Вы тут

У выніку незаконнага звальнення наймальнік выплаціў работніку больш за 13 тысяч рублёў


У Федэрацыі прафсаюзаў прадстаўлялі інтарэсы работніка ў судзе. Той у сваю чаргу стаў на бок звольненага супрацоўніка. У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі расказалі, як дапамагаюць дабіцца справядлівасці ў выпадках, калі наймальнік прымае рашэнні аб звальненні з парушэннем заканадаўства.


Фота з адкрытых крыніц

— Спрэчкі, звязаныя з незаконным звальненнем, як правіла, вырашаюцца ў судах. Прававыя інспектары працы прафсаюзаў дэталёва вывучаюць кожны такі зварот і пры наяўнасці законных падстаў дапамагаюць работнікам скласці іскавыя заявы ў суд аб аднаўленні на працы. Пры неабходнасці непасрэдна прадстаўляюць інтарэсы членаў прафсаюза пры разглядзе справы, — адзначылі ў Федэрацыі прафсаюзаў. 

Трэба сказаць, што кожны выпадак індывідуальны. Пры гэтым, калі звальненне сапраўды было незаконным, прафсаюзы дабіваюцца не толькі аднаўлення работнікаў на ранейшым месцы, але і выплаты ім значных сум. Гэта грашовая кампенсацыя маральнай шкоды, спагнанне сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і іншыя выплаты.

Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў прафсаюз працаўнікоў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў звярнуўся працаўнік, які палічыў сваё звальненне незаконным. Галоўны прававы інспектар працы прафсаюза прадстаўляў інтарэсы работніка ў судзе. Як высветлілася, першапачаткова наймальнік змяніў работніку істотныя ўмовы працы і ўстанавіў няпоўны працоўны час, у выніку чаго работнік, не згодны з такім рэжымам працоўнага дня, быў вымушаны звольніцца. Адначасова з гэтым у штат прадпрыемства была ўведзена дадатковая штатная адзінка па такой жа пасадзе, на якую тут жа быў прыняты іншы супрацоўнік. Суд прыняў рашэнне аб незаконнасці дзеянняў наймальніка.

— Замест аднаўлення на працоўным месцы наймальніка абавязалі выплаціць былому работніку больш за 13 тысяч рублёў — дзесяціразовы сярэднямесячны заробак. Такая норма прадугледжана Працоўным кодэксам: калі суд палічыць немагчымым або немэтазгодным аднаўленне работніка (напрыклад, калі на гэта працоўнае месца ўжо прыняты іншы супрацоўнік), то са згоды работніка суд можа ўскласці на наймальніка абавязак выплаціць работніку кампенсацыю ў памеры дзесяціразовага сярэднямесячнага заробку, — адзначылі ў нацыянальным прафцэнтры, дадаўшы, што калі ж суд прымае рашэнне аб аднаўленні на працы, то, як правіла, адначасова з гэтым і абавязвае наймальніка выплаціць работніку сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

Адзін з апошніх прыкладаў — прафсаюз «БЕЛПРАФМАШ» дапамог аднавіць на працы незаконна звольненага работніка аднаго з прадпрыемстваў Магілёва. Адначасова з гэтым работнік атрымаў сярэдні заробак за час вымушанага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды — усяго каля 2700 рублёў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам не варта сядзець у выхадныя дома.