Сонейка выглянула, ды ненадоўга. Ужо сёння сіноптыкі Белгідрамета абяцаюць дождж па ўсёй краіне. Прычына — атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Гэта прыродная з’ява правакуе развіццё кучава-дажджавых аблокаў, як вынік — паўсюль дождж.
У выхадныя фактычна нічога не зменіцца. Франтальныя падзелы захаваюцца, неба будзе зацягнута шчыльнымі хмарамі, праз якія наўрад ці праб’ецца сонца, дажджы працягнуцца. Днём месцамі дабавіцца яшчэ і парывісты вецер. Карацей кажучы, прыемнага мала.
У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Месцамі —навальніцы. У дзённы час у асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Уначы і раніцай месцамі слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +11–+18 °С, максімальная днём +20–+26 °С.
Фактычна тое ж самае і ў нядзелю — ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. У дзённы час месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +8–+14 °С, максімальная днём ад +17 °С па поўначы да +26 °С па поўдні.
«Вільготную» карціну пачатку жніўня дапоўняць прадвеснікі надыходзячай восені — туманы, якія раніцай і ўвечары перыядычна будуць пагаршаць бачнасць да 500 метраў і менш. Таму ў начны і ранішні час на дарогах варта быць вельмі ўважлівымі як вадзіцелям, так і пешаходам.
Паводле папярэдняй інфармацыі Белгідрамета, у пачатку новага тыдня атмасферныя франты пакінуць межы нашай краіны, у аблоках з’явяцца праясненні і паветра будзе больш цёплым. Праўда, ночы так і застануцца халоднымі — усяго +8–+15 °С, а вось дзённыя максімумы складуць +20–+29 °С. Ну і як жа беларусы абыдуцца без дажджу? На пачатку тыдня ён будзе ісці месцамі, магчымыя і навальніцы... затое грыбоў, кажуць, шмат…
Аляксей КЛІМАЎ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.