Алесь СТАВЕР (1929 — 1995) быў вельмі яркай асобай. На яго жыццё выпалі самыя драматычныя выпрабаванні ваеннага пакалення. У 1944 годзе, незадоўга перад вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падчас блакады партызанскага Докшыцкага краю згубіў бацьку, братоў, быў вывезены фашыстамі ў Германію. Пашчасціла выжыць. Праз шмат гадоў пісьменнік раскажа пра ўсё гэта ў рамане «Пад канвоем». Падзеям у партызанскім краі прысвечаны і дзве іншыя кнігі Алеся Ставера — «Да сваіх» і «Лясныя аповесці». Праявіў сябе пісьменнік і як драматург, напісаўшы камедыю «Алімпіяда Салодкая» і п’есу «Слова не верабей». Абодва творы былі пастаўлены ў тэатры.
Алесь Ставер — аўтар паэтычных зборнікаў «Золак над Бярозай», «Ластаўкі перад дажджом», «Жураўлі ляцяць...», «Лірнік», «Жнівеньскі вырай», «Зоры зямныя»... Многія вершаваныя творы паэта сталі папулярнымі песнямі. Музыку да вершаў А. Ставера напісалі кампазітары Рычард Бутвілоўскі, Іван Кузняцоў, Генрых Вагнер, Ігар Лучанок, Мікалай Чуркін, Юрый Семяняка... А ці не самай вядомай з’яўляецца песня «Жураўлі на Палессе ляцяць». Памятаеце: «Каб любіць Беларусь нашу мілую,/ Трэба ў розных краях пабываць./ Разумею цяпер, чаму з выраю/ Жураўлі на Палессе ляцяць./ Што ім тыя пагоды паўднёвыя!/ Што ім пышны платанавы рай,/ Калі клічуць іх далі сасновыя/ І азёрны рабінавы край...»?!
Шкада, што ў юбілей пісьменніка даводзіцца канстатаваць: даўно не выходзілі асобнымі выданнямі кнігі паэзіі Алеся Ставера, якога выпеставаў, выхаваў багаты на гісторыю Докшыцкі край, не перавыдаецца яго раман «Пад канвоем»... Можа быць, у пярэдадзень 80-годдзя Вялікай Перамогі айчынныя кніжныя выдавецтвы парупяцца, каб беларускі чытач новых пакаленняў шырэй адкрыў для сябе творчасць аўтара песні «Жураўлі на Палессе ляцяць»..? А праз пяць гадоў — і стагоддзе з дня нараджэння Алеся Ставера, падзея, якую, пагадзіцеся, ніяк нельга абыйсці ўвагай у беларускай літаратуры, беларускай культуры.
Сяргей ШЫЧКО
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.