Вы тут

Штучны інтэлект — супердасягненне чалавецтва?


Ці гэта рэальная пагроза для нашага існавання? Многія могуць спытаць ці нават здзівіцца: чаму? Практычна ўсюды, у самых розных крыніцах можна бачыць цяпер два зусім палярныя меркаванні аб штучным інтэлекце (ШІ). Калі адны лічаць ШІ супердасягненнем чалавецтва, то іншыя з дакладнасцю да наадварот — рэальнай пагрозай для нашага жыцця...


Суровая рэальнасць — таму што штучны інтэлект развіваецца значна хутчэй, чым чалавек. І чалавек, менавіта чалавек, яго гэтаму навучыў. Калі чалавек, са сваімі фізіялагічнымі, псіхалагічнымі, сацыяльнымі і іншымі патрэбамі хоча есці, піць, спаць, адпачываць, улюбляцца і пакутаваць, злавацца і радавацца, то ШІ — не. Яму нічога не патрэбна і нічога не хочацца. Хіба можа задаваць удакладняючыя пытанні ці выдаваць канстатуючую інфармацыю. Такім чынам, працуе 24/7. І ўжо сёння штучны інтэлект намі маніпулюе.

Але давайце па парадку. Незалежна ад таго колькі вам гадоў, прачытайце яшчэ раз ці ў першы раз цудоўную дзіцячую кніжку «Нязнайка на Месяцы». На мой погляд, гэты надзвычайны твор, ужо тады, у 1965 годзе, прадказваў, якім будзе свет праз 50 гадоў. Мікалай Носаў, аўтар кнігі, з дзіцячай наіўнасцю, але выразным бачаннем будучыні паказваў месца чалавека ў гэтым складаным свеце.

Не магу адмовіць сабе ў задавальненні даць некалькі цытат, якія паказваюць жорсткі ўплыў на наша жыццё бясконцага патоку інфармацыі, калі Нязнайка і Козлік едуць у цягніку ў адным купэ ў горад Сан-Камарык з выпадковым спадарожнікам. Важна тое, як аўтар паказвае фільтраванне і навязванне інфармацыі. «Тут былі і „Дзелавая кемлівасць“, „Газета для тоўсценькіх“, і „Газета для тоненькіх“, і „Газета для разумных“, і „Газета для дурняў“. Так, так! Не здзіўляйцеся: менавіта „для дурняў“. Кожны, хто купляў „Газету для дурняў“, казаў, што ён купляе яе не таму, што лічыць сябе дурнем, а таму, што яму цікава даведацца, пра што там для дурняў пішуць», — усе гэтыя часопісы адначасова чыталі пасажыры. А цяпер давайце правядзём паралель з сацсеткамі. Вы адкрыеце любую сетку: ТіkТоk, ці Іnstagram, ці проста ў пошукавіку зробіце некалькі запытаў, і вас закідаюць аднатыпнымі «відосікамі», прапановамі, паведамленнямі і г. д., бо інтэрнэт поўны тэматычных паблікаў, супольнасцяў, груп і каналаў.

Ахвотныя бясконца гатаваць «смачненькае» «сядзяць» у групах аб смачнай, хуткай і таннай ежы; жадаючыя схуднець «сядзяць» у супольнасцях дыет... Рыбакі і касметолагі, цырульнікі і псіхолагі, дактары і астролагі... Тыя, хто марыць разбагацець, слухаюць падкаст пра фінансы і выступленні «коўчаў» (яшчэ адна тэма — замежныя словы, або неалагізмы) на Youtube, замест таго каб працаваць. Пералік можна доўга працягваць. Усё гэта называюць інфармацыйным шумам — бескарысным патокам інфармацыі, які даносіцца з інтэрнэту.

Што, на мой погляд, страшна, і гэта цалкам відавочна: ствараецца грамадства, дзе існуе жорсткі кантроль над інфармацыяй, над рэсурсамі, а сістэма адукацыі проста знішчаецца. Уяўляю, як цяпер у мой адрас паляцелі «стрэлы абурэння» наконт адукацыі, але гэта маё, няхай суб’ектыўнае меркаванне, ці проста «жаночы погляд». У апошнія гадоў дзесяць мы ўсё часцей чулі ва ўстановах адукацыі «робататэхніка», «рабатызацыя», «лічбавізацыя» і г. д. Але дзеці, у сэнсе нашы вучні, студэнты, — гэта людзі, гэта асобы са сваімі поглядамі, эмоцыямі, у рэшце рэшт са сваім светапоглядам, а ўсё гэта штучнаму інтэлекту непрымальна і не трэба. Сам ШІ не валодае ўсім гэтым, ды і не будзе валодаць, а такім чынам у нашых дзяцей ужо змяншаюцца кантакты адно з адным, з выкладчыкамі, ды і з бацькамі, што аказвае негатыўны ўплыў на здабыццё і развіццё самых элементарных сацыяльных навыкаў.

Паўсюднае «заліпанне» на экраны смартфонаў — ужо звыклая паўсядзённасць. У аўтобусе, трамваі, метро ўсе едуць па сваіх справах, літаральна ўткнуўшыся ў тэлефоны. Ніяк не магу прывыкнуць да сітуацыі, калі ў кавярні сядзяць маладыя людзі і не размаўляюць, гледзячы адно аднаму ў вочы, а зноў-такі паглыблены ў свае тэлефоны.

Пры эканамічнай мадэлі, якая імкнецца да пастаяннага развіцця, прыход тэхнікі прыводзіць да лозунга «машына замест чалавека», а значыць, людзі становяцца лішнімі... Што будуць рабіць прадстаўнікі тых прафесій, якія замяняе штучны інтэлект? І гэта праблема не адзіная.

Пры аналізе таго, што адбываецца, узнікае пытанне, як адаптаваць чалавечую этыку і заканадаўства пад новыя рэаліі?

І тут зноў выклікае здзіўленне і захапленне празорлівасць і дальнабачнасць нашага Прэзідэнта. У нашай краіне яшчэ ў 2005 годзе быў створаны Парк высокіх тэхналогій (ПВТ). Па сваёй сутнасці, гэта бізнес-інкубатар, які працуе ў сферы ІT і развівае высокатэхналагічныя галіны беларускай прамысловасці.

Ужо ў 2017 годзе адбылося развіццё заканадаўчай базы гэтага кірунку і прыняты так званы восьмы Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які забяспечыў умовы развіцця крыптавалютнага бізнесу ў Беларусі. Заўважым, што дэкрэт падоўжыў дзеянне спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ ні многа, ні мала да 2049 года і заклаў прававую базу для ўкаранення ў краіне фінансавых тэхналогій, заснаваных на блокчэйне, а ўжо ў 2022 годзе Прэзідэнтам падпісаны Указ № 48 «Аб рэестры адрасоў (ідэнтыфікатараў) віртуальных кашалькоў і асаблівасцях абароту крыптавалюты», які развівае прававое поле рэгулявання дзейнасці, звязанай з лічбавымі актывамі.

Своечасовае развіццё нарматыўна-прававой базы надзвычай важнае, бо злачынны свет не дрэмле. Злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій пачалі з’яўляцца, як грыбы пасля дажджу. Колькасць карыстальнікаў сеткі інтэрнэт у Беларусі перасягнула пяць мільёнаў чалавек, адпаведна расце колькасць патэнцыяльных як злачынцаў, так і ахвяр. Крымінальнае заканадаўства нашай краіны карэкціруецца з улікам гэтых асаблівасцяў.

Сёння ў Крымінальным кодэксе ёсць адказнасць за крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі, распрацоўку, выкарыстанне або распаўсюджванне шкоднасных праграм, выраб або збыт спецыяльных сродкаў для атрымання неправамернага доступу да камп’ютарнай сістэмы альбо сеткі. Гэты пералік можна працягваць, і ён увесь час папаўняецца.

Вядома, штучны інтэлект нясе шмат не проста прагрэсіўных, а вельмі зручных элементаў у жыцці чалавека. Наша штодзённасць істотна змянілася дзякуючы менавіта ШІ. Ужо мала хто памятае, што, збіраючыся ў водпуск, мы дамаўляліся па тэлефоне аб браніраванні нумара ў доме адпачынку, санаторыі ці гасцініцы, вывучалі па карце (заўважым, што гэта быў папяровы варыянт тыпу буклета ці атласа) маршрут, па якім было лепш ехаць. А цяпер мы на сайце браніруем зручны час і нумар пражывання, маршрут «забіваем» у навігатар. І гэта толькі адзін прыклад.

Але! Разам з тым мы дзелімся сваімі персанальнымі данымі, уводзім іх практычна ўсюды: пры браніраванні білетаў і нумароў, інтэрнэт-пакупках, аплаце таксі, банкавых аперацыях... Я ўжо не кажу пра тое, колькі ў кожнага з нас у кашальках зніжкавых картак разнастайных гандлёвых аб’ектаў, пры атрыманні якіх мы зноў даём свае персанальныя даныя. Акрамя таго, не забывайце, колькі звестак, у тым ліку выключна асобасных, людзі выкладваюць на сваіх старонках у сацсетках. Чаму ніхто не задумваецца аб тым, што гэта сямейныя ці асабістыя, а не публічныя фота? Шматразова задавалася пытаннем, аб чым думае маладая матуля, выкладваючы фота свайго голенькага немаўляці ў сусветную павуціну? Бо дзіця вырасце, а яго фота ў інтэрнэт-прасторы так і застанецца…

Штучны інтэлект апрацоўвае ўсе сеткі, а значыць, кожнага карыстальніка, яго перавагі, незадаволенасці, сувязі, зносіны і нават хваробы. А гэта значыць, што аператары сеткавых платформ сталі карыстацца грамадскім і палітычным уплывам. Наглядны прыклад — 2020 год і пандэмія, калі «на адлегласці» сеткавыя рэсурсы сталі аднымі з самых прыярытэтных. Усе гэтыя змены адбываюцца з такой хуткасцю, што ні самі людзі, ні дзяржавы проста не паспяваюць нават усвядоміць ступень уплыву сеткавых платформ.

Каб персанальныя даныя не станавіліся здабыткам шырокай грамадскасці, яшчэ горш — не былі скарыстаны ў злачынных мэтах, у Беларусі ёсць комплекснае рэгуляванне сферы абароны персанальнай інфармацыі нашых грамадзян. На якіх падставах і каму іх даваць, як абараніць канфідэнцыяльныя звесткі, усё гэта прапісана ў Законе «Аб абароне персанальных даных».

І ўсё ж вернемся да ўплыву сеткавых платформ са штучным інтэлектам. Ніхто з карыстальнікаў сацыяльных сетак не зможа адрозніць, кім была згенераваная тая або іншая інфармацыя або дэзынфармацыя — чалавекам або ШІ. Хто мог выказаць здагадку, што ТіkТоk, які ў прынцыпе ствараўся для дэманстрацыі кароткіх вясёлых відэа, жартаў, танцаў ці незвычайных навыкаў, раптам выкліча асцярогі. І выклікаў. У 2020 годзе Індыя і ЗША забаранілі гэтую платформу, рэальна асцерагаючыся і за звесткі аб персанальных даных сваіх грамадзян, і ўтоеных магчымасцяў дэзынфармацыі. І нават калі Кітай, як распрацоўшчык, прадасць код ЗША, то праца сэрвісу будзе залежаць ад штучнага інтэлекту, а мэты і задачы, якія закладаліся, вядомыя толькі ў Кітаі. Вось і ўвесь інтэлект…

Мы нават не падазраём, колькі працуе разнастайных прыватных сеткавых платформ, якія ў іх мэты... Ці можам мы сёння паверыць, што штучны інтэлект апярэджвае нас у навучанні, ці можам угнацца за ім, супрацоўнічаць з ім, часта нават не разумеючы, што ён робіць і чаму. Яшчэ Імануіл Кант у сваёй кнізе «Крытыка чыстага розуму» сказаў, што «на долю чалавечага розуму ў адным з відаў яго пазнання выпаў дзіўны лёс: яго абложваюць пытанні, ад якіх ён не можа ўхіліцца, бо яны навязаны яму яго ўласнай прыродай; але ў той жа час ён не можа адказаць на іх, бо яны пераўзыходзяць магчымасці чалавечага розуму».

Таму наколькі важна не хапаць, як прынаду, любую інфармацыю, гартаючы тую ці іншую сетку, а давяраць толькі правераным крыніцам, а яшчэ лепш чытаць фундаментальную літаратуру, якая прымушае думаць, суперажываць, цешыцца і атрымліваць задавальненне. Тое, што штучнаму інтэлекту непрымальна.

Наўрад ці каму-небудзь з нас хацелася б запусціць некантраляваныя працэсы ў сваю працу, жыццё або ў свет у цэлым. А штучны інтэлект пераходзіць у наступленне... І гэта, на жаль, суровая рэальнасць.

Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ

Загаловак у газеце: Штучны інтэлект не фантастыка, а суровая рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.