Вы тут

Іх місія — карміць хлебаробаў


Часта за шматлікімі навінамі аб чарговых дасягненнях галоўных герояў уборачнай — камбайнераў і кіроўцаў — застаюцца ў цені іншыя людзі, якія таксама задзейнічаныя ў жніве. А іх роля без перабольшання не меншая: накарміць кожнага хлебароба, каб у яго былі сілы ад відна да відна забяспечваць харчовую бяспеку краіны. Дзякуючы акцыі «Жанчыны за ўраджай», якую ініцыіравала Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК, дэпутаты і мясцовыя органы ўлады могуць выказаць шчырыя словы падзякі прыгожай палавіне чалавецтва, якая ў ролі байцоў нябачнага фронту ўсебакова падтрымлівае аграрыяў.


Фота аўтара

На гэтым тыдні добрая акцыя дайшла да Гарадоцкага раёна. З дыпломамі і каштоўнымі падарункамі да работнікаў сталовых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гарадоччыны прыехалі прафсаюзны лідар аграрыяў вобласці Таццяна Дзіканава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Балыш і старшыня райвыканкама Ірына Палякова.

Ва ўтульнай сталовай ААТ «Птушкафабрыка «Гарадок» сёлета віншавалі ўсіх членаў невялікага, але зладжанага калектыву. Старшы кухар Таццяна Цяпкова працуе на птушкафабрыцы з 2008 года, а ў прафесіі жанчына ўжо 33 гады. У шырокім меню сталовай, у якой штодзень гатуюць каля 100 абедаў, нямала амаль рэстаранных пазіцый: мясныя «гнёзды», фаршыраваныя грыбамі; рыба, запечаная з агароднінай; свініна «Апетытная». Яшчэ блінчыкі з мясам, некалькі найменняў катлет, дзеруны, каля пяці відаў супоў. І, вядома, выдатныя булачкі, якія, па словах старшыні раёна, самыя смачныя ва ўсёй Віцебскай вобласці.

Сёння, прызнаецца Таццяна Цяпкова, развозіць гарачыя абеды і вячэры стала значна прасцей. Раней першую страву прывозілі на поле ў адным вялізным бачку, разлівалі супы на месцы. А цяпер для кожнага аграрыя рыхтуюць кантэйнер з індывідуальнай порцыяй.

Звяртаючыся да жанчын, дэпутат Андрэй Балыш адзначыў, што заўсёды ўшаноўваюць тысячнікаў і двухтысячнікаў, але тая работа, якую робяць гэтыя жанчыны, не менш значная. «Калі аграрыі накормлены, тады і працаваць хочацца, паказваць вынікі. Таму шчыры дзякуй за вашу нялёгкую працу, жадаю моцнага здароўя, нахтхнення і дабрабыту», — сказаў Андрэй Іванавіч.

Прыемнай нечаканасцю для работніц сталовай філіяла «Віраўлянскі» ІП «Дзецкасельскі гарадок» стала вялікая ўвага да, здавалася б, звычайнай прафесіі. Штодзень з-пад клапатлівых жаночых рук тут выходзяць 120 абедаў і 50 вячэр. Загадчык сталовай Таццяна ФІЛІПСКАЯ, якая нарадзілася і ўсё жыццё працуе ў Віроўлі, адзначае, што іх справа — вельмі адказная і ганаровая. «Ад нашай работы залежаць намалоты механізатараў і дасягненні ўсіх астатніх, бо мы кормім не толькі ўдзельнікаў жніва, але і жывёлаводаў, будаўнікоў — усю гаспадарку», — расказвае Таццяна.

Падчас віншаванняў у кухараў і раздатчыкаў абедаў на вачах праступалі слёзы. 

У адзін голас жанчыны прызнаваліся, што іх не часта песцяць увагай, таму такія каштоўныя хвіліны даюць дадатковыя сілы і натхненне, даказваюць, што работніцы сталовай таксама робяць многае дзеля агульнага каравая.

Раздатчыка абедаў СУП «Паўночны» Варвару Клімовіч віншаванні ад абласнога прафсаюза работнікаў АПК заспелі проста ў машыне, у кароткім перапынку паміж пераездамі. Рыжавалосая працаўніца з шырокай усмешкай, здаецца, зараджае пазітывам усіх навокал. Варвара прыйшла ў гаспадарку ў 2017 годзе, амаль адразу яе выправілі развозіць абеды аграрыям. «Спачатку было страшна, але дапамаглі калегі, патлумачылі. А потым уцягнулася, цяпер штодзень выпраўляюся ў падарожжа па Гарадоччыне», — расказвае гераіня. Дарэчы, за дзень яна разам з кіроўцам намотвае да 200 кіламетраў.

Шчырая дзяўчына прызнаецца, што спецыяльна дадаткова заказвае абед для сябе і да самага канца дня яго не чапае: гэта на выпадак, калі камусьці не хопіць гарачай порцыі. Калі чалавек адмаўляецца ад часткі абеда, яна прапаноўвае дадатковую катлету або булачку іншаму аграрыю. «Галоўнае — каб усе былі сытыя. Хоць вопыт ужо ёсць, але ўсё роўна перажываю кожны дзень», — дзеліцца Варвара.

«Ведаеце, абеды не былі б такімі смачнымі, калі б вы не дадавалі ў іх часцінку сваёй душы і любові. Вялікі дзякуй за ваш прафесіяналізм і адданасць сельскай гаспадарцы», — звярнулася да дзяўчыны Таццяна Дзіканава і ўручыла каштоўны падарунак.

Па словах прафсаюзнага лідара аграрыяў вобласці, кожнаму працаўніку важна адчуваць сябе карысным. І часцей маральная падтрымка і стымуляванне ў выглядзе такіх акцый даюць не менш значны вынік, чым фінансавае заахвочванне.

У гарачую пару жніва прафсаюзы заўсёды знаходзяцца побач з аграрыямі, акрамя кантролю за захаваннем умоў працы, яны дапамагаюць зрабіць іх больш камфортнымі. Так, Віцебская абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК уручае гаспадаркам вобласці сертыфікаты на набыццё танометраў, каб працаўнікі маглі своечасова праверыць ціск і пераканацца ў стане здароўя. З першага ліпеня працуе гарачая лінія прафсаюза па пытаннях арганізацыі і ходу ўборачнай кампаніі.

Акцыя «Жанчыны за ўраджай» працягвае крочыць па гаспадарках паўночнага рэгіёна. Віншаванні ўжо прымалі ў Докшыцкім, Глыбоцкім і Гарадоцкім раёнах.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.