Наш сын пачаў працаваць следчым 30 гадоў таму, у часы, калі на паверхню выплыла ўсё гнілое, калі сілу набіраў рэкет і яе ж спрабавала розная шпана.
У міліцыі тады спраў хапала, прычым вельмі сур’ёзных, але ж былі і смешныя.
Адзін выпадак: нейкі зламыснік ці зламыснікі абрабавалі прадуктовы ларок.
У аддзеле міліцыі дзяжурыў чалавек з вопытам — групу (аператыўніка і следчага) адразу накіраваў у інтэрнат ПТВ. Сказаў: «Паглядзіце там, дзе вокны свецяцца. Сёння — выхадны, большасць навучэнцаў па дамах, па вёсках раз’ехаліся. Тых, хто застаўся, магло на „подзвігі“ пацягнуць».
Вахцёр у інтэрнаце і сапраўды сказаў, што позна ўвечары двое падшыванцаў тут швэндалі, назваў нумар пакоя.
Аператыўнікі туды... Дзверы адчыняюць, — карціна алеем, як той казаў: два курцы, не распрануўшыся, на ложках ляжаць — дым у столь пускаюць... На стале — блок дарагіх цыгарэт ляжыць... Праўда, больш не відаць нічога, а пацярпелая, гаспадыня шапіка, заявіла, што ўкрадзена шмат жуйкі, дарагіх цукерак, шакаладу... Дзе яны?
Хлопцы — ужо ў аддзеле, у час допыту, у адзін голас заяўляюць: «Праходзілі міма таго ларка. Нейкая дзяўчына папрасіла, каб паднеслі сумку... Аддзячыла потым блокам цыгарэт». — «А дзе ж аддавала іх? Куды вы сумку занеслі?» — пытае следчы. — «Ды ў наш інтэрнат, пакой 49».
Міліцыя зноў туды.
І зноў, што называецца, карціна алеем: за сталом — дзяўчо сядзіць — шакаладку... ліжа, як тое марозіва. Побач з ёю сумка стаіць — вялікая паласатая (у такіх чаўночніцы тавар свой вазілі). Значыць, зладзюжка?
Аператыўнік ёй «браслеты» на рукі, а дзяўчыне — глядзіць — і не страшна: яна шакаладку баіцца выпусціць (мо і праўда не каштавала яшчэ, бо надта ж мізэрная).
Так, у кайданках, з шакаладкай у руцэ, яе ў аддзел і даставілі, пачалі допыт.
Хлопцы на ім гнуць сваё: гэта, маўляў, дзяўчыне хацелася салодкага, яна праз акно залезла ў шапік, усё ўзяла... «А хто падсадзіў?» — пытае следчы. Маўчаць, як партызаны. «Хто ў сумку тавары складваў?»
Тут хлопцы ўжо наперабой — адзін на аднаго... Толькі запісвай!.. але ж рады не дасі, бо ў дзяўчыны ад слёз шакаладка «паплыла». Яна паспрабавала выцерці — з вуснаў, са шчок, але толькі размазала і сядзіць такая чарнаскурая…
Аператыўнік не вытрываў — выскачыў з пакоя, каб парагатаць. Следчаму прыйшлося трымацца, бо допыт — справа сур’ёзная.
Хлопцы ўрэшце прызналіся, што самі выбралі «аб’ект», самі падбухторылі дзяўчыну... Не падумалі толькі, што іх так хутка «вылічаць» і арыштуюць.
...Суддзя яшчэ памяркоўны трапіўся: зладзюжкам далі па годзе (умоўна), бо гэты крадзеж быў першым і тавар яны амаль цалкам вярнулі.
Ды і пацярпелая пашкадавала маладых, не захацела псаваць ім жыццё.
У полі зроку міліцыі гэтыя падлеткі больш не апыналіся: урок, трэба разумець, пайшоў на карысць.
П. ЛАЦУНДА
г. Магілёў
Як жа добра ў час канікулаў пабыць са сваімі роднымі, паслухаць ад старэйшых розныя сямейныя паданні, гісторыі, байкі. Вось толькі адна з іх — са слоў майго дзядулі.
— Наша мястэчка Мір, — кажа ён, — стала знакамітым дзякуючы замку. А ўжо ён, гэты замак, з’явіўся тут з удзелам нашых прашчураў. Адзін з іх вельмі сябраваў з мірскім князем. Той якраз спіртзавод збудаваў…
Дык вось аднойчы сядзяць яны пасля добрай вячэры і планы строяць.
— Слухай, Вінцэсь, хачу я замак узвесці, — кажа прашчуру князь. — Як думаеш, добра будзе ці не?
Наш пра-пра-пра-... дзед нейкі час маўчыць, бо хто ж яго ведае, як яно будзе, чым для яго абернецца? І так падумаў, і гэтак…
— Яно і праўда, — кажа ўрэшце, — чалавек не заяц, пад кустом жыць не будзе — нейкае жытло патрэбна. А князю — можа, і замак, палац. Але ж каб без размаху, каб…
— Ды не бойся! Я тваю хаціну будоўляй не пасуну, — рагоча князь. — Замак планую невялікі — меншы, чым Версаль…
— Ну, калі меншы, тады будуй.
...Такім чынам сяліба нашага прашчура Вінцэся аказалася трэцяй ад замка праз рачулку Міранку.
Аднак той самы Вінцэсь з гэтым ніколі не згаджаўся: ён, паводле сямейных паданняў, заўсёды казаў, што замак — трэці ад ягонай хаты.
Вось гэта, апошняе, можна праверыць і сёння, а ўсё астатняе…
Што было, што не было — шмат вады сплыло. Гісторыя.
Вольга КАРПОВІЧ
г. Мінск
Героі казак часта стаяць на раздарожжы, перад каменем, дзе напісана, што направа пойдзеш — будзе тое і тое, налева — іншае... Выбар — такі ж самы, як у людзей. Я вось некалі, пасля школы, нацэльваўся на адно, а выйшла... Так, як выйшла.
Мая стрыечная сястра Саша працавала настаўніцай у Покацкай сярэдняй школе, на выхадныя прыязджала да бацькоў у нашу Слабаду Ганнаполле і, бывала, па вечарах правярала там вучнёўскія сшыткі — чырвоным алоўкам выстаўляла адзнакі. Мне, тады пяцікласніку, гэта цікава было назіраць, а неяк — яшчэ і падцягнуць да сябе адзін са сшыткаў, прабегчы вачыма па напісаных радках і ўслых здзівіцца:
— Ого, колькі тут памылак!
— Колькі? — насцярожана спытала Саша і тут жа падала мне аловак: на, маўляў, выпісвай на асобны аркуш.
Я ўзяўся за справу і зрабіў яе досыць хутка: як потым аказалася, знайшоў памылкі ў сшытку... васьмікласніка. Пасля чаго здзівіў настаўніцу яшчэ раз: без замінкі адказаў, на чым грунтаваліся ўсе папраўкі.
— Запомні: твой лёс, тваё прызначэнне — педагогіка, — сказала сястра.
У мяне ж былі іншыя мары. І па радыё, і ў газетах тады вельмі шмат гаварылі, пісалі пра асваенне Сібіры, пра будаўніцтва дарог і гідраэлектрастанцый. Як многія, я загарэўся жаданнем пасля школы махнуць туды, стаць адным з удзельнікаў гэтай грандыёзнай справы…
Як сёння бачу тую дарогу: я з дому іду па ёй у Чачэрск у райкам камсамола, каб узяць пуцёўку ў Сібір. Сяргей, мой старэйшы брат, наадварот — ідзе дадому з тога ж самага Чачэрска: едзе ў водпуск з далёкай Іркуцкай вобласці, дзе працуе на лесараспрацоўках.
Мы сустракаемся, спыняемся, трохі размаўляем, пасля чаго ён разварочвае мяне на 180 градусаў — вядзе дамоў. І ўжо там пытаецца ў бацькоў, ці ведаюць яны пра мой выбар? «Абы не калгас», — адказвае тата (ён трохі вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, мама — зусім нідзе...).
Брат жа — уважліва праглядае мой атэстат і, што называецца, выносіць прысуд:
— Ніякіх пуцёвак: з такімі адзнакамі ты павінен некуды паступаць.
Але чаму, калі я не хачу?!
Я злаваў на Сяргея — думаў, чаго ён прыпёрся? І якраз жа цяпер! Але... маўчаў, бо ў нашай сям’і завядзёнка: малодшыя па ўзросце ніколі не пярэчаць старэйшым: мне прыйшлося згадзіцца…
І амаль тут жа падумаць, што дзеля вялікай справы — асваення Сібіры — можна і схітраваць: спецыяльна праваліць які-небудзь экзамен альбо дрэнна здаць усе і не прайсці па конкурсе.
Гэта ідэя мне здавалася не проста заманлівай, а нават рэальнай — аж пакуль не падумаў, ШТО я пасля правалу скажу сваім настаўнікам, і што яны скажуць мне, калі даведаюцца, што слабейшыя вучні паступілі, будуць недзе вучыцца, а я, адзін з наймацнейшых, узяў ды падвёў. Чым тады апраўдацца?
Не паверыце, я зноў прыдумаў: вырашыў паступаць туды, дзе праваліцца не сорамна — дзе найбольшы конкурс.
І вось я ў Гомелі, у педінстытуце. Найменшы набор — на гістарычны факультэт: усяго 25 чалавек. А заяў пададзена — больш за 200! Гэта ж, думаю, якраз тое, што трэба!
Падаю дакументы і міжволі прыглядаюся да публікі, да такіх жа ўчарашніх школьнікаў, хлопцаў і дзяўчат, многія з якіх прыехалі з бацькамі... І ўсе яны такія прыбраныя, прычасаныя, гарадскія... Я, сын калгаснага пастуха, у старых штанах ды футболцы «ад цёткі Доры» жабрак на іх фоне.
Але ж не па адзежы, думаю, нас павінны ў інстытут прымаць, а па ведах. Вось іх і трэба паказаць!
...З такім рашучым, нават «ваяўнічым» настроем я вярнуўся дамоў, з кніжкамі залез на вышкі і, можна сказаць, не злазячы стаў рыхтавацца да экзаменаў.
У выніку я набраў 22 балы з 25 магчымых і паступіў у інстытут пры конкурсе амаль дзевяць чалавек на месца!
Гідраэлектрастанцыі ў Сібіры пабудавалі без мяне.
Уладзімір ПЕРНІКАЎ
г. Гомель
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.