Прагляд прагнозу надвор’я стаў амаль штодзённым рытуалам. Аднак мала хто задумваецца, што за гэтым стаіць карпатлівая праца вялікай колькасці спецыялістаў. Сёлета дзяржаўнай Гідраметэаралагічнай службе спаўняецца 100 гадоў. З нагоды круглай даты мы вырашылі адправіцца ў адзін з яе філіялаў — «Магілёўаблгідрамет», каб расказаць і паказаць, як ствараюцца прагнозы.
Гідраметэаралагічная служба Магілёва шмат у чым унікальная. Пачнём з таго, што яна найстарэйшая ў Беларусі. Першыя інструментальныя назіранні за надвор’ем пры Магілёўскай губернскай гімназіі былі пачаты яшчэ ў ліпені 1808 года. Да таго ж яна адзіная ў краіне носіць імя знакамітай асобы. У гонар 175-годдзя аблвыканкам прысвоіў на той момант Магілёўскай абласной гідраметэаралагічнай абсерваторыі імя земляка — гідраметэаролага Ота Юльевіча Шміта.
Дарэчы, гісторыю тут шануюць, і ўсе важныя даты азначаюцца адпаведнымі памятнымі знакамі. 100-годдзе Белгідрамета таксама не стане выключэннем — у гонар прыгожай даты ў Магілёве заклалі дзве алеі: каля будынка Магілёўаблгідрамета і ў гарадскім парку.
Спектр работ у філіяле вельмі шырокі. Тут праводзяць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя і гідралагічныя назіранні, ажыццяўляюць экалагічны і радыяцыйны маніторынг.
— Наша назіральная сетка складаецца з шасці метэаралагічных станцый, адной авіяметэаралагічнай станцыі, аднаго пункта назіранняў, размешчанага на тэрыторыі філіяла, і аўтаматычнай метэаралагічнай станцыі «Вялікі Мяжнік» у Шклоўскім раёне. Таксама дзейнічаюць 12 гідралагічных рачных пастоў і адзін азёрны, — распавядае начальнік філіяла Мікалай Костусеў.
Сёння ўсе метэаралагічныя станцыі Магілёўаблгідрамета, на якіх рэгулярна праводзяцца метэаралагічныя і аграметэаралагічныя назіранні, абсталяваны аўтаматычнымі вымяральнымі сістэмамі тыпу «Вайсала». А чатыры гідралагічныя пасты працуюць цалкам у аўтаматычным рэжыме.
— Увогуле, мы адны з першых у краіне ўстанавілі аўтаматычную станцыю яшчэ ў пачатку 2000-х, — адзначае Мікалай Костусеў. — Так, усе метэаралагічныя параметры: тэмпература, вецер, яго кірунак і хуткасць, а таксама шэраг іншых паказчыкаў вымяраюцца аўтаматычна і аператыўна перадаюцца ў Белгідрамет, дзе ў далейшым выкарыстоўваюцца сіноптыкамі для складання прагнозаў надвор’я.
Тым не менш спадзявацца толькі на тэхналогіі і выключаць чалавечы фактар не варта. Для больш дакладных і аб’ектыўных назіранняў усе дзяжурныя кожныя тры гадзіны выходзяць на метэаралагічную пляцоўку і здымаюць паказанні. І гэтаму, паводле слоў начальніка філіяла, трэба вучыцца. Прычым пастаянна.
— Калі прыходзіць новы спецыяліст, няхай нават дыпламаваны, яму, каб унікнуць ва ўсе тонкасці справы, трэба як мінімум 2-3 гады, — тлумачыць ён.
Сам Мікалай Эдуардавіч па адукацыі эколаг, на прадпрыемстве працуе ўжо больш як 30 гадоў. Рамяство гэта ён вывучыў усебакова: быў і кіроўцам, і інжынерам... І ўжо 10 гадоў як начальнік філіяла.
Удалося нам пабываць і на аграметэаралагічнай станцыі «Горкі», гісторыя якой непарыўна звязана са старэйшай аграрнай ВНУ Беларусі. Так, менавіта пры Горы-Горацкай земляробчай школе ў ліпені 1841 года былі арганізаваны першыя метэаралагічныя назіранні.
У далейшым, дарэчы, шматлікія навінкі галіны выпрабоўваліся таксама тут. Напрыклад, у пачатку 2000-х у Горках упершыню ў краіне ўстанавілі аўтаматычную станцыю. Да таго ж многія метэаназіранні, якія робяць тут, па-сапраўднаму эксклюзіўныя: нідзе ў краіне больш не вывучаюць выпарэнні з воднай паверхні, актынаметрыю, працягласць сонечнага ззяння і тэмпературу на глыбінях пры дапамозе выцяжных тэрмометраў.
Яшчэ адна адметнасць АС «Горкі» — вельмі маляўнічая тэрыторыя. Газоны з узорамі і памятнымі знакамі, клумбы, дэкарыраваны калодзеж, арэлі, баскетбольная пляцоўка і шмат-шмат чаго іншага. У такой атмасферы прыемна працаваць. І прымаць экскурсіі.
— У нас бываюць групы розных узростаў: ад вучняў пачатковых класаў да студэнтаў профільных ВНУ. Да ўсіх у нас індывідуальны падыход. Малых, вядома, інфармацыяй не перагружаем — аглядная экскурсія і ў баскетбол гуляем ці фатаграфуемся на нашых пляцоўках. Да студэнтаў жа падыход зусім іншы, — дзеліцца начальнік метэастанцыі Вячаслаў Паўлоўскі.
Маніторынг атмасфернага паветра ў Магілёве праводзіцца на чатырох пунктах назіранняў у дыскрэтным рэжыме (14 кантраляваных паказчыкаў) і на двух аўтаматычных станцыях назіранняў за прыярытэтнымі забруджвальнымі рэчывамі. Але, мабыць, самае цікавае заўсёды адбываецца ў лабараторыях. Тут адбіраюць пробы, аналізуюць іх, атрымліваюць канцэнтрацыі і перадаюць атрыманыя даныя ў Белгідрамет.
— Вызначаем таксама канцэнтрацыі цяжкіх металаў, нітратаў, сульфатаў і нафтапрадуктаў у глебе. Мы адзіныя ў Белгідрамеце вызначаем канцэнтрацыю ртуці, толькі ў нас ёсць адпаведныя абсталяванне і акрэдытацыя, — дзеліцца начальнік аддзела маніторынгу навакольнага асяроддзя Юлія Дзінькевіч.
Акрамя таго, у складзе прадпрыемства ёсць аддзел радыяцыйнага маніторынгу, які з’яўляецца адказам беларускіх вучоных на выклік чарнобыльскай катастрофы. Пад кіраўніцтвам начальніка аддзела Таццяны Ананіч здзяйсняецца радыяцыйны маніторынг атмасфернага паветра і глеб на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Важным этапам работы гідраметэаралагічнай службы з’яўляецца адпраўка інфармацыі атрымальнікам. Сярод іх дзяржаўныя органы, сілавыя структуры, дарожныя службы, паліўна-энергетычныя, сельскагаспадарчыя і лясныя галіны.
— У нашых прагнозаў даволі высокі ўзровень апраўдвальнасці: каля 96%—98%, — гаворыць начальнік аддзела забеспячэння спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыяй Алена Цюхай. — Гэта значыць, што са 100 прагнозаў усяго 2-4 не апраўдваюцца, ды і то, тут маюцца на ўвазе невялікія хібнасці, напрыклад па тэмпературным рэжыме.
Паводле яе слоў, самая высокая ступень апраўдвальнасці ў прагнозаў, якія даюцца на трое сутак. Тым не менш даюцца і больш доўгатэрміновыя, напрыклад на 7-10 сутак наперад.
Цікавы факт — у спісе паслуг філіяла ёсць адзін вельмі крэатыўны пункт: сертыфікат і пашпарт надвор’я.
— Гэта маляўніча аформлены дакумент, які, акрамя слоў віншаванняў і пажаданняў, змяшчае дакладную інфармацыю аб умовах надвор’я, што назіраліся ў любым пункце Беларусі ў пэўны дзень або перыяд, — тлумачыць Алена Уладзіміраўна.
Пасля такога падрабязнага знаёмства з гідраметэаралагічнай службай яскрава разумееш, што ад якасці яе работы залежыць вельмі шмат. Гэта значна больш, чым простае «што надзець?». Гэта будаўніцтва, дзейнасць ЖКГ, сельскай гаспадаркі, МНС і многіх іншых галін.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
Наводзіць парадак — з розумам.