прац. Нядаўна здала чарговую манаграфію. Біёлаг выхавала не адно пакаленне кадраў: чатырох кандыдатаў навук, нямала аспірантаў, суіскальнікаў навуковых званняў.

— Галоўнае — ведаць, што твая праца неабходная людзям. А для душэўнага камфорту важна быць сярод аднадумцаў, на якіх можаш спадзявацца, — дзеліцца сакрэтам паспяховага прафесійнага шляху гераіня. 

Не магла не запытацца ў Нэлі Уладзіміраўны пра яе любімую расліну.

— Ружы, — адказала яна адразу. — Магу доўга стаяць і глядзець на букет гэтых кветак. Між іншым, у Чэхаславакіі нашы ружы атрымлівалі залатыя медалі за якасць! Пасля поўных нястачы 90-х нам удалося захаваць аўтарскія гібрыды нашага выдатнага кветкавода Любові Гусаравай, якія растуць у адкрытым грунце.

Дарэчы, на вокладцы часопіса «Алеся» № 10 за 1995 год — фота той самай Любові Гусаравай. 

Наш часопіс Нэлі Уладзіміраўна чытала яшчэ ў савецкі час, збірала выкрайкі і рэцэпты, якія друкаваліся ў «Работніцы і сялянцы». 

— Часопіс заўсёды падабаўся! Ён дапамагае жанчынам усведамляць сваю значнасць і тую карысць, якую яны могуць прынесці грамадству. 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.