У эфіры тэлеканалаў АНТ і «Расія-Культура» 95-годдзе акцёра Алега Стрыжэнава адзначаць паказам дакументальных і мастацкіх кінастужак. Што дазволіць не толькі згадаць персанажаў увасобленых вялікім артыстам, але і даведацца новыя абставіны яго жыццёвага і творчага шляху.
Акцёр Алег Стрыжэнаў стаў знакаміты пасля выхаду фільмаў «Авадзень», «Хаджэнне за тры моры», «41-ы», «Зорка чароўнага шчасця».
Яго экранныя героі ўскружвалі галовы жанчынам, самому акцёру прыпісвалі дзясяткі раманаў з актрысамі. Але ён адзначае: «У маім жыцці быў толькі адзін раман — з маёй прафесіяй». І калі шукаць праўду ў гэтай тэме, то акрамя прафесіі адным сапраўдным было і каханне ў Алега Стрыжэнава. Яго жонка Ліанэла Стрыжэнава, пра якую ён казаў: «Яна ўсё для мяне: яна і сябар цудоўны, і дарадца, і разумніца... Па шчырасці, калі б яе не было побач са мной, я не ўяўляю, я не дажыў бы да сённяшняга дня». У дакументальным фільме «Каханне ўсяго майго жыцця» спадарожніца знакамітага артыста расказала іх гісторыю кахання, калі яны сустракаліся і развітваліся некалькі разоў, але ў выніку ні лёс, ні абставіны, ні нават шлюбы (Ліанэла была замужам за Іванам Пыр’евым, Алег двойчы быў жанаты) не перашкодзілі ім быць разам. Даведацца больш падрабязнасцяў гэтай гісторыі зможаце ў эфіры тэлеканала АНТ 10 жніўня.
На канале «Расія-Культура» ў суботу юбілей легенды кіно, народнага артыста СССР Алега Стрыжэнава адзначаць спецыяльнымі паказамі.
У дакументальнай кінастужцы «Астравы» пра знакамітага артыста згадваюць Сяргей Бязрукаў, Людміла Максакава, Вольга Сошнікава, Вячаслаў Шалевіч...
На міжнародным кінафестывалі ў Канах у 1957 годзе французская прэса назвала Алега Стрыжэнава «рускім Жэрарам Філіпам».
Параўноўваючы савецкага акцёра са сваім кумірам, журналісты мелі на ўвазе не толькі яго знешнасць, але і ўзвышанасць, мужны лірызм і рамантычнасць увасобленых ім персанажаў.
У дакументальным фільме «Астравы» выкарыстаны ўнікальныя матэрыялы: запіс размовы Алега Стрыжэнава з Жанам Марэ падчас візіту апошняга ў Маскву, урыўкі легендарных спектакляў і фільмаў з удзелам акцёра, а таксама ўспаміны пра яго калег.
Дакументальная кінастужка раскрывае Алега Аляксандравіча як таленавітага, складанага акцёра, які заўсёды заставаўся верным сваім прынцыпам. Не прапусціце паказ у 16.10.
А ў 16.50 нас чакае паказ мастацкага фільма «Зорка чароўнага шчасця» (Ленфільм, 1975 год). Кінагісторыю пра дзекабрыстаў і іх жонак зняў рэжысёр Уладзімір Матыль. Алег Стрыжэнаў увасобіў на экране князя Сяргея Валконскага.
Ніводнага паважанага крытыка кінастужка пасля выхаду не пакінула абыякавым. У адной з першых рэцэнзій пісалі: «Ці спадабаўся фільм? Тры разы сляза набягала»... Трэба адзначыць, што для рэжысёра гэтая праца ў пэўнай ступені была асабліва блізкай, бо некалі ў Сібір да мужа з’ехала і маці рэжысёра Берта Левіна. Праўда, фільм доўгі час не дазвалялі здымаць, але напярэдадні 150-годдзя паўстання дзекабрыстаў нарэшце ўдалося рэалізаваць задуманую гісторыю. Абавязкова паглядзіце, каб натхніцца гісторыямі сапраўдных пачуццяў мінулага.
Алена ДРАПКО
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.