Вы тут

Дзеці з ДНР прыехалі ў Беларусь


Канікулы пад мірным небам для дзяцей з Данецкай Народнай Рэспублікі арганізавала кіраўніцтва Віцебшчыны сумесна з дабрачынным фондам Аляксея Талая. Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» Лёзненскага раёна на два тыдні стаў для юных гасцей сапраўднай краінай дзяцінства — спакойнай і бесклапотнай.


Фота «Витебские вести»

Група з 43 дзяцей у суправаджэнні пяці дарослых прыбыла ў Сінявокую на 18 дзён. Дабрачынны праект, ініцыятарам якога выступіла кіраўніцтва паўночнага рэгіёна, накіраваны на падтрымку і аздараўленне дзяцей-сірот, што знаходзяцца пад апекай, дзяцей са шматдзетных сем’яў, якія знаходзяцца на кантролі ў саветніка кіраўніка ДНР па правах дзіцяці.

Юныя госці з першых хвілін, адчуўшы ветлівасць і гасціннасць, былі настроены на шчаслівыя сустрэчы з новымі сябрамі. «Беларусь — адна з самых прыгожых краін, пра якія я ведаю або чытаў — з цікавай архітэктурай і багатай прыродай», — падзяліўся сваімі эмоцыямі 15-гадовы Ваня Сухінін з Данецка, якому ўжо даводзілася наведваць нашу краіну.

Дзеці з ДНР прыехалі ў Беларусь 7 жніўня і першым прыпынкам для іх быў Гомель. Далей праз Магілёўскую вобласць юныя госці прыбылі ў Віцебскі рэгіён, дзе яны прабудуць два з лішнім тыдні. Праязджаючы Магілёўскі рэгіён — малую радзіму кіраўніка дзяржавы, — хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі шмат пытанняў аб Прэзідэнце. Цікавіліся, як у Беларусі праходзяць суботнікі і якім яшчэ чынам тут падтрымліваюць парадак, чысціню і прыгажосць.

Праграму знаходжання ў Віцебскай вобласці складалі з улікам пажаданняў дзяцей. На шляху да аздараўленчага лагера з імі ўзгаднілі ўсе лакацыі. Гэта і лядовы палац, дзе запланавана трэніроўка з хакеістамі, і Летні амфітэатр, і парк імя Савецкай Арміі. Значыцца ў насычанай праграме і наведванне санаторыя «Жамчужына», кантактнага заапарка, ветакадэміі, музея-сядзібы Ільі Рэпіна «Здраўнёва», а таксама водная прагулка на цеплаходзе. Адзінае, што дзеці самі папрасілі, — дадаткова наведаць басейн у Віцебску. Гэта невялікае пажаданне прымаючы бок, вядома, выканаў таксама.

Як адзначыла начальнік прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Сняжана Цітова, усяго ў лагеры адпачываюць 126 дзяцей і ўжо цяпер практычна немагчыма адрозніць, хто менавіта з іх — госці. «Маральны клімат цалкам супаў, мы бачым, што дзецям добра і камфортна. Яны знаходзяцца ў добрым псіхаэмацыянальным стане, адкрытыя для зносін. Госці ўліліся ў беларускі калектыў маментальна», — расказала яна.

9 жніўня ў ДАЛ «Вясёлка» адбылося ўрачыстае адкрыццё чацвёртай змены. Гасцей з ДНР цёпла віталі начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая, начальнік прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Сняжана Цітова, галоўны ўрач абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра Галіна Пузанава.

Падчас урачыстага адкрыцця беларускія і расійскія дзеці прадэманстравалі маляўнічыя нумары мастацкай самадзейнасці. Прыемным сюрпрызам сталі каштоўныя падарункі.

Для многіх юных гасцей Беларусі гэты час у летніку — магчымасць адпачыць ад стрэлаў і выбухаў над галавой. Дзяцінства ў кожнага павінна быць добрым і цёплым, а дзеці павінны смяяцца і ў мірным свеце жыць — так з маленства вучыла нас песня.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Загаловак у газеце: Павінны смяяцца дзеці

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.