9 жніўня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў ІІІ пленум Цэнтральнага савета ДТСААФ.
У рабоце пленума ўзялі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, намеснік міністра абароны па ўзбраенні генерал-маёр Андрэй Федзін, старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ генерал-маёр запасу Андрэй Некрашэвіч.
Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, ДТСААФ сёння з’яўляецца грамадскай дзяржаўнай арганізацыяй, якая ўпэўнена займае сваю нішу ў сістэме нацыянальнай бяспекі нашай краіны. «Гэта структура іграе найважнейшую ролю ў выхаванні нашага падрастаючага пакалення. На ДТСААФ ускладзена рашэнне дзяржаўна значных задач па падрыхтоўцы насельніцтва да абароны нашай краіны, самы непасрэдны ўдзел у грамадзянска-патрыятычным выхаванні нашых грамадзян, развіцці тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных відаў спорту, тэхнічнай творчасці моладзі», — сказаў ён.
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што абстаноўка вакол краіны сёння сапраўды вельмі складаная і напружаная: «Вы ўсе абсалютна падрыхтаваныя і дарослыя людзі выдатна бачыце, што адбываецца. Развязана гібрыдная вайна, якая нясе новыя пагрозы і выклікі, што адкладаюць свой адбітак, уплываюць і пагражаюць нашым нацыянальным інтарэсам. Таму вельмі важна ў кожнай структуры нішы забеспячэння нацыянальнай бяспекі заняць сваё месца і процідзейнічаць гэтым пагрозам».
Па яго словах, структурай ДТСААФ было зроблена шмат станоўчага.
«У апошні час зроблены велізарны крок па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Гэта вельмі важны кірунак. Прыемна, што мерапрыемствы ў гэтай сферы праводзяцца не „для галачкі“, не толькі па знакавых датах. Гэтая работа стала паўсядзённай дзейнасцю арганізацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так сёння і павінна быць», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Вальфовіч. «Прэзідэнт сказаў, што ДТСААФ і структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы павінны працаваць разам. ДТСААФ павінна цалкам уліцца ў сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Павінна быць больш шчыльнае ўзаемадзеянне з Міністэрствам абароны і іншымі структурамі сілавога блока краіны», — падагульніў ён.
У сваю чаргу старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ, генерал-маёр запасу Андрэй Некрашэвіч распавёў пра асаблівасці падрыхтоўкі спецыялістаў на базе ДТСААФ для Узброеных Сіл: «ДТСААФ традыцыйна працягвае навучаць кіроўцаў у інтарэсах Узброеных Сіл і іншых сілавых структур. Мы рыхтуем лётчыкаў: як ваенных, так і грамадзянскіх. Нешматлікія з краін могуць пахваліцца, што самастойна могуць навучаць лётчыкаў. У верасні мы плануем адкрыць наш спартыўна-патрыятычны цэнтр на базе Мінскага аэраклуба. Гэта будзе знакавая падзея не толькі для супрацоўнікаў ДТСААФ і жыхароў горада Мінска, але і для грамадзян усёй краіны».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.