Работа Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласці працягнулася і ў суботу. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — далейшы лёс аграхолдынгу «Купалаўскае». Прынамсі, гэта пытанне важнае для ўсяго аграпрамысловага комплексу Шклоўскага раёна, ды і для ўсёй краіны. Па сутнасці, на канкрэтным прыкладзе вырашаецца праблема фінансавага аздараўлення сельгасарганізацый усёй краіны.
Але пачаў Прэзідэнт з апошняй навіны. «Учора ў 18.10 сілы СПА ВПС Беларусі былі прыведзены ў павышаную баявую гатоўнасць, гатоўнасць № 1, дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны. Справа ў тым, што (мы падазраём, гэта не першы раз) Узброеныя сілы Украіны парушылі ўсялякія дамоўленасці, правілы паводзін і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь на ўсходнім напрамку, у раёне Касцюковіч. Сілы СПА былі праведзены ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп мэт, іх было больш за дзясятак. Вылецелі самалёты, верталёт, таксама сродкі РСЗА былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у 19.04 на вышыні паўтара кіламетра і далёкасцю 6,5 кіламетраў сіламі СПА было знішчана некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі. Уначы і сёння з раніцы адбываецца пошук таго, што было знішчана. «Мы падазраем, што гэта былі ўдарныя беспілотнікі, якія дакладна парушылі паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі яны былі знішчаныя, астатнія былі перададзеныя Расійскай Федэрацыі». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паводле інфармацыі генеральнага штаба Расіі і камандуючага супрацьпаветранай абароны Расіі гэтыя цэлі былі збітыя пад Яраслаўлем. Першы напрамак — Смаленск. Але потым яны змянілі траекторыю палёту — тыя, якія над Расіяй засталіся, і накіраваліся ў раён Яраслаўля. Але былі перахопленыя ўжо расійскімі сістэмамі СПА і знішчаныя.
«Навошта гэта Украіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Мы дакладна вызначыліся з імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што любыя правакацыі без адказу не застануцца. Таму міністэрству абароны, Генеральнаму штабу Беларусі загадана правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб надзейна гарантаваць бяспеку нашай дзяржавы», — заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння з сіламі СПА Расійскай Федэрацыі і тое, што ўсе цэлі былі знішчаны, гэта ўмоўна можна лічыць прыемным аспектам гэтай сітуацыі. «Непрыемна тое, што ўкраінцы, як я вас папярэджваў шмат разоў, паказваюць, што ні да якога міру яны не гатовы і прадаўжаюць эскалацыю напружанасці», — заўважыў беларускі лідар. Як яшчэ адзін прыклад ён прывёў атаку на Курскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта правакацыя ў СМІ будзе яшчэ доўга абмяркоўвацца. Таму ён палічыў расказаць гэта сам.
«Гэта лішні раз сведчыць аб тым, мужыкі, што нам на зямлі трэба працаваць не пакладаючы рук і даваць вынікі, каб пазбегнуць таго, што адбываецца ва Украіне», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Таму на прыкладзе «Купалаўскага» актыўна абмяркоўвалі «зямныя пытанні». «Купалаўскае», акрамя кіруючай кампаніі ўключае ў сябе яшчэ тры прадпрыемствы: «Вялікія Славені», «Любінічы-агра», «Новагарадзішчанскае». Гэтаму прадпрыемству заўжды ўдзялялі шмат увагі. У 2019 годзе Прэзідэнт даручаў навесці тут парадак. Але многія праблемы засталіся нявырашынымі: падаюць надоі, не хапае кадраў, расце падзеж жывёлы, прастойвае тэхніка. Як адзін з варыянтаў вырашэння праблем «Купалаўскага» — уключэнне гэтага прадпрыемства да больш прыбытковых. У Шклоўскім раёне гэта акцыянерныя таварыствы «Александрыйскае», «АСБ-Агра Гарадзец», прапаноўваецца аб’яднаць іх з гаспадаркамі «Купалаўскага».
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы ў «Купалаўскім», чым займаюцца гаспадаркі, якія ўваходзяць у яго склад. Ён заўважыў, што ў савецкія часы тут былі вельмі моцныя, паспяховыя гаспадаркі. Былі і слабейшыя, але з вялікімі перспектывамі для развіцця. Прэзідэнт заўважыў, што Шклоўскі раён у плане зямельных рэсурсаў, глебавай карысці валодае аднымі з лепшых зямель у нашай краіне: «Вось гэта ўсходняя каса, я маю на ўвазе Горкі, Мсціслаў, Шклоўскі раён, Бялынічы, Круглянскі, Магілёўскі раёны — гэта вельмі добрыя землі. Але аддачу яны даюць не тую, якую яны павінны мець. Таму мы спрабуем на ўсходзе стварыць нешта такое, што магло б прынесці сялянам грошы і садзейнічала б развіццю аграпрамысловага комплексу ў гэтай частцы. Мы выдатна разумеем, што для таго, каб грошы былі ў сялян, трэба вырабіць прадукцыю, перапрацаваць і яе прадаць у розніцу. Тады жывыя грошы будуць у вас на руках».
Паводле слоў Прэзідэнта, «Александрыйскае» часткова ўмее гэта рабіць. Ён заўважыў, што ёсць станоўчыя прыклады прыватных прадпрыемстваў, якія працуюць ад вытворчасці да гандлю. «Прыклады ёсць добрыя, землі тут добрыя. Людзі тут яшчэ не развучыліся працаваць, калі начальнікі нармальныя. І тут можна мець добрыя вынікі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пытанне ў тым, як гэта зрабіць у «Купалаўскім». Прэзідэнт пацікавіўся, як выбудавана работа ўсіх гаспадарак, якія ўваходзяць у холдынг. І яшчэ шэраг важных пытанняў: «Якая будучыня? Як вы пабудуеце вытворчую структуру? Як вы перапрацоўку ў будучыні пабудуеце? Ці бачыце вы гэта?».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адпаведная падтрымка з боку дзяржавы прадпрыемствам аказана максімальная. «Зямельныя ўгоддзі ў Шклоўскім раёне, кожны кавалак зямлі падзелены, гаспадаркі ўсюды забяспечаны», — удакладніў Прэзідэнт. Яго запэўнілі, што так яно і ёсць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што малочнатаварныя комплексы ў гэтых сельгасарганізацыях трэба насычаць добрай жывёлай, каб атрымліваць высокія ўдоі.
«Ад зямельных рэсурсаў — добрыя землі, глебы — трэба атрымліваць добрыя ўраджаі», — заўважыў ён. І падкрэсліў — не для паказухі: «Я праехаў палову Шклоўскага раёна, я не скажу, што ўжо зусім катастрофа. Я не магу так сказаць. Ёсць значна горш. Але гэта палова ад таго, што павінна быць. Тут павінна быць ідэальна». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што культура земляробства павінна быць на высокім узроўні і аддача ад гэтых земляў. І прычым усюды. Ён звярнуў увагу, што база ў Шклоўскім раёне ёсць, яна добрая. Далёка не кожны раён можа пахваліцца тым, што яму не патрэбен малочнатаварны комплекс. «Усё астатняе трэба прыстасаваць для ўзнаўлення падвойнага статка. — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба прыстасоўваць старыя памяшканні. Калі трэба нешта — пабудаваць яшчэ». Паводле яго слоў, не заўсёды трэба прасіць грошы на новыя аб’екты. Можна стварыць жывёлам прымальныя ўмовы без вялікіх затрат.
І яшчэ адна важная парада кіраўнікам гаспадарак — не проста кіраваць, а займацца канкрэтнымі справамі.
Аб выніках нарады Прэзідэнт зноў расказаў мясцовым жыхарам — кіраўніка дзяржавы чакалі жыхары аграгарадка Гарадзішча. «Вось гэта мне пашанцавала сустракацца з людзьмі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што не можа з’ехаць, пакуль не патлумачыць людзям, што адбываецца.
Прэзідэнт нагадаў, што некалькі гадоў таму было прынята рашэнне аб стварэнні тут аграхолдынга, у які было ўкладзена нямала сродкаў, пабудаваны добрыя малочнатаварныя комплексы, закуплена тэхніка. Бо, як заўважыў беларускі лідар, перш чым ствараць нешта самавітае, трэба стварыць базу. Базу стварылі, і на гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усё ўгразла. Праблему трэба вырашаць. «„Купалаўскае“ пераходзіць у Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта і дадаюцца „Александрыйскае“ і „Гарадзец“. Будзе акумулявана палова раёна», — расказаў Прэзідэнт.
«Трэба нармальная работа. Галоўнае: для таго каб былі грошы, трэба самім перапрацоўваць усё і прадаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт папярэдзіў, і кіраўнікоў, і мясцовых жыхароў, большасць якіх працуе ў аграхолдынгу, што падтрымка з боку дзяржавы будзе. Але і спытаюць жорстка. «Жыцця спакойнага ў вас не будзе, я думаю, што з гэтага года, дакладна, можа, і з заўтрашняга дня», — паставіў перад фактам кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што ў новага холдынга будзе свой камбікормавы завод і малаказавод. «Вы не хвалюйцеся, парадак мы тут навядзём і сітуацыя горшай тут не будзе. Мы дапаможам, але ўсё астатняе ў вашых руках», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз месцічаў. На першым месцы, зразумела, дысцыпліна.
Жыхары Гарадзішча падзякавалі Прэзідэнту за ўсё, што зроблена для іх малой Радзімы і для ўсёй краіны ў цэлым і папрасілі не пакідаць сваю пасаду. «Не ўсё ад мяне залежыць. — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. — Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі вы павінны пасеяць і прыбраць, значыць, вы павінны гэта рабіць. Мы ўсё захавалі, трэба памнажаць. Нам трэба разам гэта зрабіць». Ён таксама падкрэсліў, што ўсе напрацоўкі і досвед трэба пакідаць і перадаваць моладзі, за якімі будучыня.
Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў мехдвор ААТ «Новагарадзішчанскае». Тут ён зноў нагадаў пра а сваё даручэнне аднавіць райаграсэрвісы. Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зламаную тэхніку трэба максімальна аднаўляць, а не спісваць не гледзячы.
Генеральны дырэктар ААТ «Купалаўскае» — кіруючая кампанія холдынгу Міхаіл Крыцкі расказаў журналістам, што справы на прадпрыемстве паціху наладжваюцца, аднаўляецца і кадравы патэнцыял, і тэхнічны, закупляецца шмат тэхнікі, гаспадаркі пачынаюць забяспечваць сябе самі. У суботу ў «Купалаўскім» ужо скончылася ўборка і спецыялісты адправіліся дапамагаць іншым гаспадаркам. Уборку скончылі з плюсам да мінулага года — намалацілі на 30 працэнтаў больш, гэтак жа дадалі па мясе і малаку.
«У цэлым гаспадаркі развіваюцца, але ёсць пэўныя цяжкасці: у нас не хапае месцаў для захоўвання збожжа, ураджаі растуць, а магутнасці для перапрацоўкі састарэлі. Таму пытанне па далучэнні гаспадарак для нас актуальнае», — адзначыў Міхаіл Крыцкі. Тым больш «Купалаўскае» і так супрацоўнічае з «Александрыйскім». «У мінулым годзе мы вырабілі на іх магутнасцях 2,5 тысячы тон камбікармоў. Таксама ў іх ёсць сучасныя лініі для ачысткі насення, гэта таксама немалаважна, бо гэта дазволіць нам дабіцца лепшых вынікаў у раслінаводстве. Плюс перапрацоўка, гэта высокая дабаўленая вартасць, бо забяспечвае не проста продаж сыравіны, а непасрэдна продаж малочнай і мясной прадукцыі. Мы бачым у гэтым патэнцыял», — патлумачыў Міхаіл Крыцкі.
Валерыя СЦЯЦКО
Шклоўскі раён
Фота: БелТА
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.