Вы тут

Наталля Качанава правяла сустрэчу з калектывам 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі


Падобныя сустрэчы праходзяць ва ўсіх працоўных калектывах. Зверыць падыходы, адказаць на пытанні людзей, даведацца аб праблемах, якія існуюць на месцах, — такі прынцып работы Старшыні Савета Рэспублікі, у цэлым, сенатарскага корпуса. Падчас сустрэчы ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску выступіла з ініцыятывай стварэння на базе 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі рэспубліканскага стаматалагічнага цэнтра. Спікер запэўніла, што калектыў будзе захаваны, а кампетэнцыі супрацоўнікаў установы аховы здароўя пашырацца. 


Жыць па сваіх законах і традыцыях 

На пачатку сустрэчы спікер звярнула ўвагу на тое, што мы жывём у важны для нашай краіны год — год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, год 30-годдзя інстытута Прэзідэнцтва, год правядзення Усебеларускага народнага сходу. Наталля Качанава расказала аб паўнамоцтвах вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, гістарычных перадумовах новага статусу УНС. 

«За гэтыя 30 гадоў мы пабудавалі цудоўную дзяржаву, краіну, дзе можна і трэба жыць, краіну, якой патрэбна ганарыцца, — адзначыла спікер, кажучы аб 30-годдзі інстытута Прэзідэнцтва. — Усё ў нашых рыках. Самае галоўнае, што ў нас ёсць суверэнітэт і незалежнасць. Суверэнная дзяржава — тое, што заваяваць, як часта кажа Прэзідэнт, было не так складана, бо мы апынуліся на развале Савецкага Саюза. А ўтрымаць суверэнітэт і незалежнасць вельмі няпроста. Яшчэ ў 2019 годзе і раней Прэзідэнт нам казаў аб тым, што ідзе геапалітычны перадзел свету і ўсё няпроста. І вы бачыце, колькі гарачых кропак з’яўляецца на карце свету. Аднапалярны свет знікне адназначна — да гэтага вяртання няма. Ëсць — і гэта дадзенасць — шматпалярны свет, дзе кожная краіна хоча жыць у сваёй дзяржаве, працаваць на сваёй зямлі, жыць па сваіх законах і традыцыях. Наша дзяржава развіваецца менавіта так».

Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Канстытуцыі прапісана: Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, на гэта нацэлена ўся работа. «Вы цудоўна разумееце, што ўсё, што робіцца сёння ў дзяржаве, гэта як у сям’і — у кожнага ёсць свой кашалёк: колькі зарабіў, у такой ступені ты і можаш вырашаць свае задачы, — дапоўніла спікер. — Так і ў дзяржаве: колькі мы з вамі заробім грошай усе разам, такі ў нас і сфарміруецца бюджэт. Бюджэт фарміруецца — адпаведна мы з вамі можам вырашаць усе задачы».

Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на важнасці ўстойлівай работы эканомікі. «Тады, калі на развале Савецкага Саюза, мы сказалі, што нашым прадпрыемствам быць, мы бачым, што вынік сёння дае вельмі добры эфект, нават нягледзячы на санкцыйны ціск, — канкрэтызавала спікер. — Мы сёння нармальна жывём, мы не згарнулі ні адну сацыяльную праграму».

Па словах Наталлі Качанавай, адным з найважнейшых кірункаў работы членаў Савета Рэспублікі з’яўляецца міжнародная дзейнасць. «Мы вельмі шмат працуем па міжнародным парадку дня, выязджаем на шматлікага роду мерапрыемствы, — удакладніла яна. — Інтарэс да нашай краіны вялізны. Мы невялікая краіна (па тэрыторыі, па колькасці насельніцтва), але, паглядзіце, як ва ўсім свеце нас ведаюць. І лічацца. Многія ад чагосьці сыходзілі, адмаўляліся, мы ж захавалі тое самае лепшае, што было ў Савецкім Саюзе». 

Новая гарадская анкалагічная паліклініка і рэабілітацыйны цэнтр

Упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску расказала аб будаўнічых планах у сталіцы. Спікер паведаміла, што ў 2025 годзе ўсюды ў сталіцы будзе вада з падземных крыніц. Акрамя таго, працягнецца будаўніцтва метро, ідзе ўзвядзенне інфекцыйнай бальніцы, у планах — новая гарадская анкалагічная паліклініка, рэабілітацыйны цэнтр. Пры гэтым Наталля Качанава падкрэсліла, што сталіца не можа будавацца да бясконцасці. 

«Нельга сёння бяздумна будаваць новыя бальніцы, школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, калі яны ў дастатковай колькасці, — удакладніла спікер. — Бо ўсё гэта грошы з бюджэту. Калісьці Аляксандр Рыгоравіч сказаў: паглядзіце і праінвентарызуйце Мінск, хапае вам плошчаў або не хапае, а зэканомленыя грошы лепш дайце на зарплату людзям, асабліва катэгорыям, якія нізка аплачваюцца, — санітарам, медсёстрам, памочнікам урачоў».

Напрыканцы сустрэчы Наталля Качанава адзначыла высокі ўзровень аказання стаматалагічных паслуг, якія прадастаўляюць супрацоўнікі 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі. Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што гэта неаднаразова гучыць з вуснаў людзей падчас прыёмаў грамадзян. 

У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што работа ў працоўных калектывах не спыняецца ніколі, незалежна ад таго, электральны гэта перыяд ці не. «Мы, члены Савета Рэспублікі, як і усе службовыя асобы ў нашай краіне, абавязаны праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, сустракацца з людзьмі па месцы жыхарства. Мы гэтую работу працягваем на пастаяннай аснове», — дапоўніла Старшыня Савета Рэспублікі.

Упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску патлумачыла, чаму наведала менавіта гэтую ўстанову аховы здароўя. «На этапе рэфармавання стаматалагічнай дапамогі, якая аказваецца ў нашай краіне, калі плануецца стварыць рэспубліканскі цэнтр (магчыма, на базе мінскай клінікі), мне хацелася сустрэцца з гэтым калектывам, — удакладніла яна. — Калектыў цудоўны, ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у нашых жыхароў. І калі ты атрымліваеш водгукі аб аказанні стаматалагічных паслуг, 7-ю паліклініку называюць заўсёды. Я ўбачыла, што людзям цікавая тая інфармацыя, з якой я выступала. А я перш за ўсе хацела давесці інфармацыю аб той рабоце, якую праводзяць члены Савета Рэспублікі, працуючы ў Мінску і розных рэгіёнах нашай краіны, і расказаць аб перспектывах далейшага развіцця нашай краіны». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.