Сёлетняе надвор’е спрыяе пляжнаму адпачынку. Ратуючыся ад спякоты, людзі адпраўляюцца на вадаёмы. Безумоўна, плаваць рэкамендуецца на афіцыйных пляжах, дзе дзяжураць ратавальнікі і ёсць усё неабходнае для адпачынку: тапчаны і лаўкі, кабінкі для пераапранання і прыбіральні, альтанкі і мангалы. За такімі пляжамі сочаць не толькі ратавальнікі. Тут збіраецца і рэгулярна вывозіцца смецце, абкошваецца трава, а эпідэміёлагі правяраюць стан вады. Спецыялісты расказалі, як праходзіць сёлетні купальны сезон, якія правапарушэнні найбольш частыя ў месцах адпачынку, а ратавальнікі нагадалі, як сябе паводзіць і што не трэба рабіць, каб не пацярпець пры купанні ў вадаёме.
Ніводнае яшчэ лета не абыходзілася без няшчасных выпадкаў на вадзе. Сёлетняе не стала выключэннем. Другі год запар супрацоўнікі МНС праводзяць інфармацыйную кампанію пад дэвізам «Памятайце: вас чакаюць на беразе жывым». Аднак у спякотнае надвор’е, на жаль, толькі павялічваецца колькасць трагічных здарэнняў. Сёлета на вадаёмах патанулі 245 чалавек, з іх 17 дзяцей (летась на вадзе загінулі 13 дзяцей). Пры гэтым 87 дарослых (кожны трэці загінулы) знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Як паведаміў начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максім Клачко, у кожным выпадку гібелі дзяцей трагічных наступстваў можна было пазбегнуць.
— 13 ліпеня 17-гадовы падлетак, купаючыся, запанікаваў і пачаў тануць. 11 ліпеня дзяўчынкі вырашылі зайсці ў ваду не для купання, аступіўшыся, абедзве апынуліся пад вадой, адну з іх дасталі з вады без прыкмет жыцця.
5 ліпеня маці згубіла з поля зроку сярэдняга сына, ён быў знойдзены і выцягнуты з сажалкі на адлегласці 10 см ад берага на глыбіні 1 метр. 30 чэрвеня 16-гадовы хлопец зайшоў па пояс у ваду акунуцца і сышоў пад ваду, на паверхні больш не паявіўся. 30 чэрвеня 15-гадовы падлетак пайшоў гуляць з кампаніяй сяброў і не вярнуўся дадому, сваячка знайшла асабістыя рэчы падлетка на беразе ракі, — прывёў прыклады гібелі дзяцей і падлеткаў Максім Клачко, адзначыўшы, што асноўныя прычыны трагедый — няўменне плаваць, адпачынак каля вады ў стане ап’янення; дарослыя выпускаюць з поля зроку сваіх малалетніх дзяцей ці тыя самастойна ідуць на вадаём, дзе, гарэзячы, губляюць кантроль і каардынацыю.
Сёлета супрацоўнікі МНС на пастаяннай аснове наведвалі вадаёмы, дзе тлумачылі правілы паводзін і прычыны гібелі, каля вялікіх зон адпачынку задзейнічалі нават авіяцыю МНС. У аздараўленчых лагерах была ініцыявана кампанія па навучанні плаванню, дзе задзейнічалі каля 20 тысяч дзяцей.
— Заклікаем бацькоў звярнуць увагу, што самае галоўнае правіла ў жыцці дзіцяці — правіла бяспекі. Калі вы сталі сведкам небяспечных гульняў няхай нават чужых дзяцей, зрабіце заўвагу, раскажыце пра небяспеку, патэлефануйце бацькам, — параіў прадстаўнік МНС.
Колькасць ахвяр вады магла быць большай, калі б не работа ратавальнікаў. Сёлета на вадаёмах выратавалі 173 чалавекі (летась — 174), сярод іх 49 дзяцей.
— Асноўная прычына гібелі дзяцей — недагляд бацькоў. Быў выпадак, калі жанчына пакінула сваё дзіця на пляжы незнаёмай жанчыне і сышла па сваіх справах, — расказала афіцыйны прадстаўнік Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (АСВОД) Кацярына Міхалёва.
Яна дадала, што ў пэўнай групе рызыкі і людзі пенсіённага ўзросту, якія пакутуюць на хранічныя захворванні. На тэрыторыі Мінскай і Гродзенскай абласцей нядаўна загінулі 63-гадовы мужчына і 82-гадовая жанчына. Жанчына ўпала ў меліяратыўны канал, а мужчына праваліўся ў закінуты калодзеж, калі пайшоў у грыбы.
— Прынята думаць, што калі чалавек тоне, ён крычыць, актыўна махае рукамі. Аднак гэта адбываецца ў большасці выпадкаў ціха. Людзі тонуць абсалютна бясшумна, бо можна зрабіць адзін глыток вады і, захлынуўшыся, не мець ужо магчымасці крычаць. Таму варта быць пільным і ўважлівым. Калі вы бачыце, што чалавек паводзіць сябе дзіўна: то з’яўляецца над вадой, то знікае, — з вялікай верагоднасцю ён тоне, — адзначыла Кацярына Міхалёва.
Пры ратаванні важна правільна разлічыць свае сілы. Калі вы разумееце, што фізічна не ў стане выратаваць чалавека, то не трэба імкнуцца дапамагчы самастойна. Напрыклад, калі вы кволая жанчына, а тоне мужчына ў целе, то хутчэй за ўсё вы не зможаце яго выцягнуць.
— Варта прыцягваць як мага больш увагі, крычаць, што чалавек тоне, каб выклікалі ратавальнікаў, і хтосьці з відавочцаў, хто лепш
фізічна падрыхтаваны, мог кінуцца ў ваду і выратаваць, — патлумачыла прадстаўнік АСВОД.
Як дадаў Максім Клачко, самае галоўнае правіла — не падплываць да таго, хто тоне, спераду. Чалавек, які тоне, будзе хапацца за вас і можа зацягнуць пад ваду. Неабходна падплыць да яго са спіны, узяць за валасы ці пад рукі, абхапіўшы грудную клетку, прыўзняць яго галаву над вадой і плыць у бок берага.
Бяспеку падчас купальнага сезона разам з ратавальнікамі забяспечваюць супрацоўнікі міліцыі. Яны патрулююць не толькі афіцыйныя пляжы, але і стыхійныя месцы, дзе збіраюцца адпачывальнікі. Напрыклад, у Мінску пад кантролем амаль усе такія месцы.
— Паводле рашэння адміністрацый раёнаў, вызначаецца больш як 10 афіцыйных месцаў адпачынку, з іх толькі тры маюць дазвол на купанне — Цнянскае вадасховішча, Дразды і Камсамольскае возера. Таксама мы для сябе штогод вызначаем яшчэ некалькі стыхійных зон, дзе адпачываюць гараджане, якія мы бярэм пад кантроль, іх каля 18. У будныя дні патрулюем іх пасля абеду, у выхадныя з раніцы да позняга вечара, — праінфармаваў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў.
Задача праваахоўнікаў — каб кожны, хто прыйшоў на пляж, застаўся жывым і здаровым. Не губляе актуальнасці і забеспячэнне правапарадку, бо злачынствы здзяйсняюцца і на пляжах, прычым найчасцей — крадзяжы. Ахвярамі злодзеяў, як правіла, становяцца тыя, хто пакідае рэчы без нагляду. Калі вы прыйшлі адпачываць у кампаніі, абавязкова хтосьці павінен застацца сачыць за рэчамі, калі ўсе астатнія ідуць купацца. А самае каштоўнае лепш пакінуць пры магчымасці ў асабістым транспарце або ўвогуле дома.
Нярэдка кампаніі прыходзяць у месцы адпачынку, дзе плаванне забаронена, каб пасядзець пад моцныя напоі. А пасля іх ужо і вада падаецца не такой бруднай, і людзі ідуць купацца. Зрэшты, сёлета дастаткова няшмат выяўленых фактаў купання ў забароненых месцах. Самае распаўсюджанае правапарушэнне — распіццё алкагольных напояў. За яго пагражае, між іншым, штраф у памеры да васьмі базавых велічынь.
— За гэты купальны сезон амаль 600 чалавек прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне алкаголю на пляжах, — кажа Сяргей Гарохаў. — На тым жа Цнянскім вадасховішчы ёсць месцы, дзе рэалізуюцца алкаголь і слабаалкагольныя напоі, і месцы, вызначаныя для іх ужывання. Умоўна кажучы, калі стаіць пяць сталоў і дзесяць крэслаў побач з пунктам продажу, то там вы і павінны выпіць тое, што купілі. Пляж — гэта грамадскае месца, на якім распіццё алкаголю забаронена. Акрамя таго, больш за 1,5 тысячы парушэнняў ППД, уключаючы паркоўку, выяўлена сёлета ў месцах адпачынку.
Не толькі з тапчанамі і навесамі, але і з фотазонамі Сталічныя пляжы (а іх на вадасховішчах Заслаўскае, Цнянскае, Дразды і Крыніца два дзясяткі) абслугоўвае Мінская лесапаркавая гаспадарка. Перад падрыхтоўкай да купальнага сезона пляжнае, дзіцячае і спартыўнае абсталяванне (усяго каля 3800 адзінак) фарбуецца і рамантуецца, замест сапсаванага ўстанаўліваецца новае, рамантуюцца пад’язныя дарогі, аўтастаянкі, плітачнае пакрыццё, веладарожкі. Штогод частку абсталявання вырабляюць работнікі прадпрыемства. У прыватнасці, сёлета было выраблена і ўстаноўлена 22 драўляныя альтанкі, а таксама сталы з крэсламі, амаль тры дзясяткі лавак, інфармацыйныя стэнды.
На пляжах з’явіліся 11 новых ценявых навесаў, 15 арэляў, шэсць кабінак для пераапранання, былі заменены 22 мангалы. Усяго сёлета ўстаноўлена больш чым 300 адзінак абсталявання, у тым ліку 220 тапчаноў.
Летась на сталічных пляжах (№ 2 вадасховішча Дразды і № 5 Заслаўскага вадасховішча) упершыню былі аформлены фотазоны. Сёлета з’явіліся яшчэ дзве — на пляжы № 2 Цнянскага вадасховішча і на пляжы № 6 Заслаўскага вадасховішча.
Штогод у афіцыйных месцах адпачынку працуюць нестацыянарныя рознічныя гандлёвыя павільёны. Акрамя таго, на ўсіх пляжах устанаўліваюцца біяпрыбіральні з комплексным абслугоўваннем 2-3 разы на тыдзень. Сёлета, дарэчы, іх колькасць была павялічана да 74.
Перад пачаткам сезона Мінскводаканал правёў абследаванне і чыстку акваторый пляжаў, расліннасць у зонах купання была выдалена. Што датычыцца санітарнага стану, у сезон для прыборкі ў штат набіраюць дадатковых прыбіральшчыкаў, а смецце вывозяць пяць смеццевозаў. Цягам усяго сезона праводзяцца касьба, санітарныя высечкі, прыборка сухастою.
За санітарным станам пляжаў штодзённа назірае і санітарна-эпідэміялагічная служба, у тым ліку ў выхадныя, у прыватнасці ацэньвае санітарны стан месцаў масавага адпачынку, маніторыць аб’екты гандлю і грамадскага харчавання.
Для ацэнкі бяспекі акваторый вадасховішчаў Заслаўскае, Цнянскае, Дразды, Крыніца і Камсамольскае возера праводзяцца штотыднёвыя адборы проб вады для лабараторных даследаванняў па паказчыках бяспекі. У перыяд купальнага сезона адбор проб, дарэчы, праводзіцца не радзей аднаго раза на тыдзень. Праўда, дапускаецца і больш рэдкі адбор — раз на два тыдні, але пры спрыяльным надвор’і. Па паказчыках бяспекі па хімічным саставе пробы робяцца два разы на месяц.
— Асноўны крытэрый, які адыгрывае ролю ў абмежаванні, прыпыненні ці забароне купання — перавышэнне індыкатарнага мікрабіялагічнага паказчыка бяспекі. Гэта кішэчная палачка. У выпадках атрымання нестандартных вынікаў лабараторных даследаванняў мы інфармуем пра такую сітуацыю адміністрацыі раёнаў Мінска для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, а таксама балансатрымальнікаў пляжаў, — растлумачыла ўрач-гігіеніст аддзялення камунальнай гігіены аддзела гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Шэўчык.
Пры неадпаведнасці вады гігіенічным нарматывам у залежнасці ад вынікаў лабараторных даследаванняў купанне можа быць абмежавана, прыпынена ці забаронена. Падставай для адмены гэтых абмежаванняў з’яўляецца атрыманне двух паслядоўных станоўчых вынікаў лабараторных даследаванняў вады па мікрабіялагічнай бяспецы.
— За перыяд пляжнага сезона сёлета адабрана 308 проб вады з адкрытых вадаёмаў. Па стане на цяперашні час на падставе лабараторных даных усе пробы вады адпавядаюць гігіенічным нарматывам па паказчыках мікрабіялагічнай бяспекі, — паведаміла Наталля Шэўчык. — На падставе комплекснай ацэнкі водных аб’ектаў купанне на афіцыйных пляжах Мінска магчыма без абмежаванняў, іх санітарны стан ацэньваецца як здавальняючы.
Актуальная інфармацыя санэпідслужбы абнаўляецца штотыднёва, і з ёй можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Што датычыцца выпадкаў, калі вада на пляжах набывае ненатуральнае сіняе ці зялёнае адценне, што якраз цяпер можна назіраць на пляжах № 7 і № 9 вадасховішча Дразды, дзе вада набыла сіняе адценне, Наталля Шэўчык паведаміла, што на гэтым тыдні атрыманы двухразовы стандартны станоўчы лабараторны вынік. Меры па прыпыненні купання дзяцей і дарослых адмененыя.
— Купанне там дазволена. Штогод, пачынаючы з сярэдзіны ліпеня, праходзіць прыродная з’ява «цвіценне вады». Яна ўзнікае з-за высокай тэмпературы і вялікай колькасці сонечнага святла. Афарбоўку надае высокая канцэнтрацыя пігментных клетак. Водарасці цвітуць, вада набывае сіне-зялёны колер, чырвонае адценне, і на гэта немагчыма ўздзейнічаць. Але цвіценне не ўяўляе небяспекі, — растлумачыла ўрач.
Алена КРАВЕЦ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.